Тэкстыльная вытворчасць Беларусі з’яўляецца адной з найбуйнейшых у Еўропе. Зараз прадпрыемствы галіны праводзяць маштабную мадэрнізацыю — і, адпаведна, расце патрэба ў высокакваліфікаваных кадрах. Іх рыхтуюць у Віцебску: адзіная ў краіне ўстанова, якая прапануе абітурыентам набыць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “Вытворчасць тэкстыльных матэрыялаў” — Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.
— Падрыхтоўка ажыццяўляецца па двух напрамках: “Тэхналогія і менеджмент” з прафесійнай кваліфікацыяй “інжынер-тэхнолаг-менеджар”, а таксама “Тэхналогія і праектаванне” з прафесійнай кваліфікацыяй “інжынер-тэхнолаг”.
У вучэбных планах значная ўвага ўдзяляецца навыкам кіраўніцкай дзейнасці, асабліва па першым напрамку, — расказаў загадчык кафедры тэхналогіі тэкстыльных матэрыялаў Дзмітрый Рыклін. — Мы маем на мэце падрыхтоўку спецыялістаў, здольных забяспечыць вытворча-тэхналагічную, арганізацыйна-кіраўніцкую і даследчую дзейнасць на прадпрыемствах тэкстыльнай прамысловасці.
Атрыманыя падчас вучобы веды дазволяць выпускніку эфектыўна арганізаваць тэхналагічныя працэсы і працу работнікаў на давераным участку, кіраваць чалавечымі адносінамі ў працэсе вытворчай дзейнасці і развіваць узаемасувязі спажыўцоў з вытворцамі, удасканальваць тэхналагічную кан’юнктуру попыту, канкурэнцыі, правядзенне эксперыментальных работ па асваенні новых тэхналогій і абсталявання, укараненні іх у вытворчасць.
Абсталяванне сямі ўніверсітэцкіх выпрабавальных лабараторый па прадзенні, трыкатажы і ткацтве адпавядае сучасным крытэрыям, а ў шэрагу выпадкаў — гэта эксклюзіўныя найноўшыя прыборы, якія не маюць аналагаў у айчыннай, а часам і ў сусветнай адукацыі і вытворчасці. Так, ВДТУ стаў першай у свеце ўстановай, дзе з’явіўся прыбор Uster Tester пятага пакалення. З улікам таго, што кафедра праводзіць вялікую колькасць навуковых даследаванняў, удзельнічае ў дзяржаўных, галіновых праграмах і асобных інавацыйных праектах, калектыву былі выдзелены бюджэтныя сродкі на набыццё ўнікальнага абсталявання для выпрабавання тэкстыльнай сыравіны, тэкстыльных ніцей і паўфабрыкатаў.
— Прадпрыемствы за апошняе дзесяцігоддзе сур’ёзна мадэрнізаваліся, — адзначыў суразмоўца. — Кафедра сістэматызуе ўсю інфармацыю па новым абсталяванні, якое ёсць на вытворчасці, і актыўна выкарыстоўвае яе ў вучэбным працэсе — каб студэнт, які прыходзіць на прадпрыемства, ужо дакладна ўяўляў сабе, з чым і як ён будзе працаваць. Больш за тое, каб меў уяўленне і навыкі працы на абсталяванні новага пакалення, якое, магчыма, паступіць на прадпрыемства ў найбліжэйшай перспектыве, а пры неабходнасці мог прааналізаваць вытворчую сітуацыю і абгрунтаваць рашэнне аб набыцці новага абсталявання ў ходзе мадэрнізацыі.
Важны аспект работы ў гэтым напрамку — міжнародныя, рэспубліканскія семінары і вялікі навукова-практычны сімпозіум, які мы праводзім раз у два гады. Запрашаем на такія форумы вядомых вучоных, прадстаўнікоў вядучых беларускіх і замежных прадпрыемстваў, нашых студэнтаў і выкладчыкаў. Акрамя таго, рэгулярна бываем на стажыроўках, у тым ліку за мяжой. Плённа развіваюцца нашы сувязі з замежнымі тэкстыльнымі ўніверсітэтамі. ВДТУ ўдзельнічае ў ажыццяўленні чатырох праектаў праграмы ТЕМPUS IV.
Трэба сказаць, што па арганізацыі навукова-даследчай работы калектыў доўгі час трымае лідарства ва ўніверсітэце: вучэбны працэс тут арганічна спалучаецца з практыкай і навуковымі даследаваннямі. Магчыма, у гэтым сакрэт таго, што выпускнікі кафедры даволі часта праходзяць шлях ад інжынера да буйнога кіраўніка вытворчасці, а непасрэдна ва ўніверсітэце — ад магістранта да доктара навук, прафесара. Ужо пачынаючы з 3 курса будучыя інжынеры далучаюцца да выканання навуковых работ, якія з’яўляюцца састаўной часткай навуковых даследаванняў кафедры і выконваюцца па рэальнай тэматыцы беларускіх тэкстыльных прадпрыемстваў. Штогод па тэматыцы кафедры выконваецца ад 20 да 30 навукова-даследчых дыпломных праектаў на прадпрыемствах канцэрна “Беллегпрам”.
— Па праграме ТЕМPUS IV мы будзем разглядаць і пытанні, звязаныя з павышэннем кваліфікацыі спецыялістаў, — паведаміў Дзмітрый Рыклін. — У нас ёсць актуальная інфармацыя, якой не валодаюць на прадпрыемствах (хаця ў некаторых выпадках здараецца і наадварот), таму інфармацыйны ўзаемаабмен надзвычай важны. У рамках праграмы ТЕМPUS IV створаны савет па падтрымцы тэкстыльнай адукацыі пры канцэрне “Беллегпрам” і па сутнасці распрацоўваецца стратэгія кадравай палітыкі канцэрна.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.