Добрых музыкантаў пачынаюць рыхтаваць з маленства. Бацькі прыводзяць пяцігадовых дзяцей у музычную школу, яшчэ не ведаючы, ці выявяцца ў іх незвычайныя музычныя здольнасці. Кожны дзень малыя, забыўшыся на гульні, бяруць у рукі музычны інструмент і спрабуюць выводзіць на ім гукі. Не ва ўсіх апошнія складаюцца ў зразумелую для вуха мелодыю. Тыя, у каго атрымалася пасябраваць з музыкай, пераходзяць у наступны клас спасцігаць яшчэ больш складаныя музычныя творы.
У акадэмію прыходзяць толькі маладыя людзі, для каго музыка стала каштоўнасцю і выбарам душы. Амаль усе абітурыенты акадэміі музыкі ўжо скончылі каледж і паспелі атрымаць дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыі, які пацвярджае іх музычную прафесійную прыналежнасць.
Якімі ўступнымі экзаменамі сустрэне іх сёння Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі? Пра гэта нам расказаў намеснік адказнага сакратара прыёмнай камісіі ўстановы дэкан вакальна-харавога факультэта Юрый КАРАЕЎ.
— Юрый Анатольевіч, ці праўда, што ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі на 1 курс паступаюць у асноўным з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй за плячыма?
— Сапраўды, для таго, каб трапіць да нас, музычнай школы будзе недастаткова. Музычныя каледжы існуюць у кожным абласным горадзе. Яны ёсць у Лідзе, Наваполацку, Мазыры, Баранавічах, Маладзечне і іншых гарадах Беларусі. Толькі невялічкі працэнт абітурыентаў трапляе ў акадэмію пасля заканчэння музычных школ. Адзінкі і тых, хто атрымлівае другую вышэйшую адукацыю.
Для будучых студэнтаў, якія валодаюць добрымі вакальнымі данымі, але не маюць сярэдняй спецыяльнай музычнай адукацыі, у нас існуе падрыхтоўчае аддзяленне, якое ўзначальвае дацэнт Наталля Валянцінаўна Сазановіч. Тут вядзецца навучанне па дзвюх спецыяльнасцях: “Спевы” і “Кампазіцыя”. Сюды звычайна трапляюць самародкі, у якіх выявіліся музычныя здольнасці. Сёлета такіх будзе 12 чалавек. На працягу дзевяці месяцаў яны будуць спасцігаць музычную грамату, а затым паспрабуюць паступіць на 1 курс акадэміі.
— Хто выбірае акадэмію музыкі?
— Акадэмію музыкі выбіраюць тыя выпускнікі каледжаў, якія хочуць атрымаць акадэмічную адукацыю. У нас няма джазавага аддзялення, аддзялення эстраднага вакалу, а таксама спецыяльнасцей, звязаных з папулярнай музычнай культурай. Мы рыхтуем акадэмічных выканаўцаў, музыкантаў філарманічнага і опернага кірункаў. З нашых сцен выходзяць музыканты-выканаўцы, прафесіяналы сваёй справы, здольныя таксама выкладаць у каледжы.
— Якія выпрабаванні чакаюць абітурыентаў на ўступных экзаменах у акадэміі музыкі?
— Традыцыйна акрамя цэнтралізаванага тэсціравання ім трэба вытрымаць творчы конкурс, які складаецца з трох этапаў: выканання сольнай праграмы на музычным інструменце (для большасці спецыяльнасцей), сальфеджыа і гармоніі. Для такіх спецыяльнасцей, як “Музыказнаўства”, “Харэграфічнае мастацтва” або “Рэжысура музычнага тэатра” творчы іспыт носіць крыху іншы характар.
Сальфеджыа — музычная алгебра, якую немагчыма засвоіць без выдатнага музычнага слыху. З гэтай дысцыплінай дзяцей пачынаюць знаёміць яшчэ ў музычнай школе, аднак высокі ўзровень ведаў па сальфеджыа можна атрымаць толькі падчас навучання ў музычным каледжы. Навучэнцы каледжаў на працягу чатырох гадоў пішуць музычныя дыктанты, вызначаюць на слых інтэрвальныя і акордавыя ланцужкі, каб потым адпавядаць тым патрабаванням, якія прад’яўляе акадэмія музыкі на экзамене. Выпрабаванне па сальфеджыа прадугледжвае выдатную слыхавую арыентацыю ў тых нотах, якія гучаць на фартэпіяна. Да ўсяго, абітурыент павінен умець праспяваць пэўную мелодыю з нотнага ліста, які ўпершыню бачыць, і многае іншае.
