Аляксандр ЖУК: “Школы вельмі адказна падышлі да выдачы рэкамендацый выпускнікам педкласаў”

Сёлета ў краіне адбыўся першы выпуск педагагічных класаў, выпускнікі якіх атрымалі права паступаць на педспецыяльнасці без уступных экзаменаў. Па сутнасці, рэалізавана ідэя ранняй прафілізацыі і адбору для паступлення ў педагагічныя ўніверсітэты найбольш матываваных і здольных да педагагічнай прафесіі дзяцей. Пра вынікі першага набору нам расказаў рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр ЖУК.


— Аляксандр Іванавіч, некалькі гадоў назад вы задумалі гэты праект з педкласамі, і вось, нарэшце, мы можам падвесці першыя вынікі. Як вы характарызуеце сёлетні набор?

— Сапраўды, здзяй­сня­ецца наша ма­ра — на педага­гічныя спецыяльнасці прыйшлі пер­шыя, самыя матываваныя выпускнікі педкласаў. Па сваіх каналах мы зрабілі апытанне па ўсёй краіне і ўжо атрымалі папярэднія вынікі. Так, з сёлетніх 1350 выпускнікоў педкласаў на педагагічныя спецыяльнасці паступілі 230 чалавек.

Што да нашага ўніверсітэта, то да нас паступілі 107 выпускнікоў педагагічных класаў па выніках субяседавання. Яшчэ 23 выпускнікі здалі цэнтралізаванае тэсціраванне і паступілі на агульных умовах праз конкурс­ны адбор.

— У чым прычына? Гэтыя 23 выпускнікі не пажадалі 5-гадовай адпрацоўкі пасля заканчэння ўніверсітэта?

— Так, адной з прычын з’яўляецца 5-гадовая адпрацоўка. Фактычна гэтая норма прыраўноўвае выпускнікоў педагагічных класаў да мэтавікаў, якія не набралі дастатковых балаў для паступлення на бюджэтнае навучанне і бяруць накіраванні.

Па выніках першага семестра мы прааналізуем пас­пяховасць першакурснікаў. Справа ў тым, што ў нас больш чым на 10 спецыяльнасцях усе бюджэтныя месцы занялі медалісты, выпускнікі педкласаў і мэтавікі. Пры гэтым у мэтавікаў прахадныя балы значна ніжэйшыя, чым у тых, хто не прайшоў на бюджэт па агульным конкурсе. І калі наша задача прыцягнуць ва ўніверсітэт найбольш матываваную і падрыхтаваную моладзь, трэба здымаць 5-гадовы тэрмін адпрацоўкі для выпуск­нікоў педкласаў. Мы ўпэўнены, што абсалютная большасць з іх усё роўна застанецца ў педагагічнай прафесіі. Гэта было б правільнае рашэнне, бо зараз мы, з аднаго боку, даём ім ільготы, а з другога — прыраўноўваем да другой катэгорыі. Такі падыход прымушае іх адмаўляцца ад, здавалася б, прывабнай ільготы.

— Атрымліваецца, педагагічную спецыяльнасць выбраў адзін з шасці выпускнікоў педкласаў. Якія яшчэ, на ваш погляд, прычыны таго, што многія не скарысталіся дадзенай ім ільготай?

— Калі ўводзілася льгота для выпускнікоў педкласаў, у многіх былі апасенні, маўляў, з’явіўся “пралаз” для паступлення ва ўніверсітэт. Аднак патрабаванне мець выдатныя і добрыя адзнакі па ўсіх прадметах і не ніжэй­шыя за 8 — па профільных дазваляе нам ажыццяўляць вельмі добры адбор. Дарэчы, тыя выпускнікі, якія здавалі ЦТ, зрабілі гэта без праблем. Паверце, атрымаць “васьмёркі” па профільных прадметах у профільных класах — няпроста. Мы бачым гэта на прыкладзе ліцэяў і гімназій краіны: да 40% выпускнікоў не атрымліваюць “дзявятак” і “дзясятак”, тым не менш яны амаль стапрацэнтна паступаюць ва ўніверсітэты.

