Для мяне знаёмства з Кітаем пачалося пасля камандзіроўкі туды майго бацькі. Менавіта тады я вырашыла для сябе, што павінна наведаць гэтую цудоўную краіну з багатым мінулым і не менш цікавым сучасным і, бузумоўна, вывучыць кітайскую мову.
Знаёмыя скептычна падсмейваліся: “Лепш удасканальвай англійскую. Навошта табе кітайская? Ты не зможаш, табе не хопіць цярплівасці…” Усё гэта я выслухоўвала год назад, калі толькі збіралася пачаць вывучэнне путунхуа. Можа, гэта гучыць крыху дзіўна, але цяжкасці мяне зусім не пужаюць. Наадварот, чым цяжэй, тым цікавей мне спраўляцца з пастаўленай задачай.
У той час я толькі паступіла на першы курс філалагічнага факультэта ГДУ імя Францыска Скарыны і, як усе першакурснікі, атрымала магчымасць вывучаць тут кітайскую мову. Як толькі пачала прапісваць першыя іерогліфы, больш не змагла спыніцца. Кітайская мова паступова станавілася часткай мяне і ўжо не адпускала. Іерогліфы сніліся мне па начах.
Вывучаю кітайскую мову амаль год, аднак не магу сказаць, што хаця б крыху ведаю яе. Я ўвогуле яе не ведаю. Калі ўявіць, што кітайская мова — гэта возера, то я нясмела тапчуся недзе на мелкаводдзі. Часам мне здаецца, што я сапраўды нічога не змагу вывучыць, усе намаганні ўпустую і знаёмыя-скептыкі мелі рацыю. Калі мяне апаноўвалі такія сумненні ў адносна недалёкім мінулым, я пачынала прапісваць іерогліфы — гэта была своеасаблівая псіхалагічная разгрузка. Кітайцы не проста так іх прыдумалі — кожны іерогліф не толькі мае нейкае значэнне (вельмі часта іх некалькі), ён яшчэ і надзвычай гарманічны. Калі трымацца парадку рыс, то можна нават адчуць штосьці магічнае, чароўнае.
Заняткі па кітайскай мове праходзілі раз на тыдзень — гэтага, мякка кажучы, недастаткова, каб авалодаць хаця б элементарнай базай. Я займалася сама. Прапісвала іерогліфы ўсюды, дзе толькі можна: у аўтобусе, на перапынках паміж парамі, у двары на лаўцы, калі выпадаў вольны час. У мяне з’явіліся кітайскія сябры, з якімі я спрабавала мець зносіны на кітайскай, хаця спачатку часцей за ўсё мы выкарыстоўвалі англійскую мову. Я зарэгістравалася ў дадатку Hello Talk, які таксама дазваляе мець зносіны з кітайцамі і ўдасканальваць моўны ўзровень.
А потым у адзін цудоўны дзень мне пазваніў загадчык кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства Уладзімір Іванавіч Коваль… Гэта і было пачаткам майго падарожжа ў Шанхай даўжынёй у месяц.
Хочацца выказаць сваю ўдзячнасць Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва за прадастаўленую магчымасць наведаць летнія моўныя курсы пры Усходнекітайскім педагагічным універсітэце. Гэта цудоўны шанс для студэнтаў-кітаістаў папоўніць свой багаж ведаў. Прычым я гавару не толькі пра вывучэнне кітайскай мовы, але і пра больш глыбокае знаёмства з кітайскай культурай, мастацтвам, літаратурай.
