Сяргей ВАСІЛЕЦ: “У нас моцныя канкурэнты, але мы спраўляемся”

У фізіка-матэматычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка шмат сур’ёзных канкурэнтаў. Абітурыенты з аналагічным наборам сертыфікатаў ЦТ маюць вельмі вялікі выбар спецыяльнасцей — ад класічных інжынерных да модных ІТ. Таму фізіка-матэматычнаму факультэту даводзіцца прыкладаць дадатковыя намаганні, каб прыняць добра падрыхтаваных абітурыентаў і да таго ж матываваных на педагагічную прафесію.

Як вырашаецца гэтая задача, нам расказаў дэкан фізіка-матэматычнага факультэта БДПУ Сяргей Іванавіч ВАСІЛЕЦ.

— Пошукам свайго абітурыента заклапочаны ўсе ўстановы адукацыі, бо абітурыент, які зрабіў свядомы выбар, — гэта актыўны і адказны студэнт, а пасля — прафесіянал, які хоча ўдасканальвацца ў сваёй справе. Для вашага факультэта згаданая задача ўдвая больш складаная: патрэбны маладыя людзі, якія не толькі добра ведаюць прадмет (фізіку, матэматыку), але і настроены на педагагічную работу. Скажыце, Сяргей Іванавіч, як ажыццяўляецца пошук сваіх — тых, хто прыйдзе на факультэт і за гады вучобы будзе толькі ўмацоўвацца ў сваім выбары?

— На нашым факультэце, як і ва ўніверсітэце ў цэлым, вядзецца сістэмная прафарыентацыйная работа. Мы пачынаем працаваць са школьнікамі калі не з малодшых, то ўжо з сярэдніх класаў. Напрыклад, у нас дзейнічаюць школы юных фізікаў, матэматыкаў, інфарматыкаў. Распрацаваны асобныя праграмы для 5—7 класаў і 8—9 класаў. Многія дзеці карыстаюцца магчымасцю павысіць свае веды па адпаведных прадметах, прыязджаюць на заняткі не толькі з Мінска і прыгарада, але і з іншых раёнаў вобласці. Пасля адкрыцця Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра адукацыйнай робататэхнікі мы плануем арганізаваць аналагічныя курсы і ў гэтым напрамку.

Вядома, далёка не ўсе, хто прайшоў навучанне ў школах юных фізікаў, паступаюць на наш факультэт. Але мы працуем, і жыццё паказвае, што гэта прыносіць плён.

Выкарыстоўваем для прафарыентацыі ўсе магчымасці. Напрыклад, нашы студэнты, калі ідуць на практыку, ладзяць прафарыентацыйныя мерапрыемствы для школьнікаў. Прыводзяць іх у Рэспубліканскі рэсурсны цэнтр адукацыйнай робататэхнікі, дзе можна паназіраць за тым, як збіраюцца і праграмуюцца рабаты, і нават самім спрычыніцца да гэтай захапляльнай справы. Дзецям таксама вельмі падабаецца наш планетарый, дзе ёсць унікальная магчымасць пабачыць неба, як яно выглядае з іншых месцаў нашай планеты. Я сам быў уражаны, калі ўпершыню “апынуўся” ў паўднёвым паўшар’і Зямлі, убачыў зорнае неба ў раёне Кейптаўна, сузор’е Паўднёвы крыж. Тэхніка дазваляе выбіраць пункты на зямной паверхні і ствараць карціну зорнага неба з любой кропкі. Такія экскурсіі надзвычай цікавыя.

Ва ўсім свеце ідзе тэндэнцыя да змяншэння колькасці лекцыйных заняткаў. Цяперашнія студэнты маюць такія магчымасці, пра якія 20—30 гадоў назад іх равеснікі і не марылі. Усё патрэбнае ёсць у маленькім дэвайсе — планшэце ці ноўтбуку, і вучыцца можна ў любы зручны момант — у метро, парку, інтэрнаце. Іншая справа, што трэба граматна распараджацца сваім часам, бо новыя тэхналогіі даюць не толькі хуткі доступ да ведаў, але і масу спакус.

Яшчэ адзін важны напрамак прафарыентацыйнай работы — педагагічныя класы, якія даюць нам не выпадковых, а вельмі матываваных абітурыентаў. Першыя выпускнікі такіх класаў сёлета прыйшлі ва ўніверсітэт, у тым ліку 8 чалавек вучацца зараз на нашым факультэце.

Так, набор сертыфікатаў, неабходных для паступлення на фізіка-матэматычны факультэт БДПУ, такі ж, як на ІТ- і інжынерныя спецыяльнасці, і канкурэнцыя даволі моцная. Але мы спраўляемся. Ужо некалькі гадоў абыходзімся без дадатковага набору, ды і прахадныя балы растуць. Сёлета ў параўнанні з мінулым годам яны выраслі амаль на 50 пунктаў (на спецыяльнасць “Матэматыка і інфарматыка” — 227, на спецыяльнасць “Фізіка і інфарматыка” — 193). Напэўна, хацелася б больш, але ёсць станоўчая дынаміка, і гэта радуе.

