Спецыялісты новай фармацыі

Гісторыя Гомельскага дзяржаўнага дарожна-будаўнічага каледжа імя Ленінскага камсамола Беларусі, які зараз з’яўляецца філіялам Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, налічвае каля 90 гадоў. Увесь гэты час тут рыхтуюць спецыялістаў сярэдняга звяна для дарожнай, будаўнічай і аўтамабільнай галін эканомікі.

Матывацыя у залог поспеху

Сёння дарожна-будаўнічы каледж эфектыўна вырашае пытанні падрыхтоўкі канкурэнтаздольных спецыялістаў. Поспех у тым, што педагагічны калектыў здольны не толькі берагчы традыцыі, закладзеныя калегамі ў мінулым, але і шпарка крочыць у нагу з часам. Гэты сімбіёз дазваляе ўстанове заставацца цікавай для маладых людзей. Тут можна атрымаць спецыяльнасці, якія застаюцца запатрабаванымі на рынку працы цяпер і будуць запатрабаваны ў будучыні: “Тэхнічнае забеспячэнне дарожна-будаўнічых і меліярацыйных работ”, “Будаўніцтва дарог і транспартных аб’ектаў”, “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, “Пад’ёмна-транспартныя, будаўнічыя, дарожныя машыны і абсталяванне”, “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў”, “Электронныя вылічальныя сродкі”.

Трапіць у лік навучэнцаў могуць выпускнікі школ, якія маюць на руках добры атэстат аб заканчэнні ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. Летась былі адзначаны даволі высокія прахадныя балы. Пра сёлетнюю ўступную кампанію гаварыць рана, але адказны сакратар прыёмнай камісіі каледжа Людміла Дворак упэўнена, што рэйтынг па-ранейшаму будзе высокі.

— Раней абітурыенты актыўна выбіралі спецыяльнасць “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, але ў мінулым годзе ўжо больш скіроўваліся на спецыяльнасці “Электронныя вылічальныя сродкі” і “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў, — аналізуе Людміла Пятроўна. — Стабільнай застаецца цікавасць выпускнікоў школ да нашай традыцыйнай спецыяльнасці “Будаўніцтва дарог і транспартных аб’ектаў”, прычым як пасля 9-ці, так і пасля 11 класаў.

Недахопу ў абітурыентах каледж не мае. Выкладчыкі кажуць, што яны вучаць ужо цэлыя дынастыі. Разам з тым штогод ва ўстанове праводзіцца актыўная прафарыентацыйная работа: сустрэчы, конкурсы, розныя мерапрыемствы, да якіх прыцягваюцца школьнікі.

— З многімі школамі горада ў нас заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве, — расказвае адказны сакратар прыёмнай камісіі. — Прафарыентацыйную работу з дзецьмі мы пачынаем з 6 класа, таму яны прыходзяць да нас ўжо ўсвядомлена. Гэта вельмі важна. Калі дзеці матываваныя, калі яны маюць уяўленне, якая спецыяльнасць ім бліжэй, калі ведаюць, кім выйдуць са сцен нашага каледжа, тады значна лягчэй рыхтаваць добрых спецыялістаў. Калі ж іх за руку прыводзіць маці ці бацька, якія вырашылі, што іх дзіця пойдзе на пэўную спецыяльнасць, толку з гэтага не будзе.

Бацькоўская гіперапека ў выбары прафесіі амаль без варыянтаў — бязрадасная і беспаспяховая будучыня для дзіцяці, якому, магчыма, усё жыццё штодзень давядзецца займацца справай, да якой няма цікавасці. Выкладчыкі адзначаюць, што выпускнікі школ, якія прыходзяць у каледж па сваёй ініцыятыве, заўсёды больш паспяховыя і ў плане навучання, і ў плане адаптацыі, сацыяльнага і культурнага жыцця, лідарскіх якасцей. Часта яны імкнуцца працягнуць навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Па словах Людмілы Дворак, звыш паловы выпускнікоў каледжа паступаюць ва ўніверсітэты.

— Пераважна яны працягваюць вучобу на завочнай форме, бо ім ужо хочацца працаваць і самастойна зарабляць грошы, — гаворыць Людміла Дворак. — Зусім нямнога, але ёсць і тыя, хто кардынальна мяняе сваю прафесійную скіраванасць. Самі выпускнікі тлумачаць гэта тым, што мець дзве розныя спецыяльнасці сёння вельмі разумна. Напрыклад, пасля каледжа ў маладога чалавека ёсць дыплом тэхніка-будаўніка, а ва ўніверсітэце ён хоча атрымаць прафесію інжынера-механіка.

