У завочнага навучання добрыя перспектывы

Адукацыя і прафесія — даволі важныя рэчы ў жыцці чалавека. І не толькі таму, што яны дазваляюць зарабляць на хлеб, а яшчэ і таму, што, абраўшы аднойчы пэўную спецыяльнасць, ты прысвячаеш ёй доўгія гады жыцця. Зрэшты, нярэдка складваецца інакш: у нейкі момант ты адчуваеш патрэбу развівацца далей і рабіць кар’еру, аднак не хапае ведаў, або наогул прыходзіць жаданне кардынальна змяніць род дзейнасці. Вось тут якраз і з’яўляюцца думкі пра завочную адукацыю. Гэта ўнікальная магчымасць сумяшчаць працу і навучанне, прычым незалежна ад узросту.

Наколькі запатрабавана сёння завочная адукацыя, якія змены адбываюцца ў ёй і якія бачны перспектывы — аб гэтым наша размова з намеснікам дэкана завочнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Р.У.СЕРЫКАВЫМ.

— Рыгор Уладзіміравіч, наконт завочнага навучання існуюць розныя думкі, умоўна іх можна падзяліць на “за” і “супраць”. Маўляў, завочная форма ўступае вочнай па якасці адукацыі. Вы назіраеце за гэтым працэсам знутры, а таму можаце меркаваць аб’ектыўна. Як вы асабіста ставіцеся да завочнага навучання?

— Я лічу, што вышэйшую адукацыю чалавек павінен атрымліваць усё ж такі на дзённай форме, як гэта адбываецца ў медыцынскіх універсітэтах. Безумоўна, там рыхтуюць спецыялістаў, на якіх ляжыць вялікая адказнасць за жыццё людзей і іх здароўе, але роля педагогаў і інжынераў не менш значная і адказная. Да таго ж маладому чалавеку, які жадае набыць вышэйшую адукацыю, надзвычай важна быць у віры студэнцкіх падзей, яму неабходны штодзённыя жывыя кантакты з выкладчыкамі і равеснікамі, да якіх ён прызвычаіўся ў школе. Бесперапыннасць адукацыі цалкам рэалізуецца толькі на дзённай форме навучання. Ды і працэс пазнання — імклівая з’ява, мозг няспынна патрабуе новай актуальнай інфармацыі, аптымальнай загрузкі і канцэнтрацыі ўвагі пераважна на вучобе, а не на той рабоце, якой вымушаны займацца студэнт-завочнік для здабывання хлеба надзённага.

Я працую на завочным факультэце з 2001 года, таму тысячу разоў пераканаўся ў тым, што гавару. Аднак, безумоўна, многім маладым людзям аб’ектыўная рэальнасць дыктуе свае ўмовы. Не кожнаму ў жыцці пашчасціць павучыцца на дзённым аддзяленні ва ўніверсітэце і адчуць рамантыку паўнавартаснага студэнцкага жыцця, пабываць у археалагічных экспедыцыях, у будаўнічых атрадах, турыстычных паходах, паўдзельнічаць у шматлікіх конкурсах, вечарынах, імпрэзах, жывых сустрэчах з пісьменнікамі, паэтамі і вучонымі. Па-рознаму складваецца лёс маладых людзей пасля заканчэння школы, і яны рознымі шляхамі ідуць у будучыню, часам дакладна не ведаючы, якую прафесію абраць і як найлепшым чынам рэалізавацца ў жыцці. Таму і існуе завочная форма навучання, якая прадугледжвае самастойнае авалодванне вучэбнымі прадметамі, высокую матываванасць і адказнасць студэнта.

У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны вось ужо 43 гады плённа функцыянуе завочны факультэт, дзякуючы якому тысячы маладых (і не вельмі) людзей атрымалі вышэйшую адукацыю і дасягнулі значных вынікаў у прафесійнай дзейнасці, занялі высокія пасады ў грамадстве.

— А калі гаварыць пра запатрабаванасць завочнага навучання ў абітурыентаў?

