Развіваць здольнасці навучэнцаў па ўсіх кірунках

У 2017 годзе ў Гудагайскай сярэдняй школе Астравецкага раёна адбудзецца першы выпуск класа прававой накіраванасці. У межах профільнага навучання тут створаны таксама ваенна-патрыятычны, педагагічны, спартыўны класы. Аб тым, як працуюць гэтыя класы, як вядзецца ў іх адукацыйны і выхаваўчы працэс, мы гутарым з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Гудагайскай сярэдняй школы Жаннай ЯНЦЭВІЧ.

— Жанна Леанардаўна, чаму менавіта прававы кірунак быў выбраны для стварэння першага профільнага класа ў вашай школе?

— Забеспячэнне сацыяльнага заказу на фарміраванне грамадзяніна з развітым пачуццём маральнасці, актыўнай жыццёвай пазіцыяй, павагай да закону, з добрасумленным стаўленнем да сваіх абавязкаў абумовіла адкрыццё 30 жніўня 2013 года на базе 8 “А” прававога класа, першага ў раёне. Ля вытокаў яго стварэння стаялі начальнік аддзела ўнутраных спраў Астравецкага райвыканкама Уладзімір Іванавіч Квач, намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Вадзім Мар’янавіч Савіцкі, дырэктар школы Ганна Мечыславаўна Капцюг, класны кіраўнік і, вядома, бацькі вучняў. Вырашыць арганізацыйныя і вучэбна-метадычныя пытанні дапамаглі супрацоўнікі Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Для арганізацыі ідэалагічнага і патрыятычнага выхавання сумесна з РАУС распрацавана праграма дзейнасці “Мы — прававы клас”.

— Сёлета адбудзецца першы выпуск прававога класа. А які ён, чым адметны яго навучэнцы?

— 11-ы прававы клас сёння — гэта 11 юнакоў і 9 дзяўчат, якія сталі сапраўднай камандай аднадумцаў. Адукацыйны працэс у прававым класе накіраваны на выхаванне дзяржаўнага светапогляду і законапаслухмяных паводзін, фарміраванне актыўнай жыццёвай пазіцыі, патрыятызму. Для навучэнцаў арганізаваны факультатыўныя курсы, накіраваныя на пашырэнне і паглыбленне ведаў па фізіцы, беларускай і англійскай мовах, гісторыі Беларусі, чарчэнні, у абавязковым парадку вучні наведваюць спартыўныя гурткі і секцыі.

Навучэнцы прававога класа актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці, паспяхова прадстаўляюць установу на розных спаборніцтвах, конкурсах, алімпіядах. Добрая фізічная падрыхтоўка, зладжанасць каманды ў дзеяннях — і выніковае 1-е месца і пераможны кубак у раённай ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”. Выдатныя турыстычныя, спартыўныя і творчыя здольнасці таксама прывялі каманду да перамогі ў раённым турыстычным злёце “Школа выжывання” сярод 11 каманд. Мікіта Вішнеўскі і Кірыл Пакульневіч — удзельнікі IV Абласной навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў “Фізіка вакол нас” — узнагароджаны граматай за лепшы даклад.


Навучэнцы прымаюць актыўны ўдзел у аглядах-конкурсах мастацкай самадзейнасці сярод калектываў органаў і падраздзяленняў унутраных спраў Гродзенскай вобласці. Так, у конкурсе, які праходзіў у Астраўцы, свае таленты дэманстравалі супрацоўнікі васьмі райаддзелаў міліцыі. Наш Мікіта Вішнеўскі прымаў удзел у самай складанай намінацыі — “Размоўны жанр”. Верш Канстанціна Сіманава “Горят города по пути этих полчищ…” прынёс яму заслужанае 1-е месца сярод школьнікаў. Выдатныя артыстычныя здольнасці дапамаглі юнаку перамагчы таксама і ў ІІІ Абласным аглядзе-конкурсе сярод калектываў РАУС, прысвечаным 100-годдзю міліцыі, які праходзіў у кастрычніку мінулага года. Дзмітрый Ярашэвіч атрымаў дыплом за 3-е месца на XI Рэспубліканскім конкурсе сачыненняў “Мы выбіраем шлях”, прысвечаным Дню беларускай міліцыі, які праводзіла Акадэмія МУС. Таксама Дзмітрый стаў пераможцам раённага этапу рэспубліканскага конкурсу, які праводзіўся пад эгідай Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці ў намінацыі “Эсэ”, тэматыка якога адлюстроўвала бачанне атамнай энергетыкі ў нашай краіне. Сёння Астравецкі раён — месца актыўнай забудовы. У канцы 2015 года ва ўрачыстай абстаноўцы быў адкрыты яшчэ адзін сучасны аб’ект інфраструктуры горада ў Астраўцы — будынак Астравецкага следчага камітэта. І вучні прававога класа былі запрошаны ў ліку гасцей на святочнае мерапрыемства.