Прадпрыемству патрэбен універсал

Сапраўды, разумна. Сёння рынак працы вельмі зменлівы, і добра, што сучасная моладзь такая разважная і мабільная. Зараз увогуле змянілася бачанне спецыяліста заказчыкамі кадраў. На вытворчасці патрэбны спецыялісты, якія гатовы лёгка адаптавацца да зменлівых умоў працы, могуць працаваць з сучаснай тэхнікай і абсталяваннем, з новымі матэрыяламі і тэхналогіямі, умеюць хутка вучыцца. Там патрэбны ўніверсальныя прафесіяналы, якія могуць выконваць шэраг дадатковых работ, сумежных з іх асноўнай прафесіяй. Такі падыход каштоўны як для наймальніка, так і для работніка: першы забяспечвае сябе спецыялістам шырокага профілю, а другі атрымлівае пэўныя гарантыі пастаяннай занятасці, а значыць, і заробку. Аднак падрыхтоўка такіх кадраў патрабуе кардынальна новага падыходу. І ў нашай краіне над гэтым працуюць. Больш як 20 устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі рознага кірунку ўвайшлі ў праект “Апрабацыя механізмаў узаемадзеяння ўстаноў прафесійнай адукацыі і арганізацый — заказчыкаў кадраў па вызначэнні і мадэрнізацыі кваліфікацыйных патрабаванняў да спецыялістаў”. Гомельскі дарожна-будаўнічы каледж — ад зін з удзельнікаў эксперымента.

— Эксперыментальная і інавацыйная дзейнасць у рамках праекта ў нашым каледжы праводзіцца на базе спецыяльнасці “Будаўніцтва дарог і транспартных аб’ектаў”, — тлумачыць намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Галіна Мазгова. — Мэтай эксперымента ставіцца апераджальная падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў для высокатэхналагічных і навукаёмістых вытворчасцей дарожна-будаўнічай галіны. Гэта дазволіць не толькі рыхтаваць спецыялістаў, але і паспрыяе іх працаўладкаванню.

Эксперымент разлічаны на чатыры гады. Яго рэалізацыя пачалася ў верасні мінулага года. На працягу дзевяці месяцаў кіраўніцтва і выкладчыкі ўстановы праводзілі вялікую падрыхтоўчую і даследчую работу, праходзілі спецыяльныя курсы і, самае галоўнае, распрацоўвалі новую вучэбную праграму. У чым яе прынцыповае адрозненне ад звыклай? Справа ў тым, што вучэбны план распрацаваны на модульнай аснове і ўтрымлівае пэўныя кампетэнцыі спецыялістаў — тыя, якія бачаць заказчыкі кадраў.

Каб разумець, які выпускнік каледжа патрэбен сёння, заўтра, праз некалькі гадоў, члены рабочай групы, у якую ўвайшлі адміністрацыя і выкладчыкі ўстановы, правялі шэраг сустрэч са спецыялістамі і кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый дарожнай галіны, мостабудавання горада, сярод якіх дарожна-будаўнічы трэст № 2 Гомеля, “Гомельпрамбуд”, “Гомельаўтадар” і інш.

— Вядома, мы цікавіліся ўзроўнем падрыхтоўкі нашых спецыялістаў, якія ўжо працуюць на вытворчасці, — расказвае Галіна Рычардаўна. — Адказ амаль адзін: вельмі добрая тэарэтычная падрыхтоўка, але не хапае практычных навыкаў. Гэтая праблема зараз актуальная для многіх сфер дзейнасці. Калі гаварыць менавіта пра нашу спецыяльнасць “Будаўніцтва дарог і транспартных аб’ектаў”, якая якраз і падлягае эксперыменту, — то на прадпрыемстве хочуць бачыць спецыялістаў шматпрофільных, якія маглі б выконваць розныя задачы ў залежнасці ад таго, якая работа ёсць сёння. Напрыклад, неабходна весці дарожныя работы, мы гэта робім. Скончылі — прыступаем да бетонных работ і г.д. І ўсё гэта — у адным спецыялісце. Якраз такі падыход і прадугледжваецца ў рамках эксперымента: у дапаўненне да тэхніка-будаўніка выпускнікі атрымаюць яшчэ і рабочыя спецыяльнасці замершчыка, дарожнага рабочага і бетоншчыка.

У ходзе даследчай работы быў вывучаны і падрабязна апісаны змест працы работнікаў дарожна-будаўнічых, будаўнічых, эксплуатацыйных і праектных прадпрыемстваў. Пры гэтым улічваліся не толькі існуючыя прафесійныя функцыі, але і тыя, з’яўленне якіх прагназуецца ў перспектыве. Для кожнай прафесійнай функцыі складзены і прапісаны канкрэтныя веды і ўменні, неабходныя для паспяховага выканання работ на вытворчасці. У выніку вызначаны сучасныя патрабаванні да зместу і ўзроўню падрыхтоўкі кадраў, прафесійныя кампетэнцыі работнікаў, а таксама распрацаваны новыя кваліфікацыйныя характарыстыкі па прафесіях “Замершчык на тапографа-геадэзічных і маркшэйдарскіх работах”, “Дарожны рабочы”, “Бетоншчык”, “Тэхнік-будаўнік”.

