Запатрабаванасць — у прагрэсіўнай тэхнічнай думцы

Гісторыя Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога пачыналася напрыканцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя, калі ў Гомелі на плошчах вытворчага аб’яднання “Гомсельмаш” адкрыўся агульнатэхнічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута. Першы набор налічваў больш за 220 студэнтаў вячэрняй формы навучання. Праз 13 гадоў, 1 студзеня 1981 года, ужо быў створаны Гомельскі політэхнічны інстытут, які пазней атрымаў імя знакамітага авіяканструктара Паўла Восіпавіча Сухога, а ў 1998 годзе набыў статус універсітэта.
За час існавання гэтай установай падрыхтавана больш за 30 тысяч спецыялістаў, каля 100 кандыдатаў і дактароў навук. Сёлета вышэйшую адукацыю ў ГДТУ імя П.В.Сухога атрымалі амаль паўтары тысячы чалавек. Упершыню ўніверсітэт выпусціў магістраў тэхнічных навук для Беларускага металургічнага завода і дасягнуў максімальнай за сваю гісторыю колькасці замежных выпускнікоў.

Усё для развіцця здольнасцей студэнтаў

Сёння ГДТУ імя П.В.Сухога — адзін з вядучых тэхнічных універсітэтаў нашай краіны, дзе рыхтуюць інжынерныя і навуковыя кадры вышэйшай кваліфікацыі ў галіне энергетыкі, радыёэлектронікі і інфармацыйных тэхналогій, машынабудавання, металургіі, эканомікі і арганізацыі вытворчасці. А ў Гомельскім рэгіёне ГДТУ імя П.В.Сухога з’яўляецца найбуйнейшым цэнтрам тэхнічнай думкі і перадавых тэхналагічных рашэнняў, якія забяспечваюць паступальнае навукова-тэхнічнае і інжынернае развіццё прамысловасці. Універсітэт мае манаполію на падрыхтоўку кадраў па многіх спецыяльнасцях, таму нядзіўна, што яго прэстыж пастаянна расце.
Ва ўніверсітэце дзейнічае сем факультэтаў: энергетычны, машынабудаўнічы, механіка-тэхналагічны, факультэт аўтаматызаваных і інфармацыйных сістэм, гуманітарна-эканамічны і завочны факультэты, а таксама факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі. На першай ступені вышэйшай адукацыі вядзецца падрыхтоўка па 23 спецыяльнасцях, а на другой, у магістратуры, — па 7 спецыяльнасцях. Для тых, хто клапоціцца аб павышэнні свайго прафесійнага ўзроўню і хоча быць канкурэнтаздольным на рынку працы, дзейнічае Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, дзе можна атрымаць дадатковую адукацыю па 17 спецыяльнасцях.
Зараз ва ўніверсітэце вучыцца больш як 8 тысяч студэнтаў. І перад кожным з іх адкрыты шырокія перспектывы, галоўнае — прыкласці асабістыя намаганні і развіць уласныя здольнасці. Для гэтага ва ўніверсітэце створаны ўсе ўмовы: прасторныя аўдыторыі ў трох вучэбна-лабараторных карпусах, бібліятэка, тры добраўпарадкаваныя студэнцкія інтэрнаты, гульнявыя і трэнажорная залы, адкрытыя спартыўныя пляцоўкі з гімнастычным гарадком, а таксама ўніверсітэцкі санаторый-прафілакторый, дзе студэнты могуць адпачыць і ўмацаваць сваё здароўе.
Сучасныя тэхналогіі дазваляюць істотна пашырыць доступ да навуковай літаратуры, і гэтым, вядома ж, скарысталіся ў тэхнічным універсітэце. Так, на спецыялізаваным вучэбным партале ўніверсітэта размешчаны і падтрымліваюцца 800 вучэбных курсаў з аўтарызаваным доступам студэнтаў і супрацоўнікаў. Акрамя таго, на спецыялізаваным сайце апублікавана каля 300 электронных вучэбна-метадычных комплексаў для студэнтаў, што цалкам забяспечвае іх матэрыялам для вывучэння дысцыплін.

Не кожны стане навукоўцам, але ўсе будуць мець даследчую практыку

У наш час універсітэт нельга разглядаць як проста ўстанову, што дае вышэйшую адукацыю. Сёння гэта навукова-адукацыйны комплекс, і навукова-даследчая дзейнасць, у якую ўсё больш уцягваюцца студэнты, з’яўляецца неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу. Гэта не значыць, што кожны павінен стаць навукоўцам, але ж веды, падмацаваныя даследчай практыкай, даюць эканоміцы зусім іншага, больш падрыхтаванага спецыяліста.
У ГДТУ імя П.В.Сухога навуковая дзейнасць вядзецца па розных напрамках, сярод якіх фізіка макра- і мікраскапічных з’яў, аптымізацыя энерга- і цеплазабеспячэння прамысловых прадпрыемстваў, экалогія атмасфернага басейна, скарачэнне тэхналагічных выкідаў у атмасферу, распрацоўка і эксплуатацыя нафтавых і газавых радовішчаў і многія іншыя. Ва ўніверсітэце дзейнічае дзевяць навукова-даследчых лабараторый, міжкафедральны цэнтр калектыўнага карыстання ўнікальным абсталяваннем “Спектральна-хімічны і структурны аналіз”, ёсць доследна-эксперыментальная база для вытворчасці ўласных распрацовак.
Універсітэт прымае ўдзел у выкананні дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм, дзяржаўных і міжуніверсітэцкіх праграм у галіне фундаментальных даследаванняў. Так, зараз выконваецца 35 заданняў у рамках дзевяці дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, а таксама 9 работ па фундаментальных даследаваннях, 8 асобных праектаў па конкурсе Міністэрства адукацыі і 130 гаспадарчых дагавораў з прадпрыемствамі і арганізацыямі Беларусі, Расіі і Германіі.
Кіраўніцтва ўніверсітэта па праву ганарыцца развіццём універсітэцкіх навукова-педагагічных школ. Дарэчы, такія з іх, як школа па нанаматэрыялах і нанатэхналогіях, па фізіцы часціц і высокіх энергій, атрымалі міжнароднае прызнанне. Акрамя таго, Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт з’яўляецца адным з арганізатараў міжнародных школ па фізіцы высокіх энергій, якія таксама атрымалі прапіску ў Гомелі.

