Уводны майстар-клас па 3D-мадэляванні арганізаваў для навучэнцаў школ, гімназій і каледжаў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.
Практыка паказвае, што будучыя абітурыенты пры выбары прафесіі ў большасці выпадкаў арыентуюцца на папулярныя спецыяльнасці — пераважна тыя, што ў грамадскай свядомасці маюць рэйтынг высокааплатных. Акрамя таго, выбар за выпускніка нярэдка робяць яго бацькі. Атрымліваецца, што асабістыя інтарэсы і схільнасці маладога чалавека ўлічваюцца ледзь ці не ў апошнюю чаргу. Між тым менавіта яны маюць фундаментальнае значэнне ў падрыхтоўцы матываванага на поспех спецыяліста. І справа нават не ў залішняй меркантыльнасці сучаснай моладзі: вытокі праблемы трэба шукаць у недастатковай інфармаванасці. — Памер зарплаты — пытанне адноснае, бо добрыя інжынеры і тэхнолагі зарабляюць больш за эканамістаў, — расказвае дырэктар навукова-тэхналагічнага парка ВДТУ Канстанцін Мацвееў. — Такую практыку, напрыклад, маюць нашы рэзідэнты, якія займаюцца механаапрацоўкай. У нашым навукова-тэхналагічным парку памер заробку інжынераў у разы перавышае сярэдні па краіне. На жаль, у асяроддзі абітурыентаў на слыху толькі эканамісты, юрысты і праграмісты. Але, каб у эканаміста была работа, на прадпрыемстве ўсё ж павінны быць спецыялісты з тэхнічнай адукацыяй, таму асноўная мэта семінара, які мы праводзім, — не столькі навучыць, колькі праінфармаваць і зацікавіць, паказаць магчымасці 3D-мадэлявання і перспектывы, якія яно раскрывае перад сучаснымі інжынерамі.
Папярэднія аналагічныя семінары ўніверсітэт арганізоўваў разам з кампаніяй “АСКОН-Бел”, прадстаўнікі якой дэманстравалі свой праграмны прадукт. Для ўстаноў адукацыі ён бясплатны, ёсць зручная версія і для дамашняга карыстання. Дабрачыннасць, між тым, добра ўзважаная: кампанія зацікаўлена, каб яе праграмамі карысталася як мага больш людзей — гэта істотна павялічвае попыт на праграмныя прадукты, разлічаныя на прафесіяналаў.
Вяртаючыся да семінара: першае, што ўразіла, — колькасць удзельнікаў. Жадаючых пазнаёміцца з інструментарыем сучаснага інжынера было заяўлена ў паўтара разу больш, чым на ранейшае падобнае мерапрыемства. А прыйшло ўдвая больш, чым было пазначана ў заяўках: больш за 100 чалавек.
— Імкліва мяняюцца тэхналогіі, у тым ліку адукацыйныя. Сёння фактычна ўсе — не толькі інжынеры — бачаць, што3D-праектаванне і 3D-друк вельмі запатрабаваныя, — адзначае Канстанцін Сяргеевіч. — Ідзе шырокая рэклама, у тым ліку таго ж 3D-друку. Нярэдка яна вельмі некарэктная — відаць, таму, што яе рэдка робяць спецыялісты ў сваёй сферы. Прафесіяналізму крыху не хапае, і мы імкнёмся яго дабавіць. Падчас семінара расказваем навучэнцам пра работу навукова-тэхналагічнага парка і спецыяльнасці, па якіх можна атрымаць вышэйшую адукацыю ў нашым універсітэце. Таксама ў рэжыме рэальнага часу паказваем працэс пабудовы 3D-мадэлі і яе друку на 3D-прынтары.
