У маі падведзены вынікі сацыялагічнага даследавання “Прафтэхадукацыя”. У агульным сацыёлагі апыталі звыш 2000 чалавек — навучэнцаў амаль паловы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі краіны. Рэспандэнтам задалі каля 35 пытанняў аб прафесійным самавызначэнні, успрыманні ўмоў навучання і адносінах да вучобы, ацэнцы жыццёвых перспектыў, інтарэсах.
Даследаванне (бадай, першае такога кшталту ў Беларусі) правёў Аналітычны цэнтр ЕсооМ
па заказе БелТА. Аб яго выніках нашай газеце расказаў кіраўнік цэнтра Сяргей МУСІЕНКА.
Крыніцы інфармацыі: сябры, сям’я, школа
Адметна, што вызначальнымі пры выбары ўзроўню адукацыі ў многіх выпадках аказаліся меркаванне і вопыт бацькоў. Сярэднюю спецыяльную адукацыю маюць бацькі каля паловы рэспандэнтаў, а прафесійна-тэхнічную — таты 27 % і маці 19 % апытаных. Дарэчы, у рэйтынгу крыніц інфармацыі аб прафесіі, сям’я знаходзіцца на другім ганаровым месцы. На першым — сябры і знаёмыя, на трэцім — школа, далей ідуць інтэрнэт, дні адкрытых дзвярэй, газеты, тэлебачанне.
Сярод матываў выбару ўстановы адукацыі на першае месца навучэнцы паставілі адказ “Мне падабаецца прафесія”, а на другое — “Маю рэальную магчымасць працаўладкавацца”, што наводзіць на думку аб асэнсаваным выбары. І зноў жа, уплыў сям’і адзначылі 15 % удзельнікаў апытання. Столькі ж рэспандэнтаў выбралі адказы “Тут лягчэй вучыцца”, “Тут вучыцца бліжэй да дому”, “Трэба было недзе вучыцца”, 11 % выбралі каледж выпадкова.
Каля 61 % удзельнікаў апытання лічаць сваю прафесію запатрабаванай на рынку працы, 28,5 % амаль упэўнены ў гэтым, што яшчэ раз пацвярждае асэнсаваны, прагматычны выбар месца вучобы і будучай прафесіі.
“У цэлым у сістэме прафтэхадукацыі вучыцца шмат матываваных маладых людзей, — каменціруе лічбы С.Мусіенка. — Іх першапачатковым пазітыўным настроем вызначаюцца і адносіны да вучобы, і паводзіны па-за вучобай, а таксама чаканні ад будучай работы”.
Чаканні ад прафесіі: заробак і самастойнасць
На пытанне “Якія магчымасці можа даць ваша прафесія?” самымі папулярнымі былі адказы “Мець высокі заробак” (57 % рэспандэнтаў) і “Быць самастойным” (41 %). Відавочна, самастойнасць, па меркаванні ўдзельнікаў апытання, — гэта тое, што спадарожнічае дабрабыту. І наступныя адказы ў пяцёрцы самых распаўсюджаных: “Зрабіць кар’еру”, “Адчуваць сябе прафесіяналам”, “Працягнуць адукацыю”.
Што найбольш важна ў будучай рабоце? На думку 66 % навучэнцаў, — зарабляць шмат грошай. Але пры гэтым на адных з першых пазіцый, напрыклад, знаходзяцца адказы “Працаваць у добрым калектыве”, “Мець добрыя ўмовы працы”, “Працаваць на паспяховым прадпрыемстве”, “Мець прэстыжную работу”, “Рабіць кар’еру”.
Каб стаць сапраўдным прафесіяналам, як адзначылі рэспандэнты, неабходна вялікае жаданне (гэты адказ выбралі 67 % з іх), працавітасць і ўпартасць (62 %). “Наколькі навучэнцы робяць такія намаганні — ужо іншая справа. Але што ў іх сфарміравана правільнае разуменне прафесіяналізму — гэта факт”, — зазначае С.Мусіенка.
