Калі вы спытаеце выпускніка БелДУТа пра яго альма-матар, то абавязкова пачуеце, што гэта найлепшы ўніверсітэт у нашай краіне. Адкуль такая ўпэўненасць? Нейкая неверагодная аўра цяпла і дабрыні пануе ў сценах гэтай установы.
Ад вытокаў да дня сённяшняга
У мінулым годзе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту адзначыў свой 60-гадовы юбілей. Ствараўся інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту як вышэйшая навучальная ўстанова ўсесаюзнага значэння. Яе выпускнікі працуюць зараз на ўсёй постсавецкай прасторы.
Пачыналася ўсё з трох факультэтаў: інжынернага, будаўнічага і эксплуатацыйнага. На 8 кафедрах вялі заняткі 20 выкладчыкаў, якія ў асноўным былі накіраваны ў гомельскі інстытут з Масквы і Ленінграда. Гэта былі людзі, якія сфарміравалі вядомыя на ўсю вялікую краіну навукова-педагагічныя школы: прафесар І.Г.Ціхаміраў, адзіны ў СССР прафесар па вагоннай гаспадарцы М.З.Крываручка, прафесар П.К.Кругер і іншыя. Менавіта яны заклалі традыцыі БелДУТа, якія беражліва захоўвае і памнажае кожнае пакаленне выкладчыкаў.
Што такое БелДУТ сёння? Гэта класічны ўніверсітэт заходняга ўзору, у якім вучацца каля 12 тысяч студэнтаў, курсантаў, магістрантаў, аспірантаў і дактарантаў. Гэта больш як 400 выкладчыкаў, палова з якіх — дактары і кандыдаты навук. А яшчэ ўніверсітэт транспарту сёння — гэта Веньямін Іванавіч Сянько, прафесар, доктар тэхнічных навук, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, ганаровы грамадзянін Гомеля. Паўстагоддзя звязвае яго з гэтым універсітэтам: студэнт, аспірант, інжынер, выкладчык, дацэнт, прафесар, дэкан і вось ужо амаль 14 гадоў — рэктар.
Калі заводзіш з Веньямінам Іванавічам гутарку пра ўніверсітэт, ён пачынае з гордасцю расказваць пра дасягненні, пра тых, хто працуе побач з ім і хто вучыцца ў ягоным універсітэце. Прайшоўшы ўсе прыступкі ў гэтай установе, рэктар добра ведае, што патрэбна студэнтам і чаго чакаюць ад яго выкладчыкі.
Сёння тут створаны ўсе ўмовы для паспяховага навучання і навуковай дзейнасці. Прасторныя аўдыторыі, вучэбныя і навукова-даследчыя лабараторыі, вялізная бібліятэка з сучаснай электроннай чытальнай залай. Не горшы так званы сацыяльны бок. Да паслуг студэнтаў — выдатны спартыўны комплекс з больш чым дзесяццю заламі і басейнам. Калі ёсць жаданне больш сур’ёзна займацца спортам — калі ласка! Ва ўніверсітэце развіваюць амаль 20 відаў спорту. Як вынік, каманда БелДУТа — пастаянны прызёр рэспубліканскай спартакіяды.
З харчаваннем таксама няма праблем. Студэнцкая сталовая знаходзіцца ў ведамстве ўніверсітэта, і сам рэктар пільна сочыць за тым, якія стравы прапануюцца яго студэнтам.
— Я першым спрабую прыгатаваную нашымі кухарамі ежу, бо харчуюся толькі ў нашай сталовай, — прызнаецца Веньямін Іванавіч.
Бясспрэчна, вельмі важным з’яўляецца жыллёвае пытанне. З гэтым тут таксама ўсё ў парадку. Кожны іншагародні студэнт уладкаваны ў інтэрнат. Іх ва ўніверсітэце чатыры, і ўсе размешчаны побач. Студэнты жывуць па чатыры чалавекі ў пакоі. Веньямін Іванавіч успамінае, як студэнты выказалі жаданне жыць па трое:
— Я збіраю ўсіх у адной зале і пытаю: “Хочаце, каб вас у пакоі было толькі трое?” Крычаць у адказ: “Так!” “Добра, — кажу. — Тады селім па тры чалавекі, а кожнага чацвёртага адпраўляем у горад на пошукі жылля”. “Не-е-е-е”, — загулі ўсе. Ну не дык не, жывём спакойна далей.
Ва ўніверсітэце транспарту прынята адкрыта вырашаць усе пытанні, а рэктар заўсёды даступны для любога выкладчыка і студэнта. Можна з лёгкасцю прыйсці да яго ў кабінет і выказаць усё, што хвалюе.
