“Сакрэт педагогікі просты: колькі ты затрачваеш на вучняў часу, душы, здароўя, жыцця — столькі і атрымаеш у выніку”, — выказаўся некалі Алег Табакоў. Менавіта гэтыя словы ўсплываюць у памяці, калі знаёмішся з Дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжам хлебапячэння і яго педагогамі.
Установу па вуліцы Якубоўскага, 43 Мінска знайсці вельмі няпроста: каледж хаваецца ў засені велічных дрэў. Робячы першыя крокі па добраўпарадкаваным дворыку, госць адчувае на ўсім цвёрдую руку кіраўніка. Якраз тут і пачынаюцца ўладанні дырэктара Уладзіміра Басалыгі. У гэтым своеасаблівым скверыку кожнае дрэва пасаджана су-працоўнікамі, навучэнцамі і сябрамі каледжа. Блакітныя елкі садзілі дырэктары хлебазаводаў — партнёраў каледжа і былыя дырэктары ўстановы, дубы — Уладзімір Іванавіч і яго намеснікі. Агулам тут налічваецца 730 кустоў і дрэў. Акацыя, піхта, рабіна, клён — чаго тут толькі не знойдзе дапытлівае вока! А ўвосень да гэтага хараства далучаюцца яшчэ і ядомыя грыбы. Мала хто ведае, што дрэвы тут размяшчаюцца адпаведным чынам і што ў дырэктара ёсць намаляваная ім схема, якая паказвае размяшчэнне раслін і расказвае, кім яны былі пасаджаны. З-за будынка чуецца гудзенне рухавіка — гэта хлебная машына павязе гатовую прадукцыю ў магазіны горада.
— Мікраклімат нашага дворыка пераносіцца і ў сам каледж з яго кабінетамі, — запрашае ўнутр Уладзімір Басалыга.
Самы высокі прахадны бал сёлета замацаваўся на кваліфікацыі “кандытар” і склаў 7,3.
Ад выкладчыкаў, якія расказваюць пра вучэбны працэс і сваіх выхаванцаў, рэдка можна пачуць “навучэнцы” або “моладзь”, часцей — “мае дзеці”. Такія адносіны педагогаў гавораць самі за сябе. Ды і дзеці адказваюць ім узаемнасцю: куды б ні зайшоў выкладчык — усюды яго сустракаюць шчырыя ўсмешкі, добразычлівасць і зацікаўленыя вочы.
Па словах намесніка дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Святланы Савіцкай, думка пра тое, што ў каледж хлебапячэння паступае больш дзяўчат, — усяго толькі распаўсюджаны стэрэатып. Суадносіны хлопцаў і дзяўчат сярод навучэнцаў установы амаль аднолькавыя.
— Многія дзеці думаюць, што кандытар — гэта вельмі прыгожа, але не ўлічваюць, што ім трэба працаваць на нагах не менш за восем гадзін. А гэта нялёгкая праца, — дзеліцца Святлана Вячаславаўна. — Таму ёсць такія навучэнцы, якія пасля месяца вучобы забіраюць дакументы, але гэта адзінкі. Большасць нашых першакурснікаў любіць і ўмее пячы: многія маладыя людзі пачыналі знаёміцца з прафесіяй дома, бо іх бацькі або бабуля ці дзядуля працуюць на хлебазаводзе.
Вучэбны працэс у каледжы хлебапячэння арганізаваны такім чынам, што ў расклад заняткаў уключаны гадзіны творчасці і самарэалізацыі асобы. Па панядзелках, аўторках і ў чацвер пасля другога ўрока дзеці займаюцца ў гуртках справамі, якія прывабілі іх пасля паступлення ў каледж. Усяго такіх кірункаў каля васямнаццаці. Сярод іх — выяўленчае мастацтва, спевы, вышыўка стужкамі і крыжыкам, фітнес, танцы, акцёрскае майстэрства, дэкупаж, праца з саломкай, заняткі па кройцы і шыцці і іншыя.
— Усё гэта дазваляе навучэнцу пераключыцца на новы від дзейнасці, рэалізаваць сябе, — запэўнівае Уладзімір Іванавіч. — У нас няма мэты вылучыць канкрэтнага навучэнца, бо кожны з іх у творчым працэсе стварае нешта асаблівае, таму для дзяцей часта праводзяцца вечарыны і выставы. Дзякуючы такому падыходу, бацькі і педагогі бачаць працу хлопцаў і дзяўчат у розных напрамках. Таксама такія заняткі развіваюць дробную маторыку, мяняюць унутраны свет, у нейкай ступені нават уплываюць на інтэлект.