Прыземленасць — вось тое слова, якое, на думку кіраўніка Аналітычнага цэнтра, характарызуе чаканні навучэнцаў прафтэхустаноў. “Незалежна ад таго, будуць яны рабіць другую спробу паступіць у ССНУ ці ўніверсітэт альбо пойдуць працаваць, наяўнасць рабочай прафесіі ацэньваецца як карысць для далейшага жыцця, — працягвае Сяргей Мусіенка. — Ствараецца ўражанне, што ў навучэнцаў прафесійна-тэхнічных каледжаў адсутнічаюць неабгрунтаваныя амбіцыі, у іх адэкватная самаацэнка. Ці могуць гэтым пахваліцца студэнты ўніверсітэтаў? Ці ўпэўнены яны дакладна, куды і навошта прыйшлі і што іх чакае?”
Як паведаміў Сяргей Рыгоравіч, увосень Аналітычны цэнтр ЕсооМ плануе правесці падобнае даследаванне ў вышэйшай школе, а ў ліпені абнародуе вынікі апытання, праведзенага ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Планы пасля вучобы: працаваць і… пайсці ў армію
Сацыёлагі высвятлялі найбліжэйшыя планы маладых людзей пасля вучобы. Больш за 50 % апытаных адказалі, што ўладкуюцца на работу. Далей ідуць адказы “Пайду служыць у армію” і “Атрымаю другую спецыяльнасць”. Каля паловы ўдзельнікаў апытання сказалі, што ўжо ведаюць, дзе канкрэтна будуць працаваць, 34 % збіраюцца ўладкавацца на работу па прафесіі і яшчэ 33 % — амаль упэўнены ў гэтым. Частка навучэнцаў не супраць заняцца ўласнай справай, прыватным бізнесам.
Жыццёвым планам і таму, як навучэнцы бачаць сваю будучыню, была прысвечана цэлая серыя пытанняў. Цікава, што на пытанне “Як вы ацэньваеце свае шансы на тое, каб замацавацца ў жыцці?” 28 % апытаных адказалі, што іх шансы дастаткова высокія, а 53,9 % — што шансы ёсць, але ўсё залежыць ад іх саміх. “Гэта дэманстрацыя разумення таго, што само сабой нічога не даецца, і для дасягнення мэты трэба многа працаваць”, — інтэрпрэтуе адказы Сяргей Мусіенка. Песімізм назіраецца ў адказах 3,8 % чалавек, якія лічаць, што іх шансы не вельмі высокія, і 0,4 %, якія назвалі свае шансы нізкімі.
Узровень выкладання высокі для паловы навучэнцаў
У агульным навучэнцы паставілі высокія адзнакі сваім навучальным установам. Напрыклад, на пытанне “Ці параіце блізкім паступаць у гэтую ж навучальную ўстанову?” станоўча адказалі 65 % з іх.
Каля паловы рэспандэнтаў лічаць высокім узровень выкладання ў сваіх каледжах, столькі ж — сярэднім. Ацанілі ўзровень як нізкі 1,5 %, а як нездавальняючы — 0,5 %. Натуральна, даследаванне было ананімным, але С.Мусіенка прызнаецца, што дзе-нідзе давялося папярэджваць спробы кіраўніцтва ўстаноў паўплываць на меркаванні навучэнцаў. “У нас не было мэты выявіць недахопы ў дзейнасці асобных каледжаў, — падкрэслівае Сяргей Рыгоравіч. — Хацелася ацаніць усю сістэму ў цэлым праз успрыняцце навучэнцаў”.
Якія меры варта прыняць для павышэння аўтарытэту прафтэхадукацыі? На гэтае адкрытае пытанне навучэнцы далі 87 (!) варыянтаў адказаў. На першае месца яны паставілі працаўладкаванне выпускнікоў. Адметна, што на чацвёртым месцы — сучаснае абсталяванне і ўкараненне новых тэхналогій. Дабавіць аўтарытэту сістэме, на іх думку, і больш высокі ўзровень зарплаты выкладчыкаў — гэты адказ на пятым месцы.
Больш за ўсё рэспандэнты задаволены сваім здароўем
Асобны блок пытанняў быў звязаны з задаволенасцю рознымі аспектамі жыцця. Такім чынам, выбранай прафесіяй задаволена 55 % апытаных навучэнцаў, хутчэй задаволена — 29 %; калектывам — 55% і 29 % адпаведна; здароўем — 57 % і 29 %, вольным часам — 50 % і 33 %.
