Пакуты выбару

Адзінае, у чым можна быць упэўненым, што прафесія не будзе служыць вам заўсёды

Тыя крытэрыі, якімі доўгі час кіраваліся абітурыенты і іх бацькі пры выбары спецыяльнасці (прэстыжнасць, запатрабаванасць, высокааплатнасць і г.д.), сёння ўжо не спрацоўваюць. Тое, што здавалася надзейным і перспектыўным учора, часта аказваецца эфемерным сёння і бескарысным заўтра. Жыццё надзвычай зменлівае, таму арыентацыя на знешнія фактары не заўсёды апраўдана. Шукаць свой прафесійны лёс трэба зыходзячы з асабістых якасцей і арыентуючыся на ўласныя мэты.

Мы ўжо назіралі бум юрыстаў, эканамістаў, маркетолагаў і іншых менеджараў. Раптам (яшчэ некалькі гадоў назад ніхто не мог бы дапусціць) зменшыўся попыт на будаўнікоў і спецыялістаў тэхнічнай галіны. Сёння ўжо нават Парк высокіх тэхналогій заяўляе, што рынак ІТ-спецыялістаў блізкі да насычэння. Каб знайсці высокааплатную работу, часта мала быць проста праграмістам. Трэба валодаць унікальнымі кампетэнцыямі, быць над сярэднім
узроўнем, ведаць і бачыць больш, чым іншыя.

Свет, прагрэс, а з імі і рынак працы развіваюцца надзвычай імкліва. Вельмі ўплывовы футуролаг тэхнічны дырэктар Google Рэй Курцвейл сцвярджае, што неўзабаве прагрэс стане настолькі хуткім і складаным, што чалавек ужо будзе не ў стане яго зразумець.

Курцвейл адносіць гэты момант да 2045 года, але многія праяўленні такой з’явы будуць заўважацца раней.

Таму адзінае, у чым могуць быць упэўнены сённяшнія абітурыенты, што выбраная імі спецыяльнасць не зможа служыць ім заўсёды. У залежнасці ад таго, як будзе развівацца эканоміка, куды будзе рухацца прагрэс і якіх прафесійных вышынь яны захочуць дасягнуць, ім давядзецца пастаянна абнаўляць старыя веды (або ўвогуле забыцца на іх з-за непатрэбнасці) і авалодваць новымі кампетэнцыямі.

Пры гэтым першая выбраная спецыяльнасць, безумоўна, мае значэнне. Так, можна перавучыцца з урача на тэсціроўшчыка, з інжынера — на перакладчыка, з агранома — на настаўніка. Але наадварот — складана ці ўвогуле немагчыма.

Выбіраючы спецыяльнасць, трэба адказаць сабе на некалькі ключавых пытанняў. Што насамрэч я хачу ў жыцці — працаваць на сябе ці быць наёмным работнікам; кіраваць ці быць падначаленым; мець справу з паперамі ці з людзьмі; сядзець у офісе ці быць мабільным; выконваць руцінную работу ці творчую? Менавіта гэта, а не грамадскае ўяўленне аб прэстыжнасці і з’яўляецца важным. Калі вы, напрыклад, актыўны халерык, то руцінная работа з паперамі ад званка да званка пад кіраўніцтвам меланхалічнага начальніка стане вашым пеклам на Зямлі. Праўда, ненадоўга, бо вы ўсё роўна мусіце змяніць работу дзеля самазахавання.

Калі вы актыўны халерык, то руцінная работа з паперамі ад званка да званка пад кіраўніцтвам меланхалічнага начальніка стане вашым пеклам на Зямлі. Праўда, ненадоўга, бо вы ўсё роўна мусіце змяніць работу дзеля самазахавання.

Ёсць сэнс проста накідаць сабе некалькі дзясяткаў пытанняў і шчыра на іх адказаць,тады многае праясніцца. У выніку застанецца не такі ўжо вялікі выбар прафесій. Затое яны будуць максімальна адпавядаць вашым памкненням, а значыць, матываваць і даваць сілы для прафесійнага росту.