Хачу адзначыць, што школы вельмі адказна падышлі да выдачы рэкамендацый выпускнікам педкласаў і адбіралі для паступлення на педагагічныя спецыяльнасці найлепшых. Далёка не ўсе выпускнікі, якія мелі неабходныя балы, атрымалі такія рэкамендацыі, а толькі тыя, у каго ёсць адпаведныя здольнасці і матывацыя.

У характарыстыцы-рэкамендацыі, а таксама ў партфоліа, якое прадстаўляе кожны выпускнік, усё навідавоку: што было зроблена за 2 гады, якія педагагічныя пробы здзейс­нены, якія педагагічныя мерапрыемствы праве­дзены, якія вынікі дасягнуты. Ёсць сапраўды ўнікальныя прыклады паглыблення ў прафесію. Напрыклад, выпускніцы 5-й гімназіі Віцебска Ульяна Груніна і Ксенія Багімава. Чытаеш іх рэкамендацыі і разумееш: нават цяпер можна накіроўваць дзяўчат працаваць у пачатковыя класы, бо яны ўжо амаль педагогі.

— Усе выпускнікі педагагічных класаў паспяхова прайшлі субяседаванне пры паступленні ва ўніверсітэты. Наколькі ўвогуле неабходна гэтая сустрэча з выпускнікамі на этапе падачы дакументаў?

— Скажу шчыра: мы ўбачылі, што вялікай па­трэбы ў субяседаванні няма. Выпускнікі педагагічных класаў прыйшлі да нас не з вуліцы. Яны ўжо засвоілі значную частку матэрыялу, звязанага з будучай прафесіяй (140 гадзін за 2 гады), і зрабілі свядомы выбар.

Субяседаванне — гэ­та фармальнасць. Гартаеш партфоліа выпуск­нікоў — і бачыш, колькі ўсяго зроблена. Пра што тут гаварыць? Атрымліваецца, што мы быццам не давяраем школам, якія рэкамендавалі сваіх вучняў для паступлення ў педагагічны ўніверсітэт. Аднак у нас няма ніводнай прычыны для недаверу.

Магчыма, субяседаванне неабходна на іншыя спецыяльнасці, дзе няма такой моцнай профільнай падрыхтоўкі. Што да выпускнікоў педагагічных класаў, якія прыходзяць да нас, то з імі ўсё зразумела.  І для іх, і для нас субяседаванне неактуальна.

— Педагагічныя класы — гэта ўнікальны шанс для школ, устаноў адукацыі, рэгіёнаў стратэгічна вырашаць кадравае пытанне…

— Сапраўды, у нас, як у спорце: каб былі высокія дасягненні, трэба развіваць дзіцячы і юнацкі спорт. Галоўны плюс педагагічных класаў у тым, што задача прафесійнага самавызначэння вырашаецца ў школьным узросце (ведаеце, як бывае: чалавек правучыўся некалькі гадоў ва ўніверсітэце і толькі там зразумеў, што гэта не яго). Зараз дзеці ў школе знаёмяцца з прафесіяй педагога, з яе перавагамі і недахопамі, радасцямі і складанасцямі. Гэта ўнікальны вопыт. Зараз спецыялісты схіляюцца да таго, што яго трэба распаўсюджваць на іншыя профілі: і для будучых медыкаў, і для будучых сілавікоў.