Па правілах “залатога трохвугольніка”
У Веньяміна Іванавіча ва ўніверсітэце няма прыярытэтных напрамкаў, для яго ўсё аднолькава важна. А вось пэўныя патрабаванні як да прафесарска-выкладчыцкага складу, так і да будучых спецыялістаў у яго ёсць. І ён ставіцца да гэтага вельмі сур’ёзна.
— Я ўпэўнены, што выкладчык абавязкова павінен займацца навукай, даследчай работай, інакш яму проста няма чаго рабіць у аўдыторыі, — гаворыць В.І.Сянько. — Што ў такім выпадку ён можа сказаць студэнтам, асабліва старшакурснікам? Што цікавага можа данесці да іх? Дастане парыжэлыя ад часу канспекты лекцый і будзе чытаць іх, а кожны студэнт будзе займацца сваёй справай, бо яму гэта не цікава? Ці будзе пераказваць тое, што напісана ў кніжцы? Дык тая кніжка, можа, дзесяць гадоў назад выдавалася! Сёння яна не актуальная ўжо.
Прафесар упэўнены, што ўніверсітэт павінен жыць па правілах “залатога трохвугольніка”: адукацыя — вытворчасць — навука. І гэта з’яўляецца дэвізам Бел ДУ Та, які выконваецца на практыцы.
Цесную сувязь універсітэт падтрымлівае з вытворчасцю. Кожная выпускаючая кафедра мае свой філіял на вядучых прадпрыемствах і ў арганізацыях. Трэба адзначыць, што ў многім дзякуючы такому супрацоўніцтву ў навучальнай установе адкрыты новыя спецыяльнасці, такія як “Мытная справа”, “Экспертыза і кіраванне нерухомасцю”, “Лагістыка (чыгуначны транспарт)”, “Электразабеспячэнне чыгунак”. Але самым вялікім дасягненнем рэктар лічыць стварэнне пры ўніверсітэце выпрабавальнага цэнтра чыгуначнага транспарту “Сека”, акрэдытаванага ў Рэспубліцы Беларусь і Расіі. Гэтую ідэю Веньямін Іванавіч выношваў у сваім сэрцы, і ён добра ведае, у чым яго каштоўнасць. Як адзначыў расійскі акадэмік У.І.Калеснікаў, які нядаўна наведваў універсітэт транспарту, такога прыкладу няма на ўсёй постсавецкай прасторы.
— У стварэнне цэнтра мы ўклалі вялікія грошы, але ён ужо сёння акупляецца, — заўважыў прафесар.
Чаму так хварэў ідэяй стварэння цэнтра Веньямін Іванавіч? Доўгія гады ён займаецца праблемамі эксплуатацыі вагоннай гаспадаркі, стаў у былым СССР першым доктарам тэхнічных навук у гэтай галіне. Наўрад ці хто ведае аб гэтым больш, чым прафесар В.І.Сянько. А ў аснове ідэі — дзве важныя мэты. Наяўнасць такой базы, па-першае, дазваляе да мінімуму звесці выдаткі нашых вагонабудаўнічых прадпрыемстваў на выпрабаванне сваёй прадукцыі. А па-другое, дае магчымасць сур’ёзна мадэрнізаваць арганізацыю вучэбнага працэсу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту.
— Цяпер замест заняткаў у аўдыторыях будуць праводзіцца практычныя заняткі ў выпрабавальным цэнтры, — тлумачыць Веньямін Іванавіч. — Напрыклад, выкладчык кажа: “Сённяшняя наша тэма —“Хадавыя часткі грузавога вагона”. Хто ведае, дзе яны знаходзяцца?” І студэнты не проста расказваюць, а паказваюць, тым самым дэманструючы, што не проста завучылі па кніжцы, а на самай справе ведаюць, як пабудаваны вагон. І так разглядаецца кожная тэма. Студэнты па 6 гадзін будуць займацца ў выпрабавальным цэнтры. І ў іх будзе зусім іншае ўспрыманне матэрыялу.
Да таго ж у выпрабавальным цэнтры можна ўбачыць новыя сучасныя вырабы. Напрыклад, нядаўна ў цэнтр прыгналі для іспытаў грузавую платформу з Ніжняга Тагіла — абсалютна новае, вельмі цікавае рашэнне. І калі б не было выпрабавальнага цэнтра, студэнты б не змаглі ўбачыць гэта зараз, калі прадукцыя толькі на пачатку выхаду ў свет.
Рэктар упэўнены, што прафесарска-выкладчыцкі склад зможа данесці да студэнтаў каштоўнасць такога навучання.
