Залічэнне абітурыентаў будзе ажыццяўляцца на тых жа ўмовах

З развіццём новых высокатэхналагічных вытворчасцей, павелічэннем аб’ёму работ у многіх галінах нашай эканомікі патрэбнасць у кадрах з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй істотна ўзрастае. Пашыраецца пералік спецыяльнасцей, звязаных з патрэбамі рынку працы, набывае новыя рысы змест навучання, расце яго практыкаарыентаванасць. Гэтыя фактары могуць паўплываць і на прафесійнае вызначэнне сённяшніх выпускнікоў школ. Да прыёму ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі яшчэ застаецца пэўны час, і нашай моладзі яго можна выкарыстаць для больш дакладнага выбару. Дапаможа ў гэтым Т.А.КАРАТКЕВІЧ, кансультант упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі галіновага міністэрства, якая расказвае аб ходзе сёлетняй прыёмнай кампаніі ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

— Таццяна Аляксандраўна, перш-наперш нашых чытачоў цікавіць, ці ёсць асаблівасці сёлетняй прыёмнай кампаніі ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі?

— Адразу хачу сказаць, што асаблівасцей няма, прыём абітурыентаў, якія выбралі сістэму сярэдняй спецыяльнай адукацыі, сёлета будзе  ажыццяўляцца на тых жа ўмовах, што і ў мінулым годзе. Гэта значыць, у адпаведнасці з Правіламі прыёму асоб для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі, зацверджанымі Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 лютага 2006 года № 80 (у рэдакцыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 студзеня 2017 года № 4).

У прыёмнай кампаніі гэтага года задзейнічаны 110 каледжаў, у тым ліку 9 прыватнай формы ўласнасці, а таксама 83 установы адукацыі, які рэалізоўваюць  адукацыйныя праграмы і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

— Па якіх спецыяльнасцях будзе ажыццяўляцца прыём? Ці будуць новыя?

— Прыём у гэтым годзе будзе ажыццяўляцца па 156 спецыяльнасцях. Упершыню адбудзецца набор па новай спецыяльнасці ўзроўню сярэдняй спецыяльнай адукацыі “Лінгвістычнае забеспячэнне сурдакамунікацыі” ў філіяле Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта “Лінгвагуманітарны каледж”.

Акрамя таго, у шэрагу навучальных устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі адкрыта падрыхтоўка па спецыяльнасцях, па якіх істотна павысіўся попыт з боку заказчыкаў кадраў і якія ў асноўным закранаюць інфармацыйныя тэхналогіі. Сярод іх — “Праграмуемыя мабільныя сістэмы”, “Тэсціраванне праграмнага забеспячэння”, “Сеткі тэлекамунікацый”, “Электроніка механічных транспартных сродкаў”, “Тэхнічнае абслугоўванне тэхналагічнага абсталявання і сродкаў робататэхнікі ў аўтаматызаванай вытворчасці (па напрамках)”, “Тэхнічная эксплуатацыя абсталявання”, “Хімічная тэхналогія перапрацоўкі драўніны”, “Тэхналогія машынабудавання (па напрамках)” і інш.

— Які сёлета план прыёму? Ці павялічаны ён у параўнанні з мінулым годам?

— План прыёму гэтага года складае 40,4 тысячы чалавек. З іх 25,4 тысячы месцаў адведзена для навучання за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту. У параўнанні з 2018 годам прыём павялічаны на спецыяльнасці профіляў адукацыі “Ахова здароўя” і “Тэхніка і тэхналогіі”.

— Ці застаюцца нязменнымі формы атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі?

— Як і раней, сярэднюю спецыяльную адукацыю можна атрымаць у вочнай (дзённай) форме на аснове агульнай базавай адукацыі, агульнай сярэдняй адукацыі або прафесійна-тэхнічнай адукацыі з агульнай сярэдняй адукацыяй. Атрымаць адукацыю ў вочнай (вячэрняй) або завочнай форме можна на аснове агульнай сярэдняй адукацыі або прафесiйна-тэхнічнай адукацыі з агульнай сярэдняй адукацыяй.

