У снежні 2015 года ў Гродзенскім дзяржаўным політэхнічным каледжы адбылася рэарганізацыя: да палітэха далучылі Гродзенскі дзяржаўны будаўнічы прафесійны ліцэй, які стаў аддзяленнем прафтэхадукацыі. Так навучальная ўстанова з 60-гадовай гісторыяй перагарнула новую старонку свайго развіцця.
Пра тое, як сёння працуе Гродзенскі дзяржаўны політэхнічны каледж, мы гутарым з яго дырэктарам С.В.ХРАПКО.
— Святлана Віктараўна, вы доўгі час узначальвалі Гродзенскі дзяржаўны будаўнічы прафесійны ліцэй. Як прайшло аб’яднанне дзвюх устаноў адукацыі і якія перспектывы гэта адкрыла для далейшага развіцця?
— Павысіўся статус установы, у навучэнцаў з’явіліся новыя магчымасці з улікам рэалізацыі канцэпцыі бесперапыннай адукацыі. Тыя, хто добра вучыцца на першай ступені прафесійнай адукацыі, могуць прадоўжыць адукацыю на другой ступені, а потым атрымаць і вышэйшую адукацыю па скарочанай форме ў дзевяці ўніверсітэтах краіны. Такім чынам, створаны ўмовы для інтэграцыі розных узроўняў адукацыі: прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай.
Аб’яднанне двух педагагічных калектываў — гэта і аб’яднанне багатых традыцый, вопыту прафесійнай падрыхтоўкі і выхаваўчай работы, стымул для далейшага развіцця.
— Першакурснікамі каледжа сёлета сталі 350 чалавек. Як праходзіў набор, які конкурс быў на спецыяльнасці і як арганізоўваеце работу з абітурыентамі?
— У каледжы рыхтуюць па 14 спецыяльнасцях і 23 кваліфікацыях. Конкурс, напрыклад, на спецыяльнасць “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” склаў сёлета тры чалавекі на месца. Вядзецца пастаянная работа па аптымізацыі прафесій і кваліфікацый з улікам патрабаванняў рынку працы. У нас з’явіліся новыя спецыяльнасці — “Будаўніцтва дарог і транспартных аб’ектаў”, “Банкаўская справа”. Праводзіцца набор і па інтэграваных спецыяльнасцях, якія ўключаюць кваліфікацыі дэкаратыўна-прыкладнога кірунку: вытворца мастацкіх вырабаў з керамікі; тынкоўшчык, абліцоўшчык-плітачнік; разьбяр па дрэве і бяросце; сталяр; укладчык пакрыццяў для падлогі. Атрымаўшы іх, выпускнік зможа працаваць у будаўнічых і прамысловых арганізацыях, а таксама стаць індывідуальным прадпрымальнікам ці рамеснікам.
Каб забяспечыць якасны стапрацэнтны набор, актыўна працуем з абітурыентамі на працягу ўсяго навучальнага года. Летась арганізавалі дзевяць дзён адкрытых дзвярэй: два з іх праводзіліся на базе прафесійна-тэхнічнай адукацыі, сем — на базе сярэдняй спецыяльнай. Перад навучэнцамі школ і гімназій выступалі загадчыкі аддзяленняў каледжа і нашы навучэнцы, дасягненні і ўменні якіх можна было ўбачыць на выставе, дзе прадстаўлены іх работы. Усяго ў гэтыя дні ў каледжы пабывала каля 850 чалавек.
Навучэнцы выпускных груп выязджалі ў школы Зэльвенскага, Свіслацкага і Воранаўскага раёнаў. Прыклад нашай выхаванкі Ірыны Якімчук, якая па ўласнай ініцыятыве правяла прафарыентацыйнае мерапрыемства ў роднай Дубненскай сярэдняй школе Мастоўскага раёна, паказаў, што такія сустрэчы неабходныя не толькі ў гарадскіх, але і ў сельскіх школах. Думаю, практыку правядзення прафесійных субот працягнем і ў гэтым годзе.