Вясной мы апыталі звыш тысячы навучэнцаў педагагічных класаў, і большасць (незалежна ад таго, куды яны вырашылі паступаць) палічыла факультатыў карысным. Аналізуючы сітуацыю, мы прыйшлі да высновы, што ў школе неабходна ўводзіць чалавеказнаўчыя дысцыпліны. Сёння ў праграме няма ні асноў псіхалогіі, ні асноў педагогікі. Дзеці вывучаюць усё, акрамя чалавека. Але самае важнае для краіны — чалавечы капітал. І мы бачым на прыкладзе педкласаў, што дзецям патрэбны псіхалагічныя веды, каб ведаць сябе, асаблівасці свайго характару, тэмпераменту, як узаемадзейнічаць з іншымі, як пазбягаць канфліктаў, вырашаць спрэчныя сітуацыі. Усё гэта закладзена ў факультатыўны курс “Уводзіны ў педагагічную прафесію” і дае плён. Таму мы будзем уносіць прапанову Міністэрству адукацыі, каб у курс грамадазнаўства былі ўведзены элементы псіхалогіі.

Сёння ў краіне створаны ўсе ўмовы для работы педагагічных класаў. Мы распрацавалі праграму факультатыву “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, забяспечваем яго метадычнае суправаджэнне (сёння ён даступны педагогам і ў друкаваным, і ў электронным выглядзе), праводзім курсы павышэння кваліфікацыі для тых, хто працуе ў педагагічных класах, а таксама канферэнцыі для настаўнікаў і навучэнцаў, дзе яны выказваюць свае прапановы па ўдасканаленні работы. І ў раёнах гля­дзяць, дзе трэба стварыць педагагічныя класы, потым абвяшчаецца набор. Напрыклад, у 6-й школе Мінска сёлета быў конкурс на паступленне ў педагагічны клас, і прынялі туды далёка не ўсіх жадаючых. Маглі стварыць два класы, але вырашылі прыняць лепшых. Гэта правільны, адказны падыход.

Дарэчы, без экзаменаў да нас паступаюць і медалісты (гэта была першая спроба прыцягнуць ва ўніверсітэт падрыхтаваную моладзь). Але я лічу, што выпускнікі педагагічных класаў нават больш, чым медалісты, нашы студэнты. Акрамя таго, што ў іх добрыя веды, яны яшчэ і высокаматываваныя. Душой і сэрцам яны педагогі, а гэта самае каштоўнае. Каб працаваць настаўнікам, трэба не толькі ведаць свой прадмет — гэта неабходная ўмова, але недастатковая. Трэба яшчэ любіць прафесію і любіць дзяцей, быць гатовым да гэтай дзейнасці. Выпускнікі педкласаў, якія паспрабавалі сябе ў рабоце з вучнямі малодшых класаў, — ужо зусім іншыя людзі, якія выдатна разумеюць сутнасць настаўніцкай працы. І, безумоўна, нам хацелася б, каб ва ўніверсітэт прыходзіла больш такіх людзей.

— Вы вывучалі вопыт іншых краін? Як там праводзіцца адбор на педагагічныя спецыяльнасці?

— Трэба сказаць, што ў розных краінах іс­нуюць розныя спосабы прыцягнення абітурыентаў на педагагічныя спецыяльнасці. У Сінгапуры, напрыклад, іх адбіраюць сярод лепшых студэнтаў і матывуюць за кошт высокай зарплаты. У некаторых краінах вядзецца агульнапрафесійная падрыхтоўка, а спецыялізацыя ідзе на старшых курсах, іншыя рыхтуюць педагогаў праз магістарскія праграмы.

Я лічу, што, пачынаючы адбор матываваных абітурыентаў праз профільныя класы, мы робім правільна. Зараз наш вопыт ужо вывучаецца ў Расіі і краінах Еўропы. Усе пагаджаюцца, што гэта ўнікальны праект, бо прафарыентацыйную работу і профільную падрыхтоўку мы пачынаем даволі рана і за кошт дзяржаўнай падтрымкі вырашаем глабальную задачу.

