Ад радыётэлефонаў — да 5G і далей

Спецыяльнасці для галіны інфакамунікацый увайшлі ў топ самых перспектыўных і запатрабаваных

Сёлета ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі на 285 чалавек павялічаны набор на першы курс. Пятая частка з іх (плюс 60 чалавек) прыйдуць на факультэт інфакамунікацый.

Чаму побач з ІТ-спецыяльнасцямі, узмацненне якіх абумоўлена Дэкрэтам № 8 “Аб развіцці лічбавай эканомікі”, такая вялікая ўвага ўдзяляецца спецыяльнасцям для галіны інфакамунікацый? Гэтае пытанне мы адрасавалі дэкану факультэта інфакамунікацый БДУІР Сяргею ДРОБАТУ.

— Лічбавая эканоміка можа быць пабудавана толькі на базе сучаснай інфармацыйна-камунікацыйнай інфраструктуры. Гаворка ідзе пра высакаскорасныя iнфакамунікацыйныя сiстэмы i сеткі, якія даюць магчымасць любому карыстальніку ў любым месцы мець доступ да неабходных сэрвісаў. І забяспечыць праектаванне, пабудову i функцыянаванне гэтай інфраструктуры, абарону iнфармацыi пры выкарыстаннi iнфакамунiкацыйных сiстэм могуць толькі высокакваліфікаваныя спецыялісты, якіх мы і рыхтуем на нашым факультэце.

— Год назад змянілася назва: былы факультэт тэлекамунікацый пераўтвораны ў факультэт інфакамунікацый. Што стаіць за гэтым пераўтварэннем? Новая назва больш дакладна адлюстроўвае змест факультэцкай адукацыі або гэта трэнд на нейкія будучыя змены?

— Трэба сказаць, што гэта не першае пераўтварэнне нашага факультэта. У далёкім ужо 1980 годзе ў ходзе рэарганізацыі ў структуры Мінскага радыётэхнічнага інстытута быў створаны факультэт электрасувязі. Тады перад новым факультэтам была пастаўлена задача палепшыць якасць падрыхтоўкі інжынераў-сувязістаў з улікам далейшага развіцця галіны.

У 1995 годзе факультэт электрасувязі быў пераўтвораны ў факультэт тэлекамунікацый. Новая назва больш поўна адлюстроўвала ўвесь спектр напрамкаў, па якіх на факультэце вялася падрыхтоўка спецыялістаў і праводзіліся навуковыя даследаванні. Гэта быў час, калі ў нашай краiне пачала развівацца сотавая сувязь.

Летась адбыліся чарговыя змены на факультэце. Звязаны яны са значным пашырэннем тэхналогій і метадаў, якія выкарыстоўваюцца пры перадачы інфармацыі. Удасканальваецца абсталяванне, апаратура, праграмнае забеспячэнне. І нам таксама даводзіцца перабудоўвацца. Мы прыкладаем усе намаганні, каб якасць падрыхтоўкі нашых спецыялістаў адпавядала сучасным патрабаванням і нават давала ім фору на будучыню.
Сёння мы карыстаемся мабільнай сувяззю чацвёртага пакалення (4G), а ўжо ў найбліжэйшыя гады плануецца ўкараненне тэхналогiй наступнага, пятага, пакалення (5G). А гэта зусім іншыя магчымасцi, хуткасці, аб’ёмы інфармацыі і г.д. На пачатку 80-х, калі зараджалася мабільная галасавая сувязь, тыповым прадстаўніком якой з’яўляецца радыётэлефон, мы нават не маглі прадказаць такога імклівага развіцця тэхналогій. І нам трэба адпавядаць сучасным трэндам, не проста быць гатовымі да перамен, а самім штосьці мяняць.

— Сяргей Віктаравіч, дзе праходзяць практыку і куды размяркоўваюцца вашы выпускнікі?

— Вытворчую практыку на трэцім курсе і пераддыпломную на выпуску студэнты звычайна праходзяць у кампаніях, куды пазней размяркоўваюцца на працу. Гэта кампанія “Белтэлекам”, усе кампаніі — аператары сотавай сувязі, усе правайдары інтэрнэт-паслуг, ААТ “Мінскія тэлевізійныя інфармацыйныя сеткі”, прадпрыемствы ваеннай прамысловасці, Нацыянальны i камерцыйныя банкi, сілавыя ведамствы і, вядома, кампаніі — рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій. Дарэчы, штогод на працу ў ПВТ размяркоўваюцца больш за 20% выпускнікоў факультэта.

Патрэба ў нашых спецыялістах вельмі высокая. Сёлета па выніках размеркавання шмат заявак так і засталіся незадаволенымі. Выпускнікі маюць цікавую працу і дастойную зарплату — прынамсі ў 1,5—2 разы большую, чым у сярэднім па краіне.

Пры абедзвюх нашых выпускаючых кафедрах ёсць навукова-даследчыя лабараторыі, і частка студэнтаў праходзіць практыку на іх базе. З другога курса яны ўжо заняты ў выкананні рэальных праектаў — і гэта таксама добрая школа для студэнтаў. Многія, хто праходзіць праз гэтыя лабараторыі, размяркоўваюцца на працу ў навукова-даследчую частку ўніверсітэта, паступаюць у магістратуру, потым — у аспірантуру. Хачу адзначыць, што на абедзвюх кафедрах у нас даволі многа (да 50%) маладых выкладчыкаў — выпускнікоў гэтых кафедраў.