Штогод па выніках прыёму дакументаў ва ўніверсітэце вызначаецца абітурыент з найвышэйшым балам. Прыемна, што 2 гады назад самы высокі бал быў у абітурыенткі спецыяльнасці “Фізіка і інфарматыка”. Сёлета найвышэйшы бал зноў у нас: абітурыентка спецыяльнасці “Фізіка і інфарматыка” набрала звыш 350 балаў. Зразумела, што з такім вынікам яна магла б прайсці практычна на любую спецыяльнасць у БДУІР ці БДУ, але, нягледзячы на гэта, дзяўчына мэтанакіравана паступіла на наш факультэт. І такіх прыкладаў нямала. Многія абітурыенты з добрымі баламі падаюць дакументы не ў апошні дзень, калі ўжо больш-менш вядома конкурсная сітуацыя ў іншых універсітэтах, а ў першыя дні — адразу да нас. Гэта сведчыць пра ўсвядомлены выбар.

Вельмі важна, што яны потым не шкадуюць. Напрыклад, Аксана Кургузава — лідар па балах 2015 года, ужо трэцякурсніца, зараз выдатніца, займаецца ў студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі, атрымлівае стыпендыю “Пріорбанка”. Дарэчы, гэта асобная тэма. З мінулага года пяцёрцы лепшых студэнтаў нашага факультэта “Пріорбанк” прызначае стыпендыі (10 базавых велічынь штомесяц на працягу семестра). Прычым гэта не разавае рашэнне. Першую пяцёрку ўжо змяніла другая. Зараз па выніках зімовай сесіі будзем падаваць дакументы і характарыстыкі на новых намінантаў.

— Сяргей Іванавіч, адбор абітурыентаў — гэта першы этап. Другі этап у падрыхтоўцы будучых педагогаў — навучыць іх прафесіі. Што дазваляе вам за 4 гады з маладога недасведчанага чалавека вырасціць настаўніка?

— Я стаўлю задачу перад кіраўнікамі кафедраў і выкладчыкамі, каб тыя выбітныя абітурыенты, якія прыйшлі да нас з высокімі вынікамі, не згубіліся ва ўніверсітэце, а развіваліся і раслі. Мы стараемся з 1 курса азнаёміць іх з магчымасцямі прафесійнага росту. На базе факультэта працуюць 4 студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі розных напрамкаў. Моцныя дзеці не губляюцца, а ярка праяўляюць сябе.

Сама падрыхтоўка ва ўніверсітэце практыка-арыентаваная. Ужо з 1 курса студэнты праходзяць валанцёрскую практыку, дзе задзейнічаны пераважна ў пазакласнай рабоце. Пад кіраўніцтвам выкладчыкаў яны выязджаюць у школы і дапамагаюць там у арганізацыі самых розных мерапрыемстваў.

З мінулага года ў нас наладжана цеснае супрацоўніцтва з Сацыяльна-педагагічным цэнтрам з прытулкам Фрунзенскага раёна Мінска. Нашы першакурснікі займаюцца з дзецьмі, якія часова жывуць у прытулку, фізікай, матэматыкай, інфарматыкай. Адметна, што цэнтр, калі там даведаліся пра валанцёрскую практыку, сам выйшаў на кіраўніцтва ўніверсітэта з прапановай супрацоўніцтва, прычым папрасілі студэнтаў менавіта з нашага факультэта.

На 2 курсе студэнты працуюць у рэжыме праектнай дзейнасці. Раз на тыдзень ва ўстановы адукацыі выязджаюць мікрагрупы ў складзе 5—6 чалавек пад кіраўніцтвам выкладчыка і выконваюць праекты, звязаныя з прадметнай дзейнасцю.

Потым у студэнтаў пачынаюцца летнія практыкі, вучэбная — на 3-м курсе, пераддпломная — на 4-м. Такая развітая сістэма практык станоўча ўплывае на падрыхтоўку спецыяліста.

Высокі попыт на настаўнікаў фізікі, матэматыкі, інфарматыкі вядзе да таго, што многія студэнты на старшых курсах ужо працуюць. Да нас пастаянна паступаюць званкі ад кіраўнікоў устаноў адукацыі з просьбай даць ім студэнтаў. Выпускнікі часта прыносяць пісьмы-запыты ад школ, дзе працавалі, і размяркоўваюцца туды на работу.

— Як студэнтам удаецца сумяшчаць вучобу і работу? Дэкан факультэта не супраць?

— Вядома, гэта няпроста, але як дэкан я падтрымліваю студэнтаў у імкненні працаваць.

Нашы спецыяльнасці складаныя (навучанне звязана з выкананнем вялікай колькасці лабараторных работ ), але мы знаходзім магчымасць арганізаваць вучэбны працэс так, каб студэнты маглі сумяшчаць вучобу з працай. Кожнае працаўладкаванне студэнтаў узгадняецца з выкладчыкамі па ўсіх дысцыплінах. Часам, каб улічыць інтарэсы ўсіх удзельнікаў вучэбнага працэсу, даводзіцца мяняць змены, расклад. Але мы навучыліся з гэтым спраўляцца. Работа студэнтаў па спецыяльнасці ідзе на карысць іх прафесійнаму станаўленню, і гэта вітаецца.