У адным гуртку збіраюцца прадстаўнікі розных груп. Усе дзеці розныя, але шмат у чым падобныя адно да аднаго: ідэямі, інтарэсамі, поглядамі, тэмпераментам і характарам. Яны прыходзяць яшчэ не стомленыя, як бывае пасля заняткаў, а сумяшчаюць асноўныя ўрокі і дадатковыя заняткі, таму мяняюцца і іх адносіны да вучобы. Гэта дапамагае вырашыць і праблему з’яднанасці калектыву, асабліва, па словах Уладзіміра Іванавіча, калі гэта спевы. Тады “альт” услухоўваецца ў “сапрана” і наадварот — і з’яўляецца першая прыступка да таго, што дзеці пачынаюць не толькі слухаць, але і чуць сваіх сяброў і педагогаў. У танцавальным жа або тэатральным калектыве адбываецца іншае развіццё (мышачнае, пластычнае), дзеці набываюць навык авалодвання публікай.
Калі ёсць жаданне і сілы, падлеткі наведваюць секцыі пасля заняткаў і ў выхадныя дні. Але гэта неабавязковая ўмова, бо субота і нядзеля, як лічаць у каледжы, час зносін дзяцей і бацькоў.
— Калі мы адарвём іх адно ад аднаго, паміж імі не ўсталюецца блізкіх адносін. Такога быць не павінна, бо дзецям неабходна браць прыклад з мам і татаў. Калі бацькі будуць прыслухоўвацца да нас, а мы падтрымаем іх, гэта дасць добрыя вынікі, мы станем адным цэлым, — лічыць Уладзімір Басалыга.
Прынцып эстэтычнага і фізічнага выхавання быў закладзены ў каледжы больш як чвэрць стагоддзя назад. Спачатку вырашылі апрабаваць метад дадатковых заняткаў. І вынік не прымусіў сябе чакаць: настаўнікі пачалі заўважаць, што дзеці мяняюцца, іх вочы запальваюцца цікавасцю да новага.
— Гадзін фізкультуры ў дзяцей шмат, ды і нагрузка на вытворчасці вялікая, таму мышцы ў іх развіты добра, — кажа Уладзімір Іванавіч. — Але нельга забываць пра духоўны складнік. Гутарак з дзецьмі, запрашэння некага ў госці не заўсёды дастаткова, хоць, бясспрэчна, і дзейсна. Навучэнцы самі павінны быць зацікаўлены ў гэтым.
Без увагі навучэнцам каледжа хлебапячэння дакладна не даводзіцца сумаваць: нярэдка ў каледж завітваюць з гутаркамі і лекцыямі госці з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, БДПУ імя Максіма Танка. Дзеці слухаюць выступоўцаў, пераймаюць іх вопыт. А падчас вучобы маладыя людзі ўзаемадзейнічаюць са сваімі папярэднікамі: спецыяльныя прадметы ў каледжы чытаюць у асноўным яго выпускнікі, яны ж узаемадзейнічаюць з дзецьмі ў вытворчым навучанні на хлебазаводах.
За пяцьдзясят гадоў педагагічнай дзейнасці Уладзімір Басалыга пераканаўся, што навучэнец павінен быць заняты пастаянна.
— Дзіця сыходзіць з заняткаў пасля 17 гадзін, дома яго ўжо чакаюць бацькі: пагрозы выключаны — усё ў парадку, — разважае кіраўнік. — Калі такі ланцужок ва ўзаема-дзеянні перарываецца, з’яўляюцца праблемы (псіхалагічныя, фізічныя, крымінальныя і г.д.). Пасля можна пачуць страшнае: “Выхавала вуліца”. А ўсё таму, што вольны час запаўняецца выпадковымі знаёмствамі, не заўсёды станоўчым уплывам тэлебачання, СМІ. Дзецям патрэбны нагляд, падтрымка і дапамога дарослых.
Пра поўную занятасць каляжан сведчыць і павелічэнне гадзін вытворчага навучання. На першым курсе яно пачынаецца якраз з кастрычніка, а ў верасні начытваюцца лекцыйныя гадзіны. У межах вытворчага навучання дзеці раз на тыдзень будуць наведваць хлебазаводы горада. У падлеткаў будзе магчымасць пабываць у кожным з іх.
Ва ўсіх майстэрнях установы лунае водар хлеба. Вачам адкрываецца сучаснае абсталяванне: васьмітонная ёмістасць для цеста, цестамясільная машына, цестараздзяляльнік і печ. Уладзімір Іванавіч расказвае пра вартасці агрэгатаў, заўважае, што цестараздзяляльнік размяркоўвае цеста такім чынам, што ўсе мікрабіялагічныя і фізіка-хімічныя працэсы, якія сфарміраваліся падчас браджэння, не парушаюцца.