— Раскажыце, калі ласка, як вядзецца прафарыентацыйная работа ў прававым класе?

— Мы наладзілі змястоўную сістэму прафарыентацыйнай работы, якая заключаецца ў цесным супрацоўніцтве з раённым аддзелам унутраных спраў. Там сур’ёзна думаюць над будучым папаўненнем міліцэйскіх радоў, абуджаюць у юнакоў і дзяўчат цікавасць да неабходнай для грамадства службы.

У школе рэгулярна арганізоўваюцца сустрэчы з работнікамі пракуратуры, інспекцыі па справах непаўналетніх, аддзела ўнутраных спраў. У аддзеле вельмі змястоўна праходзяць дні адкрытых дзвярэй. Гэта добрая магчымасць убачыць міліцэйскія будні, тое, чым жыве аддзел, зразумець, што чакае маладога спецыяліста пасля навучальнай установы, з чым давядзецца сутыкнуцца ў час працоўнай дзейнасці. Навучэнцам расказваюць пра асноўныя патрабаванні да кандыдатаў на службу, навіны ў заканадаўстве і ўсё, што тычыцца дзейнасці органаў унутраных спраў. Як вынік такой прафарыентацыйнай работы — чатыры навучэнцы прававога класа выказалі жаданне стаць студэнтамі Акадэміі МУС. Юнакі і дзяўчаты зараз праходзяць медыцынскі агляд і прафесійны адбор, сур’ёзна рыхтуюцца да здачы цэнтралізаванага тэсціравання.

— Праз год пасля адкрыцця прававога класа ў школе з’явіўся педагагічны клас…

— Так, 2014 год стаў знакавым для нашай школы: на базе 8 “А” быў адкрыты педагагічны клас. У гэтым навучальным годзе тут займаюцца 16 навучэнцаў. Для адкрыцця педагагічнага класа была праведзена вялікая арганізацыйна-метадычная работа. Акрамя вывучэння профільных прадметаў на павышаным узроўні (беларуская мова і гісторыя Беларусі), вучні асвойваюць абавязковы курс факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, накіраваны на развіццё матывацыі да педагагічнай дзейнасці. Трэба адзначыць, што навучэнцы педкласа (абавязвае сам профіль!) вызначаюцца свядомай вучэбнай дысцыплінай. Свае здольнасці будучыя педагогі актыўна развіваюць падчас шматлікіх мерапрыемстваў: яны актыўныя арганізатары і ўдзельнікі дзён школьнага самакіравання, мерапрыемстваў шостага школьнага дня, ажыццяўляюць валанцёрскую дзейнасць у школьным летніку падчас канікул, праводзяць экскурсіі для гасцей і наведвальнікаў школьнага гісторыка-краязнаўчага музея.


Пералік творчых, інтэлектуальных дасягненняў навучэнцаў педкласа заняў бы цэлую газетную старонку, але вось некаторыя з іх: Аляксандр Жалток і Альгерд Яфімаў з’яўляюцца лаўрэатамі абласнога этапу рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” ў намінацыі “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”; Альгерд Яфімаў — уладальнік дыплома ІІ ступені ў Абласным конкурсе навукова-даследчых работ “Крыштальная Альфа”; Яніна Мацкевіч і Арына Лаўрэцкая — пераможцы Міжнароднага дыстанцыйнага адукацыйнага конкурсу “Алімпіс 2016 — вясенняя сесія”. Прыемная і заслужаная перамога: у XV Міжнароднай інтэрнэт-алімпіядзе “Эрудыты планеты — 2016” каманда навучэнцаў педкласа Emerald прайшла ўсе 18 тураў інтэлектуальнага спаборніцтва і ў выніку заняла 5-е месца ў сваёй узроставай групе.

Эфектыўнасць работы педагагічнага класа ў канчатковым выніку залежыць ад педагога, які займаецца з вучнямі. Класны кіраўнік Ірына Мікалаеўна Жалток, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, уласным прыкладам паказвае, што ў педагогіцы ёсць месца паспяховым і ўпэўненым у сабе людзям. Гэтае захапленне прадметам, прафесіяй перадаецца і вучням: пяцёра з іх мэтанакіравана і ўпэўнена рыхтуюцца стаць педагогамі. Тым больш што новыя правілы паступлення ў педагагічныя ўніверсітэты з’яўляюцца вельмі прыцягальнымі.

— Нядаўна ў школе адбылося адкрыццё яшчэ аднаго профільнага класа — спартыўнага…

— З 1 верасня 2015 года дзейнічае спартыўны клас для заняткаў лёгкай атлетыкай. Ідэю яго адкрыцця ахвотна падтрымалі бацькі вучняў 6 “Б” класа. Пэўную ролю ў адкрыцці класа адыграла тое, што ў школе існуюць добрыя спартыўныя традыцыі, нашы выпускнікі з’яўляюцца прызёрамі раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спартыўных спаборніцтваў.

