Вынікі цэнтралізаванага тэсціравання сёння не абмяркоўвае толькі лянівы. І абмяркоўваць ёсць што. Парог у 15 балаў па матэматыцы не пераадолелі 32,7 % удзельнікаў, па фізіцы — 37 %; 20 балаў па гісторыі Беларусі не набралі 13,68 % чалавек, а тэст па грамадазнаўстве на недастатковыя балы выканалі 6,9 % удзельнікаў; мінімальны бал на ЦТ па беларускай мове не набралі больш за 5 %, па рускай мове — 8 %. Гэтыя лічбы кожны інтэрпрэтуе на свой манер.
Пра памылкі “інтэрпрэтатараў”
На думку некаторых, больш за 30 % адмоўных адзнак — не прычына біць трывогу з-за верагодных недабораў. Іншыя кажуць, што з-за адсеву на ЦТ абітурыентаў стала менш, чым бюджэтных месцаў ва ўніверсітэтах.
Гэтая спрэчка больш падобная на процістаянне аптымістаў і песімістаў, таму што брацца аналізаваць вынікі цэнтралізаванага тэсціравання — гэта ўсё ж такі справа спецыялістаў, а не абывацеляў. А спецыялісты кажуць, што зараз даць аб’ектыўны і поўны аналіз вынікаў ЦТ немагчыма па дзвюх прычынах. Па-першае, невядомы (не паказаны грамадскасці) усе параметры тэстаў, якія выконваліся ў гэтым годзе. Як, напрыклад, ацаніць, лёгкія былі тэсты ці складаныя? Моцны вучань скажа, што лёгкія, слабы — наадварот. Па-другое, няма поўнай статыстычнай карціны па краіне.
Яшчэ адна крыўдная памылка “інтэрпрэтатараў” заключаецца ў тым, што па выніках ЦТ яны мяркуюць аб якасці работы сярэдняй школы, ігнаруючы галоўную ідэю беларускага тэсціравання — яно прызначана толькі для ранжыравання абітурыентаў. У рэшце рэшт, каб ацаніць работу школы, ёсць шмат іншых параметраў.
Таму мы вырашылі паглядзець на першыя абнародаваныя вынікі выканання тэстаў вачамі прадстаўнікоў вышэйшай школы, задаўшы ім наступныя пытанні: як адаб’юцца балы цэнтралізаванага тэсціравання на прыёме ў ваш універсітэт? Колькасць удзельнікаў ЦТ, якія не перасягнулі ніжнюю планку, вас больш радуе (адсеяліся слабыя) або засмучае (магчымы недаборы)? Ці варта асацыіраваць балы тэсціравання і якасць работы школы? І атрымалі наступныя адказы.
“Сертыфікаты ЦТ — гэта перш за ўсё сведчанне таго, як працаваў сам абітурыент”
Адказны сакратар прыёмнай камісіі МДПУ імя І.П.Шамякіна П.Р.КОШМАН: “Ва ўніверсітэце за апошнія гады праведзена вялікая работа па адкрыцці новых спецыяльнасцей, таму разлічваем, што яны будуць цікавыя абітурыентам. Напрыклад, адкрыты спецыяльнасці “Тэхнічная праца і прадпрымальніцтва”, “Абслуговая праца і прадпрымальніцтва”, “Сацыяльная работа (сацыяльна-педагагічная дзейнасць)”, “Біялогія і хімія”, “Прыкладная матэматыка (навукова-педагагічная дзейнасць)”, — расказаў прадстаўнік Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. — Вынікі ЦТ аб’ектыўна сведчаць, што большасць з тых, хто не набраў дастатковую для паступлення ва ўніверсітэт колькасць балаў, не гатовы сёння паспяхова асвойваць універсітэцкую праграму.
Рабіць прагнозы на бягучы год складана, хаця па выніках мінулых гадоў можна выказаць здагадку, якія спецыяльнасці будуць найбольш запатрабаваны. Так, раней большым попытам карысталіся спецыяльнасці “Лагапедыя”, “Фізічная культура”, “Біялогія”, “Прафесійнае навучанне (будаўніцтва)”, “Англійская мова. Нямецкая мова”.
Сувязь вынікаў ЦТ і якасць работы школы, безумоўна, ёсць. Але сертыфікаты ЦТ, на мой погляд, — гэта перш за ўсё сведчанне таго, як працаваў сам абітурыент, наколькі ён асабіста быў зацікаўлены ў дасягненні выніку”.
