Ад студэнтаў для школьнікаў

Абноўленая дыстанцыйная школа мехмата БДУ

Адным з пераможцаў конкурсу адукацыйных анлайн-рэсурсаў у намінацыі “Адукацыйныя анлайн-рэсурсы прыродазнаўчанавуковых факультэтаў” стаў анлайн-рэсурс “Камп’ютарны дызайн матэматычнага кантэнту”. Аднак гэты рэсурс цікавіць нас не толькі па прычыне сваёй перамогі. Займаючыся па ім, студэнты механіка-матэматычнага факультэта пры суправаджэнні выкладчыка ствараюць паўнавартаснае напаўненне дыстанцыйнай школы гэтага факультэта, якая з 1 верасня 2016 года будзе працаваць у абноўленым фармаце. Аўтарамі адукацыйнага анлайн-рэсурсу, па якім займаюцца студэнты, з’яўляюцца супрацоўнікі БДУ Юрый Пазняк і Галіна Шваркова.

“Адукацыйны анлайн-рэсурс “Камп’ютарны дызайн матэматычнага кантэнту” аказвае дыстанцыйную падтрымку вочнаму аднайменнаму курсу. У яго рамках мы і падрыхтавалі анлайн-суправаджэнне праграмы школьнай матэматыкі для 7—11 класаў”, — адразу адзначыў Юрый Віктаравіч.

У адрозненне ад ранейшай дыстанцыйнай школы юнага матэматыка (9—11 класы), дзе моладзь праходзіла ўсю школьную праграму за год, праграма абноўленай школы дзеліцца па класах.

“У кожным класе дыстанцыйнай школы тэмы разглядаюцца ў паслядоўнасці, якая рэкамендавана каляндарна-тэматычным планам, распрацаваным Нацыянальным інстытутам адукацыі. Першай для 7 класа стане тэма “Геаметрычныя фігуры”, для 8 — “Лічбавыя няроўнасці”, — заўважыў Юрый Віктаравіч.

Як расказаў аўтар курса, падрыхтоўка матэрыялу, каб яго можна было размясціць у адкрытым доступе, — працаёмкі працэс, які патрабуе спецыяльнага ўмення (у першую чаргу гэта тычыцца адаптацыі да анлайн-асяроддзя формул, геаметрычных пабудоў). Таму напаўненне ў дыстанцыйнай школе для асобных класаў рыхтавалася не адзін год.

“Дысцыпліна “Камп’ютарны дызайн матэматычнага кантэнту” на механіка-матэматычным факультэце выкладаецца ўжо 7 гадоў. Навучанне па ёй прайшлі каля 200 чалавек, кожны з якіх на працягу семестра выканаў хаця б адно заданне для дыстанцыйнай школы”, — удакладніў Юрый Віктаравіч.

Як расказаў Юрый Пазняк, студэнты самі рыхтуюць рашэнне заданняў, а пасля разам з выкладчыкам яго шліфуюць, каб яно было метадычна правільным. Яно павінна быць выканана так, каб яго можна было адкрыць у агульны доступ.

“На дзённым аддзяленні курс “Камп’ютарны дызайн матэматычнага кантэнту” праходзяць студэнты спецыяльнасці “Матэматыка” кірунку “Навукова-педагагічная дзейнасць”. Такая дзейнасць дазваляе ім рыхтавацца да рэальнай работы”, — адзначыў Юрый Віктаравіч.

Так, падчас курса студэнты знаёмяцца з рознымі формамі адлюстравання матэматычнага кантэнту, з выдавецкай сістэмай LaTex, якая прызначана для фізіка-матэматычнай літаратуры, знаёмяцца з магчымасцямі дынамічнай геаметрыі.

“Гэта адметная асаблівасць курса, які выкладаецца. Студэнты працуюць у бясплатнай дынамічнай матэматычнай праграме GeoGebra”, — звярнуў увагу распрацоўшчык адукацыйнага анлайн-рэсурсу.

GeoGebra дазваляе мяняць зыходныя даныя чарцяжа (напрыклад, змяняць даўжыню старон геаметрычных фігур). Вынікі гэтых змяненняў можна ўбачыць на экране камп’ютара. Для параўнання згадаем, што ў чарцяжы, які захоўваецца ў звыклым фармаце JPEG, параметры змяніць не атрымаецца.

“Я вельмі хацеў бы, каб у нас была створана сучасная пляцоўка па інтэграцыі класічнага матэматычнага кантэнту і сучасных інфармацыйных тэхналогій. Тады, магчыма, мы адыдзем ад класічнага выкладання матэматыкі і наблізімся да гібрыднага, якое стане больш зразумелым для дзяцей”, — заўважыў Юрый Пазняк.

Юрый Віктаравіч спадзяецца, што яго студэнты, якія пасля заканчэння ўніверсітэта стануць выкладаць, зрабіць такі пераход будуць здольныя.

Дыстанцыйная школа з 7 па 11 клас

Нягледзячы на тое, што афіцыйнае адкрыццё дыстанцыйнай школы для асобных класаў з 7 па 11 запланавана на 1 верасня, першыя заданні ў кожным класе з’явяцца ў ліпені.

“У кожным класе будзе прапанавана 30 заняткаў па асобных тэмах. Па кожным з іх школьнік атрымае тэарэтычны матэрыял, заданні для самастойнай работы і кантрольныя заданні, — расказаў Юрый Пазняк. — Пры наяўнасці матывацыі ў школьнікаў гэтыя матэрыялы дазволяць самастойна асвоіць і паглыбіць веды па тэмах, якія разглядаюцца”.

Адны заняткі будуць доўжыцца тыдзень. Так, кожны панядзелак будзе адкрывацца доступ да тэарэтычнага матэрыялу і заданняў для самастойнай работы. У чацвер адкрыецца доступ і да рашэнняў заданняў для самастойнай работы. Адначасова з’явіцца доступ да кантрольных заданняў. У апошнюю хвіліну нядзелі доступ да заданняў для самастойнай работы і да кантрольных заданняў закрыецца. Затое адкрыюцца адказы да кантрольных задач. Па такім алгарытме дыстанцыйная школа будзе працаваць кожны тыдзень з перапынкам на канікулы.

“У заданнях для самастойнай работы і кантрольных заданнях даецца як мінімум 10 задач. Задачы і іх рашэнні будуць абмяркоўвацца на форумах і ў чатах як з вучнямі дыстанцыйнай школы, так і з выкладчыкамі і студэнтамі механіка-матэматычнага факультэта БДУ”, — рэзюмаваў Юрый Віктаравіч.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.