На карысць рэгіёна і краіны

Свой аповед дырэктар Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа Андрэй Пятровіч Сусла пачынае, згадваючы ганаровых выпускнікоў установы. За 60 гадоў яна дала пуцёўку ў прафесійнае жыццё звыш 17 тысячам спецыялістаў — аграномам, эканамістам, землеўпарадчыкам, тэхнікам-будаўнікам.


— Гэта яны — галоўны вынік нашай працы, — гаворыць Андрэй Пятровіч. — Герой Беларусі Герой працы Віталь Ільіч Крамко, Героі працы Эдуард Сцяпанавіч Каляда, Эдвард Пятровіч Ражко, Пётр Рыгоравіч Тур, Аляксандр Мітрафанавіч Бабко, навукоўцы Аляксандр Аляксандравіч Аутка, Аляксандр Міхайлавіч Абрамовіч, Генрых Антонавіч Жолік, Ігар Іванавіч Цадко, Іван Іванавіч Бусько і іншыя. Лепшымі аграномамі Беларусі і Гродзеншчыны прызнаваліся нашы выпускнікі Мікалай Іосіфавіч Скопец, Іван Аляксандравіч Галавенка, Марыя Мікалаеўна Драгун. У свой час нашу ўстанову адукацыі скончылі першы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Іван Алёйзавіч Жук, старшыня Гродзенскага раённага выканаўчага камітэта Ян Янавіч Васілеўскі, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі прафсаюзных работнікаў АПК Іван Станіслававіч Алізаровіч, старшыня Навагрудскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Васільевіч Мішарын.

Слаўную гісторыю каледжа працягвае сучасны калектыў выкладчыкаў і навучэнцаў — па выніках за мінулы год у абласным конкурсе на лепшую арганізацыю работы ўстаноў прафесійнай адукацыі сярод устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Навагрудскі дзяржаўны аграрны каледж заняў 1-е месца.

У каледжы на дзённай і завочнай форме вучацца 554 чалавекі. Падрыхтоўка вядзецца па трох спецыяльнасцях: “Аграномія”, “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва (вытворчая дзейнасць)”, “Камерцыйная дзейнасць (эканамічная дзейнасць і паслугі)”.

Аграномаў тут рыхтуюць са дня заснавання ўстановы адукацыі. Сёння амаль 14 тысяч выпускнікоў гэтай спецыяльнасці працуюць ва ўсіх кутках Беларусі. А вучыцца прыязджаюць з розных рэгіёнаў Гродзенскай вобласці, а таксама з Брэстчыны, Магілёўшчыны.

— Цяпер па спецыяльнасці “Аграномія” займаюцца 225 навучэнцаў, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Барысаўна Саўко. — Навучанне вядзецца ў кабінетах і лабараторыях, аснашчаных неабходным лабараторным абсталяваннем, камп’ютарнай тэхнікай і вучэбна-метадычнымі дапаможнікамі. Практычная падрыхтоўка праходзіць на доследных палях каледжа і ў базавых гаспадарках.

Спецыяльнасць “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” адкрыта ў каледжы ў 2007 годзе. Выпускнікі атрымліваюць кваліфікацыю “тэхнік-будаўнік”, а таксама рабочую прафесію маляр (III разрад), якая з’яўляецца абавязковай для выканання тыпавога вучэбнага плана. Выпускнікі могуць атрымаць вышэйшую адукацыю па бесперапыннай інтэграванай сістэме ў аграрных установах вышэйшай адукацыі.

Якасць падрыхтоўкі і яе практычны складнік — адны з галоўных задач педагагічнага калектыву каледжа. Для правядзення практык ва ўстанове ёсць вучэбная гаспадарка агульнай плошчай 161 га, у тым ліку 130 га сельгасугоддзяў, якія ўключаюць вучэбна-вытворчы палявы севазварот, вучэбна-вытворчы агароднінны севазварот, вучэбны сад з пладовым гадавальнікам, калекцыйна-доследнае поле. Яшчэ ў 1987 годзе тут была створана лабараторыя па вырошчванні бульбы на бязвіруснай аснове, галоўная задача якой — навучанне будучых аграномаў сучасным тэхналогіям, а таксама забеспячэнне гаспадарак бязвірусным пасадачным матэрыялам. У цяперашні час праходзяць “аздараўленне” гатункі бульбы “журавінка”, “здабытак”, “нептун”, “уладар”, “рагнеда”, “скарб”, “маніфест”, “брыз”. Ёсць лабараторыя па захоўванні і дапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукацыі.

