Мы і наш каледж

Навучэнцы і выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага электратэхнічнага каледжа імя І.Шчаснага запрасілі на майстар-класы старшакласнікаў Гродна і Гродзенскага раёна. Так інтэрактыўна тут прайшло прафарыентацыйнае мерапрыемства “Мы і наш каледж”.

Лабараторыі і майстэрні, музей і выставу тэхнічнай творчасці маглі наведаць у гэты дзень школьнікі. А экскурсаводамі былі не толькі выкладчыкі і майстры вытворчага навучання, але і навучэнцы каледжа.
Створаны ў 1939 годзе, сёння каледж уяўляе сабой сучасную ўстанову адукацыі, дзе сотні маладых людзей атрымліваюць неабходныя для прамысловасці прафесіі ў галіне энергетыкі і аўтатранспарту. Карысным бонусам для навучэнцаў каледжа з’яўляецца магчымасць атрымаць за час навучання, акрамя асноўнай спецыяльнасці, дадатковыя кваліфікацыі — электразваршчыка ручной зваркі, вадзіцеля катэгорыі “В” альбо “В” і “С”, шынамантажніка, аўтамаляра. У новым навучальным годзе гэты пералік папоўніць яшчэ адна кваліфікацыя — “слесар станцыі тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў”.
Прыемная навіна прагучала і для дзяўчат: у 2016 годзе адбудзецца набор на спецыяльнасць “Страхавы агент. Сацыяльны работнік”.Атрымаўшы карысную інфармацыю аб парадку і тэрмінах прыёму дакументаў, старшакласнікі адправіліся на экскурсію па чатырох маршрутах. У музеі гісторыі каледжа яны даведаліся пра славутых выпускнікоў. Імя аднаго з іх — героя Скідзельскага падполля ў гады Вялікай Айчыннай вайны Івана Шчаснага — носіць установа адукацыі. Сярод выпускнікоў — кіраўнікі навукова-даследчых устаноў, буйных прамысловых прадпрыемстваў Гродзеншчыны. Так што, як сказалі экскурсаводы, шлях да прафесійнага майстэрства пачынаецца тут.
Будучыя абітурыенты змаглі ўбачыць гэты шлях на свае вочы і нават паспрабаваць пэўныя рэчы ўласнымі рукамі. Напрыклад, разам з майстрам вытворчага навучання Пятром Казловым у лабараторыі электраабсталявання аўтамабіля на спецыяльным стэндзе паспрабавалі знайсці няспраўнасць у сістэме асвятлення і гукавой сігналізацыі. У другой майстэрні маглі праверыць тэхнічны стан падвескі, зрабіць балансіроўку кола.
Асаблівую цікавасць выклікала прапанова прайсці на камп’ютары тэсціраванне на веданне Правіл дарожнага руху. А яшчэ ўдзельнікі сустрэчы маглі прадэманстраваць свае веды і адказаць на пытанні, напрыклад: “Якія маркі аўтамабіляў яны ведаюць? Якія існуюць электрычныя ланцугі? Якія віды паліва выкарыстоўваюцца ў аўтамабілях?” і інш.
Дзяніс Рунец больш за дзесяць гадоў назад сам удзельнічаў у такіх прафарыентацыйных мерапрыемствах як навучэнец 6-й гродзенскай гімназіі, а сёння, пасля заканчэння электратэхнічнага каледжа, выкладае тут электратэхнічныя дысцыпліны. Ён і правёў экскурсію для гродзенскіх школьнікаў у лабараторыі размеркавальных прылад, расказаў аб тым, як правільна праводзіцца мантаж электраабсталявання. А яшчэ школьнікі маглі падключыць лямпу дзённага асвятлення, азнаёміцца з абслугоўваннем сілавога трансфарматара гарадской падстанцыі.
Правесці майстар-класы дапамог і Гродзенскі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці, гурткі якога працуюць у каледжы. Аб зробленых экспанатах расказалі самі гурткоўцы. Так, Кірыл Кулік разам са сваім выкладчыкам Андрэем Колбам прадэманстравалі аўтамабільную турбіну. Такі наглядны экспанат, зроблены ўласнымі рукамі, выкарыстоўваецца на занятках.
У канцы сустрэчы старшакласнікам прапанавалі запоўніць анкету.
— Калі кагосьці з дзяцей зацікавілі прапанаваныя намі спецыяльнасці, то ў далейшым мы гатовы працаваць з імі індывідуальна, — гаворыць дырэктар каледжа Аляксандр Васількевіч. — Заўважу, што гэта не першая сустрэча са школьнікамі ў бягучым годзе. На папярэдняе прафарыентацыйнае мерапрыемства да нас прыйшло больш за 300 навучэнцаў. Яшчэ адну сустрэчу правядзём у маі. Каледж зацікаўлены ў мэтанакіраваных абітурыентах.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.