— Пакуль яшчэ не ўсе ва ўніверсітэце разумеюць, чаго ад іх хочуць, — прызнаецца Веньямін Іванавіч. — Але я ведаю, чаго я ад іх хачу.
Талентам трэба дапамагаць
Гэта святое правіла ўніверсітэта транспарту. Тут даўно распрацавана свая сістэма работы з таленавітай моладдзю. Пачынаецца ўсё з першага курса, пасля якога выкладчык павінен даць ацэнку кожнаму студэнту.
— Мне не патрэбна ацэнка ведаў, — гаворыць прафесар. — 8 ці 9 балаў мае студэнт — гэта не паказчык. Не кожны, хто займаецца на выдатна, можа стаць добрым спецыялістам ці навукоўцам. Калі выкладчык піша: “Ёсць парасткі творчай думкі” — вось на што я звяртаю ўвагу.
Такога студэнта ўжо на другім курсе спрабуюць далучыць да нейкай дадатковай работы, а на трэцім ён атрымае прапанову працаваць у навукова-даследчай лабараторыі, рыхтаваць па яе тэматыцы курсавыя і дыпломны праекты і нават зарабіць крыху грошай — 50 працэнтаў заробку старшага інжынера. У выніку краіна атрымлівае не толькі добра падрыхтаванага, думаючага інжынера, але і перспектыўнага навукоўца.
Па словах рэктара, у сценах універсітэта штогод абараняецца 10—12 кандыдацкіх дысертацый і 1-2 доктарскія. Гэта вельмі добры паказчык.
Безумоўна, такія дасягненні немагчымы без удзелу выкладчыкаў, якія год за годам вядуць таленавітага студэнта, і Веньямін Іванавіч вельмі цэніць такую работу.
Яшчэ адна чыста “белдутаўская” задумка па падтрымцы адораных студэнтаў — 30 зацверджаных універсітэтам транспарту імянных стыпендый. Атрымаць такую стыпендыю — вялікі гонар. А фотаздымкі з прозвішчамі стыпендыятаў займаюць ганаровае месца побач з партрэтамі знакамітых навукоўцаў, імем якіх названы стыпендыі, на сценах універсітэцкіх калідораў.
Тут наогул уся гісторыя ўніверсітэта як на далоні: імёны знакамітых вучоных, якія зрабілі свой унёсак у развіццё ўстановы; выпускнікоў, якія дасягнулі высокіх вынікаў дзейнасці; і выпускнікоў, якія скончылі БелДУТ з адзнакай. Прафесар В.І.Сянько сцвярджае, што гэта не проста гісторыя, гэта яшчэ ідэалогія.
Патрэба рабіць дабро
Менавіта такое разуменне ідэалогіі ва ўніверсітэце транспарту. Як прывіваюць студэнтам гэтае пачуццё? Веньямін Іванавіч кажа, што асаблівых намаганняў прыкладаць не прыходзіцца. Даўно закладзеныя традыцыі і сама атмасфера ўстановы — вось галоўныя рухавікі, таму студэнцкую моладзь не трэба ўгаворваць на нейкую добрую справу. Напрыклад, у 2001 годзе БелДУТ узяў шэфства над 20 пахаваннямі, якія па нейкіх прычынах аказаліся крыху забытымі. “І я ніколі не кажу студэнтам “трэба ісці”, яны гэта самі мне кажуць”, — сцвярджае Веньямін Іванавіч.
Бачна, што ён адчувае гордасць за сваіх студэнтаў, бо яны заўсёды там, дзе патрэбна дапамога.
— Пакуль хлопцы і дзяўчаты вучацца ў нас, яны заражаюцца “інфекцыяй” дабрыні і добрапрыстойнасці, — упэўнены рэктар. — Гэта і ёсць наша ідэалагічная работа.
Доказам таго, наколькі сур’ёзна рухаецца ўніверсітэт у гэтым напрамку, служаць узнагароды. Літаральна днямі БелДУТ атрымаў чарговы, сёмы па ліку дыплом за лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы ў абласным конкурсе.
— Што б вы сказалі сваім патэнцыяльным абітурыентам? — пытаюся ў Веньяміна Іванавіча.
— Тое, што кожны год кажу сваім студэнтам 1 верасня: я падзякую ім за іх імкненне вучыцца далей і атрымаць вышэйшую адукацыю і за тое, што выбралі наш універсітэт. Больш нічога не трэба казаць. Калі яны выбралі нас, то яны зрабілі правільны выбар.
Наталля ЛУТЧАНКА.