Апошнім часам шмат пішуць аб фантастычных дасягненнях навукі і тэхнікі, і ў нашым жыцці хутка з’явяцца новыя прафесіі, якія павінны суправаджаць складаныя інавацыйныя працэсы ў эканоміцы і грамадстве. Таму сёння можна выбіраць адно, а праз час апынуцца ў зусім іншай рэальнасці. Напрыклад, паступіць на настаўніка пачатковых класаў, а ў нейкі момант выявіць сябе як кіраўніка дзіцячым R&D (спецыяліста, які арганізоўвае творчасць дзяцей па прыдумванні новых дзіцячых тавараў і адаптуе іх ідэі для вытворчасці).

Мы ўжо неяк пісалі пра Атлас новых прафесій, створаны камандай распрацоўшчыкаў са Сколкава (Расія). Гэта крыху футурыстычны дакумент, які прадказвае ў хуткай будучыні з’яўленне дзясяткаў новых высокатэхналагічных прафесій і адначасова многія цяперашнія прафесіі спісвае ва ўтыль. Прычым будучыня, паводле ўяўленняў аўтараў, наступае ўжо ў 2020 годзе або крыху пазней.

Якія ж прафесіі з’явяцца?

У нашай сферы гэта распрацоўшчыкі адукацыйных траекторый — прафесіяналы, якія ствараюць маршрут навучання новых спецыялістаў з курсаў, прапанаваных установамі адукацыі, у тым ліку даступных анлайн. Усё гэта з улікам псіхатыпу, здольнасцей і мэт кожнага асобнага чалавека.

У сектары інфармацыйных тэхналогій прагназуецца з’яўленне такой спецыяльнасці, як “ІТ-прапаведнік”. Гэта спецыяліст па камунікацыі з канчатковымі карыстальнікамі ІТ-прадуктаў, прасоўванні новых рашэнняў у групы, кансерватыўна настроеныя ў дачыненні да перадавых тэхналогій. Будзе ажыццяўляць навучанне людзей новым праграмам і сэрвісам для скарачэння лічбавага разрыву сярод насельніцтва.

Лічбавы лінгвіст — прафесіянал, які распрацоўвае сістэмы перакладу з улікам кантэксту і сэнсу, сістэмы апрацоўкі тэкставай інфармацыі (у тым ліку семантычны пошук у інтэрнэце) і новыя інтэрфейсы зносін паміж чалавекам і камп’ютарам на натуральных мовах.

У будаўніцтве з’явяцца архітэктары “энерганулявых” дамоў — спецыялісты, якія займаюцца праектаваннем аўтаномных дамоў, што цалкам забяспечваюць сябе неабходнай энергіяй (шляхам выкарыстання энергазберагальных матэрыялаў і канструкцый, а таксама з дапамогай альтэрнатыўных крыніц энергіі).

Эксперты Сколкава прадказваюць, што ў хуткай будучыні робаты канчаткова заменяць людзей пры выкананні шаблонных работ на вытворчасці. Больш за тое, рэзкае зніжэнне кошту тэхналогій па вырабе робатаў павінна прывесці да істотнага росту іх колькасці для дамашняга выкарыстання. У сувязі з гэтым з’явяцца такія прафесіі, як праекціроўшчык хатніх робатаў, напрыклад, робата-сядзелкі, робата-прыбіральшчыка, робата-садоўніка, робата для выгульвання сабак і г.д. Такія робаты будуць цалкам інтэграваны ў канструкцыю “разумнага” дома, мець свабоду перамяшчэння і выконваць руцінную дамашнюю работу.

У фінансавай сферы людзі-пасрэднікі будуць усё больш актыўна замяшчацца інтэлектуальнымі аўтаматызаванымі сістэмамі. Паводле меркавання экспертаў, такія прафесіі, як бухгалтар і аперацыяніст, у найбліжэйшыя гады паступова будуць сыходзіць. У той жа час з’явяцца прафесіі, якія патрабуюць творчасці і арыгінальнага мыслення. Напрыклад, менеджар фонду прамых інвестыцый у таленавітых людзей. Гэта будуць спецыялісты, якія займаюцца фарміраваннем банка таленавітых людзей і суправаджэннем іх адукацыйнай і кар’ернай траекторыі. Мэта — дапамагчы ім атрымаць максімальна высокія даходы, адпаведна, максімізаваць і даходы фонду (па схеме агентаў зорак сцэны і спорту).