На міжнароднай арэне

Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт даўно заявіў аб сабе на міжнароднай арэне. Удзел у міжнародных праектах і партнёрскія зносіны дазваляюць пастаянна пашыраць межы супрацоўніцтва з іншымі краінамі і навукова-адукацыйнымі ўстановамі.
Зараз ГДТУ імя П.В.Сухога мае больш за 50 дагавораў аб супрацоўніцтве з універсітэтамі і навукова-даследчымі ўстановамі Італіі, Украіны, Літвы і Расіі. Дзякуючы гэтаму рэалізуюцца многія сумесныя праекты, што дазваляе абменьвацца дэлегацыямі студэнтаў і выкладчыкаў, праводзіць сумесныя навуковыя даследаванні.
Даўнюю гісторыю мае супрацоўніцтва ўніверсітэта з расійскім доследна-канструктарскім бюро (ДКБ) “Сухой”. З мэтай падтрымкі навуковых даследаванняў ДКБ выдзяляе імянныя прэміі і стыпендыі лепшым навукоўцам і студэнтам універсітэта. Акрамя таго, у рамках міжнароднага супрацоўніцтва ва ўніверсітэт прыязджаюць чытаць лекцыі вядучыя замежныя спецыялісты і вучоныя.
У апошнія гады актыўна развіваецца супрацоўніцтва з еўрапейскімі ўніверсітэтамі і навукова-даследчымі арганізацыямі па праграме Еўракамісіі “ТЭМПУС”. Напрыклад, у рамках праекта Leading and Managing Change in Higher Education (“Кіраўніцтва і кіраванне зменамі ў сферы вышэйшай адукацыі”) ГДТУ імя П.В.Сухога цесна супрацоўнічае з універсітэтамі Балгарыі, Францыі, Вялікабрытаніі, Партугаліі, Грэцыі, Украіны, Малдовы, Арменіі і Грузіі. А нядаўна пачаты новы праект па гэтай жа праграме — Fosteringthe Knowledge Triangle in Belarus, Ukraine and Moldova (“Падтрымка трохвугольніка ведаў у Беларусі, Украіне і Малдове”), да якога далучыліся яшчэ тры краіны: Германія, Латвія і Славакія.

Час на адпачынак

Зрэшты, вучоба ў Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя П.В.Сухога — гэта не толькі вывучэнне пэўнай спецыяльнасці і навукова-даследчая дзейнасць. Як правіла, гэта яшчэ і цікавае, вясёлае студэнцкае жыццё.
Няма сумненняў, што тут кожны знойдзе сабе справу па душы. Студэнты з задавальненнем наведваюць студыю эстраднай песні “Стыль” і студыю тэатра і танца “Лівень”. Гонарам універсітэта з’яўляюцца народны ансамбль песні “Славяне” і ансамбль сучаснага танца CHILL. А самыя вясёлыя студэнты гуляюць у камандзе КВЗ. Без гэтых таленавітых юнакоў і дзяўчат, без іх танцаў, спеваў і гумару не магло б адбыцца ніводнае ўніверсітэцкае свята.
Інтэлектуалам таксама ёсць што прапанаваць. Створаны ва ўніверсітэце клуб інтэлектуальных гульняў збірае на сваіх турнірах і адкрытых чэмпіянатах каманды многіх універсітэтаў — і гэта ўжо не проста спаборніцтва, а новыя знаёмствы, новыя сябры і новыя ўражанні. А для творчых інтэлектуалаў ёсць месца ў клубе маладых журналістаў і ў рэдакцыі студэнцкай газеты “Сушка”. Менавіта студэнты з’яўляюцца карэспандэнтамі газеты, і трэба сказаць, што спраўляюцца яны са сваёй задачай даволі паспяхова. А інакш як растлумачыць тое, што газета неаднаразова займала першае месца ў Рэспубліканскім конкурсе сродкаў масавай інфармацыі ў намінацыі “Лепшая газета ВНУ”?
Чым кіруецца сёння моладзь пры выбары будучай прафесіі? Запатрабаванасцю на рынку працы, перспектывамі развіцця і канкурэнтаздольнасцю. А калі так, то выбар тэхнічных спецыяльнасцей вельмі правільны. Попыт на інжынерныя кадры пастаянна павялічваецца, ды і зацікаўленасць рэгіянальных улад даволі вялікая: на кіруючыя пасады таксама патрэбны таленавітыя маладыя “тэхнары”, іх свежыя і прагрэсіўныя ідэі.

Наталля ЛУТЧАНКА.