Мар. Рабі. Мяняйся

Кар’ерная арыентацыя з перспектывай

На адной з сустрэч Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе быў названы спіс тых уменняў, якія будуць папулярны ў 2020 годзе. З гэтага пераліку ўменняў вынікае, што ў сучасным свеце быць таленавітым — гэта зусім не тое ж самае, што 100 гадоў назад.

Якія ж уменні будуць запатрабаваны?

* Комплекснае шматузроўневае вырашэнне праблем (complex problem solving).

* Крытычнае мысленне (critical thinking), якое ставіць пад сумненне ўжо існуючыя правілы і нават свае перакананні. Сумненні — часта рухавік прагрэсу.

* Крэатыўнасць у шырокім сэнсе (creativity) як нестандартны падыход да ўсяго і здольнасць бачыць тое, чаго яшчэ няма.

* Уменне кіраваць людзьмі (people management) як уменне ствараць для іх такія ўмовы, каб іх творчы патэнцыял раскрыўся.

* Узаемадзеянне з людзьмі (coordinating with others).

* Эмацыянальны інтэлект (emotional intelligence) — здольнасць чалавека распазнаваць эмоцыі, разумець намеры, матывацыю і жаданні іншых людзей і свае ўласныя, а таксама здольнасць кіраваць сваімі эмоцыямі і эмоцыямі іншых людзей у мэтах вырашэння практычных задач.

* Фарміраванне ўласнага меркавання і прыняцце рашэнняў (judgment and decision-making).

* Кліентаарыентаванасць (service orientation).

* Уменне весці перамовы (negotiation).

* Кагнітыўная гнуткасць (cognitive flexibility) — здольнасць розуму хутка пераключацца з адной думкі на другую, а таксама абдумваць некалькі рэчаў адначасова.

У гэтым пераліку праглядаюцца дзве выразныя тэндэнцыі: палова ўменняў звязана са зносінамі з людзьмі, іх разуменнем і служэннем ім. А другая палова звязана са здольнасцямі мозга: уменнем хутка разумець, бачыць сутнасць, прыдумваць вырашэнне праблем, генерыраваць новыя праекты і ідэі.

Уласна кажучы, усе гэтыя навыкі ўжо запатрабаваны і зараз, а праз некалькі гадоў яны стануць яшчэ больш папулярнымі. Такім чынам, акцэнт усё больш зрушваецца на самога чалавека, яго здольнасці, мозг, маштабнасць і ўзаемадзеянне з іншымі людзьмі.

Пры гэтым змест таленту вельмі мяняецца. Раней талентам лічылі ў асноўным тое, што лёгка ўбачыць або зразумець: уменне маляваць, гаварыць, спяваць, танцаваць або кіра­ваць. А зараз усё намнога глыбей. Напрыклад, можна стаць майстрам ва ўменні кіраваць людзьмі.

Дапамагчы вызначыць, у якой галіне вы найбольш таленавіты, вам дапамогуць спецыялісты Цэнтра прафесійнага і кар’ернага кансультавання, які адкрыўся ў новым фармаце ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна. Мадэрнізацыя цэнтра стала магчымай дзякуючы праекту “Павышэнне канкурэнтаздольнасці выпускнікоў на рынку працы Беларусі і Украіны шляхам стварэння трансгранічнай сеткі ўніверсітэцкіх цэнтраў прафесійнага і кар’ернага кансультавання”. Рэалізацыя гэтага праекта ажыццяўляецца па праграме тэрытарыяльнага супрацоўніцтва краін “Усходняга партнёрства” “Беларусь — Украіна” (ЕаРТС) пры падтрымцы Еўрапейскага саюза.

Разам з Брэсцкім дзяржаўным універсітэтам імя А.С.Пуш­кіна ў праекце ўдзельнічаюць Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, а таксама Луцкі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт і Нацыянальны ўніверсітэт “Астрожская акадэмія” (Украіна).

18 трансгранічных каманд былі адабраны для атрымання фінансавання ад Еўрапейскага саюза з мэтай рэалізацыі праектаў, якія тычацца сумеснага вырашэння агульных праблем у суседніх рэгіёнах Беларусі і Украіны. Праект, падрыхтаваны БрДУ імя А.С.Пушкіна сумесна з Астрожскай акадэміяй (Украіна) і ГДУ імя Францыска Скарыны, прайшоў жорсткі конкурсны адбор з 148 праектаў і быў высока ацэнены экспертнай камісіяй.

