3,2,1… Старт!

12 ліпеня міністр адукацыі Ігар Карпенка даў старт прыёмнай кампаніі ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.

Адной з галоўных мэт візіту міністра стала наведванне сумоўяў выпускнікоў педагагічных класаў, якія паступаюць без уступных іспытаў.

— Мне як кіраўніку ведамства не ўсё роўна, хто ў будучыні стане педагогам. Цікава пазнаёміцца з гэтымі абітурыентамі, пагартаць іх партфоліа — паглядзець, з якім багажом яны падышлі да паступлення, — адзначыў Ігар Васільевіч.

Як паведамілі ў прэс-службе БДПУ, сёлета ва ўстанову запланавана прыняць 850 чалавек на дзённую бюджэтную форму атрымання адукацыі, 500 чалавек — на дзённую платную, а таксама 275 і 580 чалавек на завочную бюджэтную і завочную платную адпаведна.

У мінулым годзе сярэдні конкурс па ўстанове склаў больш за 2 чалавекі на месца. Першакурснікамі БДПУ сталі 185 медалістаў і выпускнікоў каледжаў, якія маюць дыплом з адзнакай. З 223 выпускнікоў педагагічных класаў, што паступілі ў БДПУ, 161 скарыстаў права паступлення без уступных экзаменаў.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.