Тэхналогіі 3D-праектавання ўніверсітэцкія кафедры разам з навукова-тэхналагічным паркам актыўна прапагандуюць больш за 15 гадоў. Ёсць пэўныя дасягненні па ўсіх напрамках, у тым ліку ў спаборніцтвах высокага ўзроўню. У прыватнасці, студэнты ВДТУ рэгулярна становяцца пераможцамі і прызёрамі прэстыжнага Міжнароднага конкурсу “Будучыя АСы КАМП’ютарнага 3D-мадэлявання”, а сёлета навукова-тэхналагічны парк атрымаў пераканаўчую перамогу ў конкурсе прафесіяналаў “АСы КАМП’ютарнага 3D-мадэлявання”.
З нагляднай дэманстрацыі поспехаў студэнтаў, магістрантаў, выкладчыкаў універсітэта і пачаўся семінар. Ва ўрачыстай абстаноўцы перад будучымі студэнтамі сёлетнім пераможцам і прызёрам конкурсу ўручылі дыпломы і прызы. Яны, дарэчы, немалыя — было чаму зайздросціць, будзе да чаго імкнуцца.
— Кампанія “АСКОН” штогод арганізоўвае конкурс па 3D-мадэляванні ў дзвюх намінацыях, — тлумачыць старшы выкладчык кафедры машын і тэхналогій высокаэфектыўных працэсаў апрацоўкі ВДТУ Аляксей Голубеў. — У першай могуць удзельнічаць толькі прадпрыемствы, і гэта спаборніцтва лідараў галіны, прызнаных асаў з Расіі, Беларусі, Украіны і Казахстана. Яны прадстаўляюць вельмі сур’ёзныя распрацоўкі — ад тарпедных апаратаў і ракет да прамысловых цэхаў, заводаў. Адначасова праводзіцца конкурс “Будучыя АСы КАМП’ютарнага 3D-мадэлявання”, арыентаваны на навучэнцаў і студэнтаў.
Зрэшты, узрост тут строга не абмяжоўваецца: напрыклад, сёлета сваю мадэль дэманстраваў пяцігадовы хлопчык. Мадэлі рэгулярна прадстаўляюць школьнікі, навучэнцы каледжаў, студэнты. Крыўдна, што ад Беларусі на ўзроўні агульнай сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі практычна ніхто не ўдзельнічае (колішняя гучная перамога аршанскіх школьнікаў хутчэй выключэнне, што пацвярджае правіла).
Але хіба ў беларусаў няма адпаведных напрацовак або ніхто нічога падобнага не здольны зрабіць? Ці проста боязна выставіць свае работы на суд асаў? Атрымліваецца, што з-за такой сціпласці і нерашучасці настаўнікаў (магчыма, што і з-за нежадання прыкладаць намаганні, працаваць на высокі вынік) тэхнічна адораныя навучэнцы страч-ваюць магчымасць выдатнага прафесійнага старту.
— Наша мэта — пераадолець такія адносіны, паказаць, што асвоіць 3D-праектаванне можа кожны (гэта не так складана), запрасіць вучыцца і працаваць разам, — дадае Аляксей Голубеў. — У першым квартале наступнага года збіраемся правесці конкурс-алімпіяду сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай і агульнай сярэдняй адукацыі. Аналагічную алімпіяду ўніверсітэт праводзіў у пазамінулым годзе, у мінулым на нашай базе адбыўся рэгіянальны этап студэнцкай алімпіяды па САПР-праектаванні CAD-Olymp-2014. Аднак наша задача — аб’яднаць, сабраць разам не толькі студэнтаў, але і як мага больш тых, хто зацікавіўся 3D-мадэляваннем. Узровень падрыхтоўкі ў нас даволі высокі, што могуць пацвердзіць выпускнікі ВДТУ, якія працуюць на прадпрыемствах.