А як вам такая прафесія будучыні, як распрацоўшчык персанальных пенсіённых планаў? Гэта спецыялісты, якія будуць дапамагаць людзям ствараць мадэлі персанальных інвестыцый у пенсіённыя фонды і іншыя фінансавыя інструменты ў залежнасці ад узроўню даходаў, тыпу прафесійнай дзейнасці, ладу жыцця і чаканняў старасці.

У галіне менеджменту таксама прагназуюцца змены, звязаныя з укараненнем аўтаматызаваных рашэнняў. Так, ужо сёння некаторыя кампаніі эксперыментуюць з работай без начальнікаў. Эксперты Сколкава лічаць, што галоўнымі задачамі менеджменту ў будучыні будзе пошук механізмаў размеркаванага кіравання: магчымасцей фарміраваць, каардынаваць і ацэньваць размеркаваныя каманды спецыялістаў пад канкрэтныя праекты. У 2020-х гадах узрасце роля супольнасцей незалежных вытворцаў, якія будуць праз сетку каардынаваць свае планы вытворчасці, продажаў, інвестыцыі ў абсталяванне і чалавечы капітал.

Выбар, арыентаваны на ўласныя чалавечыя і інтэлектуальныя характарыстыкі, больш надзейны. Ідэальна падабраная адукацыя, як ідэальныя прыродна-кліматычныя ўмовы, не можа не даць плёну.

Адна з прафесій, якая з’явіцца ў сувязі з гэтым у галіне менеджменту, — тайм-брокер. Гэта спецыяліст, які прадае працоўны час прафесіяналаў, што знаходзяцца ў рэжыме свабоднай занятасці, на адкрытым рынку. Зрэшты, і гэтай прафесіі даецца няшмат часу на існаванне: ужо ў агляднай будучыні яна састарэе з прычыны з’яўлення аўтаматызаваных рашэнняў.

Безумоўны прарыў эксперты чакаюць у галіне новых матэрыялаў і нанатэхналогій. Дзякуючы тэхналогіі 3D-друку ў людзей з’явіцца магчымасць вырабляць неабходныя прадукты ў сябе дома. Гэта значыць, што кожны становіцца адначасова і вытворцам, і спажыўцом. Пакуль што 3D-друк даволі дарагі і марудны, але прыйдзе час — і адпаведныя друкаркі будуць стаяць у кожным доме. Пры неабходнасці можна будзе надрукаваць хатнія прыборы, электроніку, мэблю, дэталі для аўтамабіляў, адзенне, абутак, лекі і нават ежу. Эксперты сцвярджаюць, што патрэба ў вялікіх фабрыках і заводах мноства галін увогуле адпадзе, праўда, адбудзецца гэта не раней чым праз 20—25 гадоў.

Я ўзгадала толькі некалькі прафесій, з’яўленне якіх прагназуецца ў найбліжэйшай будучыні (Атлас новых прафесій, распрацаваны ў Сколкаве, — гэта амаль 170 старонак аналітыкі). Пералік указвае на тое, што структура прафесій і іх змест будуць мяняцца. І ў рэальнасці яны могуць аказацца яшчэ больш дзіўнымі, чым прадказваюць эксперты.

Памятаю, калі мы былі студэнтамі (90-я гады), то, гледзячы на прынтары, прагрэсіўна марылі: вось прыйдзе час — і ў кожнага дома будзе стаяць маленькая друкарка, мы зможам замаўляць кнігі па інтэрнэце, тут жа друкаваць, пераплятаць і чытаць. Але выйшла яшчэ больш крута, чым нам марылася: з’явіліся электронныя кнігі — запампоўвай у іх хоць цэлыя бібліятэкі, толькі чытай! А прынтары? Хіба што дзецям друкаваць рэфераты ў школу…

Я пераканана: і 3D-друк, і хатнія робаты ўсяго толькі справа часу, прычым не вельмі аддаленага. І прафесіі, якія прадказваюць футурысты, — гэта не для нашчадкаў, а для нас.

Дарэчы, зараз беларускія спецыялісты рыхтуюць свой даведнік перспектыўных прафесій. Напэўна, ён будзе не такі фантастычны, як той, што зрабілі ў Сколкаве, але таксама з поглядам у будучыню. Сёння, калі на рынку працы назіраецца пэўная разгубленасць, гэта надзвычай важна, таму будзем з нецярпеннем чакаць яго публікацыі.