Будучыя будаўнікі ўдасканальваюць свае веды на вучэбным геадэзічным палігоне, у цяслярска-сталярнай майстэрні, тынковачнай, малярнай майстэрнях, майстэрні па каменных работах. Аўтатрактарадром выкарыстоўваецца для навучання тых, хто атрымлівае вадзіцельскае пасведчанне.

У каледжы створана адзіная лакальна-вылічальная сетка, працуюць 3 камп’ютарныя класы і інфармацыйна-метадычны цэнтр. Метадычнай тэмай мінулага навучальнага года ва ўстанове стала “Удасканаленне прафесіяналізму педагагічных работнікаў каледжа як аснова забеспячэння падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў для аграпрамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь”.

Удзел у рэспубліканскіх алімпіядах прафесійнага майстэрства, навуковых канферэнцыях, семінарах і выставах лічаць у Навагрудскім аграрным каледжы дзейсным метадам падрыхтоўкі спецыяліста-прафесіянала. Так, па выніках Рэспубліканскага конкурсу “Аграмайстэрства” па спецыяльнасці “Аграномія” сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі прадстаўнікі навагрудскага каледжа ў 2017 годзе занялі 1-е месца (навучэнцы 4 курса Аляксей Шутаў і Мікалай Шатуеў у асабістым заліку таксама занялі 1-е месца). Сёлета каманда каледжа заняла 3-е месца сярод 9 каманд.

Выніковым стаў гэты год і па ўзроўні ўдзелу ў фінальным этапе III Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkillsBelarus: навучэнец 3 курса Дзяніс Мельнічук заваяваў залаты медаль у кампетэнцыі “Аграномія”. І калі, як плануецца, гэтая кампетэнцыя будзе ўключана ў 2019 годзе ў Міжнародны чэмпіянат прафесійнага майстэрства, Дзяніс зможа выступіць на ім за нашу краіну.

— Дзяніс Мельнічук — адказны і вельмі таленавіты навучэнец, — гаворыць Андрэй Пятровіч Сусла. — Свае веды ён дэманстраваў нароўні са студэнтамі ўніверсітэтаў, і яго падрыхтоўка была не горшай.

А сам Дзяніс дадае, што ўдзячны за добрыя веды сваім выкладчыкам, асабіста Мікалаю Вікенцьевічу Лебедзю.

Увага: новая спецыяльнасць

Сёлета ў Навагрудскім дзяржаўным аграрным каледжы адбудзецца набор на новую спецыяльнасць — “Ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў”. Такая спецыяльнасць ва ўстанове сярэдняй спецыяльнай адукацыі адкрываецца ў краіне ўпершыню. Як адзначае дырэктар каледжа, гэта стала магчымым дзякуючы рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Развіццё аднаўленчых крыніц энергіі ў Навагрудскім раёне — дарожная карта для экалагічна чыстай тэрыторыі”, які фінансуецца сумесна Еўрапейскім саюзам і Навагрудскім раённым выканаўчым камітэтам.

Адкрыццю новай спецыяльнасці папярэднічала вялікая работа, і ў першую чаргу з заказчыкамі кадраў. Першы выпуск спецыялістаў, які адбудзецца ў 2022 годзе, ужо чакаюць на прадпрыемствах і ў арганізацыях Гродзенскай і Мінскай абласцей. Сярод іх — ПМК, Навагрудскі раённы вузел электрасувязі, асацыяцыя “Ініцыятыва развіцця біяэнергетыкі” і іншыя.

Навучанне па згаданай спецыяльнасці (а набор у гэтым годзе складзе 25 бюджэтных месцаў) дае права на атрыманне кваліфікацыі “тэхнік-тэхнолаг”. Спецыяліст будзе валодаць глыбокімі прафесійнымі ведамі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў і спецыялізавацца на практычнай прыродаахоўнай дзейнасці, распрацоўцы новых метадаў і тэхналогій аховы навакольнага асяроддзя. Месцам працы стануць буйныя будаўнічыя арганізацыі, экалагічныя службы вытворчых прадпрыемстваў, лабараторыі экалагічнага кантролю і маніторынгу прыроднага і тэхнагеннага навакольнага асяроддзя, службы ачышчальных збудаванняў і водападрыхтоўкі, арганізацыі, якія ажыццяўляюць ліквідацыю забруджванняў і іншыя паслугі па выдаленні адходаў, другасным выкарыстанні матэрыялаў і атрыманні энергіі з альтэрнатыўных крыніц.

