Рэсурсны цэнтр дапамагае ў прафесійным самавызначэнні

У сярэдняй школе № 3 Зэльвы з 2012 года рэалізоўваўся інавацыйны праект, звязаны з ацэнкай узроўню гатоўнасці старшакласнікаў да ўсвядомленага прафесійнага самавызначэння. На працягу двух гадоў было сабрана шмат тэматычнага матэрыялу, якім калектыў дзяліўся з калегамі раёна. А ў 2016 годзе ў школе быў адкрыты абласны рэсурсны цэнтр. Нядаўна на яго базе прайшоў абласны семінар па прафарыентацыі, у якім узялі ўдзел класныя кіраўнікі і намеснікі дырэктараў устаноў адукацыі Прынямоння.

Прафарыентацыя ў нашай школе праходзіць перш за ўсё ў рамках вучэбна-адукацыйнага працэсу. Арганізоўваюцца майстар-класы ў шосты школьны дзень, тыдзень прафарыентацыі, прадметныя тыдні, працуюць аб’яднанні па інтарэсах, праводзяцца экскурсіі ў прафесійныя адукацыйныя ўстановы. Акрамя таго, дзецям даецца магчымасць прымераць на сябе тую ці іншую прафесію ў лагеры працы і адпачынку, падчас дзён самакіравання, на ўроках па працоўным навучанні, у школьным лясніцтве, а таксама ў музеі, тэатры.


Уменне гатаваць, безумоўна, спатрэбіцца кожнай гаспадыні. Гэтым майстэрствам дзяўчынкі авалодваюць на факультатыве па кулінарыі, які праводзіць настаўнік працоўнага навучання Святлана Буткевіч. Удзельнікам семінара школьніцы прапанавалі прадэгуставаць прыгатаваныя імі ласункі, падзяліліся рэцэптамі страў. Дзяўчынкі расказалі, з якім задавальненнем кулінараць, сервіруюць стол. У будучыні яны могуць выбраць прафесіі кухара, кандытара, афіцыянта.

У гэтым змаглі пераканацца ўсе ўдзельнікі семінара, наведаўшы заняткі, якія праводзяцца з дзецьмі. Педагогі паказалі, як на практыцы прывіваюць навучэнцам тыя ці іншыя прафесійныя навыкі, арыентуюць на авалоданне канкрэтнай спецыяльнасцю.

Вялікая ўвага ў школе ўдзяляецца паляпшэнню спартыўнай базы. За апошнія пяць гадоў пабудаваны хакейная каробка, трэнажорная зала, скаладром. Развіваюцца такія віды спорту, як футбол, валейбол, гандбол, каратэ, скалалажанне, выхоўваюцца будучыя спартсмены і трэнеры. Штогод сярод выпускнікоў школы ёсць тыя, хто выбірае факультэт фізічнага выхавання. Навучэнцы Дзмітрый Сай і Дзмітрый Вановіч паступілі ў вучылішчы алімпійскага рэзерву.

З гэтага навучальнага года хлопчыкі і дзяўчынкі займаюцца фехтаваннем. У пачатку навучальнага года адміністрацыя раёна зрабіла школе падарунак — форму для заняткаў фехтаваннем. Па словах настаўніка фізічнай культуры і здароўя Святланы Сай, гэты від спорту не толькі альтэрнатыва вольнаму часу, ён таксама фарміруе ў дзяцей якасці, якія спатрэбяцца ім падчас вучобы.

Актыўна праяўляе сябе ў інавацыйнай дзейнасці настаўніца рускай мовы і літаратуры Алена Рудая. На сваіх уроках педагог імкнецца развіваць пазнавальныя інтарэсы, творчыя здольнасці вучняў. Дзеці не толькі авалодваюць вучэбным матэрыялам, але і вучацца правільна выказваць свае думкі, разважаць. Такія навыкі спатрэбяцца падчас алімпіяд, конкурсаў, дзе практыкуюцца вусныя паведамленні. Так, высокія веды па прадмеце і аратарскае майстэрства прадэманстравала школьніца Ірына Новыш на мінулагодняй Рэспубліканскай алімпіядзе па рускай мове. Дзяўчынка вырашыла звязаць свой лёс з журналістыкай, а таму разам з іншымі захопленымі вучнямі прымае ўдзел у стварэнні школьнай газеты “Рытм”, якая выходзіць у свет пад кіраўніцтвам настаўніцы рускай мовы і літаратуры Іны Шчыглінскай. Дарэчы, школа супрацоўнічае з раённай газетай “Праца”. На працягу некалькіх гадоў дзеці займаюцца ў школе маладога журналіста. Такім чынам яны знаёмяцца з прафесіяй, вучацца рабіць цікавыя рэпартажы, здымкі, відэаматэрыялы.

Раскрыць творчы патэнцыял вучняў дапамагаюць таксама заняткі ў тэатральным калектыве. Прычым пастаноўкі юнакі і дзяўчаты ставяць на замежнай мове. Працаваць над вобразамі і сцэнічным маўленнем юным акцёрам дапамагае настаўніца англійскай мовы Марына Нікалаевіч.

