Усебаковая адукацыя і мужчынскае выхаванне

У практыцы работы сярэдняй школы № 9 Слоніма ранняя прафарыентацыя, падрыхтоўка вучняў да ўсвядомленага выбару прафесіі, служэння Айчыне эфектыўна забяспечваюцца ва ўмовах навучання ў кадэцкіх класах.

Ад класа да корпуса

Першы ваенна-патрыятычны клас быў адкрыты ў 1997 го­дзе. Адной з задач, якую прыйшлося вырашаць пры арганізацыі яго работы, стала фарміраванне выхаваўчай сістэмы, здольнай эфектыўна ўплы­ваць на  выхаванне маральных якасцей асобы. Аднак практыка паказала, што вырашыць пастаўленую задачу толькі на трэцяй ступені школы вельмі складана, таму з 1999 года пачалася работа з васьмікласнікамі. Пазней мы прыйшлі да высновы, што згаданы працэс неабходна пачы­наць з 5 класа, бо менавіта з гэтага ўзросту ў хлопчыкаў лягчэй фарміраваць і развіваць іх матывацыйную сферу, пазнавальныя інтарэсы, патрэбу ў самаўдасканаленні, выхоўваць грамадзянскасць і патрыятызм.


Важным этапам шматгадовай карпатлівай работы педагагічнага калектыву стала ўрачыстае адкрыццё 31 кастрычніка 2007 года кадэцкага корпуса школы і ўручэнне яму сцяга.

Адукацыя

Фарміраванне асобы, арыентацыя кадэтаў на выбар ваеннай прафесіі ажыццяўляецца ў комплексе праз вучэбную, пазаўрочную (факультатывы, аб’яднанні па інтарэсах) і пазакласную (выхаваўчую) дзейнасць. Арыентацыя вучняў на ваенныя прафесіі ўключае ў сябе элементы ваеннай арганізацыі іх жыццядзейнасці (ваенна-палявыя зборы, арганізацыйна-дзейнасныя гульні, традыцыйныя ваенна-патрыятычныя святы, пошукавыя экспедыцыі і інш.), далучэнне выхаванцаў да практыка-арыентаванай дзейнасці, блізкай да ваенна-прафесійнай, практычную рэалізацыю гуманна-асобаснага падыходу ў выкананні статутных адносін.

Важкім фактарам паспяховага ваенна-прафесійнага самавызначэння з’яўляецца сістэма дадатковай кадэцкай адукацыі, або так званы кадэцкі кампанент, мэта якога — усебаковае развіццё асобы. Праграмы дадатковай адукацыі распрацаваны з улікам здольнасцей і схільнасцей дзяцей, запытаў бацькоў, патрабаванняў часу і прафесіяграмы прафесіі вайскоўца.

У структуры кадэцкага кампанента прадстаўлены факультатывы, клубы, аб’яднанні па інтарэсах. Для кадэтаў 5 класа арганізавана работа факультатыву “Мой родны кут”, у 6 класе вучні больш падрабязна вывучаюць ваенную гісторыю свайго краю, краіны на занятках аб’яднання па інтарэсах “Мая Радзіма — Беларусь”, у 7—8 класах наведваюць заняткі факультатыву “Мая Айчына”, у 9-м — “Слонімазнаўства”. Пры арганізацыі заняткаў педагогі ўлічваюць ўзроставыя і псіхалагічныя асаблівасці дзяцей, выкарыстоўваюць літаратурныя і музычныя творы, музейную педагогіку, далучаюць навучэнцаў да турыстычна-краязнаўчай дзейнасці.

Важная роля ў падрыхтоўцы юнакоў 10—11 класаў да паступлення ў ваенныя ўстановы адукацыі і службы ў войску належыць урокам па прадмеце “Дапрызыўная падрыхтоўка юнакоў”, факультатыўным заняткам у 10—11 класах “Абаронца Айчыны” і “Псіхалагічныя асновы выбару ваеннай прафесіі”. Эфектыўнасці згаданых заняткаў спрыяе наяўнасць у школе абсталяваных кабінетаў гісторыі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, гісторыі ваеннай зброі, зброевага пакоя.