Акрамя таго, плануем арганізаваць для нашых будучых навучэнцаў прафесійныя спробы, якія будуць заснаваны на выкананні простых тэхналагічных аперацый, каб маладыя людзі маглі атрымаць пачатковыя веды і ўменні па абранай спецыяльнасці. Так ім будзе лягчэй вызначыцца ў сваіх магчымасцях і жаданнях.
— Падрыхтоўка сучаснага спецыяліста патрабуе адпаведнай матэрыяльна-тэхнічнай базы і кваліфікацыі выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання.
— У складзе педагагічнага калектыву каледжа — два кандыдаты навук, дацэнты, пяць магістраў, 96 чалавек маюць вышэйшую і першую катэгорыю, 2 чалавекі вучацца ў магістратуры і аспірантуры. Але, акрамя прафесійных якасцей, патрабуецца і вялікая адказнасць за сваю справу, пастаянная вучоба, таму нашы спецыялісты рэгулярна праходзяць курсы павышэння кваліфікацыі, стажыроўкі на базавых прадпрыемствах.
У каледжы ёсць майстэрні — механічная, слясарная, зварачная, мулярская, электрамантажных і электрарадыёвымяральных работ, а таксама цэхі — сталярныя, каменныя, тынкавальныя і керамічныя. Тут навучэнцы праходзяць вучэбную практыку. Майстэрні адпавядаюць сучасным патрабаванням падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў: маюць неабходнае абсталяванне і інструменты, якія дазваляюць атрымаць асноўныя ўменні і навыкі па абранай спецыяльнасці. Некалькі гадоў назад сумесна з фірмай “Тайфун” былі абсталяваны вучэбны кабінет і вучэбна-вытворчая майстэрня. Гэта дае магчымасць праводзіць навучанне па самых сучасных тэхналогіях, з выкарыстаннем сучасных будаўнічых матэрыялаў, а таксама з прыцягненнем спецыялістаў-вытворцаў. Адзначу, што такое супрацоўніцтва дазваляе нашым майстрам вытворчага навучання павышаць сваю кваліфікацыю, а каледж атрымлівае матэрыялы для практычных заняткаў па кошце вытворцы.
— Як супрацоўнічаеце з заказчыкамі кадраў? Ці адчуваеце цяжкасці з размеркаваннем выпускнікоў?
— Сёлета размеркаванне выпускнікоў бюджэтнай формы навучання было стапрацэнтным. Такі вынік стаў магчымым дзякуючы арганізаванай рабоце многіх зацікаўленых арганізацый.
І хоць сёння мы сутыкаемся з некаторымі цяжкасцямі з-за памяншэння аб’ёмаў вытворчасці, асабліва ў будаўнічай сферы, і скарачэннем рабочых месцаў, важна бачыць перспектыву. Мы ўпэўнены, што праз некаторы час, дзякуючы мадэрнізацыі прадпрыемстваў, прафесійныя рабочыя і спецыялісты будуць запатрабаванымі. Наша задача — рыхтаваць іх на будучыню. У сувязі з гэтым да планавання і рэалізацыі адукацыйнага працэсу мы прыцягваем арганізацыі, якія з’яўляюцца заказчыкамі кадраў. Удзел прадстаўнікоў гэтых арганізацый у складзе кваліфікацыйных камісій на выпускных экзаменах дае магчымасць бачыць якасць ведаў нашых выпускнікоў.
Акрамя таго, заказчыкі кадраў даюць нам рэкамендацыі па складзе вучэбнага кампанента. З улікам іх пажаданняў будучыя праграмісты і банкіры на 3—4 курсах будуць факультатыўна вывучаць праграму “1с: бухгалтэрыя”.