Безумоўна, першаснае ў гэтай галіне — стварэнне 3D-мадэлі. Калі раней чарцёж выконваўся на кульмане, то зараз праекціроўшчык ідзе ад лічбавай мадэлі вырабу. — Паняцце плоскага чарцяжа ў прамысловай вытворчасці адыходзіць у мінулае, — працягвае гутарку Канстанцін Мацвееў. — Гэта значыць, практычна ва ўсіх сферах — машынабудаванні, абутковай і швейнай прамысловасці, дызайне — паўсюдна работу пачынаюць з праектавання 3D-мадэлі і ўжо далей па ёй атрымліваюць чарцёж у механіцы, разгортку ў абутковай і швейнай вытворчасці. Дзякуючы гэтаму значна скарачаецца час праектавання; там, дзе раней патрабаваліся вялікія канструктарскія бюро па 50—100 чалавек, з той жа работай спраўляюцца 20 спецыялістаў. Развіваюцца тэхналогіі прататыпавання, якія маюць на ўвазе стварэнне спачатку 3D-мадэлі, затым узору, для чаго часцей за ўсё выкарыстоўваецца 3D-прынтар. Тэхналогіі друку зараз істотна ўдасканальваюцца, хаця гэта пакуль даволі дорага, асабліва калі трэба раздрукаваць выраб, прызначаны для далейшай эксплуатацыі. Макеты, узоры больш танныя, і выканаць іх у прынцыпе нескладана.
Атрыманне 3D-мадэлі дазваляе ўжо на стадыі праектавання ацаніць усе нюансы вырабу і ўбачыць пралікі канструктара. Адпаведна, можна пазбегнуць выдаткаў на выпраўленне памылак, таму, хоць тэхналогіі, здавалася б, дарагія, іх запатрабаванасць расце. Гэта пацвярджае і прыклад навукова-тэхналагічнага парка ВДТУ, які займаецца рэінжынірынгавымі работамі: за апошнія паўгода колькасць заказаў на 3D-друк і сканіраванне вырабаў на парадак павялічылася. Нярэдка пасля стварэння мадэлі заказчык просіць друк макета. Такі макет можа прадстаўляцца на выставе, а выкананы з палімеру — эксплуатавацца далей, ён цалкам функцыянальны.
Яшчэ адна перавага 3D-мадэлявання: канструктар пасля праектавання мадэлі можа зняць відэаролік пра тое, як устаноўка будзе працаваць далей. Візуалізацыя можа паказаць, як яна павінна разбірацца і збірацца, а таксама дапамагчы стварыць інтэрактыўную інструкцыю па эксплуатацыі абсталявання. Буйныя замежныя фірмы, якія выпускаюць, напрыклад, бытавую тэхніку, зараз так і робяць: прапаноўваюць пакупніку інфармацыю аб прадукце, усіх этапах і рэжымах яго выкарыстання на дыску. Такая ж мэта і ў каманды ВДТУ — навучыць інжынераў не проста праектаваць, але і рэкламаваць свой прадукт.
— На семінары мы імкнёмся зацікавіць навучэнцаў, бо практыка паказвае: да пятага курса студэнты ўжо ўмеюць выконваць паўнацэнныя канструктарскія распрацоўкі, — каменціруе Канстанцін Мацвееў. — Выпускнікі літаральна з першага дня могуць працаваць на пасадзе канструктара, тэрмін адаптацыі скарочаны да мінімуму.
Лагічным этапам вучэбнага семінара стала запрашэнне школьнікаў і навучэнцаў на факультатыў, што праводзіцца ва ўніверсітэце на бясплатнай аснове. Для выкладчыкаў у выпадку іх зацікаўленасці ёсць магчымасць арганізаваць курсы павышэння кваліфікацыі, па заканчэнні якіх выдаецца дыплом стандартнага ўзору. Дарэчы, гэтая прапанова запатрабаваная — у ВДТУ вучацца педагогі не толькі з Віцебска і вобласці, але і з Гродна, Гомеля.
— На факультатыў прыходзяць школьнікі, зацікаўленыя ў тым, каб асвоіць адпаведныя праграмы, — тлумачыць Канстанцін Мацвееў. — Яны арыентаваны на канструктараў, але ў нечым падобныя да гульні: зразумеўшы іх логіку, асвоіўшы інструментарый, кожны чалавек зможа ўдасканальваць веды і навыкі 3D-праектавання самастойна. Усё гэта так ці інакш спатрэбіцца яму для паспяховай самарэалізацыі. І не калі-небудзь заўтра ці паслязаўтра, а ў найбліжэйшы час.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.