Хто спраектуе беларускі электрамабіль?

Інфармацыйныя тэхналогіі даўно знаходзяцца ў зоне павышанай увагі абітурыентаў. Падчас уступнай кампаніі факультэты і спецыяльнасці адпаведнага напрамку запаўняюцца звычайна ў першую чаргу. А што з тымі цікавымі складанымі спецыяльнасцямі, якія знаходзяцца на скрыжаванні праграмавання і інжынернай навукі? Пра гэта мы гутарым з дэканам факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі БНТУ Яўгенам Яўгенавічам ТРАФІМЕНКАМ.

— Яўген Яўгенавіч, я мяркую, што спецыяльнасцям вашага факультэта нават у крызіс нішто не пагражае: інфармацыйныя тэхналогіі — традыцыйна адзін з самых запатрабаваных абітурыентамі напрамкаў. І ўсё ж хачу пацікавіцца, наколькі актыўна ідзе падача дакументаў?

— Сапраўды, у параўнанні з многімі іншымі інжынернымі спецыяльнасцямі ў нас сітуацыя нядрэнная. Напрыклад, на “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” конкурс сярод абітурыентаў утварыўся ўжо на другі дзень прыёму дакументаў. Аднак не магу сказаць, што на факультэце аншлаг.

Праблема заключаецца ў тым, што многія абітурыенты не спрабуюць нават разабрацца ў спецыяльнасцях і кваліфікацыях, якія прысвойваюцца пасля заканчэння ўніверсітэта. Напрыклад, у нас ёсць спецыяльнасць “Аўтаматызаваныя электрапрыводы”, кваліфікацыя — “інжынер-электрык”. Аднак зайдзіце ў школу і спытайце ў старшакласнікаў, чым, на іх думку, займаюцца выпускнікі згаданай спецыяльнасці, — і вам раскажуць, што яны рамантуюць разеткі, укручваюць лямпачкі і г.д. На жаль, такое побытавае ўяўленне аб спецыяльнасці, якая на сёння з’яўляецца адной з самых запатрабаваных у свеце.

Увогуле, вы ведаеце, што такое электрапрывод? Гэта ўстройства, якое пераўтварае электрычную энергію ў механічную (і наадварот). І электрапрывод выкарыстоўваецца паўсюдна: у швейнай машынцы, у пральнай машыне, нават у мабільным тэлефоне (функцыя вібразванка) і ў тых кардыялагічных апаратах, якія дапамагаюць сэрцу качаць кроў. Электрапрывод прымушае рухацца шматтонныя пракатныя станы, а таксама электрамабілі (Tesla, Google і інш.), з якімі звязваецца будучыня аўтамабільнай прамысловасці. І ўсё гэта ствараюць, удасканальваюць, абслугоўваюць спецыялісты па электрапрыводах.

Больш за тое, сёння дзве трэці электраэнергіі, што выпрацоўваецца ў свеце, выкарыстоўваецца ва ўстройствах, якія адносяцца да электрапрыводаў. Энергія дарагая, і, натуральна, трэба ствараць найбольш эканамічныя мадэлі. І гэта яшчэ адна задача, якую павінны вырашаць інжынеры. Таму спецыяльнасць “Аўтаматызаваныя электрапрыводы” — не проста сучасная, яна арыентавана на будучыню.

— Скажыце, як можна было б змяніць старамодную назву гэтай спецыяльнасці, напрыклад, у будучым класіфікатары, каб на яе звярнулі ўвагу абітурыенты?

— Магчыма, “Камп’ютарызаваныя электрапрыводы”, а яшчэ лепш — “Мехатронныя сістэмы і ўстройствы”. Змест гэтай спецыяльнасці і зараз вельмі насычаны, але сучасная назва, безумоўна, прыцягнула б да сябе больш увагі з боку абітурыентаў.

— Дарэчы, многія прадстаўнікі вышэйшай школы адзначаюць, што змена назваў спецыяльнасцей так ці інакш уплывае на конкурсы. Атрымліваецца, што значэнне мае не пералік дысцыплін і колькасць гадзін на іх вывучэнне, не наяўнасць сучасных лабараторый і выбітных выкладчыкаў на факультэце, не кампетэнцыі, якія можна атрымаць на выхадзе, а назва — два ці тры словы ў двукоссі?

— Сапраўды, многія выбіраюць прафесіі менеджара, праграміста, якія ў апошні час лічацца прэстыжнымі. І сёння хто толькі не марыць стаць праграмістам. Маладым людзям здаецца, што калі яны паступяць на праграмісцкія спецыяльнасці, то аўтаматам атрымаюць цудоўную работу ў Парку высокіх тэхналогій і зарплату тысячу долараў. Але ІТ-рынак не безразмерны, і каб дасягнуць там поспеху, трэба быць не проста праграмістам, а праграмістам топавага ўзроўню.

