За моўнай кампетэнтнасцю і жыццёвай самастойнасцю

Маё знаёмства з лінгвагуманітарным каледжам пачалося з кароткай тэлефоннай гаворкі з дырэктарам навучальнай установы Надзеяй Меньшчыкавай, якая адразу паставіла перад фактам: “На сёння наш каледж — шматструктурная, мабільная, сучасная ўстанова адукацыі, якая дае добры старт для далейшага прафесійнага росту кожнаму навучэнцу”. А затым працягнула: “Не верыце? Прыязджайце — і вы пераканаецеся ў гэтым на ўласныя вочы!” Паехала і пераканалася.


З 2004 года лінгвагуманітарны каледж з’яўляецца структурным падраздзяленнем Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Гэта адна з самых запатрабаваных у горадзе і рэспубліцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Каледж забяспечвае моўную адукацыю выпускнікам базавай школы на аснове спалучэння тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі. А будучы філіялам МДЛУ, навучальная ўстанова знаходзіцца ў трэндзе сучасных падыходаў і методык, што прымяняюцца пры вывучэнні замежнай мовы.

Як паведаміла намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Ірына Есьман (на фота), лінгвагуманітарны каледж ажыццяўляе падрыхтоўку на аснове агульнай базавай адукацыі па трох спецыяльнасцях: “Замежная мова (англійская/нямецкая)”, “Дакументазнаўства і дакументацыйнае забеспячэнне кіравання” і “Лінгвістычнае забеспячэнне сацыякультурнай дзейнасці”.

“Першая спецыяльнасць дае кваліфікацыю “настаўнік”. Чалавекам, як вядома, быць нялёгка, але для лінгвіста гэта не праблема. Яшчэ нямецкі паэт Гётэ казаў пра тое, што ад таго, колькі моў чалавек ведае, залежыць тое, колькі разоў ён можа назваць сябе чалавекам. Жарты жартамі, але класік сапраўды меў рацыю: лінгвісты, якія займаюцца вывучэннем моў, даследаваннем іх гісторыі, структуры і характэрных асаблівасцей, у нейкай меры пражываюць адразу некалькі паўнавартасных жыццяў.

Вопытныя лінгвісты не толькі ў дасканаласці валодаюць мовамі, але і разбіраюцца ў тонкасцях міжасобаснай і масавай камунікацыі. Настаўнікі, якіх выпускае наш каледж, кампетэнтныя ў такіх відах дзейнасці, як арганізацыйна-кіраўніцкая, вучэбная, развіццёвая, выхаваўчая, метадычная, дыягностыка-карэкцыйная, здароўезберагальная, камунікатыўная, сацыяльна-асветніцкая.

Спецыяльнасць “Дакументазнаўства і дакументацыйнае забеспячэнне кіравання” дае магчымасць атрымаць кваліфікацыю “сакратар-рэферэнт”. Будучыя спецыялісты становяцца кампетэнтнымі ў справаводстве, архівазнаўчай, выканаўчай, інфармацыйна-аналітычнай, арганізацыйнай, сэрвісна-кансультацыйнай, кантралюючай, камунікатыўнай дзейнасці. Нашы выпускнікі ведаюць, што людзі-сакратары каштоўныя і важныя, без гэтых супрацоўнікаў не можа абысціся ні адна кампанія або ўстанова. Адукацыя па гэтай спецыяльнасці дае ім магчымасць працаваць у міністэрствах і ведамствах, буйных і сярэдніх кампаніях, архівах.

Кваліфікацыяй спецыяльнасці “Лінгвістычнае забеспячэнне сацыякультурнай дзейнасці” з’яўляецца “арганізатар сацыякультурнай дзейнасці (з веданнем замежнай мовы)”. Сфера прафесійнай дзейнасці гэтых спецыялістаў — арганізацыі, якія ажыццяўляюць турыстычную і экскурсійную дзейнасць (гэта могуць быць фірмы, агенцтвы, музеі, бюро), санітарна-аздараўленчыя, гасцінічныя комплексы розных арганізацыйна-прававых форм, установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Нашы выпускнікі працуюць на пасадах экскурсавода, адміністратара, кіраўніка гуртка”, — расказала Ірына Святаславаўна Есьман.

Каб стаць педагогам або экскурсаводам ці адміністратарам, давядзецца вучыцца 3 гады і 10 месяцаў. Кваліфікацыя сакратара-рэферэнта патрабуе навучання тэрмінам 2 гады і 10 месяцаў. Залічэнне ў каледж адбываецца на аснове сярэдняга бала дакумента аб заканчэнні базавай адукацыі. І, як заўважыла Ірына Святаславаўна, іншым разам прыёмнай камісіі даводзіцца лічыць не тое, што сотыя, нават тысячныя бала.