— Змены ў эканоміцы краіны прыводзяць да ўдасканалення ўзаемадзеяння паміж установамі прафесійнай адукацыі і вытворчасцю ў пытаннях падрыхтоўкі кадраў, — адзначае дырэктар Гомельскага дзяржаўнага дарожна-будаўнічага каледжа Вячаслаў Пільшчыкаў. — Вельмі ўдзячны кіраўнікам і спецыялістам арганізацый — заказчыкаў кадраў, якія зразумелі нас, падтрымалі нашу ідэю і выступілі як эксперты. Яны валодаюць фундаментальнымі ведамі прафесійнай практыкі і могуць меркаваць, як будзе развівацца дарожна-будаўнічая сфера ў перспектыве.

Навучанне па прафесійных модулях

Калі меркаванні і пажаданні прафесіяналаў-практыкаў былі вывучаны, пачаўся самы сур’ёзны і працаёмкі падрыхтоўчы этап эксперыментальнага праекта: распрацоўка эксперыментальнага вучэбнага плана па спецыяльнасці “Будаўніцтва дарог і транспартных аб’ектаў” з выкарыстаннем прафесійных модуляў. Вучэбнай праграмай падрабязна распісаны працоўныя функцыі, працоўныя дзеянні, прадметы і прылады працы, неабходныя ўменні і веды, якія павінен засвоіць будучы спецыяліст.

Так, вывучыўшы прафесійны модуль “Тапографа-геадэзічныя і разбівачныя работы”, навучэнец, пры паспяховай здачы кваліфікацыйнага экзамену, атрымае кваліфікацыю рабочага “замершчык на тапографа-геадэзічных і маркшэйдарскіх работах 3-га разраду”. Гэты прафесійны модуль закладвае канкрэтныя ўменні і навыкі правядзення геадэзічных пошукаў. Вывучэнне модуля “Будаўніцтва, утрыманне і рамонт аўтамабільных дарог” дае магчымасць вучню авалодаць ведамі ў галіне сучасных тэхналогій будаўніцтва, рамонту і ўтрымання дарог, навыкамі работы з новымі відамі будаўнічых матэрыялаў і абсталявання і атрымаць кваліфікацыю рабочага “дарожны рабочы 3-га разраду”. Вывучэнне модуляў “Арганізацыя і кіраванне дзейнасцю калектыву” і “Дыягностыка і маніторынг аўтамабільных дарог і транспартных збудаванняў” дазволіць выпускніку праектаваць дарогі і транспартныя аб’екты, працаваць на сучаснай тэхніцы, абсталяванай аўтаматызаванымі сістэмамі дыягностыкі і кантролю якасці выканання тэхналагічных функцый і атрымаць кваліфікацыю тэхніка-будаўніка.

Апрабацыя эксперыментальнага вучэбнага плана пачнецца з 1 верасня. Цяпер, пасля падрыхтоўчай работы, выкладчыкі, якія працуюць у рамках праекта, прыступяць да распрацоўкі прафесійных стандартаў па заяўленых прафесіях рабочых і абнаўлення адукацыйнага стандарту спецыяльнасці “Будаўніцтва дарог і транспартных аб’ектаў”.

— Задача сур’ёзная, глабальная, бо патрабаванні да спецыялістаў высокія, — гаворыць Галіна Мазгова. — Аднак вырашыць яе можна, тым больш што ў нашым каледжы ўсё для гэтага ёсць. У першую чаргу гэта працаздольны калектыў выкладчыкаў, матэрыяльная база, якую мы ўдасканальваем. Зразумела, што эксперымент, у які мы ўступілі, патрабуе абнаўлення і ўдасканалення абсталявання і лабараторый, практычных работ, вучэбных практык. Многае павінна выйсці на іншы ўзровень, і гэта вельмі добра.

Сёлетнія абітурыенты, якія выбяруць для сябе спецыяльнасць “Будаўніцтва дарог і транспартных аб’ектаў”, таксама стануць часткай цікавага эксперымента. Але найбольш важным для іх будзе тое, што на выхадзе яны будуць мець дадатковыя рабочыя прафесіі, а гэта ў значнай ступені павышае іх канкурэнтаздольнасць на рынку працы.

Наталля ЛУТЧАНКА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*