Акрамя таго, трэба ўлічваць і яшчэ адну акалічнасць. Кампаніі — рэзідэнты ПВТ пачынаюць усё часцей распрацоўваць уласны прадукт, звязаны, напрыклад, з інтэрнэтам рэчаў. Безумоўна, для гэтага патрэбны праграмісты, без іх не абысціся, але таксама патрэбны спецыялісты ў пэўных прадметных галінах, якія могуць сфармуляваць задачу і вырашыць тэхнічную праблему.

Хачу сказаць, што ўсе нашы спецыяльнасці перспектыўныя і звязаны з інфармацыйнымі тэхналогіямі, усе нашы выпускнікі могуць праграмаваць. Але ад чыстых праграмістаў яны адрозніваюцца сур’ёзнай інжынернай падрыхтоўкай. Не ўсе студэнты любяць такія дысцыпліны, як супраціўленне матэрыялаў, дэталі машын, тэарэтычную механіку, электратэхніку і г.д., але менавіта яны ў сукупнасці фарміруюць інжынернае мысленне. Гэта тое, што дапамагае нашым выпускнікам стаць спецыялістамі высокага ўзроўню практычна ў любой галіне.

— Я ведаю, што факультэт інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі БНТУ пастаянна ўваходзіць у топ-5 факультэтаў, выпускнікоў якіх прымае на работу Парк высокіх тэхналогій…

— Так, былі і на трэцім, і на чацвёртым месцах. Зрэшты, я вельмі спакойна стаўлюся да гэтага рэйтынга. Крытэрый, па якім ранжыруюцца факультэты, вызначаецца колькасцю выпускнікоў, якія прыйшлі працаваць у ПВТ. Але колькасць студэнтаў і, адпаведна, выпускнікоў на розных факультэтах істотна адрозніваецца. Напрыклад, у нас набор на праграмісцкія спецыяльнасці параўнальна невялікі. І калі браць пад увагу не колькасць выпускнікоў, якія ўладкоўваюцца ў ПВТ, а працэнт ад выпуску, то ФІТР БНТУ не ўступае лепшым факультэтам БДУ і БДУІР.

— Скажыце, Яўген Яўгенавіч, што вы як дэкан маглі б параіць абітурыентам у гэтыя хвалюючыя дні?

— Я шчыра жадаю, каб кожны абітурыент знайшоў сваё месца, зрабіў правільны выбар і ні ў якім разе не расчараваўся. На жаль, людзі часта кідаюцца на моднае, прапускаючы тое, што падыходзіць менавіта ім. Аднак мінае час — і пачынаюцца праблемы.

Здараецца, да нас на вучобу пераводзяцца студэнты, якія паступілі ў іншыя ўніверсітэты, але не змаглі там вучыцца. Іх збілі з панталыку высокія балы на ЦТ, і яны пайшлі не туды, куды хацелі, а дзе, на іх думку, прэстыжна. Адзін такі юнак перавёўся да нас на спецыяльнасць “Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей” — ходзіць шчаслівы. Проста ён аказаўся інжынерам, і добра, што вельмі хутка гэта зразумеў.

Безумоўна, ёсць і адваротныя прыклады, калі сыходзілі ад нас. Таму вельмі важна, каб, выбіраючы спецыяльнасць, чалавек прыслухоўваўся да свайго ўнутранага голасу. А калі кіравацца выключна баламі і мітусіцца паміж факультэтамі, можна прабегаць свой лёс.

Вы ведаеце, што ў нас агульны конкурс па факультэце, і ў сваіх заявах абітурыенты могуць указваць хоць усе нашы спецыяльнасці ў парадку прыярытэту. Здараюцца выпадкі, калі хтосьці залічваецца не на першую, а на другую ці трэцюю спецыяльнасць са свайго спіса і раптам перадумвае — забірае дакументы, каб пайсці на платнае навучанне па першай спецыяльнасці. Мне заўсёды вельмі шкада бацькоў, асабліва калі бачна, што гэта не заможная сям’я. Лічу, што калі сын ці дачка так лёгка прымаюць рашэнне “Я буду толькі праграмістам!”, вымушаючы бацькоў плаціць за навучанне, — гэта не надта добра.

Спецыяльнасці нашага факультэта ў многім перасякаюцца, праграмаванне ў вялікім аб’ёме вывучаецца ўсюды. І ў пэўным сэнсе няважна, дзе вучыцца студэнт, галоўнае — кім ён хоча стаць. А таму было б жаданне вучыцца, магчымасці ёсць.

На жаль, многія студэнты паступаюць ва ўніверсітэт і лічаць, што іх галоўная задача выканана, вучоба не становіцца іх прыярытэтам. Праходзіць год — і глядзіш, малады чалавек, які прыйшоў з высокімі баламі, ужо не цягне праграму. Безумоўна, куратар, выкладчыкі, адміністрацыя факультэта стараюцца дапамагчы, але перш за ўсё тут патрэбна ўвага бацькоў і матывацыя самога студэнта.

Трэба разумець, што паступленне ва ўніверсітэт — гэта важная прыступка ў жыцці, аднак трэба ісці далей. Мэтанакіраваныя студэнты заўсёды атрымліваюць тое, да чаго імкнуліся.

Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.