Магія тэхнічнай творчасці

Філіял БНТУ “Мінскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж” — навучальная ўстанова з багатай гісторыяй і традыцыямі, з прызнаным аўтарытэтам. Сярод выпускнікоў каледжа — заслужаныя архітэктары, вядомыя дызайнеры, паспяховыя кіраўнікі. Сённяшнія навучэнцы таксама амбіцыйныя асобы, для якіх архітэктурна-будаўнічая сфера — магія тэхнічнай творчасці. У каледж паступаюць матываваныя маладыя людзі, бо навучанне тут мае свае асаблівасці.


Будучыя архітэктары і дызайнеры ўжо на ўваходзе ў навучальную ўстанову павінны ўмець маляваць, прычым досыць прафесійна. Узровень валодання пэндзлем і алоўкам правераць на ўступных экзаменах пры паступленні на спецыяльнасці “Архітэктура” (архітэктура жылых і грамадскіх будынкаў) і “Дызайн” (па напрамках). На гэтыя спецыяльнасці прымаюць на аснове агульнай базавай адукацыі, і пры паступленні, акрамя сярэдняга бала аб адукацыі, пад увагу бяруцца балы, атрыманыя на творчых конкурсах. На “Архітэктуру” патрэбен малюнак, а на “Дызайн” — малюнак, жывапіс, кампазіцыя. Па выніках мінулай уступнай кампаніі конкурс на гэтыя спецыяльнасці складаў 1,6 і 1,53 заявы на месца адпаведна. Навучанне платнае.

Пасля дзявятага класа можна паспрабаваць паступіць і на такія спецыяльнасці, як “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” (вытворчая дзейнасць), “Камерцыйная дзейнасць” (эканамічная дзейнасць і паслугі), “Абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў”. На іх залічваюць па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі. У мінулым годзе самы вялікі конкурс быў на “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, прычым як на бюджэт, так і на платнае навучанне. На месца тэхніка-будаўніка прэтэндавалі 1,8 і 1,7 заявы адпаведна. Па ўсіх пяці спецыяльнасцях прадугледжана дзённая форма навучання, тэрміны — ад 2 гадоў 10 месяцаў да 3 гадоў 8 месяцаў.

Выпускнікам сярэдняй школы каледж прапануе чатыры спецыяльнасці: “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” (вытворчая дзейнасць), “Водазабеспячэнне, водаадвядзенне і ахова водных рэсурсаў”, “Санітарна-тэхнічнае абсталяванне будынкаў і збудаванняў” (вытворчая дзейнасць), “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”. На гэтых спецыяльнасцях можна вучыцца вочна і завочна, платна і бясплатна, з тэрмінамі ад 2 гадоў 6 месяцаў да 3 гадоў 6 месяцаў. Калі згадаць уступную кампанію мінулага года, то самым папулярным сярод абітурыентаў было “Санітарна-тэхнічнае абсталяванне будынкаў і збудаванняў” (бюджэт) — 1,96 чалавекі на месца.

Што да ўмоў паступлення, то ў каледж на аснове агульнай сярэдняй адукацыі прымалі па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі (з умовай адсутнасці 1, 2, 3 балаў па матэматыцы). Пры паступленні на “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” і “Водазабеспячэнне, водаадвядзенне і ахову водных рэсурсаў” (дзённае платнае навучанне) пад увагу браліся вынікі ЦТ па беларускай (рускай) мове, матэматыцы і сярэдні бал атэстата.

***

На бягучы момант у архітэктурна-будаўнічым каледжы займаецца каля 1400 навучэнцаў. Як адзначыў у размове намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Васіль Васільевіч Шарамецьеў, вучыцца тут няпроста. Тыя, хто паступіў пасля 9 класа, у першы год засвойваюць праграму за курс агульнай сярэдняй адукацыі. За год навучэнцы павінны прайсці праграму 10 і 11 класа. Нягледзячы на кампактнасць вучэбнага плана, навучанне на першым курсе інтэнсіўнае. Затым пачынаецца вывучэнне спецыяльных (прафесійных) прадметаў. Калі будучая спецыяльнасць звязана з архітэктурай ці дызайнам, то ў праграме з’яўляюцца такія прадметы, як, напрыклад, малюнак, жывапіс, кампазіцыя, архітэктурнае праектаванне, макетаванне.


“Каб увесці нашых навучэнцаў у сутнасць справы, на другім курсе ў іх раскладзе з’яўляюцца агульнатэхнічныя прадметы: “Тэхнічная механіка”, “Інжынерная графіка”, “Электратэхніка”. Пасля пачынаецца засваенне спецыяльных прадметаў, якія даюць магчымасць паглыбіцца ў абраную спецыяльнасць. Каб быць паспяховым навучэнцам, трэба быць уседлівым і вельмі працаздольным. Напрыклад, возьмем макетаванне. Даецца заданне: зрабіць макет жылога дома, які вы марыце пабудаваць. Адна справа — намаляваць такі дом, і зусім іншая — зрабіць яго папяровы макет. Уяўляеце, якая гэта карпатлівая праца? Каб зрабіць падобны макет у неабходны тэрмін, іншы раз даводзіцца і ноччу пасядзець. А падчас макетнай практыкі трэба зрабіць мала- і шматпавярховік. Адчуваеце маштаб працы?” — звярнуўся Васіль Васільевіч.