У мінулым годзе, каб стаць навучэнцам каледжа, трэба было мець даволі высокі сярэдні бал. На бюджэце ён пачынаўся ад 8,7 і заканчваўся 9,4 бала. Каб вучыцца на платнай аснове, неабходна было набраць мінімум 7,9 бала. Самая запатрабаваная апошнія некалькі гадоў спецыяльнасць “Лінгвістычнае забеспячэнне сацыякультурнай дзейнасці”. У мінулую прыёмную кампанію на бюджэт конкурс на яе складаў 2,4 чалавека на месца. Два чалавекі на бюджэтнае месца прэтэндавалі і на спецыяльнасць “Замежная мова (англійская)”.

Папулярнасць каледжа тлумачыцца і тым, што тут цікава вучыцца, а пасля паспяховага заканчэння ёсць магчымасць паступіць па профілі спецыяльнасці ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт на скарочаны тэрмін навучання (як на дзённую, так і завочную форму). На сёння ў каледжы працуюць 86 выкладчыкаў, якія валодаюць сучаснымі методыкамі і тэхналогіямі навучання. А за партамі сядзяць 1238 дзяўчат і 89 хлопцаў.

“Зразумела, што ў нашай установе адукацыі пераважае навучанне замежнай мове. А навучэнцы па спецыяльнасці “Лінгвістычнае забеспячэнне сацыякультурнай дзейнасці” з трэцяга курса могуць вывучаць другую замежную мову. Гэта можа быць нямецкая мова, іспанская, французская або кітайская.

Разам з тым усе нашы навучэнцы абавязкова засвойваюць праграму агульнай сярэдняй адукацыі. Сістэма навучання — класна-ўрочная, урокі — па 45 хвілін, у нас шасцідзёнка. Заняткі пачынаюцца ў 8.45. Адзінае, школьная праграма ў нас вывучаецца ў больш сціслыя тэрміны, чым у школах ці гімназіях, за год-паўтара.

Затым пачынаецца вывучэнне профільных дысцыплін. У каледжы шырокая факультатыўная і гуртковая сетка. У прыватнасці, ёсць інтэграваныя факультатывы для тых, хто збіраецца паступаць ва ўніверсітэт. Вучацца ў нас паўгоддзямі, атрымліваюць адзнакі за семестр, якія з’яўляюцца допускам да здачы сесіі. Колькасць дысцыплін, вынесеная для здачы падчас сесіі, залежыць ад вучэбнага плана, спецыяльнасці.

Дзеці у каледж прыходзяць з рознай моўнай падрыхтоўкай. Выкладчыкам прыходзіцца шмат працаваць, прымяняючы сучасныя методыкі выкладання замежных моў, каб выйсці на адпаведны ўзровень валодання мовай і вывучэння яе на профільным узроўні.

Вучыцца ў нас нялёгка, але мы імкнёмся, каб навучэнцы не гублялі цікавасці. Вучэбная нагрузка спланавана так, каб не перагружаць навучэнцаў”, — працягвала Ірына Святаславаўна Есьман.

Разам з тым бацькі павінны разумець, ці гатова іх дзіця (як фізічна, так і псіхалагічна) вучыцца ў такім рытме і засвойваць вучэбны матэрыял у поўным аб’ёме. А калі будучы навучэнец іншагародні, то трэба ўлічваць яго здольнасці да самастойнага пражывання і наладжвання свайго быту. На жаль, у каледжы няма інтэрната, таму ўсе іншагароднія павінны самі паклапаціцца пра жыллё. Як правіла, асноўная частка жыве ў родзічаў. Тым не менш гэта не знімае з іх адказнасці за наладжванне свайго самастойнага жыцця. У навучальнай установе цесна працуюць з бацькамі з дня адкрытых дзвярэй.

Першыя паўгода ідзе працэс адаптацыі, таму з навучэнцамі і бацькамі ўзаемадзейнічаюць педагог сацыяльны, педагог-псіхолаг і куратары. Праблемы ўзнікаюць у асноўным эмацыянальнага характару: няпроста адаптавацца да новых умоў навучання і пражывання, да новых педагогаў, аднагрупнікаў. З усімі трэба пазнаёміцца, наладзіць кантакт, а пабудова міжасобасных адносін для падлеткаў іншым разам куды важней, чым вучэбная паспяховасць. У навучальнай установе імкнуцца, каб іх зносіны з аднагодкамі і выкладчыкамі былі гарманічнымі.

Немалаважнае значэнне мае практыка навучэнцаў каледжа. Сацыяльнымі партнёрамі ў гэтым плане з’яўляюцца розныя ўстановы сталіцы і не толькі. З задавальненнем навучэнцаў бяруць у школы, дзіцячыя садкі, цэнтры дадатковай адукацыі, летнікі, гасцініцы, турыстычныя фірмы, архівы. Практыка пачынаецца з другога курса і дазваляе на аснове тэарэтычных ведаў сфарміраваць прафесійныя кампетэнцыі, якія дазваляюць выпускнікам быць канкурэнтназдольнымі на рынку працы.