Веды па кітайскай мове, шчыра кажучы, выклікалі невялікі шок. Наша выкладчыца зусім не ведала рускай, а на англійскую пераходзіць упарта не хацела. Мы павінны былі слухаць і ўнікаць у хуткае кітайскае маўленне. Па выніках уступнага экзамену я трапіла ў другую групу навучання кітайскай мове. У першай былі навічкі, тыя, хто ведаў зусім мала. У трэцяй сабраліся гуру — людзі, у якіх былі сертыфікаты HSK 4 і 5 узроўняў. У маёй групе былі хлопцы і дзяўчаты, якія вывучалі кітайскую мову на працягу 1—2 гадоў, але заняткі ў іх праходзілі 4, а то і 5 разоў на тыдзень па дзве гадзіны. А тут прыходзіць дзіця з Беларусі, якое вывучала кітайскую факультатыўна раз на тыдзень і ўвесь астатні час старалася вучыцца самастойна. Спачатку было цяжка, але потым я прывыкла і ў выніку змагла набраць 91 бал са ста магчымых. Гэта адлюстравана ў маёй акадэмічнай даведцы, выдадзенай мне разам з сертыфікатам аб паспяховым заканчэнні курсаў і дыпломам за 3-е месца ў конкурсе прамоўніцкага майстэрства на тэму “ШАС у маім уяўленні”. Па нейкім знаку з неба я вырашыла рыхтаваць сваю прамову не на рускай, як большасць хлопцаў і дзяўчат, а на кітайскай мове. Мучылася з перакладам паўночы, але праца дала плён.
Заняткі па кітайскай культуры заслугоўваюць асобнай увагі. Нам паказвалі майстар-клас па майстэрстве гравіравання пячатак, лепцы фігурак з ліпкага рысу, вырабе карцін з цукру. Ну і куды ж без кітайскай каліграфіі? Гэта неверагодна складаны занятак (хаця такім не здаецца з першага погляду), але даволі цікавы. У мяне спачатку не атрымлівалася нават правільна ўзяць пэндзлік у рукі. Ранішняя зарадка з гараджанамі, калі мы спрабавалі паўтарыць рухі нашана лаашы (настаўніка) па тайцзіцюань, выклікала зарад бадзёрасці і пазітыву. Практычна ніхто так і не змог дасягнуць узроўню майстэрства, так вытанчана-грацыёзна, як ён, варушыць рукамі і нагамі. Плаўнасць яго рухаў уражвала, але ўсім было вельмі весела.
Эстэтычнае задавальненне ад знаходжання ў Кітаі дапоўнілі экскурсіі ў Сучжоў, Учжэнь і яшчэ некалькі музеяў, размешчаных у Шанхаі. Уражанняў у мяне зараз мора, фотаздымкаў — тысячы, новых эмоцый і найсмачнейшага чаю хопіць на год і даўжэй.
А спачатку ўсё было зусім не так… У першы дзень прыезду амаль уся група ледзь не плакала. Мы хадзілі ў паўнепрытомным стане і скардзіліся адно аднаму на лёс. Тэмпература пад 50 градусаў. Вельмі вялікая вільготнасць. А ўначы, здаецца, становіцца яшчэ гарачэй. У ложках сараканожкі, якіх я пабойваюся. Добра, што мне пашанцавала з суседкай па пакоі: яна вылоўлівала і выкідвала ўсялякую жыўнасць за акно. На кухні — гіганцкія тараканы памерам з далонь (і ці тараканы гэта ўвогуле былі?). На другі дзень мы з адной дзяўчынкай з Іркуцка ўмудрыліся згубіцца ў шанхайскім метро. Ехалі невялікай групай, чалавек 8, каб убачыць Жымчужыну Усходу ў начных агнях, але па дарозе нас раздзяліў натоўп кітайцаў. Знайсці сваіх у гэтай цісканіне было ўжо немагчыма. Мы прынялі рашэнне самастойна дабірацца да нашага ўніверсітэта, але для гэтага прыйшлося даволі шмат паездзіць па ўсіх лініях метро. Жамчужыну мы ўсё ж такі ўбачылі праз некалькі дзён і нават падняліся на самы верх — туды, дзе шкляная падлога і ўсе становяцца ў кіламетровыя чэргі, каб зрабіць фотаздымак.