— Яна даволі высокая. Так было раней, працягваецца гэтая тэндэнцыя і цяпер, асабліва гэта адзначаецца сярод выпускнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Як паказалі нашы з імі размовы ў час прафарыентацыйных сустрэч, яны яшчэ задоўга да размеркавання сур’ёзна задумваюцца над далейшым лёсам і разглядаюць магчымасць працягнуць адукацыю па сумежных спецыяльнасцях ва ўніверсітэце на завочнай форме. Варта сказаць, што абітурыентаў, якія паступаюць на завочны факультэт нашага ўніверсітэта на платнай аснове, прываблівае памяркоўная аплата за вучобу. Напрыклад, зараз завочнікам-першакурснікам год навучання абыходзіцца ў 800 рублёў.

— Колькі чалавек вучыцца на вашым факультэце?

— Каля 4 тысяч разам з замежнымі студэнтамі. Сярод іх колькасць выпускнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі складае каля 650 чалавек, або крыху больш за 16%. Мяркую, што ў найбліжэйшай будучыні гэты працэнт будзе павялічвацца.

— Завочны факультэт прапануе таксама атрыманне вышэйшай адукацыі па скарочанай праграме. Рыгор Уладзіміравіч, раскажыце, калі ласка, аб гэтым больш падрабязна.

— На скарочаны тэрмін навучання могуць паступаць выпускнікі каледжаў. Такіх выпускнікоў прымаюць на спецыяльнасці “Беларуская філалогія”, “Руская філалогія”, “Лясная гаспадарка”, “Замежная мова (англійская)”, “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт”, “Фінансы і крэдыт”, “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”, “Камерцыйная дзейнасць”, “Правазнаўства”, “Фізічная культура”, “Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі”, “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”. Важна толькі, каб выпускнік каледжа меў сумежную спецыяльнасць. Адзначу, што на эканамічных спецыяльнасцях па скарочаных вучэбных планах студэнты завочнай формы набываюць вышэйшую адукацыю за 3,5 года.

— Ці ёсць у студэнта-завочніка Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта магчымасць вучыцца на бюджэтнай аснове?

— Такая магчымасць ёсць пакуль на ўсіх спецыяльнасцях, але колькасць бюджэтных месцаў на іх неаднолькавая. Чым больш запатрабаваная спецыяльнасць (не сакрэт, што на гэта ўплываюць устойлівыя грамадскія стэрэатыпы), тым менш бюджэтных месцаў, і наадварот.

На бюджэтныя месцы залічваюцца абітурыенты, якія вытрымалі ўступныя выпрабаванні з найбольш высокімі баламі. Увогуле, я думаю, што адукацыйныя паслугі, як і любыя іншыя, у будучыні павінны быць платнымі для ўсіх. Чаму? Таму што пры ўмове абавязковай поўнай аплаты за навучанне чалавек будзе паступаць выключна на тую спецыяльнасць, да якой у яго сапраўды ляжыць душа, і не прыйдзе выседжваць на бюджэтным месцы дыплом там, дзе проста выпадкова пройдзе па конкурсе. А паколькі за вучобу будуць плаціць абсалютна ўсе, то і кошт можна будзе ўстанавіць адносна невысокі.

— А ці магчыма перавесціся на дзённае навучанне? Калі так, то пры якіх умовах?

— Такое здараецца штогод. Студэнт, які хоча атрымаць больш трывалыя веды, у якога з’яўляецца магчымасць вучыцца, што называецца, з адрывам ад вытворчасці, падае заяву на імя рэктара з просьбай аб пераводзе яго на дзённую форму. Такія просьбы задавальняюцца, але студэнт вучыцца ў гэтым выпадку толькі на платнай аснове.

— Не сакрэт, што зараз многія работадаўцы аддаюць перавагу спецыялістам, якія маюць пэўны вопыт і хаця б невялічкі стаж працы. У гэтым выпадку завочнікі ў больш выйгрышным становішчы?

— Гэта, безумоўна, так. Усім наймальнікам хочацца, каб спецыяліст адразу ўвайшоў у курс справы і прафесійна выконваў свае абавязкі. З другога боку, тыя студэнты-завочнікі, якія ўжо працуюць па абранай спецыяльнасці і вельмі шчыльна звязаны з практыкай, паказваюць добрыя вынікі ў вучобе: яны ўцягнуты ў вытворчы працэс. Адзінае, чаго ім бракуе, — гэта тэарэтычных ведаў. Менавіта яны найбольш паспяхова засвойваюць гэтыя веды ва ўніверсітэце, у іх ёсць сапраўдная матывацыя набываць іх. Нашы выкладчыкі спецыяльнасцей “Лясная гаспадарка”, “Бухгалтарскі ўлік”, “Правазнаўства” адзначаюць моцную зацікаўленасць студэнтаў-завочнікаў у якасці ведаў, бо яны ўжо працуюць — у лясгасах, банках і праваахоўных органах.