У апошні час вучым маладых людзей і самім быць актыўнымі ў пошуках работы, прапаноўваем ім завесці дзённік выпусніка. Выпускнікі другой ступені адукацыі самі звяртаюцца да патэнцыяльных работадаўцаў і фіксуюць у дзённіку, як праходзілі перамовы, якія патрабаванні прад’яўляе заказчык кадраў, аналізуюць сітуацыю і такім чынам атрымліваюць навыкі сацыялізацыі.
Супрацоўніцтва з заказчыкамі кадраў вельмі важнае і таму, што дае магчымасць выкарыстоўваць іх вытворчую базу для практыкі. Так, дзякуючы гэтаму, нашы навучэнцы змаглі паўдзельнічаць і вынікова выступіць на чэмпіянаце прафесійнага майстэрства WorldSkills. Дзяніс Чабарачка ў мінулым годзе прыняў удзел у чэмпіянаце краін Еўразійскай прасторы і заняў другое месца ў намінацыі “Праграмныя рашэнні для бізнесу”. Да конкурсу навучэнца рыхтавалі яго выкладчыкі — Віктар Данілавіч Арэхва і Вольга Вітальеўна Арэхва, а таксама спецыялісты прадпрыемства “Гродзенскія інфармацыйныя сеткі”.
Мы ўдзячны арганізацыям, якія выступаюць не толькі як заказчыкі кадраў, але і як спонсары. Толькі за тры апошнія гады каледж атрымаў дапамогу ад прадпрыемстваў “Гроднажылбуд”, “Гроднапрамбуд”, “Тайфун”, “Гроднагарбуд”, “Гроднааблсельбуд” у памеры 850 млн рублёў (недэнамінаваных).
— У каледжы навучэнцы атрымліваюць не толькі прафесію, гэта час станаўлення асобы…
— Так, наша першачарговая задача — выхаваць не толькі высокакваліфікаванага і канкурэнтаздольнага спецыяліста, але і адказнага, годнага грамадзяніна, ашчаднага гаспадара, неабыякавага чалавека. Сёння, прымаючы на работу, разглядаюць і асабістыя якасці маладога спецыяліста. Таму мы імкнёмся праводзіць эфектыўную выхаваўчую, ідэалагічную і сацыяльную работу з моладдзю. У каледжа добрыя традыцыі і вопыт у гэтым напрамку.
У кожнага педагога ёсць магчымасць выхоўваць навучэнцаў не толькі праз змест вучэбнага прадмета, але і праз розныя формы вучэбна-пазнавальнай дзейнасці. Перад сваім калектывам мы ставім задачу, каб вучэбны матэрыял меў сувязь з жыццём, з асабістымі і прафесійнымі планамі навучэнцаў, каб увага акцэнтавалася на каштоўнасцях і маральных аспектах, улічвалася культурная і гістарычная спадчына нашай краіны, нашага горада. Трэба прыцягваць маладых людзей да абмеркавання і вырашэння актуальных праблем, прывучаць да адказнасці за сябе і краіну.
Нашы навучэнцы заўсёды актыўна ўдзельнічаюць у сацыяльна значных мерапрыемствах. Гэта акцыі “Будучыню Радзімы будаваць маладым”, “Кветкі Вялікай Перамогі“, “Беларусь памятае”, “Моладзь за чысты горад”, “Ланцужок міласэрнасці”, “Увага! Пажылы чалавек”. А летась праект Андрэя Авуткі “Рэканструкцыя комплексу будынкаў бровара ў Гродне” перамог у намінацыі “Ідэя для роднага горада” занальнага этапу Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.
На бягучы навучальны год таксама запланаваны ўдзел у цікавых і карысных мерапрыемствах: грамадзянска-патрыятычным праекце “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, гісторыка-краязнаўчай экспедыцыі “Замкі Беларусі”, Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе па эканоміцы і прадпрымальніцтве “Лесвіца поспеху”, аўта- і мотапрабегу па памятных месцах Беларусі.
