Гэтыя летнія дні яшчэ застаюцца гарачай парой для сёлетніх абітурыентаў. А вось моладзі, якая будзе паступаць праз год ці два, можна пазайздросціць: яна атрымлівае асалоду ад цудоўнай і, галоўнае, свабоднай ад хваляванння пары года. Тым не менш гэты час добра падыходзіць для таго, каб узважыць свае моцныя і слабыя бакі ў спасціжэнні школьных навук і прыняць рашэнне: магчыма, спатрэбіцца дапамога пры паступленні. Пра гэта трэба добра падумаць загадзя, каб пры неабходнасці ўжо ўвосень выбраць для сябе найбольш удалую форму дадатковых заняткаў. Адзін з варыянтаў — заняткі на факультэце даўніверсітэцкай адукацыі БДУ, куды мы і завіталі, каб з першых крыніц даведацца аб вучобе на ім. У гэтым нам дапамаглі дырэктар вучэбнага цэнтра падрыхтоўчых курсаў Алена Мікалаеўна АНДРЫЯНАВА, начальнік вучэбнага цэнтра дадатковай адукацыі Вадзім Іванавіч МІЦЯНКОЎ і намеснік дэкана па вучэбна-метадычнай рабоце Алена Валянцінаўна КІШКЕВІЧ.
Падрыхтоўчыя курсы
У структуру факультэта ўваходзяць падрыхтоўчыя курсы і падрыхтоўчае аддзяленне. Курсы падразумяваюць сумяшчэнне заняткаў з вучобай у школе ці работай. Для таго каб кожны мог падабраць найбольш прымальны для сябе варыянт, набор вядзецца больш чым на 20 форм навучання. Працягласць курсаў вар’іруецца ад трох дзён да васьмі месяцаў.
“Безумоўна, лепш размераная падрыхтоўка на працягу года, — гаворыць Алена Мікалаеўна Андрыянава. — Падрыхтоўка тэрмінам менш за паўгода падразумявае наяўнасць стартавага ўзроўню”.
У кожнай формы падрыхтоўкі свая мэта. Так, за тры дні можна абагульніць, сітэматызаваць веды. “Гэта, хутчэй, кансультацыйныя заняткі. Іх можна параўнаць з кансультацыяй перад экзаменам, калі чалавек да гэтага працаваў на працягу семестра, тым больш што з году ў год ёсць правальныя, складаныя тэмы”, — патлумачыла Алена Мікалаеўна.
На факультэце праводзяцца і завочныя курсы, якія чаргуюцца з аўдыторнымі заняткамі. “Раз у месяц, па суботах, слухачы прыязджаюць на факультэт, — паведаміў Вадзім Іванавіч Міцянкоў. — Акрамя таго, па кожным прадмеце на працягу месяца яны выконваюць 2 кантрольныя работы, якія дасылаюць па электроннай пошце або прывозяць”.
Колькасць прадметаў, па якіх можна займацца на падрыхтоўчых курсах, не абмежавана. Тым не менш трэба ўлічваць, што заняткі па адным прадмеце доўжацца 3 акадэмічныя гадзіны адзін раз у тыдзень.
Вучні 10-х класаў часта наведваюць курсы для таго, каб падцягнуць узровень ведаў па пэўным прадмеце. Яны часам нават не ўпэўнены, што будуць здаваць ЦТ па ім. Адзінаццацікласнікі, як правіла, ужо вызначыліся з профілем, аднак і яны часам мяняюць сваё рашэнне адносна ЦТ. Разам са школьнікамі курсы наведваюць людзі, якія маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю і хочуць паступаць далей. Сёлета сярод іх быў і 42-гадовы мужчына.
Заняткі на курсах праходзяць у лекцыйна-практычнай форме, дзе практыцы ўдзяляецца найбольш увагі. Тэмы вывучаюцца такія ж, як і ў школе, аднак матэрыял разглядаецца больш паглыблена.
Падрыхтоўчае аддзяленне
Падрыхтоўчае аддзяленне разлічана на маладых людзей, якія ўжо спрабавалі паступаць, аднак у іх штосьці не атрымалася. У кожнага свае прычыны. Часам малады чалавек марыць паступіць на пэўную спецыяльнасць, а яму не хапіла некалькіх балаў. Магчыма, ён не можа ці не хоча вучыцца платна. А хтосьці змяніў свой першапачатковы выбар.