— Калі студэнты нарасхват, то трэба меркаваць, што і з размеркаваннем выпускнікоў на факультэце праблем няма?!

— Нягледзячы на тое, што сёлета ў нас быў падвойны выпуск (мы размяркоўвалі на працу 161 бюджэтніка), усе атрымалі першае рабочае месца, ніякіх праблем з размеркаваннем не было. Што да цяперашніх выпускнікоў, то іх удвая менш, і няма сумненняў: усё будзе добра. За 3 месяцы да размеркавання ў нас ужо цэлая папка заявак на маладых спецыялістаў са школ, гімназій, ліцэяў, каледжаў і нават універсітэтаў.

— Сяргей Іванавіч, абітурыентамі звычайна рухае запал: хачу паступіць — і ўсё! Гэта галоўная мэта выпускнікоў школы, далей ужо мала хто глядзіць. Што павінна адбыцца, як павінны выбудоўвацца адносіны “чалавек — прафесія”, каб атрымалася сапраўднае парадненне, пачуццё і выпускнік педагагічнага ўніверсітэта прыйшоў у школу з упэўненасцю ў сваім прызванні і сваім прызначэнні?

— Усе, хто вучыўся ў школе, у той ці іншай ступені знаёмы з асновамі педагагічнай прафесіі. Але нават тыя абітурыенты, якія, не вагаючыся, падалі дакументы ў педуніверсітэт, далёка не цалкам уяўляюць сабе ўсе яе плюсы і мінусы. Мне запомнілася адна наша выпускніца, якая, выступаючы на ўручэнні дыплома, прызналася, што першапачаткова не планавала паступаць у педагагічны ўніверсітэт. Зусім выпадкова яна прыйшла да нас на спецыяльнасць “Фізіка і інфарматыка”, і гады вучобы цалкам змянілі яе светапогляд. Ужо стаўшы дыпламаваным спецыялістам, выпускніца падзякавала лёсу, што ён распарадзіўся менавіта так. Прайшоўшы праз усе практыкі, яна зразумела, што хоча працаваць не з жалезам, а з людзьмі, і менавіта ў гэтым бачыць сваё прызванне.

Але ёсць і іншыя выпадкі, калі студэнты расчароўваюцца ў прафесіі і сыходзяць пасля 1 курса. Таму вельмі добра, што існуе сістэма ранніх практык. Маладыя людзі маюць магчымасць пабываць у школе, папрацаваць з дзецьмі, прымераць педагагічную прафесію на сябе і зразумець: гэта іх прызванне ці не. Горш, калі расчараванне адбудзецца на выпускным курсе ці ўжо падчас работы.

У практыка-арыентаванай сістэме навучання маладыя людзі праходзяць пастаянную праверку: наколькі гэта маё і кім я насамрэч хачу быць? Шчыры выразны адказ “Так, гэта мая справа!” служыць асновай для таго, каб чалавек замацаваўся ў педагагічнай прафесіі.

Прымаючы ўдзел у сучасных формах адукацыйнага працэсу, студэнты не толькі вучацца матэматыцы, фізіцы, інфарматыцы, але і засвойваюць новыя методыкі і тэхналогіі, каб пазней рэалізаваць аналагічныя падыходы і метады ў сваёй педагагічнай дзейнасці. Гэта два важныя бакі вучэбнага працэсу.

— Псіхолагі ж недарэмна падзялілі людзей на групы, і ёсць сярод нас шмат тых, каму камфортна жыць і працаваць менавіта ў сістэме “чалавек — чалавек”.Калі пасадзіць такога за манітор ці перад кучай жалеза — гэта не прынясе яму радасці, ён не зможа рэалізаваць свой патэнцыял. Дасягнуць вяршынь прафесіяналізму можна толькі ў той сферы дзейнасці, якую любіш…

— Гэта сапраўды так. Адным з выбітных выпускнікоў фізічнага факультэта нашага тады яшчэ педінстытута з’яўляецца генеральны дэрэктар ААТ “Пеленг” Уладзімір Іванавіч Пакрышкін. Адказваючы на пытанне, як чалавеку з педагагічнай адукацыяй удалося ўзначаліць адно з самых перадавых прадпрыемстваў краіны, ён даў вельмі дакладны адказ. На вытворчасці, куды Уладзімір Іванавіч прыйшоў працаваць, побач з ім былі выпускнікі вядучых ВНУ тагачаснага СССР з найвышэйшым узроўнем падрыхтоўкі па матэматыцы, фізіцы, электроніцы і г.д. Але яны былі гатовы працаваць у сістэме “чалавек — машына”. А Уладзімір Іванавіч Пакрышкін, акрамя таго, што ведаў фізіку, быў яшчэ педагогам, псіхолагам, умеў працаваць з людзьмі. “Мае прафесійныя дасягненні грунтуюцца на маёй педагагічнай адукацыі”, — перакананы адзін з самых вядомых людзей нашай краіны. І гэта сапраўды так. Педагагічная прафесія можа стаць падмуркам для многіх здзяйсненняў.

Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*