Міністр адукацыі наведаў БДУ ў рэзервовы дзень ЦТ

6, 8 і 10 ліпеня — рэзервовыя дні здачы цэнтралізаванага тэсціравання. Заўчора міністр адукацыі Ігар Карпенка наведаў БДУ, дзе праходзіла ЦТ, і адказаў на пытанні журналістаў.

Для большасці абітурыентаў краіны цэнтралізаванае тэсціраванне завяршылася. Аднак тыя з іх, хто не змог прайсці ЦТ у асноўныя дні па ўважлівых прычынах (хвароба ці іншыя неспадзяваныя акалічнасці, пацверджаныя дакументальна), праходзяць яго ў рэзервовыя дні.

Нагадаем, што ў 2017 годзе адбыліся змены ў Правілах прыёму. Сёлета абітурыенты атрымалі магчымасць здачы ЦТ па чатырох вучэбных прадметах (раней было тры). І колькасць рэзервовых дзён для абітурыентаў павялічылася да трох (раней быў адзін дзень). Такім чынам, абітурыенты, якія трапілі ў складаныя жыццёвыя сітуацыі і прапусцілі тэсты ў асноўныя дні, змогуць рэалізаваць сваё права на паступленне.

Як паведаміў Ігар Карпенка, сёлета цэнтралізаванае тэсціраванне прайшло арганізавана. Выпрабаванні прайшлі 90 125 абітурыентаў. З-за парушэння ўстаноўленых правіл правядзення ЦТ (выкарыстанне мабільных тэлефонаў, шпаргалак і іншыя парушэнні) былі адхілены ад выпрабаванняў 33 чалавекі.

Прынамсі 314 абітурыентаў атрымалі максімальныя 100 балаў па адным ці больш прадметах. Канчатковая колькасць стабальнікаў будзе вядома пасля таго, як завершыцца цэнтралізаванае тэсціраванне ў рэзервовыя дні.

— Мы прааналізавалі стабальныя вынікі па тыпах устаноў адукацыі і населеных пунктаў, дзе яны размешчаны, — адзначыў Ігар Васільевіч. — І гэта не толькі сталічныя ўстановы, але і рэгіянальныя, у тым ліку сельскія школы. Гэта сведчыць пра тое, што сістэма тэсціравання дастаткова празрыстая і абітурыенты маюць роўныя магчымасці для таго, каб прадэманстраваць свае веды і ўдзельнічаць у конкурсе ва ўстановы адукацыі.

Міністр паведаміў, што сёлета на цэнтралізаванае тэсціраванне па розных прычынах не з’явіліся 16 176 абітурыентаў. Для ўдзелу ў ЦТ у рэзервовыя дні зарэгістраваліся 733 абітурыенты. 84 з іх будуць здаваць тэсты па двух прадметах, 25 — па трох.

Тэсціраванне ў рэзервовыя дні абітурыенты з усёй краіны праходзяць толькі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Гэта дазваляе сканцэнтраваць намаганні і забяспечыць дастаўку тэставых матэрыялаў у РІКВ, іх праверку і друк сертыфікатаў у кароткія тэрміны. Ужо 12 ліпеня, калі пачнецца падача дакументаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі, усе сертыфікаты будуць надрукаваны.

Паведамляем, што Правіламі прыёму ў рэдакцыі 2017 года тэрмін дзеяння сертыфікатаў ЦТ павялічаны да двух гадоў. Гэта значыць, што сёлетнія абітурыенты, якія па нейкіх прычынах не паступяць ва ўстановы адукацыі, змогуць скарыстацца сваімі сертыфікатамі праз год. Пры гэтым ім можна будзе зноў здаць ЦТ і выбраць найлепшую камбінацыю сертыфікатаў (напрыклад, падаць у прыёмную камісію два сертыфікаты 2017 года і адзін — 2018-га).

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*