На падрыхтоўчым аддзяленні вучацца на дзённай форме. Гэта так званы нулявы курс, на якім моладзь 6 дзён у тыдзень, акрамя нядзелі, наведвае заняткі. Падрыхтоўка вядзецца па трох прадметах: па мове і дзвюх профільных дысцыплінах. Стартавы ўзровень навучэнца вызначаецца па сертыфікатах ЦТ пры іх наяўнасці. Калі сертыфікатаў ЦТ няма, трэба будзе здаваць унутраны экзамен. Баяцца яго не трэба, навучэнцамі аддзялення, як правіла, становяцца ўсе жадаючыя. Групы фарміруюцца ў адпаведнасці з профілем. Дарэчы, найбольшай запатрабаванасцю карыстаюцца класічныя профілі.
“Шмат дзяцей вучыцца на эканамічным профілі, нягледзячы на тое, што анансуецца перавытворчасць такіх спецыялістаў, — адзначыла Алена Мікалаеўна Андрыянава. — Нядрэнна ідзе набор на юрыдычны, фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны профілі. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца творчыя спецыяльнасці.
Рыхтавацца да паступлення на творчыя спецыяльнасці, хутчэй за ўсё, трэба будзе на курсах. На падрыхтоўчае аддзяленне цяжка набраць навучэнцаў. Варта звяртацца на факультэт, дзе кожнаму прапануюць найбольш падыходзячы варыянт.
Добрая навіна ёсць і для хлопцаў. Навучэнцам падрыхтоўчага аддзялення, як і студэнтам, даецца адтэрміноўка ад арміі. Адтэрміноўка для слухачоў курсаў застаецца на рашэнні ваенкама, аднак, як правіла, такім маладым людзям ідуць насустрач. Усім навучэнцам аддзялення прадастаўляецца інтэрнат.
Важна і тое, што пасля падрыхтоўчых курсаў ці падрыхтоўчага аддзялення не абавязкова паступаць у БДУ. Падрыхтоўка дазваляе паступаць і ў іншыя ўстановы адукацыі.
Рэпетыцыйнае тэсціраванне
На факультэце даўніверсітэцкай падрыхтоўкі БДУ праводзяць і рэпетыцыйнае тэсціраванне. За гэты год яго прайшлі 18,5 тысячы чалавек.
“У нас вельмі гнуткі графік тэсціравання, — паведаміў Вадзім Іванавіч Міцянкоў. — Мы праводзім яго штодня, акрамя нядзелі”.
Праводзіцца і анлайн-рэгістрацыя на тэсціраванне. Для жадаючых арганізоўваюцца індывідуальныя кансультацыі па яго выніках — падрыхтаваная гутарка выкладчыка-прадметніка і абітурыента па тых заданнях, у якіх той дапусціў памылкі. Раздрукоўкі правільных адказаў і рашэнняў аддаюцца абітурыенту.
“Абітурыенты прыходзяць не для таго, каб фармальна прайсці тэсціраванне, — адзначыў Вадзім Іванавіч Міцянкоў. — Ім важна выявіць свае прабелы ў ведах, зразумець, над чым працаваць”.
Цікава
На факультэце даўніверсітэцкай падрыхтоўкі БДУ вучацца і студэнты-замежнікі — як з краін СНД, так і з краін далёкага замежжа. Некаторыя плануюць паступаць у беларускія ўніверсітэты на першы курс, у магістратуру ці аспірантуру, некаторыя прыязджаюць на ўключанае навучанне. У апошнім выпадку слухачы здаюць выніковае тэсціраванне ў залежнасці ад патрабаванняў сваёй роднай установы адукацыі, пад якія падстройваюцца на факультэце даўніверсітэцкай адукацыі. Напрыклад, у Рэспубліцы Карэя існуе наступная сістэма ацэнкі ведаў, якую ўлічваюць пры ацэньванні студэнтаў з гэтай краіны: у любой групе толькі каля 30% студэнтаў могуць атрымаць найвышэйшы бал, столькі ж — сярэдні і самы нізкі. 10% вар’іруюцца паміж гэтымі катэгорыямі ў залежнасці ад агульнай колькасці студэнтаў.
“Гэта вялікі стымул. Увесь год паміж імі назіраецца спаборніцтва, бо толькі 30% могуць стаць лепшымі”, — адзначыла Алена Валянцінаўна Кішкевіч.
Намеснік дэкана падзялілася і ўласным назіраннем. “У Беларусь заўсёды прыязджаюць студэнты з гарачых кропак свету. Шмат хлопцаў прызыўнога ўзросту, якіх бацькі адпраўляюць за мяжу атрымаць адукацыю і вярнуцца на Радзіму ўжо спецыялістамі. Часта гэта ўрачы, якія будуць лячыць людзей, і архітэктары, якія будуць займацца аднаўленнем разбураных будынкаў”, — расказала Алена Валянцінаўна.
Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.