На абед з дэканам

“Абітурыент-2018. Будзь з намі!” — пад такім дэвізам у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы прайшоў дзень адкрытых дзвярэй. На запрашэнне ўніверсітэта азнаёміцца з умовамі паступлення, спецыяльнасцямі, студэнцкім жыццём адгукнулася больш за тысячу навучэнцаў, іх бацькоў і настаўнікаў.

Гасцей вітала рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.

— Будучыня ўніверсітэта — за вамі. Мы рады сустракаць маладое, актыўнае, творчае пакаленне будучых студэнтаў, — сказала Ірына Фёдараўна. — Вы зараз знаходзіцеся перад выбарам, ад якога залежыць ваш лёс. Калісьці перад такім выбарам стаяла і я. Гродзенскі ўніверсітэт, які я выбрала, стаў універсітэтам маёй мары, вучоба ў ім зрабіла маё жыццё больш насычаным, яркім. Гэта было захапляльна. Гродзенскі ўніверсітэт стаў універсітэтам маіх магчымасцей: я прайшла шлях ад студэнткі да рэктара.

Зрабіць першы крок да студэнцкага жыцця і атрымаць сертыфікат на бясплатныя заняткі “Рэпетытар-бліц” на факультэце даўніверсітэцкай падрыхтоўкі мог кожны ўдзельнік сустрэчы. Пры рэгістрацыі ўсе атрымлівалі праграмку мерапрыемства з нумарам, а генератар выпадковых лікаў вызначыў траіх шчасліўчыкаў з залы. Два чалавекі сталі пераможцамі латарэі “Удача з ГрДУ”. А дзевяцікласніца Лада с гродзенскай сярэдняй школы № 5 атрымала сертыфікат на індывідуальную адукацыйна-прафарыентацыйную экскурсію па адным з факультэтаў і… абед з дэканам. Дзяўчына выбрала фізіка-тэхнічны факультэт.

Як расказаў адказны сакратар прыёмнай камісіі ГрДУ імя Янкі Купалы дэкан факультэта біялогіі і экалогіі Аляксандр Карэўскі, атрымаць вышэйшую адукацыю можна больш чым па 60 спецыяльнасцях на 15 факультэтах. Універсітэт аператыўна рэагуе на змены рынку працы ў рэгіёне. Так, сёлета на спецыяльнасці “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый” факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму першай мовай навучання стане кітайская.

Кожны факультэт падрыхтаваў цікавыя праграмы, дзе абітурыенты маглі азнаёміцца з навуковымі распрацоўкамі студэнтаў і выкладчыкаў, паспрабаваць сябе ў розных конкурсах і майстар-класах, даведацца аб студэнцкім жыцці ад саміх студэнтаў, а ад выкладчыкаў і кіраўнікоў факультэтаў пачуць адказы на ўсе пытанні, якія тычацца перспектывы будучай спецыяльнасці, падрыхтоўкі да паступлення.

Студэнты 2 курса спецыяльнасці “Мытная справа” юрыдычнага факультэта Аксана Сарока і Уладзіслаў Філіповіч сустракалі наведвальнікаў свайго факультэта ў імправізаванай зоне мытнага дагляду. І яны першымі пачыналі прафарыентацыйную работу, расказваючы пра тое, як і чаму вучацца. Студэнт 4 курса факультэта эканомікі і кіравання Максім Турлюк паведаміў, што школьнікі вельмі ахвотна размаўлялі менавіта са студэнтамі-валанцёрамі. У першую чаргу іх цікавіла, як яны змогуць рэалізаваць сябе ў прафесійным жыцці.

На факультэце матэматыкі і інфарматыкі можна было паглыбіцца ў свет віртуальнай рэальнасці з дапамогай акуляраў FibrumPro і ўбачыць перад сабой зусім іншы свет, дапоўнены незвычайнымі прадметамі і персанажамі. На факультэце біялогіі і экалогіі школьнікі пабывалі ў заалабараторыі, маглі навучыцца ствараць фларыстычныя кампазіцыі і паспрабаваць сябе ў карвінгу. На факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму разгарнулася работа студэнцкага медыяцэнтра, дзе кожны жадаючы мог пабыць у ролі тэлевядучага ці фотакарэспандэнта. Філалагічны факультэт прапанаваў гульню-конкурс “Ці магу я стаць філолагам”, майстар-клас “Вучоба з захапленнем”, фізіка-тэхнічны факультэт — лазернае шоу, інжынерна-будаўнічы факультэт — спаборніцтва “Камп’ютар vs аловак”. Факультэт інавацыйных тэхналогій машынабудавання дэманстраваў магчымасці 3D-друку. Пастраляць на стралковым трэнажоры “Скат” на пляцоўцы ваеннага факультэта хацелі і хлопцы, і дзяўчаты.

У хуткім часе падобныя сустрэчы з будучымі абітурыентамі ўніверсітэт плануе правесці ў Навагрудку і Бераставіцы.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*