Медыцына — ва ўмелых руках

Без пяці хвілін спецыялісты ў галіне медыцыны — навучэнцы апошніх курсаў медыцынскіх каледжаў Гродзеншчыны прадэманстравалі выдатныя навыкі ў конкурсе прафесійнага майстэрства.

У рэгіёне працуюць дзве дзяржаўныя сярэднія спецыяльныя медыцынскія ўстановы — у Гродне і Слоніме. Іх навучэнцы прымаюць удзел у рэспубліканскіх конкурсах, а вось абласны конкурс прайшоў упершыню за многія гады. Яго мэты — палепшыць якасць адукацыйнага працэсу, стымуляваць педагогаў і навучэнцаў да выкарыстання сучасных адукацыйных тэхналогій і, канечне, павысіць прэстыж прафесіі.

Спачатку прэтэндэнтаў на ўдзел у конкурсе выбіралі ў вучэбных групах. З ліку лепшых былі сфарміраваны каманды па спецыяльнасцях “Лячэбная справа” і “Сястрынская справа”. Месцам правядзення спаборніцтва стаў Гродзенскі медыцынскі каледж. Конкурс пачаўся са знаёмства і творчай прэзентацыі ўстаноў адукацыі, потым удзельнікі за 50 хвілін праходзілі тэст з 50 пытанняў. Навучэнцы дэманстравалі веды ў педыятрыі, тэрапіі, хірургіі, акушэрстве.

Практычны тур прадугледжваў рашэнне сітуацыйнага задання і выкананне медыцынскай маніпуляцыі. У ролі пацыентаў, якім трэба было скласці анамнез, паставіць дыягназ і назначыць лячэнне, выступалі выкладчыкі.

У Гродзенскім і Слонімскім медыцынскіх каледжах можна атрымаць спецыяльнасці “Лячэбная справа” і “Сястрынская справа”. У Гродне рыхтуюць яшчэ па дзвюх спецыяльнасцях — “Медыка-дыягнастычная справа” і “Лячэбны масаж”. Па апошняй спецыяльнасці могуць набываць адукацыю людзі з праблемамі зроку.

— Прафесійны конкурс — гэта не толькі выпрабаванне для навучэнцаў, — сказаў дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Валерый Пашук. — Да яго актыўна рыхтаваліся і нашы выкладчыкі: пісалі тэставыя і сітуацыйныя заданні, чарговы раз звярталіся да нарматыўнай базы. Сёння ў медыцыне шмат новых напрамкаў — гэта і электронная ахова здароўя, і ўкараненне новых метадаў дыягностыкі і лячэння. І мы павінны рыхтаваць высокакваліфікаваных, канкурэнтаздольных спецыялістаў.

Лепшымі па выніках конкурсу сталі навучэнкі Гро­дзенскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Юлія Алізар (“Сястрынская справа”) і Кацярына Готта (“Лячэбная справа”).

Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі падарункі ад Гро­дзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аховы здароўя. Як паведаміў яго старшыня Уладзіслаў Галяк, штогод медыцынскія каледжы Гродзеншчыны выпус­каюць каля 400 маладых спецыялістаў, але гэта значна менш, чым патрабуецца ў рэгіёне. Так што маладых спецыялістаў чакаюць паліклінікі і бальніцы гарадоў і вёсак.

Дарэчы, у выпускнікоў медыцынскіх кале­джаў ужо адбылося размеркаванне, і на адрас работадаўцаў будуць накіраваны лісты з паведамленнем аб выніковым удзеле іх будучых работнікаў у конкурсе прафесійнага майстэрства.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.