Прафесія, якая ніколі не састарэе

Для выпускнікоў школ надыходзіць гарачы і адказны час: неўзабаве ім трэба будзе здаць выпускныя экзамены, прайсці цэнтралізаванае тэсціраванне і адказаць на пытанне “Што рабіць далей?”. І калі з профілем выпускнікі ў асноўным ужо вызначыліся, то выбар установы адукацыі і спецыяльнасці на гэтым этапе ўсё яшчэ застаецца актуальным.

Выбар спецыяльнасці вельмі адказнае рашэнне і залежыць не толькі ад асабістых пераваг і інтарэсаў абітурыента, але і ад яе запатрабаванасці ў будучыні. Аналіз рынку працы паказвае, што ў наступныя 5—6 гадоў найбольшы попыт будзе на інжынераў, спецыялістаў у сферы сэрвісу, інфармацыйных тэхналогій, медыцыны, экалогіі, хіміі, псіхалогіі, маркетынгу, PR-сферы і нанатэхналогій. Гэтыя сферы дзейнасці вызначаюць топ-10 прафесій на найбліжэйшую перспектыву, што неабходна ўлічваць цяперашнім выпускнікам школ.

Дзяржаўны інстытут кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ вядзе падрыхтоўку маркетолагаў, менеджараў, дызайнераў, спецыялістаў для рынку нерухомай маёмасці. Нядаўна ва ўстанове правялі конкурс для абітурыентаў “Я выбіраю прафесію”. Арганізаваны кафедрай маркетынгу конкурс быў накіраваны не столькі на папулярызацыю прафесіі маркетолага (маркетынг сёння і так даволі папулярны), колькі на дапамогу навучэнцам пры выбары прафесіі. Вывучаючы маркетынг пры падрыхтоўцы конкурсных работ, школьнікі ўсвядомілі, наколькі важна не проста прытрымлівацца моднага трэнду, а адпавядаць па асобасных якасцях прафесіі маркетолага.

Конкурс праводзіўся ў дзвюх намінацыях — эсэ і камп’ютарная прэзентацыя. У кожнай прапаноўвалася 10 напрамкаў маркетынгу, што дазволіла паглядзець на гэтую сферу з розных бакоў. Канкурсантам неабходна было паразважаць, што такое маркетынг, на іх погляд, якой бачыцца гэтая сфера ў будучыні, што азначае выраз “маркетынг вакол нас”, з якімі вядомымі спецыялістамі і вучонымі ў гэтай сферы знаёмы абітурыенты і многае іншае.

У конкурсе прынялі ўдзел 278 навучэнцаў школ, ліцэяў, гімназій і каледжаў з усёй краіны. На суд журы былі прадстаўлены арыгінальныя разважанні навучэнцаў пра сутнасць маркетынгу і сацыяльную значнасць прафесіі маркетолага. Пры гэтым самую высокую ацэнку атрымалі работы з вынікамі асабістых назіранняў, высновамі і канкрэтнымі прыкладамі рэалізацыі прынцыпаў маркетынгу на прадпрыемствах па месцы пражывання канкурсантаў. Парадавалі творчы падыход, дасціпнасць навучэнцаў і ўсведамленне імі таго, як важна не памыліцца ў выбары, быць карысным, запатрабаваным, займацца любімай справай.

Па выніках конкурсу журы назвала 59 пераможцаў. Кіраўніцтва інстытута таксама адзначыла тры лепшыя работы. Так, лаўрэтамі конкурсу сталі Марыя Ляўчук (гімназія № 10 Маладзечна, 11 клас), Вікторыя Молчан (сярэдняя школа № 10 Пінска, 11 клас), Аліна Счасновіч (Мінскі дзяржаўны абласны каледж).

Варта адзначыць і актыўнасць шэрага ўстаноў адукацыі, якія прадставілі найбольшую колькасць конкурсных работ: сярэдняя школа № 2 Маладзечна, Мінскі дзяржаўны абласны каледж, гімназія № 2 Віцебска і іншыя. Гэта сведчыць пра зацікаўленасць устаноў сярэдняй адукацыі ў прафарыентацыйнай рабоце і непасрэдным узаемадзеянні з установамі вышэйшай адукацыі.

Мы дзякуем удзельнікам конкурсу і кіраўнікам конкурсных работ, кіраўніцтву ўстаноў адукацыі і адпаведных аддзелаў адукацыі за праяўленую цікавасць і імкненне аказаць практычную дапамогу ў прафесійным выбары маладых людзей, усведамленні імі каштоўнасці працы і сваёй запатрабаванасці.

Сёння многія ўстановы вышэйшай адукацыі рыхтуюць спецыялістаў у галіне маркетынгу. Штогод імі папаўняецца рынак працы. Але як доўга будзе захоўвацца гэты трэнд? Пры выбары прафесіі важна ўлічваць перспектыўныя патрэбы рынку працы і актуальныя тэндэнцыі. Хочацца развеяць сумненні тых, хто ўжо вырашыў стаць маркетолагам, і адзначыць, што аснову эканомікі любой краіны складае малы і сярэдні бізнес. У Беларусі ён будзе працягваць развівацца. Асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца сферы паслуг, а любая паслуга, як і тавар, мае патрэбу ў сваім спажыўцы, павінна быць аказана ў патрэбным месцы і ў патрэбны час, павінна быць належнай якасці і па даступнай цане. Асаблівую папулярнасць маркетынгу надае імклівае развіццё інфармацыйных тэхналогій. Без інтэрнэт-маркетынгу сёння ўжо немагчыма прасоўванне прадуктаў на рынку і забеспячэнне камфорту для спажыўцоў. І гэта толькі пачатак.
Усё гэта дазваляе сцвярджаць, што маркетынг ніколі не састарэе, і спецыялісты для гэтай сферы заўсёды будуць запатрабаваны. Галоўнае — не памыліцца з выбарам, атрымаць добрыя тэарэтычныя веды і навучыцца рэалізоваўць іх на практыцы. Маркетынг не церпіць руціны і інертнасці. Яму патрэбны дасведчаныя, творчыя, камунікабельныя асобы, якія пастаянна развіваюцца. З такімі якасцямі поспех у маркетынгу гарантаваны.

Галіна ХРАБАН,
член аргкамітэта конкурсу, дацэнт кафедры маркетынгу
Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ.