Адстаць больш чым на 3 секунды — значыць безнадзейна адстаць

Самай запатрабаванай мовай свету застаецца англійская. Аднак, як правіла, перакладчыкі валодаюць некалькімі замежнымі мовамі, сярод якіх сустракаюцца і рэдкія, тым больш што магчымасцей для іх вывучэння дастаткова: вучоба ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, наведванне моўных курсаў і самастойнае навучанне.
Прафесійнаму вывучэнню моў прысвяціла сябе і Наталля Шчуроўская. Яна вучылася на перакладчыцкім факультэце МДЛУ, наведвала моўныя курсы, валанцёрам ад універсітэта ўдзельнічала ў мерапрыемствах міжнароднага ўзроўню. І, безумоўна, шмат працавала самастойна. Дзякуючы гэтаму зараз Наталля ўжо сама вучыць студэнтаў лінгвістычнага ўніверсітэта прафесійнаму перакладу. Для слухачоў курсаў пры Цэнтры шведскіх даследаванняў выкладае нарвежскую мову. Працуе і непасрэдна перакладчыкам з англійскай, нарвежскай і шведскай моў, якія добра ведае.

— Першай мовай, якую я вывучала на перакладчыцкім факультэце Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта, стала англійская. Другой — шведская. Што да нарвежскай, то вывучаць яе пачала на вячэрніх курсах пры ўніверсітэце, — успамінае суразмоўніца.
Як часта бывае, жаданне вывучаць мовы з’явілася яшчэ ў дзяцінстве. Наталля ў перакладзе прачытала ісландскія сагі, пасля чаго загарэлася ідэяй прачытаць іх у арыгінале.
— Пакуль ісландскую мову не вывучала, тым не менш у спісе моў, якія збіраюся асвоіць, яна ёсць. Аднак гэтыя сагі паўплывалі на тое, што я стала цікавіцца краінамі Паўночнай Еўропы, — расказвае Наталля.
Швецыю і Нарвегію Наталля бачыла на ўласныя вочы. І не расчаравалася. Асабліва ўразіла яе прыгожая прырода Нарвегіі з яе фіёрдамі — вузкімі звілістымі марскімі залівамі, якія ўразаюцца ў сушу. Яны аказаліся яшчэ больш прыгожымі, чым на фотаздымках.
— У 2011 годзе ездзіла ў Швецыю на стажыроўку. Яе арганізаваў Шведскі інстытут (Svenska Institutet), які займаецца распаўсюджваннем шведскай мовы і актыўна супрацоўнічае з МДЛУ і БДУ, — працягвае Наталля.
Суразмоўніца ведае: мова патрабуе практыкі, таму шмат працавала перакладчыкам-валанцёрам ад універсітэта на міжнародных мерапрыемствах. Брала ўдзел нават у такім незвычайным, як чэмпіянат свету сярод лесарубаў, на якім суправаджала нарвежскую каманду.
— Студэнтам раю не адмаўляцца ад падобных мерапрыемстваў, нават калі спачатку ў атэлі давядзецца проста паказваць замежным гасцям, куды ісці. Такія мерапрыемствы — выдатная моўная практыка, а для перакладчыка вопыт асабліва важны, — расказвае Наталля.
Яшчэ адным цудоўным спосабам трэніраваць моўныя навыкі лічыць чытанне замежнай літаратуры ў арыгінале. Твораў замежных аўтараў, як класічных, так і сучасных, Наталля перачытала нямала. Будучы вялікім аматарам навуковай фантастыкі, яна, напрыклад, пазнаёмілася з арыгінальнымі тэкстамі такіх амерыканскіх пісьменнікаў, як Кліфарт Саймак і Гары Гарысан.

Лексіка скандынаўскіх і ўсходнеславянскіх моў шмат у чым падобная. У многім звязана гэта з існаваннем на працягу некалькіх стагоддзяў вядомага шляху з варагаў у грэкі. Дзякуючы яму на тэрыторыі сучаснай Беларусі праходзіў абмен таварамі са скандынавамі.
— Да нас прыязджала шмат скандынаваў. Зносіны з імі “запомніла” мова. Узяць хаця б беларускую “талерку”, якая на нарвежскую мову перакладаецца як tallerken. І такіх прыкладаў нямала. Апошняе, што я для сябе адкрыла, падобнасць нарвежскага trykke да беларускага “друкаваць”, — расказала Наталля Шчуроўская.

Суразмоўніца ўпэўнена, што перакладчык павінен адсочваць тэндэнцыі развіцця сучаснай мовы. Дапамагчы ў гэтым можа прагляд замежных фільмаў у арыгінале ці слуханне замежнага радыё.
— Мы вучым мову, а яна мяняецца, прычым вельмі хутка. Нездарма ў Швецыі і Нарвегіі, напрыклад, існуе дзяржаўны орган (займаецца пытаннямі развіцця мовы, а таксама яе распраўсюджвання ў свеце), які штогод публікуе спіс новых слоў і парады па іх выкарыстанні. З такімі абнаўленнямі абавязкова трэба знаёміцца, — расказвае Наталля.
Для добрага перакладчыка вельмі важна заўсёды быць у курсе таго, што адбываецца ў свеце. Інфармацыю пажадана чэрпаць з некалькіх крыніц.
— Я заўсёды пачынаю свой дзень з чытання навін, якія прапаноўваюць BBC, CNN, NRK (нарвежская вяшчальная карпарацыя), SVT (шведская грамадская тэлевяшчальная арганізацыя). Безумоўна, гляджу беларускія і расійскія навіны, — гаворыць суразмоўніца.
Праўда, для якаснага перакладу часам прыходзіцца штудзіраваць і спецыяльную літаратуру.
— Першае правіла для перакладчыка, якое я не стамляюся паўтараць студэнтам: не пачынай адразу перакладаць тое, у чым не разбіраешся. Спачатку вывучы пытанне. Калі на гэта няма часу, лепш наогул не бярыся за пераклад, — упэўнена выкладчык.
Так, да семінара для галкіпераў у маі мінулага года, які праводзіла UEFA ў Беларусі і на якім Наталля выступала ў ролі сінхроннага перакладчыка, яна рыхтавалася загадзя.

Нарвежская мова налічвае прыкладана 1900 дыялектаў, таму нядзіўна, што простыя жыхары поўначы краіны могуць не зразумець жыхароў поўдня і часам пераходзяць падчас зносін на англійскую мову.
Зразумець дыялекты нарвежскай мовы дапамагае веданне адной з дзвюх форм літаратурнай мовы — букмола ці нюношка. Яны абедзве прызнаны дзяржаўнымі мовамі Нарвегіі.

— Тэма для мяне была абсалютна новая. Каб падрыхтавацца, я прагледзела шмат футбольных матчаў, спецыяльна вывучала тэрміналогію, — успамінае Наталля. І дадае: — Я займалася перакладам у розных сферах. У нас дастаткова кніг, інтэрнэт-крыніц, спецыялістаў у сваёй галіне, якія могуць дапамагчы ўнікнуць у тое, што ты перакладаеш. Аднак ёсць тэмы, за якія ніколі не бяруся. Гэта, напрыклад, медыцынскія тэксты, — працягвае суразмоўніца.
Ні адзін перакладчык, асабліва пачатковец, не застрахаваны ад таго, што ён раптам не зможа хутка падабраць неабходнае слова. Часам прыходзіцца выкарыстоўваць апісальны пераклад.
— Маўчаць ні ў якім разе нельга. Аднак, калі выкарыстоўваць апісальны пераклад пры сінхроне, трэба старацца падабраць кароткі варыянт, каб не адстаць ад гаворачага. Чым карацей, тым лепш. Калі адстанеш больш чым на 3 секунды — адстанеш безнадзейна. Пры гэтым вельмі важна захаваць сэнс выказвання, — падсумоўвае Наталля.

Святлана ШЫЯН.
Фота з асабістага архіва
Наталлі ШЧУРОЎСКАЙ.