Я ў хімікі б пайшоў…

Хімія — адна з найважнейшых і шырокіх абласцей прыродазнаўства. Ці складаная гэта навука? Магчыма. Але толькі для тых, хто не зацікаўлены ў ёй. Калі ж паглыбляешся ў гэты займальны свет, разумееш, які тут ёсць шырокі прастор для ідэй. І яны, здаецца, невычарпальныя, бо чым больш адкрыццяў у хіміі адбываецца, тым больш з’яўляецца магчымасцей. Да таго ж як навука хімія патрэбна ўсюды — у медыцыне, харчовай прамысловасці, на транспарце, у будаўніцтве, у мастацтве, крыміналістыцы… Пра ўсё гэта добра вядома студэнтам, якія займаюцца на кафедры хіміі біялагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.

Сёння можна смела казаць, што перад выпускнікамі біялагічнага факультэта, якія мэтанакіравана вывучаюць хімію, адкрыты многія дзверы. У іх ёсць магчымасць рэалізаваць сябе ў адукацыі і навуцы, у медыцыне, лясной гаспадарцы, прыродаахоўных і экспертных арганізацыях, у розных лабараторыях і на прадпрыемствах харчовай і хімічнай прамысловасці. Тым больш што на кафедры хіміі працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты, ахопленыя жаданнем прывесці моладзь у навуку. З васьмі выкладчыкаў — шэсць маюць вучоныя ступені і званні. А навуковыя кантакты з кафедрай аналітычнай хіміі Белдзяржуніверсітэта, Гомельскім аддзяленнем Беларускага навукова-даследчага геолага-разведвальнага інстытута, Інстытутам радыялогіі, навукова-даследчым інстытутам нафтавай і газавай прамысловасці, кафедрай хіміі Нежынскага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Гогаля і іншымі навуковымі падраздзяленнямі адкрываюць новыя і цікавыя магчымасці як для выкладчыкаў, так і для студэнтаў.
Адной з галоўных задач, якія ставіць сёння перад сабой кафедра, з’яўляецца выяўленне здольных і адораных навучэнцаў, матываваных на вывучэнне такой цікавай навукі, як хімія. З гэтай нагоды супрацоўнікі кафедры пастаянна ўдасканальваюць прафарыентацыйную работу са школьнікамі. Распрацавана цэлая сістэма падрыхтоўкі школьнікаў для паступлення ў ВНУ, якая рэалізуецца сумесна з Гомельскім абласным інстытутам развіцця адукацыі і факультэтам даўніверсітэцкай падрыхтоўкi Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Адным з этапаў падрыхтоўкі з’яўляецца правядзенне трэніровачных збораў навучэнцаў 9—11 класаў да абласнога i заключнага этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па хіміі. Правядзенне тэарэтычных заняткаў арганізавана на базе Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, а вось практычных і эксперыментальных — на базе кафедры хіміі біялагічнага факультэта. Як паказваюць вынікі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды, якасць выканання практычных заданняў вучнямі гомельскай каманды з году ў год паляпшаецца.
Насамрэч, у эру развіцця камп’ютарных тэхналогій цяжка чымсьці здзівіць, а тым больш зацікавіць падрастаючае пакаленне. Навукоўцы прызнаюць, што за апошнія гады ўзровень матывацыі і, адпаведна, ведаў па хіміі ў школьнікаў значна знізіўся. З кожным годам павялічваецца колькасць вучняў, якія не маюць дакладнага ўяўлення аб самім прадмеце хіміі. Для пераадолення матывацыйнага крызісу можна выкарыстоўваць прыроднае імкненне дзяцей да даследавання і эксперымента.
Выкладчыкі кафедры адзначаюць, што ў вучняў узнікае цікавасць да хіміі на пачатковым этапе, пакуль яны разглядаюць яе як эксперыментальную навуку. Але, сутыкаючыся з цяжкасцямі запісу хімічных рэакцый і рашэннем задач, цікавасць, на жаль, страчваюць. Таму, працуючы над павышэннем якасці хімічнай адукацыі, трэба рабіць упор на стымуляванне крэатыўнасці, развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў. Пры гэтым неабходна актывізаваць пазнавальную дзейнасць вучняў не толькі да прадмета, які вывучаецца, у прыватнасці да хіміі, але і ў цэлым да навукі. На кафедры разумеюць гэта, і з поспехам апрабоўваюць на практыцы.
Так, з мэтай прыцягнення вучняў да даследчай работы ў галіне хіміі і прывіцця школьнікам навыкаў правядзення калектыўных навуковых даследаванняў на Гомельшчыне ўжо двойчы праводзіўся абласны турнір юных хімікаў, арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне якога ўзяў на сябе абласны інстытут развіцця адукацыі. У гэтым навучальным годзе намечаны трэці па ліку турнір. Яго асноўнымі задачамі з’яўляюцца выяўленне і развіццё творчых і інтэлектуальных здольнасцей навучэнцаў, навыкаў вядзення навуковай дыскусіі ў формах, прынятых хімічнай навуковай супольнасцю, стварэнне ўмоў для прадастаўлення і абароны вынікаў даследчай дзейнасці.
Не менш цікавай у гэтым сэнсе аказалася і арганiзаваная на кафедры работа завочнай школы “Юны хімік”, якой кіруе дацэнт А.В.Вараб’ёва. Школьнікам Гомельшчыны прапануюцца для выканання некалькі варыянтаў кантрольных работ. Па іх выніках найбольш актыўныя ўдзельнікі запрашаюцца на кафедру хіміі ва ўніверсітэт для ўдзелу ў штогадовай зімовай сесіі. Акрамя заняткаў, для іх з мэтай прафарыентацыйнай работы праводзяцца экскурсіі па біялагічным факультэце і лабараторыях кафедры хіміі. У канцы года ўсім удзельнікам школы “Юны хімік” высылаюць буклеты аб ГДУ імя Францыска Скарыны, а найбольш актыўным — падзячныя лісты на адрас адміністрацыі школы.
Сістэма падрыхтоўкі школьнікаў да паступлення ва ўніверсітэт дзейнічае і на падрыхтоўчым аддзяленні. Яна ўяўляе сабой практычныя заняткі, якія праводзяцца ў кантэксце праблем вучэбнай праграмы. Іх вызначае дэмакратычны стыль зносін з абітурыентамі, а ў аснову пакладзена шчырая зацікаўленасць педагогаў кожнай асобай. Эмацыянальна насычаная адукацыйная сітуацыя матывуе да выбару будучай дзейнасцi і стымулюе жаданне навучэнцаў прадоўжыць актыўны пазнавальны працэс.

Наталля ЛУТЧАНКА,
Наталля ДРАЗДОВА,
загадчыца кафедры хіміі біялагічнага факультэта ГДУ
імя Францыска Скарыны, кандыдат хімічных навук, дацэнт.