Калі гаварыць пра паступленне ў МДЛУ, то штогод у красавіку ў каледж прыязджаюць рэктар універсітэта Наталля Пятроўна Баранава і адказны сакратар прыёмнай камісіі, якія расказваюць пра магчымасці навучэнцаў стаць студэнтамі. Гаворка ідзе пра факультэты, на якія можна паступаць пасля заканчэння каледжа і нюансы завочнай і вочнай формы навучання.

“Каб паступіць на скарочаны тэрмін навучання ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, з мінулага года навучэнцы здаюць толькі ўнутраныя экзамены. Яны выконваюць лексіка-граматычны тэст па замежнай мове і дэманструюць практыку ўжывання вуснага і пісьмовага маўлення. Пад увагу бяруцца адзнакі, якія навучэнцы атрымалі па іншых дысцыплінах. Распрацоўваюць і правяраюць экзаменацыйныя заданні выкладчыкі ўніверсітэта.

Трэба адзначыць, што практычна ўсе нашы выпускнікі становяцца студэнтамі лінгвістычнага ўніверсітэта. Яны вучацца вочна і завочна, на бюджэтнай аснове ці платна. Дарэчы, хто ў каледжы вучыўся платна, але скончыў яго паспяхова і добра здаў унутраныя экзамены ва ўніверсітэт, можа паступіць на бясплатнае ўніверсітэцкае навучанне. Тыя, хто не праходзяць па конкурсе, паспяхова яго вытрымліваюць на наступны год”, — дадала намеснік дырэктара лінгвагуманітарнага каледжа.

Сваімі планамі на жыццё і ўражаннямі ад навучання ў каледжы падзяліліся некаторыя навучэнцы. Пётр Сярдзенка вучыцца на 3 курсе (апошнім) па спецыяльнасці “Дакументазнаўства і дакументацыйнае забеспячэнне кіравання”. “Пра каледж даведаўся ў 8 класе. Пра яго расказала мая любімая настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 11 Мінска. Паколькі англійская мова — мой любімы прадмет, то прыйшоў у каледж не раздумваючы. Вучыцца вельмі падабаецца. У планах — паспрабаваць стаць студэнтам МДЛУ, а калі не атрымаецца, то пайду працаваць”, — адзначыў Пётр.

Навучэнец 3 курса Аляксей Копаць будзе арганізатарам сацыякультурнай дзейнасці. “Я вучуся на той спецыяльнасці, якая дапаможа мне праявіць сябе. Я магу працаваць адміністратарам у гасцініцы, рэстаране, экскурсаводам або весці гурток замежнай мовы. Мы практыкаваліся ў розных атэлях Мінска (“Мінск”, “Беларусь”, “Вікторыя”, “Арбіта”, “Юбілейная”), праводзілі экскурсіі ў музеях (на англійскай і рускай мовах), практыкаваліся ў турыстычных агенцтвах, выкладалі англійскую мову дзецям у гуртках. Мне больш за ўсё спадабалася быць адміністратарам у -атэлі. Я хацеў бы там працаваць і далей. Работа цікавая і нясумная.

Вучыцца ў каледжы мне вельмі падабаецца. Тут мы ўдзельнічаем у самых розных конкурсах. Асабліва запомніўся ўдзел у конкурсе практычна-даследчых работ “Мая малая радзіма”. Мая даследчая работа была прысвечана Першамайскаму раёну Мінска і ўключала экскурсійныя маршруты, аўтарскія фотаздымкі, відэазамалёўкі. Было вельмі цікава”, — падзяліўся Аляксей.

Кацярына Бахнова вучыцца на спецыяльнасці “Замежная мова” (англійская), пасля заканчэння яна бачыць сябе найперш настаўніцай англійскай мовы, хаця можа быць і перакладчыцай. “Я гуманітарый і вельмі люблю англійскую мову. Заўсёды хацела вучыцца ў лінгвістычным універсітэце, таму вырашыла, што добрым памочнікам на шляху да мары можа стаць лінгвагуманітарны каледж, падрыхтоўка ў якім непараўнальная са школай ці гімназіяй, хоць я і вучылася ў 22-й сталічнай гімназіі, дзе, як вядома, вучаць вельмі добра. Але я паступіла ў каледж і ні разу не пашкадавала. Тут выдатныя выкладчыкі і вучэбная база. Ёсць магчымасць развівацца ў навукова-даследчым плане, што мне цікава. Мы актыўна ўдзельнічаем у навукова-практычных канферэнцыях, цесна супрацоўнічаем з МДЛУ. Была на практыцы ў школе і летніку. Выкладаць англійскую мову больш за ўсё спадабалася ў малодшых класах”, — расказала Кацярына.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

 

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*