Што да пераліку прафесій, якім эксперты Сколкава прагназуюць хуткі сыход “на пенсію”, то ў яго трапіла ўсё, што можна аўтаматызаваць ці замяніць робатамі (каштарыснікі, стэнаграфісты, капірайтары, выпрабавальнікі, бібліятэкары і г.д.).

Пасля 2020 года пад рызыкай знікнення аказваецца такая раней незаменная прафесія, як юрысконсульт. Лічыцца, што ўсе адказы на пытанні можна будзе знайсці на прававых парталах, а індывідуальную кансультацыю — атрымаць у адпаведных сеткавых суполках.

У гэтым жа сумным спісе — натарыус. Развіццё сэрвісаў аддаленага доступу для афармлення дакументаў і здзяйснення банкаўскіх аперацый з выкарыстаннем электроннага подпісу, магчымасць падключэння да баз даных для праверкі сапраўднасці асобы, яе плацежаздольнасці або несудзімасці ў выніку прывядзе да незапатрабаванасці натарыусаў. Зрэшты, эксперты ўдакладняюць, што гэтая прафесія можа яшчэ нейкі час захоўвацца па прычыне састарэлых норм заканадаўства.

Адпраўляюць “на пенсію” і правізараў. Так ці інакш, але аптэкі будуць пераходзіць на работу праз інтэрнэт-рэсурсы, а лагістычныя службы — дастаўляць спажыўцам лекі ў любы час сутак. І адбудзецца гэта неўзабаве пасля таго, як кіраўнічыя рашэнні пачнуць прымаць прадстаўнікі лічбавага пакалення. Паводле прагнозаў экспертаў, правізары ў аптэках застануцца для забеспячэння людзей лекамі ў экстраных выпадках або для работы з насельніцтвам, няздольным самастойна сябе абслужыць. Але іх спатрэбіцца значна менш, чым сёння.

Тое ж самае тычыцца і банкаўскіх аперацыяністаў, бо практычна ўсе фінансавыя аперацыі пераводзяцца ў сетку, а наяўныя грошы выдаюцца банкаматамі. Зрэшты, пэўная колькасць банкаўскіх работнікаў будзе патрэбна для таго, каб абслугоўваць тую частку насельніцтва, якая не змагла адаптавацца да новых тэхналогій.

Дарэчы, эксперты Сколкава перакананы, што і прафесія журналіста ў хуткім часе загадае доўга жыць. Яны прыводзяць у прыклад кампанію Bloomberg, якая замяніла частку персаналу на праграму штучнага інтэлекту. І яна піша біржавыя навіны нават больш хутка і маляўніча, чым журналісты. Лічыцца, што ўжо гадоў праз 20 штучны інтэлект зможа на 95% вырашаць задачы, звязаныя са СМІ. У прафесіі застануцца толькі тыя людзі, якія робяць аўтарскую журналістыку, заснаваную на арыгінальных поглядах, або займаюцца расследаваннямі.

Такім чынам, сённяшні выбар прафесіі, з аднаго боку, ускладняецца немагчымасцю выбудоўваць доўгатэрміновыя планы адносна кар’еры. Часам цяжка ўгадаць, куды падуе вецер, а мы ўвогуле жывём на сямі вятрах. З другога боку, выбар, арыентаваны на ўласныя чалавечыя і інтэлектуальныя характарыстыкі, больш надзейны. Ідэальна падабраная адукацыя, як ідэальныя прыродна-кліматычныя ўмовы, не можа не даць плёну.

І хай адны прафесіі знікаюць, іншыя нараджаюцца — такая дыялектыка жыцця. Калі ж вы ўсё зрабілі правільна, то вятры перамен не пакінуць вас без работы, наадварот, зробяць яе нават больш цікавай. Былі бібліятэкарам — станеце ментарам стартапаў, былі бухгалтарам — станеце мультывалютным перакладчыкам… Галоўнае — пазнаць свае магчымасці і жаданні, вызначыць уласныя мэты і не баяцца новага. Свет мяняецца, і ў гэтым яго надзейнасць.

Галіна СІДАРОВІЧ.