У каледжы падтрымліваюць актыўнасць навучэнцаў не толькі ў вучобе. Ганарацца тут конкурсам “Ёсць ідэя!”, які ўпершыню прайшоў у 2016 годзе. Праекты былі прадстаўлены рознабаковыя: памятны знак бульбе, энергаэфектыўны дом, комплекснае выкарыстанне апырсквальніка, атрыманне двух ураджаяў бульбы ў год і інш. Некаторыя з іх ужо знаходзяць практычнае прымяненне: прыстасаванне для збору яблыкаў і груш, апырсквальнік, нават атрыманы два ўраджаі бульбы ў год.

У каледжы дзейнічае валанцёрскі атрад “Прамень”. Яго ўдзельнікі дапамагаюць пажылым людзям, ветэранам вайны і працы, арганізоўваюць шэфскую работу з выхаванцамі Навагрудскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, парушэннямі псіхічнага развіцця, удзельнічаюць у раённых акцыях “Падзяліся цяплом душы сваёй”, “Нашы дзеці”. У 2017 годзе валанцёры прынялі ўдзел у абласной навукова-практычнай канферэнцыі, дзе былі адзначаны дыпломам ІІІ ступені.

У аграрным каледжы ўсяляк падтрымліваюць творчы патэнцыял сваіх выхаванцаў. Так, у мінулым годзе яны заваявалі 5 дыпломаў І ступені і 2 дыпломы ІІ ступені па выніках Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”, 8 дыпломаў па выніках абласнога этапу. Шмат гадоў ва ўстанове дзейнічаюць творчыя калектывы “Сучаснасць” (харэаграфічны), “Сузор’е” (вакальны), “Натхненне” (тэатральны).

У 2017-2018 навучальным годзе каледж узнагароджаны дыпломам І ступені ў абласным аглядзе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці за распрацоўку і выраб прадметаў утылітарнага прызначэння; дыпломам ІІІ ступені ў абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Ад вытокаў да дабрыні” за праект “У душы сваёй запаліце свечкі”; заняў 2-е месца ў абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу “ТэхнаЕлка”, 3-е месца — у абласным конкурсе буктрэйлераў “Чытаем беларускіх песняроў”; 1-е месца — у абласным конкурсе “Лепшы куток дзяржаўнай сімволікі” ў намінацыі “Лепшая метадычная распрацоўка”.

Каледж можа пахваліцца і дасягненнямі ў спорце: зімовае мнагаборства — 3-е месца ў вобласці сярод ССНУ, летняе мнагаборства — 1-е месца, баскетбол — 3-е месца. Для аматараў працуюць 7 спартыўных секцый.

Ганарацца ў навучальнай установе і былымі выпускнікамі, якія зараз працуюць тут выкладчыкамі. Сяргей Юр’евіч Піута 10 гадоў назад паступіў вучыцца ў каледж, а з 2015 года працуе выкладчыкам, з’яўляецца куратарам групы.

— На занятках я стараюся перадаць не толькі свой вопыт і веды, але і прывіць любоў да зямлі, да прафесіі агранома, — гаворыць Сяргей Юрьевіч. — Заўсёды заклікаю выпускнікоў школ, якія жадаюць звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай, выбіраць наш каледж.

Супрацоўнікі ўстановы з аптымізмам глядзяць у будучыню.

— Мы разумеем, што нясём адказнасць і перад сваімі выпускнікамі, і перад будучымі навучэнцамі, — гаворыць дырэктар Андрэй Пятровіч Сусла, дарэчы, таксама выпускнік каледжа. — Падтрымліваем добры імідж сваёй установы адукацыі, захоўваем традыцыі і прымнажаем дасягненні, стараемся зрабіць іх яшчэ больш значнымі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота з архіва каледжа.