Пра здароўе было яшчэ адно пытанне, якое паказала, што каля 80 % навучэнцаў ім задаволены. Парадку 40 % рэспандэнтаў займаюцца ў гуртках і секцыях.
Любімыя кнігі: 264 варыянты адказаў!
Пытанні пра хобі былі адкрытымі, і кожны мог напісаць у анкеце што заўгодна. На пытанне аб любімай кнізе рэспандэнты далі 264 варыянты адказаў! Канечне, сярод іх школьная класіка: “Вайна і мір”, “Майстар і Маргарыта” і г.д., але не толькі. Ацэнка гэтага спісу, у якім Біблія, напрыклад, на 21-м месцы, можа многае даць педагогам для разумення сучасных дзяцей, упэўнены сацыёлагі.
“Шкада, што сярод назваў кніг амаль не прадстаўлены творы беларускіх аўтараў. Калі сітуацыя з фільмамі, хутчэй, характарызуе стан беларускага кінематографа, то названыя музычныя напрамкі — гэта цікавая інфармацыя для асветы настаўнікаў”, — зазначае Сяргей Мусіенка.
Сярод хобі на першым месцы аказаўся спорт, на другім — камп’ютар і інтэрнэт. Усяго апытаныя назвалі 63 віды захапленняў: танцы, аўтамеханіку, маляванне, вышыўку, музыку і многае іншае, прадэманстраваўшы вельмі разнастайнае напаўненне свайго жыцця.
Самая прэстыжная прафесія — медык
Менавіта прафесію медыка навучэнцы прафесійна-тэхнічных каледжаў лічаць самай прэстыжнай. Адпаведнае пытанне таксама было адкрытым, і рэспандэнты ўпісвалі ў анкету свае варыянты адказаў. На другое месца ў рэйтынгу яны паставілі прафесію вадзіцеля-міжнародніка. Далей яны назвалі (у парадку змяншэння папулярнасці адказу): будаўніка, архітэктара; юрыста; праграміста; кухара; інжынера; ваеннага, міліцыянера; зваршчыка і г.д. Усяго было пералічана больш за 200 прафесій.
“Радуе, што гэты спіс не ўказвае на сацыяльныя дэфармацыі, якія адбываюцца, напрыклад, у Расійскай Федэрацыі, і на першы план у свядомасці не выходзяць прафесіі кшталту топ-мадэлі, бандыта…” — каменціруе кіраўнік цэнтра ЕсооМ.
“Гэта “хабза”
Мяркуючы па адказах, пытанне “Якія меркаванні людзей пра сістэму прафтэхадукацыі варта было б абвергнуць?” зачапіла навучэнцаў за жывое. “Тут вучацца тупыя, дурныя, слабыя”, “Гэта дрэнная адукацыя”, “Тут непрэстыжна вучыцца”, “Гэта “хабза”.“Калі падобныя адказы даюць маладыя людзі ў розных рэгіёнах краіны, значыць, гэта сапраўды набалела, — гаворыць Сяргей Мусіенка. — Але яны пераадольваюць гэтыя стэрэатыпы”.
“На жаль, ілжывых меркаванняў аб сістэме прафтэхадукацыі хапае. Але аптымізму ў навучэнцаў ужо відавочна больш, чым было б яшчэ 5—10 гадоў назад, правядзі мы такое даследаванне раней, — працягвае кіраўнік ЕсооМ. — Сістэма прафтэхадукацыі жывая, развіваецца. Яна прызнана ў СНД: у некаторых каледжах мы бачылі, напрыклад, што там вучацца выкладчыкі з Расіі. Многае захавана і прымножана. Адкрыта шмат новых спецыяльнасцей, запатрабаваных рынкам. Каледжам удаецца падтрымліваць традыцыйную сувязь з вытворчасцю. Вялікая заслуга тут належыць выхадцам менавіта з сістэмы прафтэхадукацыі, якія лепш за іншых усведамляюць, як важна рыхтаваць працоўны рэзерв для краіны”.
Відавочна, у развіццё сістэмы прафтэхадукацыі ўрэшце паверылі і карыстальнікі адукацыйных паслуг.