— Сакрэт добрага хлеба, вядома, не толькі ў рэцэптуры, — прыадкрывае тямніцу Уладзімір Басалыга. — Уся справа ў адносінах. Памятаю, раней у бабулінай вёсцы, калі пяклі хлеб, мы, малыя, не крычалі, нават дзвярыма не грукалі, не кажучы ўжо пра благія словы.
Уладзімір Іванавіч паказвае лабараторыі, дзе раздзяляюцца бялкі і жаўткі, выпякаюцца бісквіты, тлумачыць асаблівасці бялковага і масленага крэму, праводзіць праз халадзільныя камеры. Тут навучэнцы займаюцца аздабленнем тартоў, пірожных і іншых кандытарскіх вырабаў, якія каледж прапануе пакупнікам ва ўласным магазіне.
Матэрыяльна-тэхнічная база Дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа хлебапячэння прадстаўлена вучэбна-вытворчымі майстэрнямі булачна-кандытарскай вытворчасці. У іх, па словах Святланы Савіцкай, можна адпрацаваць вялікую колькасць тэм, апрача хіба толькі вафельных тартоў, бо ў каледжы няма неабходнага абсталявання і вялікіх для яго тэрыторый. На лабараторна-практычных занятках навучэнцы адпрацоўваюць канкрэтную тэму. Калі гэта, напрыклад, “Гатаванне цеста”, працуюць з інгрэдыентамі, калі “Дэфекты” — разразаюць вырабы і апісваюць паходжанне пашкоджанняў, а таксама спосабы іх ліквідацыі. Спасцігаць прафесію маладым людзям таксама дапамагаюць лабараторыя сыравіны і матэрыялу і лабараторыя тэхналогій кандытарскай вытворчасці.
Адметным месцам у каледжы, своеасаблівай візітоўкай, яго сэрцам можна назваць музей хлеба, створаны 25 гадоў назад. Тут сабраны інвентар, які выкарыстоўваўся ў побыце беларускага селяніна: жорны, маслабойкі, сеялкі, вялікая печ, стол з гасцінным караваем, абраз у покуце. Экспазіцыю музея, па словах Уладзіміра Іванавіча, збіралі з усіх куткоў краіны як педагогі і дзеці, так і сябры каледжа. Той, хто аднойчы наведаў музей, надоўга запомніць спарышы (гліняныя гаршчочкі, злучаныя пасярэдзіне ручкай), якія дасталіся каледжу ад прапрадзядулі аднаго з педагогаў, рушнік, вытканы, калі нарадзіўся Уладзімір Іванавіч, і плецены з лазы чамадан, “як у Янкі Купалы”. Тут жа перад гасцямі раскрываецца свет хлебных вырабаў, выкананых майстрамі і вучнямі ўстановы: на паліцах красуюць кветкі, плывуць лебедзі, вырастаюць грыбы і жалуды, цікуюць вожыкі. Час ад часу экспазіцыя абнаўляецца: гэтага патрабуе змяненне рэжыму вільготнасці.
— Часта, калі да нас прыходзяць маленькія дзеткі, мы дорым ім такіх вожыкаў. Ім цікава, яны радуюцца. Хто ведае, можа, праз дзесяць-пятнаццаць гадоў гэтае дзіця захоча вучыцца ў нас, — дзеліцца Уладзімір Басалыга.
Міжнародны “Хлебны салон”, спецыялізаваная аптовая выстава-кірмаш “Прадэкспа”, Міжнародная спецыялізаваная выстава “Адукацыя і кар’ера”, Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — толькі невялікі пералік мерапрыемстваў і конкурсаў, дзе паказваюць свой прафесіяналізм навучэнцы каледжа.
Педагогі каледжа перакананы, што самае галоўнае ў навучанні спецыяліста — яго асабістае жаданне, выпрацаваны жыццёвы стрыжань.
— Гэта няпростая задача, — заўважае Уладзімір Іванавіч, — таму вельмі важна, каб нам дапамагалі бацькі. Тры гады для выхавання пекара — вельмі мала. Хлеб — гэта здароўе нацыі, таму яго павінны выпякаць здаровыя (усебакова развітыя) людзі. Веру, што спецыялісту ўсё перадаецца разам з зярняткам, якое заўсёды імкнецца да сонейка. І мы ўсе павінны браць прыклад з гэтага зярнятка.
“Хлеб усяму галава”, — любяць згадваць народную мудрасць Уладзімір Іванавіч і яго калегі. А любы госць каледжа з упэўненасцю можа дадаць ад сябе: “…і педагогі, якія ведаюць, што з гэтым хлебам рабіць”.
Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.