І я пастаралася ўявіць, а дакладней згадала ўсе макеты будынкаў і замкаў, якія даводзілася бачыць на розных выставах. Мне ўспомніліся адчуванні захаплення ад убачанага і страху ад уяўлення ўсяго працэсу стварэння такой маштабнай работы, якая патрабуе фантазіі, карпатлівасці і тэхнічнасці ў выкананні. З аднаго боку, прафесія архітэктара здаецца такой творчай і натхняльнай, а з другога — патрабуе глыбокіх тэхнічных ведаў. Навучанне на адпаведнай спецыяльнасці насычанае і няпростае. Выпускнікі каледжа могуць працягваць вучыцца ўжо ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Сёння на рынку працы запатрабаваны архітэктары з вышэйшай адукацыяй. Каб навучанне было эфектыўным, у каледжы і ўніверсітэце ўзгаднілі вучэбныя планы.

“Вучыцца ў нас складана, але вельмі цікава. Калі навучэнец заканчвае працу над сваім праектам, то ён атрымлівае цэлы спектр пачуццяў: эмацыянальнае задавальненне, мастацкае, эстэтычнае. Архітэктар, як і дызайнер, — гэта мастак. Разам з тым ён павінен валодаць інфармацыйнымі тэхналогіямі, бо сёння архітэктары-тэхнікі (ды і не толькі) працуюць на камп’ютарах. У каледжы ёсць усе неабходныя камп’ютарныя праграмы, прычым па ўсіх спецыяльнасцях. Каб быць у трэндзе, тэхніку абнаўляем”, — працягваў Васіль Васільевіч.

У каледжы пануе асаблівая атмасфера. На сценах — бясконцыя малюнкі і карціны, што, канечне, зачароўвае. А падтымліваць мастацкі дух дапамагае прафесіяналізм выкладчыкаў, якія выдатна разумеюць, што мастаку патрэбна свабода самавыяўлення. Як адзначыў Васіль Васільевіч, педагогі ўстановы — сімбіёз вопыту і маладосці. “Асноўная кузня нашых педкадраў па спецыяльных прадметах — БНТУ. У апошнія гады да нас рэгулярна прыходзяць маладыя выкладчыкі, якія хутка растуць у прафесійным плане і займаюць кіраўніцкія пасады. Нашы навучэнцы з дапамогай педагогаў становяцца пераможцамі розных конкурсаў і алімпіяд. Сярэдні ўз рост выкладчыкаў — крыху больш за 45 гадоў”, — расказаў намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце.

Гібкі вучэбны план дапамагае засяродзіцца на творчасці і рыхтаваць спецыялістаў, запатрабаваных на рынку працы, які, вядома, вызначаецца зменлівасцю. За часам паспяваць няпроста, але ў каледжы стараюцца не адставаць. Напрыклад, каб спецыяльнасць дызайнера была больш манеўранай, у ёй з’явілася кваліфікацыя настаўніка. Выпускнікі могуць выкладаць у школах маляванне, а пасля вывучэння прадмета “Інтэр’ер” займацца дызайнам мэблі.

Разам з тым практычна ўсе выпускнікі працягваюць навучанне ў БНТУ. Паколькі архітэктурна-будаўнічы каледж з’яўляецца філіялам універсітэта, выпускнікам каледжа, каб стаць студэнтамі БНТУ, трэба здаць два ўнутраныя экзамены. Улічваецца і сярэдні бал атэстата. Калі гаворка, напрыклад, ідзе пра спецыяльнасць “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, то на яе экзамены здаюцца па матэрыялах і тэхналогіі. Трэба таксама адзначыць, што навучанне ва ўніверсітэце для выпускнікоў каледжа, акрамя архітэктараў, арганізавана ў завочнай форме.
l
Як правіла, былыя навучэнцы каледжа становяцца паспяховымі студэнтамі і добрымі спецыялістамі. Падчас навучання праходзіць вытворчая практыка, што дае магчымасць не толькі “прымераць” на сябе будучую прафесію, але і набыць неабходныя практычныя ўменні. Як адзначыў В.В.Шарамецьеў, за кожнай спецыяльнасцю замацаваны базавыя прадпрыемствы, якія з ахвотай бяруць навучэнцаў на практыку. Калі гэта тэхнікі-будаўнікі, то яны практыкуюцца ў розных будаўнічых трэстах, упраўленнях. Будучыя архітэктары, дызайнеры падчас практыкі працуюць у творчых майстэрнях, тэхнікі-тэхнолагі-будаўнікі практычныя навыкі набываюць на спецыяльных станцыях.

“У нас ёсць тэхналагічная практыка і пераддыпломная. Тэхналагічная прадугледжвае атрыманне працоўнага разраду, што таксама робіць нашых выпускнікоў больш мабільнымі на рынку працы. Увогуле, усе нашы базавыя прадпрыемствы станоўча адзываюцца пра навучэнцаў каледжа. Многія пасля застаюцца там працаваць”, — адзначыў Васіль Васільевіч. Разам з тым праблема працаўладкавання пасля заканчэння каледжа застаецца актуальнай. Але гэтая акалічнасць пакуль не перашкаджае ўстанове быць запатрабаванай і папулярнай сярод моладзі. Сюды паступаюць як сталічныя школьнікі, так і з рэгіёнаў. Іх колькасныя суадносіны прыкладна 50 на 50.

Акрамя таго, на сёння ў архітэктурна-будаўнічым каледжы вучацца 28 замежнікаў. І, дарэчы, у холе ўстановы вісяць карціны навучэнца 4 курса з Туркменістана. Таленавіты хлопец.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*