У каледжы прынята праграма “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2016—2020 гады, якая акрэслівае ўсе напрамкі ідэалагічнай, патрыятычнай, выхаваўчай работы з моладдзю. Традыцыйнымі сталі мерапрыемствы “Урачыстая серада”, калі мы ўшаноўваем выдатнікаў вучобы, імянных стыпендыятаў, рацыяналізатараў і вынаходнікаў, “Ззянне інтэлекту” — віншуем пераможцаў алімпіяд, “Спартыўны зорны небасхіл” — ушаноўваюцца лепшыя спартсмены. Праводзяцца конкурсы на лепшую акадэмічную групу і лепшага прафактывіста. Дарэчы, прафсаюзная арганізацыя навучэнцаў каледжа стала пераможцай Рэспубліканскага агляду-конкурсу, прысвечанага 100-годдзю прафсаюзнага руху Беларусі.
Акрамя таго, з 2004 года навучэнцам і педагогам уручаецца дыплом “За гонар і годнасць”. Гэтая ўзнагарода стымулюе асабісты творчы патэнцыял і актыўную жыццёвую пазіцыю чалавека.
Беларусь — краіна шматнацыянальная, такі ж шматнацыянальны і склад навучэнцаў каледжа. У сувязі з гэтым вялікую ўвагу ўдзяляем полікультурнаму выхаванню, вучым моладзь жыць у полікультурным свеце, процідзейнічаць палітычнаму і рэлігійнаму экстрэмізму. У канцы гэтага года плануем правядзенне маладзёжнага марафону “Дыялог культур — адзіны свет” сярод навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі, у рамках якога будуць рэалізоўвацца даследчыя і інфармацыйныя праекты па нацыя-нальных культурах краін СНД, а таксама стварацца старонкі ў сацыяльных сетках.
— Святлана Віктараўна, вы ўзначальваеце савет дырэктараў каледжаў Гродзенскай вобласці. Якія задачы стаяць сёння перад сістэмай прафесійнай адукацыі?
— Першы ўрок у новым навучальным годзе прайшоў у каледжы пад дэвізам “Навуковая творчасць моладзі сёння — паспяховае развіццё і росквіт Беларусі заўтра”. Наша задача — рыхтаваць такіх спецыялістаў, якія будуць забяспечваць росквіт краіны і будуць паспяховымі ў жыцці, прафесіі, грамадстве.
Сістэма прафесійнай адукацыі Гродзеншчыны дазваляе маладым людзям набываць патрэбныя прафесіі — каля 80% навучэнцаў атрымлівае дзве або тры кваліфікацыі. Штогод меняецца структура падрыхтоўкі кадраў. За тры апошнія гады пачалася падрыхтоўка па 18 новых спецыяльнасцях і спынена падрыхтоўка па 23 незапатрабаваных.
Лічу, што сёння трэба знаёміць навучэнца з месцам будучай працы ўжо з першых дзён навучання, яшчэ больш актыўна супрацоўнічаць з прадпрыемствамі і шукаць новыя шляхі развіцця, у тым ліку ў рамках трансгранічнага супрацоўніцтва.
Радуе, што наш вопыт цікавіць калег: нядаўна ў Гродне пабывала прадстаўнічая дэлегацыя кіраўнікоў і спецыялістаў сістэмы прафесійнай адукацыі Стаўрапольскага краю і Белгародскай вобласці Расіі. Мы паказалі гасцям базу гродзенскіх каледжаў, правялі круглы стол па пытаннях арганізацыі адукацыйнага працэсу і ўдзелу ў конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills. Вядучыя выкладчыкі політэхнічнага каледжа прадэманстравалі свае інавацыйныя праекты і падзяліліся вопытам у распрацоўцы і выданні вучэбных дапаможнікаў. Таксама былі абмеркаваны шляхі супрацоўніцтва.
Сістэма прафесійнай адукацыі пацвердзіла сваю здольнасць выконваць пастаўленыя перад ёй задачы і будзе далей працаваць на перспектыўнае іх вырашэнне.
Гутарыла Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.