Працаваць з абітурыентамі круглы год

Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на працягу апошніх гадоў на 100% выконвае план прыёму на бюджэтныя месцы. Сёлета тут плануюць прыняць на першы курс 2634 чалавекі.

Падрабязней аб лічбах прыёму і новых спецыяльнасцях мы папрасілі расказаць дэкана факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, адказнага сакратара прыёмнай камісіі ўніверсітэта, дацэнта Юрыя РАМАНОЎСКАГА.

— Пачну з лічбаў. У гэтым годзе за кошт сродкаў бюджэту мы плануем прыняць 1109 чалавек, на платную форму — 1525 чалавек. У параўнанні з мінулым годам колькасць бюджэтных месцаў па дзённай форме навучання скарацілася на 11, па завочнай форме — на 10. На платнай форме лічбы прыёму засталіся на ўзроўні мінулага года, — гаворыць Юрый Яцэнтавіч. — Змяненне лічбаў прыёму нязначнае, яно выцякае з канкрэтных патрабаванняў заказчыкаў кадраў. Прагназаванне колькасці неабходных рэгіёну спецыялістаў на найбліжэйшыя гады вядзецца ў цесным супрацоўніцтве з каардынацыйнымі саветамі, у склад якіх уваходзяць кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, устаноў адукацыі, органаў дзяржаўнай улады. Каардынацыйныя саветы створаны на кожным факультэце ўніверсітэта.

З улікам запытаў работадаўцаў сёлета мы прапануем сваім абітурыентам тры новыя спецыяльнасці. Так, на інжынерна-будаўнічым факультэце пачынаецца падрыхтоўка па спецыяльнасці “Цеплагазазабеспячэнне, вентыляцыя і ахова паветранага басейна”. Раней падрыхтоўка па ёй ажыццяўлялася сумесна з Полацкім дзяржаўным універсітэтам. У Гродзенскай вобласці ёсць вялікая патрэба ў інжынерах такога профілю, іх чакаюць у будаўнічых і праектных арганізацыях, на прадпрыемствах па праектаванні сістэм ацяплення, вентыляцыі, кандыцыяніравання і ачысткі паветра жылых, грамадскіх і прамысловых будынкаў. Акрамя таго, такія спецыялісты запатрабаваны ў навукова-даследчых інстытутах па распрацоўцы традыцыйных і альтэрнатыўных крыніц энергіі.

На факультэце эканомікі і кіравання адкрываецца спецыяльнасць “Электронны маркетынг”. Выпускнікі атрымаюць кваліфікацыю “маркетолаг-праграміст”, будуць валодаць прафесійнымі кампетэнцыямі ў галіне маркетынгу і камерцыйнай дзейнасці і выкарыстоўваць у сваёй рабоце інфармацыйныя тэхналогіі. Працаваць яны змогуць у сферы інтэрнэт-маркетынгу, рэкламы, вывучэння кан’юнктуры рынку, таксама змогуць весці электронную камерцыю, вырашаць маркетынгавыя задачы з дапамогай сучасных інфармацыйных тэхналогій і праграмнага забеспячэння. Можна будзе рэалізаваць сябе і ў навукова-даследчай дзейнасці.

У сувязі з тым, што ў сярэдняй школе ўзнаўляецца выкладанне прадмета “Сусветная мастацкая культура”, універсітэт пачынае падрыхтоўку на факультэце мастацтваў і дызайну па спецыяльнасці “Музычнае мастацтва і сусветная мастацкая культура”. Выпускнікі змогуць знайсці работу ў сферы адукацыі ці культуры.

А на дзве спецыяльнасці першай ступені адукацыі па дзённай форме навучання — “Народная творчасць (харавая музыка)” і “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт” — прыём будзе прыпынены.

У магістратуру за кошт сродкаў бюджэту плануецца прыняць 229 чалавек. Тут таксама будзе весціся набор па новых спецыяльнасцях: “Тэорыя і методыка навучання і выхавання (выяўленчае мастацтва і чарчэнне)”, “Інавацыі ў навучанні мовам як замежным (руская мова)”, “Кіраванне лагістычнымі сістэмамі”, “Сучасныя метады і апаратура фізічных вымярэнняў”. Будзе адноўлены набор на спецыяльнасці “Тэорыя і методыка навучання і выхавання (матэматыка)”, “Тэорыя і методыка навучання і выхавання (інфарматыка)”, “Айчынная гісторыя”, “Сацыялогія”, “Паліталогія”, “Прававое рэгуляванне знешнеэканамічнай дзейнасці”.

Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы зацікаўлены ў матываваных і добра падрыхтаваных абітурыентах, таму вядзе прафарыентацыйную работу з моладдзю на працягу ўсяго навучальнага года. Разам з традыцыйнымі ўжо днямі адкрытых дзвярэй, выездамі ва ўстановы адукацыі і правядзеннем там прафарыентацыйных мерапрыемстваў “Мой выбар — мая будучыня”, “Кар’ера пачынаецца з адукацыі”, проводзіцца шмат іншых мерапрыемстваў, напрыклад, алімпіяды са старшакласнікамі па розных прадметах. Вялікую цікавасць выклікалі “Фестывалі фізікі”, якія былі арганізаваны фізіка-тэхнічным факультэтам у Гродне і Лідзе. Студэнты факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму прэзентавалі спецыяльнасці ўніверсітэта навучэнцам 10—11-х класаў у Гродзенскай, Мінскай і Брэсцкай абласцях.

На факультэце біялогіі і экалогі прайшла І дыстанцыйная алімпіяда па экалогіі, у якой прыняло ўдзел больш за 900 чалавек. Падчас вочнага этапу школьнікі прынялі ўдзел у майстар-класе па альтэрнатыўнай энергетыцы і самастойна канструявалі мадэлі крыніц энергіі. А яшчэ выкладчыкі і студэнты факультэта біялогіі і экалогіі вучылі абітурыентаў мастацтву карвінгу.

Факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прыёмная камісія праводзілі прафарыентацыйную акцыю “Абітурыент-2017: алгарытм поспеху”, удзел у якой прыняло звыш 4,5 тысячы навучэнцаў і педагогаў з 95 школ і гімназій Гродзеншчыны. Арганізоўваем для школьнікаў экскурсіі па ўніверсітэце, каб яны маглі ўбачыць, як вучацца нашы студэнты.

Прафарыентацыйная работа не перапыняецца круглы год. Напрыклад, у жніўні мы пачалі працаваць у сацыяльных сетках, дзе стварылі групу “Факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі”. Тады ж быў абвешчаны розыгрыш на бясплатныя заняткі па адным з прадметаў цэнтралізаванага тэсціравання. Пераможцай стала навучэнка 11 класа Парэцкай сярэдняй школы Дзіяна Жыляева.

У сацсетцы “УКантакце” праводзілі конкурсы эсэ “У чым перавага падрыхтоўкi да цэнтралiзаванага тэсцiравання (алімпіяд) на факультэце даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ГрДУ імя Янкі Купалы” і “Чаму я выбіраю падрыхтоўчыя курсы факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ГрДУ імя Янкі Купалы?”, а таксама фотаконкурс “Я вучуся на ФДП”.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота з прафарыентацыйнага мерапрыемства ГрДУ імя Янкі Купалы.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*