Наступным іспытам творчага конкурсу з’яўляецца гармонія. І ў гэтым выпадку можна правесці аналогію з матэматычнымі дысцыплінамі. Калі сальфеджыа — гэта алгебра, то гармонія для музыкантаў — гэта геаметрыя, якая патрабуе запамінання вялікай колькасці правіл. Калі не ведаеш хаця б аднаго з іх, прадмет застанецца незразумелым. На выпрабаванні абітурыент рашае музычную задачу, якая складаецца з неабходнасці гарманізаваць прапанаваную яму музычную мелодыю, іншымі словамі, падабраць да яе акампанемент, а таксама сыграць мадуляцыю, а напрыканцы зрабіць гарманічны аналіз. Калі сальфеджыа пачынаюць вывучаць яшчэ ў музычнай школе, то з гармоніяй упершыню знаёмяцца ў музычным каледжы, бо гэтая дысцыпліна патрабуе больш сур’ёзнай папярэдняй падрыхтоўкі. З усіх трох прадметаў творчага конкурсу, на мой погляд, самая складаная гармонія.
Слабыя веды па сальфеджыа і гармоніі не садзейнічаюць паступленню. Паколькі гэтыя дзве дысцыпліны з’яўляюцца паказчыкамі інтэлектуальнага развіцця музыканта, зніжаць планку патрабаванняў па іх ні ў якім выпадку нельга. Дарэчы, да элементарнай тэорыі музыкі, якая лічыцца другім этапам творчага іспыту па спецыяльнасці “Спевы”, абітурыентам таксама варта сур’ёзна рыхтавацца.
— Ні для каго не сакрэт, што ў сувязі з малой колькасцю выпускнікоў сярэдніх школ многія ўстановы вышэйшай адукацыі мусяць скарачаць лічбы прыёму. Ці пайшлі на такія меры ў акадэміі музыкі?
— Так, мы таксама скарацілі колькасныя паказчыкі набору на некаторыя спецыяльнасці. Напрыклад, сёлета мы набіраем на 5 чалавек менш на спецыяльнасць “Дырыжыраванне (акадэмічны хор)”. Гэта адчувальна, калі ўлічыць, што на згаданай спецыяльнасці будзе вучыцца ўсяго 12 студэнтаў.
Работа нашай акадэміі пабудавана на індывідуальным падыходзе да кожнага студэнта. Часта з адным студэнтам у аўдыторыі працуюць адразу тры чалавекі — прафесар і два канцэртмайстры.
У гэтым годзе на ўмовах аплаты можна будзе паступіць толькі на дзве спецыяльнасці: “Харэаграфічнае мастацтва” і “Баян-акардэон”. Зрэшты, мы аптымістычна глядзім у будучыню і спадзяёмся, што ў хуткім часе план набору студэнтаў прыйдзецца не скарачаць, а павялічваць.
Самымі запатрабаванымі спецыяльнасцямі ў абітурыентаў апошнім часам сталі “Харэаграфічнае мастацтва”, “Спевы”, “Фартэпіяна”. Сёлета высокі конкурс чакаецца пры паступленні на струнныя народныя шчыпкова-ўдарныя інструменты, на струнныя смычковыя інструменты, а таксама на спецыяльнасць “Баян-акардэон”.
Я павінен растлумачыць, што для многіх спецыяльнасцей акадэміі музыкі конкурс 2—3 чалавекі на месца ўжо лічыцца высокім. Звычайна ён вагаецца ў межах 1,5 заявы на месца.
— Ці ёсць у вас “штучныя” спецыяльнасці?
— Часта мы ўжо загадзя ведаем, што на тую ці іншую спецыяльнасць да нас прыйдуць вучыцца, напрыклад, 5 чалавек, і адлюстроўваем гэта пры складанні плана набору. На такую складаную спецыяльнасць, як “Рэжысура музычнага тэатра”, мы ўвогуле вырашылі прыняць сёлета толькі 3 чалавекі. Пасля заканчэння акадэміі музыкі яны змогуць працаваць опернымі рэжысёрамі ў оперных і музычных тэатрах.