— На факультэце можна вучыцца на англійскай мове, прычым такая магчымасць ёсць не толькі ў замежных грамадзян, але і ў беларусаў. Наколькі запатрабавана такое навучанне?

Факультэт інфакамунікацый вядзе падрыхтоўку па трох спецыяльнасцях першай ступенi: “Абарона інфармацыі ў тэлекамунікацыях”, “Інфакамунікацыйныя сістэмы” (напрамак — “стандартызацыя, сертыфікацыя і кантроль параметраў”) і “Інфакамунікацыйныя тэхналогіі” (напрамкі — “сістэмы тэлекамунікацый”, “сеткі інфакамунікацый”, “сістэмы размеркавання мультымедыйнай інфармацыі”).

— У 2009 годзе ў БДУІР менавiта на нашым факультэце ўпершыню ў краіне пачалася падрыхтоўка на англійскай мове па спецыяльнасцi тэхнiчнага напрамку. Тады адбыўся першы набор студэнтаў для такога навучання па спецыяльнасцi “Сеткi тэлекамунiкацый”. Сёння гэтая магчымасць ёсць у студэнтаў дзвюх спецыяльнасцей першай ступені і дзвюх спецыяльнасцей магістратуры. Сапраўды, у англамоўных групах могуць вучыцца не толькі замежнікі, але і беларусы (праўда, кошт навучання тут істотна вышэйшы, чым для звычайных платнікаў, таму англамоўнае навучанне выбіраюць пераважна студэнты з іншых краін). На дадзены момант на англійскай мове ў нас вучыцца каля 50 чалавек.

— БДУІР славіцца вялікай колькасцю лабараторый, якія створаны і працуюць пры падтрымцы вядучых сусветных і беларускіх ІТ-кампаній. Якія лабараторыі, цікавыя сумесныя курсы і, адпаведна, магчымасці для дадатковай падрыхтоўкі будучых спецыялістаў ёсць на факультэце інфакамунікацый?

— У нас некалькі сумесных лабараторый. Так, пры кафедры інфакамунікацыйных тэхналогій дзейнічае сеткавая акадэмія Cisco. Абсталяванне, устаноўленае там, актыўна выкарыстоўваецца ў вучэбным працэсе на першай і другой ступенях адукацыі. Акрамя таго, студэнты (і нават навучэнцы старшых класаў) могуць прайсці дадатковае навучанне па праграме Cisco і атрымаць адпаведны сертыфікат. Пры ўладкаванні на працу ўладальнікі такіх сертыфікатаў маюць пэўныя перавагі перад іншымі саіскальнікамі. Таксама пры гэтай жа кафедры працуюць аўтарызаваны цэнтр D-Link, дзе студэнты асвойваюць дадатковыя адукацыйныя праграмы для наступнай сертыфікацыі, i лабараторыя, створаная сумесна з кампаніяй “Мабільныя тэлесістэмы”. На кафедры абароны інфармацыі дзейнічае лабараторыя, створаная пры дапамозе кампаніi SearchInform.

Сёння ёсць дамоўленасць з вядомай кампаніяй EPAM Systems аб адкрыцці на нашым факультэце сумеснай вучэбнай лабараторыі, дзе будуць праводзіцца трэнінгі для студэнтаў па распрацоўцы розных праграмных дадаткаў.

— Пры паступленні ў БДУІР абітурыенты могуць указаць у заяве хоць усе тры дзясяткі спецыяльнасцей у парадку прыярытэту. Сяргей Віктаравіч, назавіце аргументы, чаму вашы спецыяльнасці павінны быць у верхняй частцы пераліку.

— Адказ на гэтае пытанне лагічна вынікае з нашай размовы. Інфакамунікацыі — гэта адна з найбольш дынамічных галін эканомікі. Тэхналогіі перадачы інфармацыі развіваюцца бурнымі тэмпамі, і патрэба ў адпаведных спецыялістах пастаянна павялiчваецца. У развітых краінах уклад інфакамунікацыйных паслуг у валавы ўнутраны прадукт дасягае 10%. У нас пакуль няма такіх лічбаў, але Беларусь ідзе гэтым шляхам, доля інфакамунікацыйных паслуг пастаянна расце.

Успомніце: усяго пару дзясяткаў гадоў назад у нас з’явіліся першыя мабільныя тэлефоны з галасавой сувяззю, а сёння ў кожнага дзіцяці ўжо ёсць смартфон — і праз яго ажыццяўляецца не толькi сувязь з усім светам. Гэта доступ да сусветнай павуціны, сацыяльных сетак, прагляду фота- i вiдэакантэнту, воблачных техналогiй, камерцыйных анлайн-паслуг i г.д. А забяспечваюць гэтыя магчымасцi адпаведнай iнфакамунiкацыйнай iнфраструктурай на ўсіх этапах, пачынаючы яе праектаваннем і заканчваючы эксплуатацыяй і мадэрнізацыяй, нашы выпускнікі. Гэта надзвычай цікавая i перспектыўная сфера дзейнасці. І з развіццём тэхналогій яна будзе станавіцца яшчэ цікавейшай.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*