17 “нікійскіх” кратоў

У Беларускім дзяржаўным універсітэце падвялі вынікі конкурсу “Лепшы студэнцкі медыйны рэсурс — 2019”. У намінацыі “Лепшая студэнцкая газета” разам з гуру сярод маладзёжных выданняў “ЖурФАКТамі” факультэта журналістыкі на п’едэстале замацавалася газета “Ніка” гістарычнага факультэта.

Выданне гістфака сабрала студэнтаў розных курсаў, а таксама магістрантаў — тых, хто актыўна цікавіцца жыццём факультэта на Чырвонаармейскай, 6. Калектыў “Нікі” зусім не малы — 17 чалавек. А кіруе ім трэцякурсніца Лізавета Адамушка.

Студэнтка прызнаецца, што быць галоўным рэдактарам няпроста і адказна: патрэбна трымаць усё на кантролі, сачыць за своечасовым выпускам нумароў, шукаць цікавыя тэмы для артыкулаў. Але дзяўчына ведае, што сябры з рэдакцыі могуць заўсёды падставіць плячо. Па словах Лізы, вопыт рэдактарства дае магчымасць павышаць арганізатарскія навыкі, быць у курсе апошніх навін і, самае галоўнае, знаёміцца з людзьмі, якія ў будучыні могуць стаць добрымі сябрамі.

 — Назначаем дзень сходу і абмяркоўваем выпуск: хто стане студэнтам нумара, у якога выкладчыка ўзяць інтэрв’ю, пра якія мерапрыемствы можна напісаць. Пасля размяркоўваем артыкулы, устанаўліваем дэдлайн. Гатовы матэрыял адпраўляем карэктарам, затым — на вёрстку. Канчатковы варыянт правяраю я, і калі ёсць недахопы — выпраўляем. У фінале надыходзіць мой любімы момант: трэба аднесці нумар у друк. У гэты час разумею, што мы працавалі недарэмна, — знаёміць з працэсам Лізавета Адамушка.

Займацца журналістыкай дзяўчына пачала ў школе, у планах быў журфак. Так у ка­рэліцкай раённай газеце “Полымя” з’явіліся першыя публікацыі Лізы. У матэрыялах, якія студэнтка захоўвае і сёння, яна пісала пра школьнае жыццё. З цягам часу тэмы станавіліся больш сур’ёзнымі. Але пазней захапленне гісторыяй перамагло. Вярнуцца да журналістыкі ў студэнцкі час дзяўчыну натхніла цікавасць да навакольнага свету і чалавечага жыцця. Зрэшты, журналіста і гісторыка, на думку трэцякурсніцы, якраз і аб’ядноўвае тое, што абодва спецыялісты ведаюць і адчуваюць людзей.

У “Ніку” студэнтка прыйшла на 1 курсе, праўда, не адразу. Ёй падавалася, што напісанне матэрыялаў для школьнай газеты і раёнкі — недастатковы вопыт. Але яе падштурхоўвала цікаўнасць: здорава, мабыць, пісаць пра людзей, якія выкладаюць і вучацца побач з табой! А год назад студэнтка стала галоўным рэдактарам.

Яна расказвае, што рэдакцыйныя сходы праходзяць у пазітыўнай атмасферы. Цяжкасці, якія ўзнікаюць падчас работы, каманда вырашае разам. Можа таму студэнтка параўноўвае сваіх сяброў з жыццярадаснымі і пазітыўнымі героямі чэшскага мультсерыяла “Крот”.

— Хацелася сабраць добрую каманду і рабіць газету змястоўнай, працаваць над яе афармленнем. Мабыць, часткова гэта ўжо дасягнута, але і шмат над чым варта працаваць, — дзеліцца Ліза. — Калі мы даведаліся пра перамогу, не адразу паверылі. Было вельмі прыемна, што наша праца так высока ацэнена. Мы шчаслівыя, што многія нашы планы і мары здзейсніліся.

Найвялікшая радасць для карэспандэнта студэнцкай газеты — калі нумар карыстаецца попытам і разыходзіцца за гадзіну. А самы каштоўны герой для матэрыялу — рознабаковы чалавек, пра якога не толькі цікава чы­таць, але і за якім цікава назіраць у жыцці. Студэнты кажуць, што хацелі б узяць інтэрв’ю ў выпускнікоў гістфака, якія працуюць у журналістыцы. Гэта падкрэсліць значнасць атрыманых на факультэце ведаў, якія можна выкарыстоўваць у многіх сферах жыцця.

— Газета — добрая платформа, каб паспрабаваць сябе ў нечым новым, развіваць асабістыя навыкі, дзяліцца падзеямі, захоўваць памяць пра мерапрыемствы, — лічыць рэдакцыйны калектыў “Нікі”. — Уявіце, як добра будзе праз некалькі гадоў пасля заканчэння ўніверсітэта адкрыць сайт і пагартаць старонкі свайго студэнцкага жыцця, успомніць святы, убачыць знаёмыя твары. Вярнуцца ў шчаслівае мінулае.

Ірына ІВАШКА.
Фота з асабістага архіва Лізаветы АДАМУШКА.