“Музыказнаўства” таксама не лічыцца распаўсюджанай спецыяльнасцю. Яе атрымліваюць лічаныя людзі.
У нас ёсць нават такія спецыяльнасці, набор на якія ажыццяўляецца не кожны год. Напрыклад, на “Арфу” апошні раз мы набіралі студэнтаў у пазамінулым годзе. Цікава, што студэнты спецыяльнасці “Ударныя інструменты” за 5 гадоў навучання ў нашай акадэміі вучацца іграць на ўсіх ударных інструментах, якія існуюць у сімфанічным аркестры, пачынаючы ад невялічкага трохвугольніка і заканчваючы вялізнымі літаўрамі.
— Што б вы параілі абітурыентам, якія выбралі акадэмію музыкі?
— У першую чаргу абітурыенты павінны памятаць, што яны паступаюць у творчую ўстанову вышэйшай адукацыі, і таму павінны быць максімальна настроены на творчы лад, выходзіць іграць перад экзаменатарамі з пачуццём таго, што яны сапраўдныя музыканты. Важна быць упэўненымі ў сабе і сваіх музычных здольнасцях.
Кожнага нашага абітурыента мы схільны разглядаць як прафесійнага музыканта, які пры выпадку ўжо можа прадаставіць дыплом аб сярэдняй музычнай адукацыі.
— Усе кансерваторыі на постсавецкай прасторы зацікаўлены ў якасных абітурыентах. І таму, калі маладога музыканта з Беларусі заўважаюць недзе ў Санкт-Пецярбургу ці Маскве, то робяць усё магчымае, каб пераманіць яго да сябе. Вы цяжка перажываеце страту добрых музыкантаў?
— Зразумела, добрыя музыканты, якія едуць вучыцца за мяжу, для нас у пэўным сэнсе страта. Аднак творчых людзей немагчыма стрымаць ад пошуку сябе і свайго творчага натхнення. Асабліва гэта тычыцца музыкантаў высокага ўзроўню. Таму калі хтосьці знойдзе сябе ў іншай установе адукацыі — гэта таксама добра.
Тая ж Масква — вялікі горад, у якім сканцэнтраваны вялікія перспектывы для маладога музыканта, і векавыя традыцыі акадэмічнай музычнай адукацыі вабяць абітурыентаў з многіх краін. Аднак гэта не значыць, што на радзіме музычная адукацыя чымсьці горшая. Нашы ўстановы адукацыі маюць шмат агульнага. Можа, таму мы і сябруем, абменьваемся і вопытам, і творчымі ідэямі. У нас вялікая колькасць сумесных творчых праектаў.
— Ці схільна навучанне ў музычнай акадэміі да нейкіх змен? Я ведаю, што новыя спецыяльнасці тут рэдкасць…
— Нездарма акадэмію музыкі называюць кансерваторыяй. Гэта вельмі кансерватыўная ўстанова адукацыі (у добрым сэнсе слова). Для нас важнымі застаюцца традыцыі. Мы выпускаем спецыялістаў, якія працуюць ва ўмовах акадэмічных музычных жанраў, што ўжо сфарміраваліся. Нешта новае ў навучанні, безумоўна, прысутнічае, аднак у назвах спецыяльнасцей гэта не адлюстроўваецца. Уводзяцца інавацыйныя метады навучання. На “Кампазіцыі”, напрыклад, пачалі займацца складаннем электроннай музыкі. Аднак спецыяльнасць як называлася “Кампазіцыя”, так і працягвае называцца. Бо чалавек атрымлівае тут базавыя акадэмічныя веды: як напісаць партытуру для хору ці аркестра, якія музычныя інструменты прысутнічаюць у аркестры, якая іх пабудова і прынцып гучання і г.д. Новае можна знайсці хіба што ў змесце адукацыі.
— Ці задаволены вы тымі студэнтамі, якія трапляюць да вас на 1 курс?
— Звычайна мы не наракаем на студэнтаў. Усё ж такі гэта маладыя людзі, якія прайшлі неаднаэтапны адбор на працягу ўсяго творчага жыцця. Калісьці яны выбралі музычную спецыяльнасць і паступілі ў каледж, паспяхова яго скончылі. І зноў пагадзіліся перанесці ўвесь цяжар уступнай кампаніі ўжо ў акадэмію музыкі. Гэта адны з лепшых маладых музыкантаў нашай краіны.
Ганна ЛАГУН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з архіва акадэміі музыкі.