Алімпіяда, ЦТ ці проста гурток па інтарэсах?

Хадзіць на заняткі ва ўніверсітэт могуць не толькі студэнты. Вучыцца ў будучай альма-матар маюць магчымасць і школьнікі, дзе з імі будуць працаваць універсітэцкія выкладчыкі.
“Школы юных” працуюць амаль на кожным факультэце БДУ. Некаторыя ўжо правялі свае першыя заняткі, у некаторых першыя сустрэчы школьнікаў з выкладчыкамі адбудуцца толькі ў канцы кастрычніка. Мы пагутарылі з людзьмі, адказнымі за арганізацыю і правядзенне такіх школ, і папрасілі расказаць іх пра “школьныя” асаблівасці.
Адразу папярэдзім, што дамашнія заданні ў такіх школах не задаюць, бо вучыцца сюды прыходзяць зацікаўленыя дзеці. Аднак заўсёды ёсць магчымасць папрасіць такія заданні асабіста для сябе. Выкладчыкі іх абавязкова правераць і дадуць свае парады. Ёсць і яшчэ адна асаблівасць, якая аб’ядноўвае ўсе школы: яны бясплатныя, так што іх наведванне не абмяжоўваецца матэрыяльным станам.

Мытня дае дабро

Пачнём са школы, дзе выкладаецца прадмет, якога няма ні ў адным раскладзе сярэдняй школы, — мытная справа.
“Нашы выкладчыкі, якія прымалі ўдзел у прафесійна-псіхалагічным субяседаванні, зрабілі высновы, што многія школьнікі вельмі цьмяна ўяляюць, хто такі мытнік і што ён робіць”, — адзначыў загадчык кафедры мытнай справы факультэта міжнародных адносін БДУ Віктар Аляксандравіч Астрога. (Згодна з новай рэдакцыяй Кодэкса аб адукацыі, пры паступленні ў вышэйшыя ўстановы адукацыі праходзіць прафесійна-псіхалагічнае субяседаванне ўжо не трэба. — Заўв. аўт.)
Як патлумачыў Віктар Аляксандравіч, мытнік — гэта ў адной асобе і юрыст, і эканаміст-міжнароднік, і крыміналіст, і псіхолаг. Яркім прыкладам таго, калі трэба прымяніць такія разнастайныя веды, становіцца выяўленне праходжання кантрабанды праз мяжу.
У “Школе будучага мытніка” праводзяць заняткі як выкладчыкі кафедры мытнай справы факультэта міжнародных адносін, так і супрацоўнікі Мінскай рэгіянальнай мытні і Мытнага камітэта.
Віктар Аляксандравіч патлумачыў, што расказваюць школьнікам, каб у іх склалася ўласнае ўяўленне аб прафесіі. “Спецыялістаў мы рыхтуем па трох напрамках. Першы — гэта прававое забеспячэнне, калі выпускнікі будуць працаваць непасрэдна ў мытных органах. Другі напрамак уяўляе сабой эканамічнае забеспячэнне мытнай справы. Мы рыхтуем людзей, якія будуць працаваць на прадпрыемствах, у фірмах, дзе будуць займацца мытным дэклараваннем, афармленнем. Трэці — гэта мытная лагістыка, якая звязана з арганізацыяй перамяшчэння тавараў праз мяжу”, — адзначыў Віктар Аляксандравіч.
Уявім, што праз мяжу перавозіцца гісторыка-культурная каштоўнасць. Дарэчы, да такіх адносяцца прадметы, створаныя раней за 1945 год. Трэба многа ведаць, каб не прапусціць рэч, якая, напрыклад, з’яўляецца культурным набыткам беларускага народа. Аднак затрыманне машыны трэба аргументаваць, інакш на мытніка могуць падаць у суд за неправамоцныя ўчынкі.
“Школа — гэта добрая магчымасць зразумець, ці падабаецца мытная справа, ці захочаш ёй займацца ў будучыні”, — патлумачыў загадчык кафедры мытнай справы.
Гэта і ўдзячная прафарыентацыйная работа. Так, напрыклад, амаль чвэрць адзінаццацікласнікаў, якія наведвалі “Школу будучага мытніка”, паступілі на спецыяльнасць “Мытная справа”.
“Мы набіраем матываваных студэнтаў. У адрозненне ад іншых яны дакладна ведалі, куды падавалі дакументы”, — рэзюмаваў В.А.Астрога.