Спорт

На шляху да будучай прафесіі вялікае значэнне мае захаванне і ўмацаванне здароўя навучэнцаў. З гэтай мэтай кожны кадэт з 5 класа наведвае аб’яднанні спартыўнай накіраванасці, у тым ліку заняткі па рукапашным баі, басейн, удзельнічае ў днях здароўя “Кадэцкія старты”, малых алімпійскіх гульнях. Кадэты ўвахо­дзяць у склад зборных каманд школы і раёна па розных відах спорту, з’яўляюцца прызёрамі і пераможцамі раённых і абласных спаборніцтваў.

За ўсе гады са сцен кадэцкага корпуса выйшлі 423 навучэнцы, 192 з якіх выбралі для сябе прафесію абаронцы Айчыны. Сярод выпускнікоў кадэцкага корпуса — 15 падпалкоўнікаў, 22 маёры, 31 капітан.

Шмат увагі ўдзяляецца асветніцкай рабоце па далучэнні кадэтаў да здаровага ладу жыцця. Як паказвае штогадовы маніторынг стану здароўя кадэтаў, комплекс адпаведных мерапрыемстваў садзейнічае росту іх фізічнай падрыхтаванасці, умацоўвае іх здароўе. Гэта дазваляе дзецям паспяхова прайсці ваенна-медыцынскую камісію, здаць спартыўныя нарматывы пры паступленні ў ваенныя ўстановы адукацыі. Выпускнікі, якія сталі курсантамі, кажуць пра тое, што фізічная загартоўка, атрыманая ў кадэцкім корпусе, дапамагае спраўляцца з нагрузкамі ў час вучобы і дасягаць добрых вынікаў у ваенна-прыкладных відах спорту.

Выхаванне

Паспяховая вучоба, прафесійная кар’ера магчымы толькі тады, калі ў чалавека сфарміраваны маральныя каштоўнасці, прававая і грамадзянская культура. У сувязі з гэтым адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці педкалектыву корпуса з’яўляецца маральна-прававое выхаванне. Урокі духоўнасці, супрацоўніцтва з Мінскай духоўнай семінарыяй і Слонімскім  благачыннем станоўча ўплываюць на выхаванне каштоўнасных арыентацый хлопчыкаў-кадэтаў.

Эфектыўнаму выхаванню са­дзейнічае і прадметна-эстэтычнае асяроддзе, спецыфіка якога дыктуецца наяўнасцю вайсковага складніка — нашэнне формы ўстаноўленага ўзору, адметных знакаў, штодзённыя пастраенні і паверкі, захаванне страявых элементаў, падпарадкаванне старшым па званні. Умацаванню выхаваўчага патэнцыялу кадэцкага корпуса спрыяюць наяўнасць сцяга, дэвіза, клятвы, герба, кадэцкага знака.

Традыцыі

Асаблівая роля належыць кадэцкім традыцыям і рытуалам, якія шмат у чым нагадваюць традыцыі вайскоўцаў. Самымі ўрачыстымі, яркімі і эмацыянальнымі з іх з’яўляюцца кадэцкія святы “Пасвячэнне ў кадэты”, “Кадэцкі баль” і іншыя. Ужо стала традыцыяй праводзіць дэкаду патрыятычнага выхавання “Ёсць такая прафесія — Радзіму абара­няць!”, у рамках якой праходзяць урокі мужнасці, патрыятычныя акцыі, сустрэчы, конкурсы, звязаныя з гераічным мінулым нашага народа, з гісторыяй Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Усё гэта дазваляе дзецям на эмацыянальным узроўні ўсвядоміць, наколькі ганаровая і адначасова нялёгкая прафесія афіцэра.