Абітурыенты, якія паступаюць ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыi на аснове агульнай базавай адукацыі, на ўсе спецыяльнасці, акрамя тых, па якіх неабходна здаваць уступныя іспыты (творчыя спецыяльнасці, спецыяльнасці спорту), павінны прайсці конкурс сярэдняга бала пасведчання аб агульнай базавай адукацыі.

Абітурыенты, якія паступаюць на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, здаю ць два абавязковыя ўступныя іспыты па вучэбных прадметах у форме цэнтралізаванага тэсціравання. Пры паступленнi на творчыя спецыяльнасці і спецыяльнасці спорту абітурыенты здаюць уступныя іспыты па мове (беларускай ці рускай) у форме ЦТ і ўступныя іспыты па спецыяльнасці. У тым выпадку, калі ў папярэдні год конкурс на адно месца складаў 1,5 чалавека і менш, залічэнне праводзіцца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі (без прад’яўлення сертыфікатаў ЦТ), а на творчыя спецыяльнасці і спецыяльнасці спорту — па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі і выніку ўступнага іспыту па спецыяльнасці.

Абітурыенты, якія паступаюць для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі на аснове прафесійна-тэхнічнай адукацыі з агульнай сярэдняй адукацыяй у скарочаны тэрмін, здаюць толькі ўступны іспыт па спецыяльнасці. У выпадку, калі ў папярэдні год конкурс на адно месца складаў 1,5 чалавека і менш, залічэнне праводзіцца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.

Звяртаем увагу абітурыентаў, якія паступаюць на аснове агульнай сярэдняй адукацыі або прафесійна-тэхнічнай з агульнай сярэдняй адукацыяй. Калі залічэнне праводзіцца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі, то ў дакуменце аб адукацыі адзнака па вучэбным прадмеце агульнаадукацыйнага цыкла, які адпавядае профільнаму іспыту, павінна быць не ніжэй за 4 (чатыры) балы.

Пералік груп спецыяльнасцей (спецыяльнасцей, напрамкаў спецыяльнасцей) і адпаведных ім профільных выпрабаванняў, якія неабходна здаваць у форме цэнтралiзаванага тэсцiравання, устаноўлены пастановай Міністэрства адукацыі ад 29 чэрвеня 2015 года № 71 “Аб уступных іспытах для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыi на аснове агульнай сярэдняй адукацыі”.

— На чым засяродзіць увагу абітурыентам, якія маюць асаблівасці ў развіцці?

— Тыя падлеткі, якія маюць парушэнні зроку, слыху, функцый апорна-рухальнага апарату і якія плануюць паступленне ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, павінны спачатку прадаставіць у прыёмную камісію ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі заключэнне Дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі або даведку аб засваенні зместу адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі. Пры адсутнасці медыцынскіх проціпаказанняў для навучання па выбранай спецыяльнасці (напрамку спецыяльнасці, спецыялізацыі) і прысвоенай  кваліфікацыі яны могуць здаваць уступныя іспыты ва ўстанове ССА (без прад’яўлення сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання). Форма правядзення ўступных іспытаў вызначаецца прыёмнай камісіяй установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі з улікам асаблівасцей псіхафізічнага развіцця абітурыента.

— Якія тэрміны правядзення сёлетняй прыёмнай кампаніі?

— Тэрміны правядзення прыёмнай кампаніі гэтага года, як і раней, рэгламентуюцца пастановай Міністэрства адукацыі ад 11 красавiка 2014 года № 41. Уступная кампанія пройдзе з 20 ліпеня па 17 жніўня. Прыём дакументаў на аснове агульнай базавай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту і на платнай аснове ад абітурыентаў, якія будуць здаваць уступныя іспыты па спецыяльнасці, будзе ажыццяўляцца з 20 ліпеня па 3 жніўня, на платнай аснове — з 20 ліпеня па 14 жніўня.