Зацікавіць дзяцей даследчай дзейнасцю ўмее гісторык Лілія Сідорка, кіраўнік школьнага народнага музея “Светач”. Школьнікі самі збіраюць экспанаты, праводзяць экскурсіі, вучацца быць камунікабельнымі, прыгожа гаварыць, упэўнена трымацца перад публікай. Усё гэта спатрэбіцца не толькі будучым экскурсаводам, гісторыкам, этнографам, археолагам, але і будзе карысным у любой галіне. Дзесяцікласнікі прапанавалі прадстаўнікам сферы адукацыі Гродзеншчыны наведаць музейныя пакоі, праслухаць пазнавальны аповед пра Зэльвеншчыну ў мінулым і сучаснасці.


Захапленне ва ўдзельнікаў семінара выклікаў скаладром. Гэты спартыўны аб’ект не адзін раз станавіўся месцам правядзення першынстваў раённага і абласнога ўзроўняў. Выхаванцы трэнера Анатоля Базыльчыка ў будучыні могуць быць ратавальнікамі, служыць у ваенных падраздзяленнях, займацца прамысловым альпінізмам.

Педагогі школы цесна ўзаемадзейнічаюць з бацькамі вучняў. Рэалізоўваецца сумесны праект “Чалавек тыдня”. У рамках гэтага праекта ў школу запрашаюцца дарослыя, якія знаёмяць хлопчыкаў і дзяўчынак са сваёй сферай дзейнасці. Напрыклад, Аляксандр Панасік, які шмат гадоў захапляецца фатаграфіяй, ахвотна пагадзіўся даць падлеткам некалькі ўрокаў. На практыцы яны разбіралі, як знайсці ўдалы кадр, якія памылкі дапускаюць юныя фатографы. Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Валянціны Духцік, сумесна з псіхолагам былі вывучаны захапленні школьнікаў, затым спланаваны сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій.

Настаўнікі дапамагаюць навучэнцам раскрываць іх патэнцыял. На гэтым акцэнтаваў увагу начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Зэльвенскага райвыканкама Сяргей Лойка. Навучэнцы паказваюць добрыя вынікі ў алімпіядным руху, на навукова-практычных канферэнцыях, выпускных экзаменах, цэнтралізаваным тэсціраванні, пры паступленні ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Па словах кіраўніка, немалаважную ролю ў поспехах дзяцей адыгрывае i рэсурсны цэнтр, бо тут рэгулярна арганізоўваюцца прафарыентацыйныя сустрэчы з прадстаўнікамі сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў. Наладжана супрацоўніцтва з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы, Ваўкавыскім каледжам, Слонімскім прафесійна-тэхнічным каледжам і іншымі. Гэта дазваляе школьнікам вызначыцца, якой прафесіі аддаць перавагу.

Падчас сустрэчы таксама ішла гаворка пра ролю інтэрнэт-рэсурсаў у прафарыентацыі навучэнцаў. Як адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Кацярына Ігнатавец, у рамках работы рэсурснага цэнтра створаны сайт па прафарыентацыі. Тут з дапамогай інтэрактыўнага дыялогу наведвальнікі знаёмяцца з асноўнымі інфармацыйнымі блогамі. Можна прайсці анлайн-тэсты, скарыстацца інтэрактыўнымі прафарыентацыйнымі слоўнікамі, картамі размяшчэння ўстаноў адукацыі краіны. Ажыццяўляецца прафесійнае кансультаванне з дапамогай інтэрнэт-тэлефаніі, дзе ўсе жадаючыя (як школьнікі, так і бацькі) могуць задаць пытанне педагогу-псіхолагу.

Практычныя заняткі па выкарыстанні сайта правяла з удзельнікамі семінара інжынер-праграміст Настасся Стрыжычэнка. Дзякуючы спасылкам на 3D-экскурсіі, школьнікі маюць магчымасць пабываць у той ці іншай установе адукацыі, не выходзячы з дома або школы. Таксама дзеці самастойна фатаграфуюць установы, у якіх бываюць, а пасля ствараюць віртуальныя экскурсіі. У сярэдняй школе № 3 Зэльвы прапаноўваюць навучыць іншыя школы рабіць панарамныя здымкі ў фармаце 3D, якія потым можна будзе выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе.

Вынікі работы па ацэнцы гатоўнасці старшакласнікаў да ўсвядомленага прафесійнага выбару прадставіла настаўнік фізікі Жанна Сушчэвіч. Па словах педагога, у 5 класе складаецца прафесійнае партфоліа на кожнага вучня. Дзецям прапаноўваецца напісаць эсэ аб сваёй будучай прафесіі. Класны кіраўнік ставіць задачу выявіць такім чынам намеры вучня. Вызначыць прафесійныя інтарэсы дапамагаюць і тэставыя заданні. Акрамя таго, школа ўзаемадзейнічае з бацькамі. На бацькоўскіх сходах, падчас наведвання сем’яў праводзяцца індывідуальныя гутаркі. Дарослых арыентуюць на тое, каб яны прыслухоўваліся да меркавання дзяцей, усяляк падтрымлівалі іх імкненні.

Людміла КАМЯКЕВІЧ,
дырэктар сярэдняй школы № 3 Зэльвы.

 

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*