— Мне здаецца, вучоба на завочным факультэце фарміруе ў студэнта такія якасці характару, як самаарганізаванасць, адказнасць, дысцыплінаванасць, бо ў асноўным яму прыходзіцца самастойна збіраць і засвойваць неабходны вучэбны матэрыял, шукаць адказы на пытанні…

— Сапраўды так, але пры ўмове, калі студэнт ставіцца да вучобы як да магчымасці няспынна павышаць свой агульнаадукацыйны і прафесійны ўзровень, а не проста здае сесіі, ды яшчэ і з запазычанасцямі. Самаадданасць у вучобе сярод студэнтаў-завочнікаў — з’ява рэдкая, але таму і каштоўная. Былыя гады (2002—2007) адзначаліся наяўнасцю значнай колькасці выпускнікоў-выдатнікаў. Сярод завочнікаў гэтая лічба даходзіла тады да 10 чалавек у год. У апошнія гады гэта ўсяго па 2—3 чалавекі з агульнай колькасці студэнтаў.

— Сучасныя тэхналогіі, якія зараз укараняюцца ў лепшых універсітэтах свету, даю ць магчымасць максімальна нівеліраваць розніцу паміж дзённай і завочнай формамі навучання. Што ў гэтым сэнсе прапануе ваш факультэт?

— У пэўнай ступені для выкладчыка няма розніцы, хто перад ім сядзіць — студэнт стацыянара ці завочнік, бо ўсім па магчымасці трэба даць максімальна сучасныя і надзейныя веды па сваім прадмеце. І тут нас выручаюць тэхнічныя сродкі навучання, якія ў дастатковай колькасці мае ў сваім распараджэнні наш універсітэт: гэта і мультымедыйныя ўстаноўкі, якімі абсталяваны многія аўдыторыі, і інтэрактыўныя дошкі, і лінгафонныя кабінеты, і самае сучаснае каштоўнае лабараторнае і інжынернае абсталяванне. Дзякуючы гэтаму ў поўнай меры рэалізуецца прынцып нагляднасці навучання, бо кожны ведае, што лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Выкарыстоўваючы ў вучэбным працэсе сучасныя сродкі сувязі — скайп і інтэрнэт, студэнты маюць магчымасць эканоміць і час, і грошы на паездках ва ўніверсітэт і часта атрымліваюць кансультацыі ад выкладчыкаў дыстанцыйна. Такім жа чынам высылаюць свае курсавыя, дыпломныя работы і іншую дакументацыю на праверку навуковым кіраўнікам. Больш за тое, працягласць вучэбных і вытворчых практык сёння на дзённым і завочным аддзяленнях аднолькавая.

— Рыгор Уладзіміравіч, якія перспектывы завочнага навучання вы бачыце?

— Думаецца, што жаданне працягваць навучанне на завочным факультэце будзе ўзрастаць у выпускнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Як паказалі вынікі выязных сустрэч выкладчыкаў нашага ўніверсітэта з навучэнцамі каледжаў старшых курсаў (у рамках прафарыентацыйнай работы намі была ахоплена значная колькасць ССНУ вобласці), у моладзі ёсць здаровыя амбіцыі, каб, нягледзячы ні на што, набыць вышэйшую адукацыю. Паляпшэнню вучэбнага працэсу будзе спрыяць пашырэнне дыстанцыйнага навучання, а таксама міжнароднае супрацоўніцтва, перспектывы развіцця якога ўжо сёння разглядаюцца на завочным факультэце.

ЦТ-2017

Абітурыенты пачалі прыбываць у пункт тэсціравання з самай раніцы. І калі ў папярэднія гады многіх суправаджалі бацькі, то цяпер гэта здараецца даволі рэдка. На ўваходзе ў будынак яны паказваюць дзяжурным дакументы. Унутры здаюць у гардэроб асабістыя рэчы, знаходзяць патрэбныя аўдыторыі, выцягваюць нумаркі з месцамі і мірна чакаюць экзамену. Атмасфера настолькі спакойная, што, здаецца, не толькі арганізатары, але і абітурыенты маюць вялікі вопыт праходжання ЦТ.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*