Уступныя іспыты пройдуць з 4 па 8 жніўня, залічэнне на навучанне за кошт сродкаў бюджэту — па 10 жніўня, на платнай аснове — па 16 жніўня.

Прыём дакументаў на аснове агульнай сярэдняй адукацыі (прафесійна-тэхнічнай з агульнай сярэдняй адукацыяй) за кошт сродкаў бюджэту і на платнай аснове ад абітурыентаў, якія будуць здаваць уступныя іспыты па спецыяльнасці, будзе ажыццяўляцца з 20 ліпеня па 9 жніўня, на платнай аснове — з 20 ліпеня па 16 жніўня.

Уступныя іспыты пройдуць з 10 па 12 жніўня, залічэнне на навучанне за кошт сродкаў бюджэту — па 14 жніўня, на платнай аснове — па 17 жніўня.

Прыём дакументаў на спецыяльнасці сельскай гаспадаркі у завочнай форме будзе ажыццяўляцца з 1 кастрычніка па 30 лістапада. Уступныя іспыты пройдуць з 1 па 5 снежня, залічэнне — па 10 снежня.

— У якія дні могуць падаць дакументы для паступлення замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства?

— Грамадзяне гэтай катэгорыі, якія паступаюць для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту або на платнай аснове ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь, могуць здаваць дакументы для паступлення па 3 жніўня; на платнай аснове па выніках выніковай атэстацыі пры засваенні зместу адукацыйнай праграмы падрыхтоўкі асоб да паступлення ва ўстановы адукацыі Рэспублікі Беларусь — па 3 жніўня; на платнай аснове па выніках субяседавання ва ўстановах ССА, якое ўстанаўлівае ўзровень валодання імі мовай, на якой вядзецца адукацыйны працэс, у аб’ёме, дастатковым для засваення зместу адукацыйнай праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, — па 15 кастрычніка.

— Які будзе графік работы прыёмных камісій?

— Акцэнтуем увагу, што першы дзень работы прыёмных камісій устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 20 ліпеня.

Устаноўлены адзіны рэжым работы прыёмных камісій. Яны будуць праца­ваць  з 9.00 да 18.00, уключаючы суботы (20, 27 ліпеня, 3, 10 жніўня). Будуць захоплены нядзелі (4, 11 жніўня) для прыёмных камісій тых навучальных устаноў, у якіх у гэты дзень праводзяцца ўступныя выпраба­ванні.

Прыёмная камісія ў поўным аб’ёме інфармуе абітурыентаў аб ходзе прыёму дакументаў. Пры гэтым могуць быць выкарыстаны інтэрнэт-рэсурс, папяровы носьбіт, а пры магчымасці і электронны тэрмінал.

Інфармацыя будзе абнаўляцца кожны дзень не радзей за адзін раз на 3 (тры) гадзіны работы прыёмнай камісіі (12.00, 15.00, 18.00). У апошні дзень прыёму дакументаў інфармаванне абітурыентаў аб ходзе прыёму дакументаў спыняецца ў 15.00.

Падрабязную інфармацыю аб паступленні моладзі ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі можна атрымаць са Зборніка для тых, хто паступае ва ўстановы адукацыі, якія рэалізоўваюць адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у 2019 годзе, які размешчаны на сайце Міністэрства адукацыі. На сайце размешчаны нарматыўныя прававыя акты, якія рэгулююць парадак і правілы правя­дзення ўступнай кампаніі http://edu.gov.by (Галоўная старонка ” Абітурыенту 2019 ” Уступная кампанія ” Для тых, хто паступае ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі).

У мэтах аказання дапамогі абітурыентам, бацькам і грамадскасці ў атрыманні інфармацыі па прыёме ў Міністэрстве адукацыі арганізавана работа гарачай лініі (тэлефон: 8 (017) 222-43-12).

Інтэрв’ю падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.