Вучні гэтага класа павінны не толькі быць моцнымі фізічна, але і атрымаць добрую адукацыю. Дзеці, захопленыя спортам, выпрацоўваюць пачуццё ўпэўненасці ў сабе, волю, паспяхова вучацца ў школе. Яны наведваюць факультатыўныя заняткі па матэматыцы, працоўным навучанні, займаюцца ў музычнай школе, актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці, паспяхова прадстаўляюць школу на розных конкурсах і алімпіядах.

— Сёння ў Гудагайскай школе існуе і ваенна-патрыятычны клас. Якія асаблівасці работы ў ім?

— У мінулым годзе на падставе заяў бацькоў, рашэння педагагічнага савета на базе 7 “А” класа быў сфарміраваны ваенна-патрыятычны клас. Першапачатковае знаёмства з ваеннай прафесіяй адбывалася праз заняткі гуртка “Юны памочнік пагранічніка”, якія праводзіла класны кіраўнік Таццяна Станіславаўна Тарашкевіч разам з намеснікам начальніка па ідэалагічнай рабоце пагранічнай заставы “Лоша” Ільёй Генадзьевічам Грэкам. Сённяшнія навучэнцы ваенна-патрыятычнага класа — гэта 11 хлопчыкаў і дзяўчынак, апранутых у пагранічную форму, якая пасуе ўсім без выключэння, надае сур’ёзнасць выгляду.

Рэалізацыя праграмы класа “Дазор” накіравана на знаёмства з правіламі кадэцкага жыцця, навучанне страявой падрыхтоўцы, асновам пагранічнага майстэрства. Нядаўна вучні прысутнічалі на знамянальнай падзеі: адкрыцці комплексу будынкаў і збудаванняў пагранічнай заставы “Маладзечанская” Смаргонскай пагранічнай групы. Традыцыйным стала і наведванне пагранічнай заставы “Лоша”: падчас экскурсій вучні знаёмяцца са структурай і заняткамі ў трэніровачным гарадку, з тэхнічным абсталяваннем, кіналагічнай службай. Дзеці могуць убачыць побыт салдат, якія праходзяць тэрміновую службу, прымераць форму пагранічніка і пачаставацца салдацкай кашай. Яны былі ўражаны: ахова дзяржаўнай мяжы — вельмі адказная справа. 23 лютага вучні ваенна-патрыятычнага класа ва ўрачыстай абстаноўцы будуць прымаць прысягу.

— Прафарыентацыйная работа — справа адказная і, з аднаго боку, вельмі клапатлівая, з другога, нясе вялікую карысць і вучням, і ўстанове адукацыі. Што вы, Жанна Леанардаўна, лічыце тут галоўным?

— Мы хочам паказаць, што профільныя класы патрэбны кожнай установе. Добрае першае месца работы, кар’ерны рост маладога спецыяліста ў многім залежаць ад таго, наколькі свядомымі і прадуманымі былі яго прафесійны выбар і старанне ў вучобе. Навучанне па мэтавых накіраваннях — адзін са складнікаў правільнага прафесійнага самавызначэння.

У нашым раёне ёсць патрэба ў настаўніках матэматыкі, англійскай мовы, фізічнай культуры, музыкі. Адчувае раён патрэбу і ў педагогах-псіхолагах, настаўніках-дэфектолагах. Менавіта таму аддзел адукацыі, спорту і турызму штогод з’яўляецца заказчыкам мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў. Згодна з планамі перспектыўнага развіцця, у Астраўцы будуць уведзены ў дзеянне яшчэ 3 новыя школы і 12 дзіцячых садкоў. Насельніцтва горада можа вырасці да 45 тысяч чалавек, таму кадравае папаўненне за кошт спецыялістаў-мэтавікаў — выдатная магчымасць.

Вынікам прафарыентацыйнай работы стала тое, што трое нашых выпускнікоў 2014 года сталі студэнтамі педагагічных спецыяльнасцей універсітэтаў па мэтавых накіраваннях, у 2015 годзе — двое, у 2016-м — адзін. Пасля заканчэння навучання ў раён вернуцца двое настаўнікаў замежнай мовы, яшчэ двое — фізічнай культуры і здароўя, педагог-псіхолаг, настаўнік гісторыі. А сёння мы ганарымся тым, што 15 педагогаў з 38 — выпускнікі Гудагайскай школы розных гадоў. Радуе і той факт, што трое сёлетніх выпускнікоў нашай школы збіраюцца паступаць у педагагічныя ўніверсітэты на мэтавую падрыхтоўку.

Гутарыла
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.