Мы нічога не ламаем, а толькі даём школьнікам дадатковыя магчымасці. Яны паглыблена вывучаюць пэўныя прадметы, і да гэтага далучаецца факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Калі ласка, ідзіце, вучыцеся. Калі вы зразумееце, што педагогіка — гэта сапраўды ваша сфера, вам даецца магчымасць ільготнага паступлення. Пры гэтым нават калі выпускнік педкласа не пой­дзе на педагагічную спецыяльнасць, для яго гэта ўсё роўна карысна — пасля засваення факультатыву ён будзе лепш разумець сябе, равеснікаў, навучыцца ўзаемаадносінам з іншымі людзьмі. Гэта якраз сувязь навучання з жыццём.

— Аляксандр Іванавіч, ці ёсць нейкія фармальныя ці нефармальныя патрабаванні да педагогаў, якія вядуць факультатыў?

— Мы лічым, што ў педагагічных класах павінны працаваць настаўнікі вышэйшай ці першай кваліфікацыйнай катэгорыі. Важна таксама, каб яны любілі сваю прафесію і маглі жыва, цікава арганізаваць працэс. Дзеці тонка адчуваюць: або настаўнік адчытвае свой урок, або ён захоплены сваёй справай. Таму мы заўсёды звяртаем на гэта ўвагу і гаворым кіраўнікам школ і аддзелаў адукацыі: у педагагічныя класы накіроўвайце найлепшых прафесіяналаў. Калі трэба, мы дадзім сваіх выкладчыкаў, арганізуем павышэнне кваліфікацыі, правядзём анлайн-кансультацыі, прадаставім патрэбныя матэрыялы. Фармалізму тут быць не павінна. Людзі, якія працуюць у педагагічных класах, — гэта найперш асобы, а мы дапаможам ім расці метадычна.

— Як вы прагназуеце сітуацыю? Будзе расці колькасць педагагічных класаў і, адпаведна, выпускнікоў, вашых матываваных абітурыентаў?

— Нас радуе, што колькасць педагагічных класаў у краіне няўхільна расце. Калі напачатку іх было крыху больш за сто, і там вучылася каля 1,5 тысячы навучэнцаў, то летась было 319 класаў (3,5 тысячы навучэнцаў). А сёлета пачалі работу ўжо 440 педкласаў, у якіх вучыцца амаль 4700 чалавек. Назіраецца пазітыўная дынаміка, і гэта вельмі цешыць, бо ў педагагічную прафесію прыйдуць матываваныя і вельмі падрыхтаваныя людзі.

Мы прапанавалі аддзелам адукацыі, спорту і турызму схему: або ствараецца цалкам педагагічны клас, або збіраюцца дзеці з розных школ для праходжання факультатыву. Другі варыянт асабліва зручны для сельскай мясцовасці. Дзеці могуць прыязджаць у гімназію ці буйную школу па суботах на факультатыў і педагагічныя пробы.

Бачна, што шмат дзяцей цікавіцца педагагічнай прафесіяй. Наша задача — стварыць умовы для іх хуткага прафесійнага станаўлення і асваення прафесіі з улікам сучасных патрабаванняў да педагога. А гэтыя патрабаванні растуць, з’яўляюцца новыя кампетэнцыі — ІТ, уменне працаваць з сям’ёй, інклюзіўная адукацыя і г.д. Таму нас цікавіць не толькі колькасць, але і якасць.

Відавочна, што дапрофільнай падрыхтоўкай можна займацца яшчэ раней, на другой ступені школы. Зараз пры падтрымцы Міністэрства адукацыі мы рэалізоўваем эксперыментальны праект “Апрабацыя мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Вызначаны 15 школ ва ўсіх абласцях краіны, і мы апрабоўваем праграмы, пачынаючы з 5 класа. Для дзяцей створаны адпаведныя факультатыўныя курсы і, што вельмі важна, адпаведнае асяроддзе.

А ўвогуле, мая мара, каб у кожнай вобласці з’явілася педагагічная гімназія і адкрыўся педагагічны ліцэй БДПУ імя Максіма Танка.

Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.