Днямі ў Доме дружбы ў Мінску адбылася музычна-паэтычная вечарына “Мелодыі дружбы”, прысвечаная сяброўству народаў краін Лацінскай Амерыкі і Рэспублікі Беларусь. У мерапрыемстве, побач з іншымі аматарамі лацінаамерыканскай культуры, прынялі ўдзел студэнты факультэта іспанскай мовы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.
Гэта ўнікальны факультэт, які не мае аналагаў у Беларусі. Сёння ён вядзе падрыхтоўку па спецыяльнасці “Сучасныя замежныя мовы (іспанская і другая замежная мова)”. Пры гэтым у якасці другой замежнай можна вывучаць англійскую і нямецкую. Як адзначаюць на факультэце, спалучэнне іспанскай і англійскай моў дазваляе студэнтам азнаёміцца з гісторыяй, культурай і традыцыямі народаў, якія пражываюць на такіх розных тэрыторыях, як Паўночная і Паўднёвая Амерыка.
Факультэт невялікі: штогод з яго сцен выходзіць каля 70 выпускнікоў. Аднак гэта штучныя спецыялісты, якія працуюць ва ўстановах адукацыі нашай краіны, а таксама прадстаўляюць беларускія інтарэсы ў дыпламатычных і эканамічных місіях за мяжой.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.