Нашым адзіным выратаваннем ад спёкі былі кандыцыянеры, якія сталі крыніцай масавай прастуды ва ўсім інтэрнаце. Хварэлі нават куратары-кітаянкі. Адсутнасць прывычнай для нас ежы, безумоўна, з’яўлялася мінусам. Незразумелая па кансістэнцыі локшына ў нейкім вострым соусе, прыкра-салодкае мяса, смажаныя жабы… Усё радыкальна змянілася, калі мы знайшлі паблізу магазінчык, дзе прадавалі вяндліну. Мы хадзілі туды натоўпамі, і вяндліна знікала даволі хутка, таму даводзілася шукаць новыя крыніцы харчу. Сетку шыкоўных магазінаў “Тэска” і “Глобал Харбар” я ніколі не забуду. Тут можна знайсці і сыр, і масла, і астатнюю звыклую для нас ежу. Праўда, там крыху дорага, а нам плацілі ўсяго 200 юаняў на тыдзень. Прыйшлося паступова прывыкаць да кітайскай кухні. І ўжо зараз па звычцы душа часам сама просіць чаго-небудь востранькага.
Я пераканалася на сабе ў праўдзівасці выказвання, што чалавек прывыкае да ўсяго. Так, праз пару тыдняў я прывыкла да горада настолькі, што пасля заняткаў, калі многія з хлопцаў і дзяўчат ляжалі без сіл і знемагалі ад спёкі ў сваіх пакоях, сама хадзіла па закавулках Шанхая (а мы жылі бліжэй да ўскраіны), назірала за жыццём простых кітайцаў. .
У дзень ад’езду многія плакалі. Зараз я не разумею, як магла першыя дні заставацца незадаволенай такімі дробязямі, як ежа, надвор’е і экзатычныя жывёлы ў маім пакоі. Гэта было самае лепшае лета. Кітайская мова стала неад’емнай часткай майго жыцця. Я змагла адчуць дамашнюю ўтульнасць і цеплыню, калі на адзін дзень трапіла ў кітайскую сям’ю (было ў нас такое мерапрыемства бліжэй да канца заезду). Да замежнікаў кітайцы ставяцца добразычліва, заўсёды гатовы дапамагчы. Я гублялася ў Шанхаі не ад зін раз, але заўсёды прыязныя жыхары гэтага велізарнага, як уся Беларусь, горада спяшаліся мне на дапамогу.
Цяпер я дакладна магу сказаць, што вярнулася на радзіму іншым чалавекам. Гэтая паездка паслужыла своеасаблівым карэктарам майго характару, адносін да сям’і, жыцця. Я навучылася стрымліваць эмоцыі і не засмучацца з-за дробязей. На маё ўспрыманне свету паўплывала культура Кітая, якая сваімі каранямі сягае вельмі глыбока ў старажытнасць. Я пачала адчуваць смак жыцця, нягледзячы на яго шалёны тэмп. Самае важнае — гэта пазітыўнае стаўленне да жыцця. Няважна, укралі ў вас грошы, пабілі ці іншае — кітайцы ўсміхаюцца пры любых жыццёвых акалічнасцях. Іх невычэрпны аптымізм, безумоўна, заслугоўвае павагі.
Я планую і далей вывучаць кітайскую мову, вельмі хачу звязаць з ёй сваё жыццё і будучую прафесію. Лічу, што вывучэнне кітайскай даступна кожнаму, хто гэтага сапраўды хоча. Самае галоўнае — жаданне і ўпэўненасць у сваіх сілах. Не мае значэння, чым вы займаецеся, трэба, каб гэта прыносіла вам радасць, тады любыя цяжкасці будуць здавацца нязначнымі. Люблю паўтараць фразу мудрага Лаа-Цзы: “Падарожжа ў дзесяць тысяч лі пачынаецца з першага кроку”. Дык рабіце гэты крок насустрач сваёй мары. Ніколі не позна стаць тым, кім вы сапраўды хочаце стаць, і дабіцца таго, чаго вы хочаце ад гэтага жыцця.
Віялета БЕЛАДЗЕД,
студэнтка 2 курса філалагічнага факультэта ГДУ імя Францыска Скарыны.