Усе лічбы вядуць да матэматыкі

Матэматычная школа на механіка-матэматычным факультэце ўнікальная тым, што яна працуе як вочна, так і ў дыстанцыйнай форме. Вочная школа разлічана на вучняў 5—10 класаў. А для адзінаццацікласнікаў прапаноўваюцца тэарэтычны матэрыял і заданні на сайце факультэта, так што наведваць яе могуць не толькі жыхары Мінска і Мінскага раёна, але і іншагароднія.
Кожны ўрок у дыстанцыйнай школе адкрываецца на адзін тыдзень. Усяго запланавана 30 урокаў, якія фарміруюцца менавіта на аснове праграмы падрыхтоўкі да ЦТ. Праўда, ёсць тэмы, якія выходзяць за рамкі тэсціравання.
“Большасць заняткаў у дыстанцыйнай школе разлічана на падрыхтоўку да ЦТ, аднак тэмы некаторых урокаў вы ўсё ж не знойдзеце ў школьнай праграме”, — расказала Ганна Генадзьеўна Яблонская, намеснік дэкана па прафарыентацыйнай рабоце механіка-матэматычнага факультэта.
Ганна Генадзьеўна расказала і пра самі заняткі: “Мы пачынаем не з самай складанай, але вельмі важнай тэмы — спрашчэння выразаў. Шмат увагі ўдзяляем ураўненням з модулем”.
На дыстанцыйныя заняткі можна запісацца ў любы час. Што да заняткаў непасрэдна на факультэце для вучняў 5—10 класаў, то іх групы ўжо сфарміраваны. Аднак, як патлумачылі на факультэце, варта прыслаць на электронную пошту заяву з просьбай залічэння ў школу. Не выключана, што вольнае месца знойдзецца.

Неабсяжныя прасторы зямлі

“Прыродныя зоны ў Афрыцы”, “Турызм у Кітаі”, “Прыродныя асаблівасці прыроды Расіі” — гэта толькі некаторыя тэмы заняткаў у “Школе юных географаў, краязнаўцаў і геолагаў” у гэтым годзе. Будуць і больш класічныя тэмы.
“Школа створана для развіцця цікавасці школьнікаў да геаграфіі. На апошніх занятках у маі мы праводзім анкетаванне, каб даведацца, якія тэмы спадабаліся, пра што дзеці хацелі б пачуць. Пажаданні вучняў мы ўлічваем пры стварэнні праграмы на наступны год”, — расказала Марына Міхайлаўна Ермаловіч, старшы выкладчык кафедры фізічнай геаграфіі свету і адукацыйных тэхналогій.
Ёсць падлеткі, якія наведваюць школу не першы год, таму тэмы заняткаў не паўтараюцца. Сама школа разлічана на вучняў 8—11 класаў, аднак ніхто не адмовіць вучню, напрыклад, 7 класа, які з цікавасцю будзе займацца на занятках.

Буду добрым гісторыкам!

“Многіх школьнікаў цікавяць не толькі тэмы алімпіядных заданняў, але і тыя, што спатрэбяцца на тэсціраванні, таму сёлета мы вырашылі разглядаць перыяды, па якіх ёсць заданні і на тэсціраванні, і пры падрыхтоўцы да алімпіяды”, — патлумачыла Лілія Уладзіміраўна Бярэйшык, намеснік дэкана па вучэбнай і выхаваўчай рабоце гістарычнага факультэта БДУ.
“Ёсць вельмі захопленыя гісторыяй дзеці, якія рыхтуюцца не толькі на базе школьнай праграмы, але і самастойна, таму ў гістарычным плане яны вельмі моцныя”, — патлумачыла Лілія Уладзіміраўна. Безумоўна, некаторым з іх вельмі дапамагае “Школа юных гісторыкаў”.
Як паведаміла намеснік дэкана, агульных заданняў для падлеткаў яны не прапаноўваюць. Аднак, калі дзеці хочуць сябе праверыць, лектары даюць свой электронны адрас ці электронны адрас факультэта, на які можна даслаць заданні для індывідуальнай праверкі.

Што мы ўбачым, калі зазірнём у мікраскоп

“Школа юнага біёлага” — гэта не базавы ўзровень вывучэння біялогіі і не падрыхтоўка да ЦТ. Аб гэтым мы папярэджваем на першых занятках”, — папярэдзіла і нас Таццяна Іванаўна Дзітчэнка, дацэнт кафедры клетачнай біялогіі і біяінжынерных раслін біялагічнага факультэта БДУ. Школа разлічана на вучняў 10 і 11 класаў. Як правіла, вучні, якія наведвалі школу ў 10 класе, працягваюць сваё навучанне і ў 11-м.
Хлопцы і дзяўчаты вельмі любяць практычныя заняткі, дзе працуюць з прэпаратамі, якіх можа і не аказацца ў звычайных школьных кабінетах біялогіі. Напрыклад, на занятках па фізіялогіі і біяхіміі раслін вучні атрымліваюць выцяжку фотасінтэтычных пігментаў. У мікраскоп разглядваюць, якія пігменты ёсць у жывым лісце. Акрамя зялёных, ёсць жоўтыя і аранжавыя, пра што мала хто ведае. Якую функцыю яны выконваюць? Школьнай праграмай такія заняткі не прадугледжаны, а на алімпіядах такое заданне можа быць.
“Школа юнага біёлага” пачала сваю дзейнасць, аднак жадаючыя, якія не паспелі запісацца ці не ведалі, што такая школа існуе, могуць прыйсці на заняткі і дазапісацца ўжо непасрэдна на факультэце. Расклад заняткаў вывешаны на факультэцкім сайце.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.