Вышэйшая адукацыя не павінна быць для ўсіх
Адказны сакратар прыёмнай камісіі БДПУ імя Максіма Танка С.У. ЯКАВЕНКА: “Вынікі ЦТ па фізіцы і матэматыцы нас не абнадзейваюць. У мінулым годзе ва ўніверсітэце былі цяжкасці з наборам на спецыяльнасці фізіка-матэматычнага профілю. Сёлета план прыёму на гэтыя спецыяльнасці скарочаны: на “Матэматыку і інфарматыку” (дзённы бюджэт) мы плануем прыняць 115 чалавек, а на дзве спецыяльнасці фізічнага факультэта — 85. Мы разумеем, што да нас прыйдзе менш абітурыентаў. Гэта разумеюць і іншыя ўніверсітэты, таму мы ў аднолькавых умовах. Але прахадны бал усё роўна трэба было павышаць, — лічыць адказны сакратар мінскага ўніверсітэта. — Вышэйшая адукацыя не павінна быць для ўсіх. Нармальны прынцып: калі ў мяне няма слыху і голасу, я ж не паступаю ў музычную акадэмію! Калі ў школе навучэнец вучыўся на 3 балы па 10-бальнай сістэме, то, магчыма, яму трэба разгледзець прафесіі, якія не патрабуюць вышэйшай адукацыі? Альбо паступаць ва ўніверсітэт пазней, паспрабаваўшы лепш падрыхтавацца.
У мяне нямала знаёмых, калег, аднакурснікаў, якія працуюць у школах. Яны дзейнічаюць у зададзеных рамках: на фізіку адводзіцца два ўрокі ў тыдзень. Як можна за гэты час навучыць такому складанаму прадмету? Трэба ўдасканальваць і школьныя падручнікі. Таму не за ўсё адказвае школа”.
“Адсеяць слабых можна і падчас вучобы ва ўніверсітэце”
Адказны сакратар прыёмнай камісіі ГДУ імя Францыска Скарыны А.В.КРУК: “Па выніках ЦТ мы прагназуем недабор на платную форму навучання ў асноўным па педагагічных спецыяльнасцях, а таксама на завочную форму навучання, — паведаміў прадстаўнік Гомеля. — У мінулым годзе, калі мінімальны станоўчы бал складаў 8, ва ўніверсітэце былі недаборы на платную форму навучання па філалагічных спецыяльнасцях, педагагічнай фізіцы і матэматыцы і нават па некаторых эканамічных спецыяльнасцях. Таму той факт, што даволі вялікая колькасць удзельнікаў ЦТ не перасягнула ніжнюю планку, асабліва па матэматыцы і фізіцы, нас хутчэй засмучае. Адсеяць слабых можна і падчас вучобы ва ўніверсітэце. Штогод мы адлічваем 500 і больш студэнтаў, прычым значную частку — за непаспяховасць. Акрамя гэтага, у нашым універсітэце ўжо больш за тры гады са студэнтамі першага курса праводзяцца дадатковыя карэкціруючыя заняткі па такіх прадметах, як фізіка, матэматыка, хімія. Гэтыя заняткі дазваляюць лепш адаптавацца ўчарашнім школьнікам да вучобы ва ўніверсітэце і павышаюць паспяховасць на першай сесіі.
У Гомельскай вобласці складзены прафпрагноз намераў вучняў пры паступленні ва УВА. Згодна з гэтым прагнозам, у вобласці 9095 выпускнікоў школ, з іх 1088 плануюць паступаць у наш універсітэт. У гэтым годзе план прыёму ў ГДУ імя Францыска Скарыны практычна не змяніўся і складае 2730 чалавек на ўсе формы навучання. Разам з тым адбылося нязначнае скарачэнне бюджэтных месцаў (прыкладна на 13-14%) у асноўным па эканамічных спецыяльнасцях.
У цэлым па вобласці вынікі ЦТ супадаюць з вынікамі па краіне. Каля 30% удзельнікаў тэсціравання не змогуць працягнуць навучанне ў вышэйшай школе.
На маю думку, сістэма ранжыравання выпускнікоў школ па выніках ЦТ апраўдвае сябе толькі пры паступленні ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Для ацэнкі якасці падрыхтоўкі ў школах лепшы варыянт — вусны або пісьмовы экзамен”.