Вочна-завочны дыялог

Заняткі “Абітурыент хімічнага факультэта” набіраюць усё большую папулярнасць сярод адзінаццацікласнікаў. Апошнім часам іх наведвае каля сотні школьнікаў, дваццаць з якіх абавязкова паступяць на хімічны факультэт. Прыязджаюць і з суседняй Літвы — этнічныя беларусы могуць удзельнічаць у конкурсе на бюджэтную форму навучання. Такой папулярнасцю, упэўнена Жанна Анатольеўна Цабкала, старшы выкладчык кафедры неарганічнай хіміі хімічнага факультэта БДУ, намеснік дэкана па вучэбна-выхаваўчай рабоце гэтага факультэта, якая адказвае за арганізацыю заняткаў і разам з іншымі выкладчыкамі праводзіць іх, курсы абавязаны цікаваму і лагічнаму выкладанню хіміі.

Курсы “Абітурыент хімічнага факультэта” разлічаны на адзінаццацікласнікаў, якія плануюць паступаць на хімічны факультэт. Сустрэчы праходзяць тройчы ў год падчас канікул — восенню, зімой і вясной.
“Са школьнікамі мы вядзём вочна-завочны дыялог. Увосень праходзіць установачная сустрэча, на якой абменьваемся адрасамі электроннай пошты. Так, школьнікам дасылаем задачы, якія будзем рашаць падчас заняткаў, яны дасылаюць нам пытанні”, — гаворыць Жанна Анатольеўна.
На працягу заняткаў выкладчыкі хімічнага факультэта чытаюць лекцыі па найбольш складаных пытаннях школьнага курса хіміі, а таксама праводзяць практычныя заняткі, на якіх рашаюць задачы, разбіраюць тэставыя заданні, часам разглядаюць алімпіядныя задачы.
“Сістэматызаваць веды, устараніць недахопы ў ведах школьнікаў па хіміі мы дапаможам”, — упэўнена старшы выкладчык кафедры неарганічнай хіміі. Цікава, што наведваць заняткі “Абітурыент хімічнага факультэта” выказваюць жаданне і настаўнікі хіміі. Іх, як расказала Жанна Анатольеўна, яна заўсёды скіроўвае на курсы, арганізаваныя АПА і інстытутамі развіцця адукацыі.
Дарэчы, Жанне Анатольеўне часта тэлефануюць настаўнікі, якія рыхтуюць даследчую работу па хіміі, каб абмеркаваць пэўныя нюансы. І яна ніколі не адмовіць у кансультацыі. Пагадзіцца можа і на правядзенне разавых заняткаў для групы школьнікаў, калі папросіць настаўнік.
“Факультэт заўсёды ідзе насустрач школе”, — рэзюмуе Жанна Анатольеўна.
Аднак вернемся да заняткаў “Абітурыент хімічнага факультэта”. “За некалькі гадоў работы ў нас выкрышталізаваліся буйныя блокі, тэмы, па якіх мы абавязкова працуем, — гаворыць Жанна Анатольеўна. — Гэта аналіз акісляльна-аднаўленчых рэакцый, якія ў школьным курсе заўсёды выклікаюць цяжкасці, пытанні кінетыкі і хуткасці хімічных рэакцый”.
Як расказала старшы выкладчык кафедры неарганічнай хіміі, асаблівую цікавасць у моладзі выклікаюць заняткі па экспрэс-метадзе рашэння хімічных задач, пры дапамозе якога рашэнне можна запісаць у выглядзе лагічнай схемы амаль у адзін радок. “Лекцыі падчас курсаў ні ў якім разе не сыходзяць да маналогу. Я стараюся задаваць школьнікам пытанні, адказы на якія патрабуюць не шаблоннага мыслення. Напрыклад, магу спытаць, якое арганічнае рэчыва мае малярную масу 24. Калі яны наўпрост успамінаюць, што вуглярод мае малярную масу 12, а ў арганічнае рэчыва не могуць уваходзіць толькi два вугляроды, губляюцца. Тут варта ўспомніць пра ізатопы, у якіх малярная маса вугляроду не заўсёды 12, а малярная маса вадароду не заўсёды 1”, — гаворыць старшы выкладчык кафедры неарганічнай хіміі.

26 сакавіка ў БДУ пройдзе дзень адкрытых дзвярэй “Фестываль факультэтаў БДУ”, на якім хімічны факультэт абавязкова пакажа эфектную шоу-праграму. Перад гэтым адзінаццацікласнікаў чакае 3 пары заняткаў на курсах “Абітурыент хімічнага факультэта”. З раскладам можна будзе азнаёміцца на сайце хімічнага факультэта.

Заняткі “Абітурыент хімічнага факультэта” праводзяць каля 10 выкладчыкаў факультэта. “Мы зацікаўлены, каб да нас прыйшлі матываваныя і падрыхтаваныя дзеці”, — тлумачыць такі падыход Жанна Анатольеўна.
Расказваючы пра хімічную падрыхтоўку школьнікаў на факультэце, варта згадаць і “Школу юнага хіміка”. Ужо многа гадоў ёй кіруе дацэнт кафедры неарганічнай хіміі хімічнага факультэта Мікалай Мікалаевіч Гарошка.
Наведваць яе могуць як сямікласнікі, якія толькі пачалі вывучаць хімію, так і вучні старшых класаў. Заняткі праходзяць двойчы на тыдзень, многія з іх прысвечаны рабоце ў лабараторыях.
“Школа юнага хіміка” разлічана як на дзетак, якія імкнуцца вывучаць хімію на высокім узроўні, так і на тых, у каго цяжкасці па прадмеце”, — гаворыць Жанна Анатольеўна Цабкала.
“Мікалай Мікалаевіч Гарошка заняткі арганізоўвае так, каб логіка курса вытрымлівалася і для тых, хто прыходзіць толькі адзін раз на тыдзень”, — рэзюмуе Жанна Анатольеўна.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.