Рэалізацыя праекта накіравана на вырашэнне наступных праблем:

* цяжкасці, з якімі сутыкаецца моладзь у працэсе прафесійнага выбару: у інфармацыйнай дапамозе, псіхалагічнай кансультацыі, дапамозе спецыялістаў па пытаннях выбару будучай прафесіі;

* арганізацыя Цэнтра прафесійнай і кар’ернай кансультацыі ў Брэсцкай вобласці;

* нізкі ўзровень прафесіязнаўчай і псіхалагічнай інфармаванасці моладзі пра якасці асобы, неабходныя для работы па выбранай спецыяльнасці; пра патрэбы ў кадрах раёна, горада, вёскі; пра медыцынскія супрацьпаказанні да работы па спецыяльнасці, якая выбіраецца; пра прафесійную этыку, карпаратыўную мараль, нормы паводзін; пра функцыянальныя абавязкі ў адпаведнасці са спецыяльнасцю, якая выбіраецца;

* недасканаласць напрацаваных механізмаў узаема­дзеяння школы, сям’і, універсітэтаў і работадаўцаў у арганізацыі прафарыентацыйнай дзейнасці сярод насельніцтва.

Мэта праекта: павышэнне канкурэнтаздольнасці выпускнікоў на рынку працы Украіны і Беларусі праз стварэнне трансгранічнай рэгіянальнай сеткі ўніверсітэцкіх цэнтраў прафарыентацыі і развіцця прафкар’еры.

Для гэтага цэнтр:

  •  арганізоўвае нарады, семінары, педсаветы па сучасных тэхналогіях прафарыентацыі, інавацыйных метадах у праф­арыентацыі, сучасных кар’ерных тэхналогіях;
  •  супрацоўнічае з Цэнтрам занятасці насельніцтва з мэтай удасканалення прафарыентацыйных паслуг беспрацоўным;
  •  распрацаваў стратэгію і тактыку кар’ернай прафарыентацыі, накіраванай на пабудову індывідуальнай стратэгіі прафесійнага развіцця;
  •  ажыццяўляе індывідуальныя і групавыя прафкансультацыі навучэнцаў, камп’ютарнае тэсціраванне па выяўленні прафесійных інтарэсаў, схільнасцей і здольнасцей;
  •  удзельнічае ў арганізацыі дня адкрытых дзвярэй на факультэце і ўніверсітэце;
  •  праводзіць тэсціраванне будучых абітурыентаў у экспрэс-рэжыме з мэтай вызначэння іх прафесійнай накіраванасці;
  •  арганізоўвае выставы навуковых дасягненняў вучоных кафедры і навуковых работ студэнтаў, якія выконваюцца пад іх кіраўніцтвам;
  •  створаны студэнцкі атрад валанцёраў-прафарыентолагаў “Перспектыва” з мэтай яго прыцягнення да арганізацыі прафарыентацыйнай дзейнасці ў школах вобласці.

За час дзеяння праекта (14 месяцаў) супрацоўнікі цэнтра пракансультуюць больш за 1000 чалавек па прафесійным выбары і планаванні кар’еры.

Прафкансультанты цэнтра адкажуць на пытанні:

  •  якія прафесіі і чаму падыходзяць менавіта вам на аснове аналізу інтарэсаў, схільнасцей і здольнасцей;
  •  як суаднесці вашы здольнасці, індывідуальныя асаблівасці з патрабаваннямі той ці іншай прафесіі;
  •  у якіх навучальных установах можна атрымаць адпаведную прафесійную адукацыю;
  •  якія асобасныя якасці і здольнасці пажадана развіваць;
  •  як развіць здольнасці, неабходныя для паспяховай самарэалізацыі ў прывабных прафесійных сферах.

Выпускнікам і маладым людзям, якія ўжо маюць вопыт работы, але думаюць пра змену прафесіі або напрамку кар’еры, дапамогуць:

  •  ацаніць свой кар’ерны патэнцыял з дапамогай методык “Прафкар’ера” і “Прафкансультант” і выявіць моцныя бакі;
  •  вызначыць, у якой сферы дзейнасці і на якіх службовых пазіцыях яны будуць найбольш паспяховымі;
  •  вызначыць напрамкі свайго кар’ернага і прафесійнага развіцця;
  •  абмеркаваць з кансультантам магчымыя напрамкі змены прафесіі, павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўкі, атрымання дадатковай ці другой вышэйшай адукацыі;
  •  атрымаць рэкамендацыі па складанні рэзюмэ і матывіровачнага пісьма, а таксама праходжанні сумоўя ў патэнцыяльнага работадаўца.

Такім чынам, рэалізацыя праекта дазволіць стварыць інтэграваную сістэму прафарыентацыйнай работы на аснове міжведамаснага ўзаемадзеяння. Гэтая сістэма дазволіць ураўнаважыць патрэбу эканомікі ў кадрах і адукацыйныя патрэбы моладзі. Гаворка ідзе пра выкарыстанне педагагічна карэктных сродкаў прафарыентацыі без выкарыстання маніпулятыўных стратэгій.

Марыя КАВАЛЕВІЧ,
кіраўнік Цэнтра прафесійнага і кар’ернага кансультавання
Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*