Ва ўстановах прафесійнай адукацыі гарачая пара

Для кожнага абітурыента новы этап жыцця пачынаецца з падачы дакументаў у пэўную навучальную ўстанову. І ліпень для ўчарашніх школьнікаў — гарачая пара: кожны з іх марыць не прагадаць з прафесіяй.

Аркадзь Булыга не выключэнне. Абітурыент абдумваў сваё паступленне тры гады, выбраў Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж кулінарыі (кваліфікацыя “кухар 4 разраду”) і, як яму падаецца, не памыліўся.
— Я прыйшоў сюды, бо ў мяне была неабходнасць знайсці сябе, — падзяліўся ўчарашні школьнік. — А тое, што прапануе каледж, мне падабаецца. Тым больш што выбіраў сам. Дакладна ведаю, што ў будучыні хацеў бы працаваць шэф-кухарам у вялікім рэстаране ці прэстыжным атэлі.

Ягор Мароз таксама выбраў кваліфікацыю “кухар 4 разраду”. Пра такую магчымасць малады чалавек даведаўся ад бацькоў і, прыгледзеўшыся, вырашыў паступаць.

— Я думаў над выбарам прафесіі некалькі апошніх гадоў і зараз дакладна ведаю, што хачу стаць кухарам, — падзяліўся абітурыент. — Па-першае, гэта перспектыўная работа. Па-другое, гэта цікава. Ды і кваліфікацыя мне падыходзіць. Калі ўсё будзе добра, планую стаць шэф-кухарам і, магчыма, адкрыць сваю справу.

Па словах намесніка дырэктара Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа кулінарыі Таццяны Андрэевай, учора раніцай на 300 месцаў было пададзена 177 заяў.

Найбольшую цікавасць у маладых людзей выклікае інтэграваная кваліфікацыя “кандытар 4 разраду, кухар 4 разраду”. На сённяшні дзень сярэдні бал на яе складае 7,6.

Сёлета ў каледжы адкрыта новая інтэграваная кваліфікацыя “кандытар 4 разраду, пекар 4 разраду”, якая, па словах Таццяны Іосіфаўны, з’яўляецца творчай і запатрабаванай на рынку працы, што таксама выклікае цікавасць у абітурыентаў.

Акрамя згаданых кваліфікацый, каледж ажыццяўляе набор на наступныя: “кухар 4 разраду”, “кухар 4 разраду, кухар дзіцячага харчавання 4 разраду” і “афіцыянт 4 разраду, бармен 4 разраду (з веданнем англійскай мовы)”.

Набор ажыццяўляецца толькі на аснове агульнай сярэдняй адукацыі — пасля 11 класаў. Залічэнне праходзіць па сярэднім бале атэстата.

Паколькі паступленне ў каледж ажыццяўляецца пасля 11 класаў, то тут вывучаюцца прафесійныя прадметы, такія як “Таваразнаўства харчовых прадуктаў”, “Абсталяванне аб’ектаў грамадскага харчавання”, “Спецыяльная тэхналогія”, “Тэхналогія кактэйляў і напіткаў”, “Маляванне і лепка”, “Калькуляцыя і ўлік”. Акрамя гэтага, навучэнцы ўдасканальваюць свой прафесійны ўзровень і па такіх вучэбных прадметах, як беларуская мова (прафесійная лексіка), замежная мова ў прафесіі, і інш.

Пасля заканчэння прафесійна-тэхнічнага ўзроўню выпускнікі каледжа могуць працягнуць навучанне на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі як у дзённай, так і ў завочнай форме з прысваеннем кваліфікацыі “кухар 5 разраду”, “тэхнік-тэхнолаг”.

— Нашы выпускнікі займаюць пасады і шэф-кухараў, і загадчыкаў вытворчасці, некаторыя нават становяцца дырэктарамі. Напрыклад, дырэктар універмага “Беларусь” — наш выпускнік, — расказвае Таццяна Іосіфаўна.
Дарэчы, выкладчыкі і навучэнцы ўстановы штогод прымаюць удзел і перамагаюць у розных конкурсах прафесійнага майстэрства як у Беларусі, так і за яе межамі.

— Мы верым, што сённяшняе маладое пакаленне будучых прафесіяналаў увальецца ў наш калектыў і яго прадстаўнікі стануць годнымі і канкурэнтаздольнымі спецыялістамі ў сферы грамадскага харчавання, — выказала спадзяванне Таццяна Андрэева.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*