Партнёрства

Стварэнню сістэмы грамадзянска-патрыятычнага выхавання ў кадэцкім корпусе спрыяе ўзаемадзеянне з 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадай. Навучэнцы школы наведваюць Музей баявой славы вайсковай часці, клас дапрызыўнай падрыхтоўкі, аформлены спецыяльна для кадэтаў Міністэрствам абароны. Старшакласнікі выяз­джаюць на тактычныя вучэнні брыгады, у тым ліку і з баявой стральбой. Афіцэры і салдаты брыгады — частыя госці на ўроках мужнасці, тэматычных класных гадзінах, сумесна з кадэтамі рыхтуюць ваенна-гістарычныя рэканструкцыі. Штогод у летні перыяд на базе вайсковай часці функцыянуе абаронна-спартыўны лагер “Кадэт”, дзе вырашаюцца задачы не толькі аздараўлення, грамадзянска-патрыятычнага выхавання, але і прафесійнай арыентацыі хлопчыкаў-кадэтаў.

Арыентацыі на выбар ваеннай прафесіі садзейнічае правядзенне штогадовага круглага стала з удзелам кадэтаў і прадстаўнікоў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, ваенных факультэтаў універсітэтаў, раённага ваеннага камісарыята, ветэранаў Узброеных Сіл.

Стварэнню цэласнай сістэмы кадэцкай адукацыі, фарміраванню кадэцкага братэрства спрыяе і ўзаемадзеянне з Беларускім саюзам сувораўцаў і кадэтаў, кадэцкімі вучылішчамі Беларусі, кадэцкімі класамі сярэдняй школы № 7 Навагрудка, сярэдняй школы № 35 Брэста. Кадэты школы — удзельнікі рэспубліканскіх спаборніцтваў па ваенна-прыкладных відах спорту сярод кадэцкіх вучылішчаў. Так, дэлегацыя кадэцкага корпуса школы разам з прадстаўнікамі кадэцкіх вучылішчаў Беларусі прыняла ўдзел у цырымоніі вяртання на беларускую зямлю гістарычнай рэліквіі — сцяга Полацкага кадэцкага корпуса ўзору 1844 года.

Пуцёўка ў жыццё

Кадэцкі корпус школы з’яўляецца сапраўднай кузняй для падрыхтоўкі вучняў да паступлення на ваенныя факультэты ўніверсітэтаў, у Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь, установы адукацыі іншых сілавых структур. За ўсе гады са сцен кадэцкага корпуса выйшлі 423 навучэнцы, 192 з якіх выбралі для сябе прафесію абаронцы Айчыны. Сярод выпускнікоў кадэцкага корпуса — 15 падпалкоўнікаў, 22 маёры, 31 капітан.

Анкетаванне бацькоў і навучэнцаў кадэцкіх класаў сведчыць аб запатрабаванасці кадэцкай адукацыі, якая пацвярджаецца яшчэ і тым, што кожны год у 5 клас прыходзіць ад 12 да 15 вучняў з іншых школ горада.

30 афіцэраў 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, якая дыслакуецца ў Слоніме, — выпускнікі кадэцкага корпуса. Пасаду аднаго з намеснікаў камандзіра гэтага славутага злучэння займае выпускнік першага кадэцкага класа — падпалкоўнік Мікалай Рашчынскі.

Аб эфектыўнасці кадэцкай адукацыі сведчыць і той факт, што неаднаразова кіраўніцтва Ваеннай акадэміі, устаноў адукацыі іншых сілавых структур узнагароджвалі нашу школу граматамі і падзячнымі лістамі за выхаванне кадэтаў.

Анкетаванне бацькоў і навучэнцаў кадэцкіх класаў сведчыць аб запатрабаванасці кадэцкай адукацыі, якая пацвярджаецца яшчэ і тым, што кожны год у 5 клас прыходзіць ад 12 да 15 вучняў з іншых школ горада. Многія бацькі хочуць, каб іх дзеці вучыліся менавіта ў кадэцкім класе. Плюсоў шмат: дзіця атрымлівае ўсебаковую адукацыю і мужчынскае выхаванне, кадэтам прывіваюць высокія патрыятычныя і прафесійныя кампетэнцыі.

Святлана КОВАЛЬ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце  сярэдняй школы № 9 Слоніма.

 

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*