Гісторыю педагагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы можна праілюстраваць некалькімі значнымі лічбамі: за 60 гадоў існавання тут падрыхтавана больш за 16 тысяч спецыялістаў. Гэта настаўнікі пачатковай і дашкольнай адукацыі, англійскай і нямецкай мовы, спецыялісты ў галіне лагапедыі і алігафрэнапедагогікі, сацыяльнай работы.
Размова з дэканам факультэта Святланай Кострыцай ішла пра дзень заўтрашні, яе бачанне развіцця факультэта і педагагічнай адукацыі.
— Святлана Якаўлеўна, хто сёння ідзе ў педагогі пачатковай і дашкольнай адукацыі? Ці ёсць цікавасць у моладзі да гэтых спецыяльнасцей?
— Лічу, што адукацыя — гэта стратэгічны рэсурс бяспекі і незалежнасці дзяржавы, без яе ў нас няма будучыні. Толькі праз адукацыю можна падрыхтаваць пісьменных, культурных, інавацыйна ўспрымальных грамадзян. А пачынаецца ўсё з дашкольнай і пачатковай адукацыі. Хто сёння ідзе ў гэтыя сферы дзейнасці? Маладыя людзі, якія любяць дзяцей і мараць рэалізаваць сябе ў педагогіцы, прадстаўнікі педагагічных дынастый.
Вялікую справу зрабіла Міністэрства адукацыі, ініцыіраваўшы адкрыццё педагагічных класаў. У нас на факультэце ўжо другі год вучацца выпускнікі такіх класаў. Бачна, што гэтыя студэнты матываваныя і ўжо шмат ведаюць пра педагогіку, бо яшчэ ў школе вывучалі факультатыўны курс, змест якога прадстаўлены асновамі педагогікі і псіхалогіі. А такія веды можна атрымаць толькі ў педкласах.
Летась сумесна з галоўным упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама мы арганізавалі першы фестываль педагагічных класаў, у якім прынялі ўдзел навучэнцы з 25 устаноў адукацыі Гродзеншчыны. У праграме фестывалю было шмат мерапрыемстваў, якія паказалі, як маладыя людзі ўяўляюць педагагічную прафесію (інтэлектуальныя і творчыя конкурсы “Установа адукацыі будучыні”, “Рэклама прафесіі педагога”, “Партрэт сучаснага педагога”, калаж “Адзін дзень з жыцця настаўніка”). Вынікі іх уражваюць і надаюць аптымізму.
А многія з гэтых мерапрыемстваў арганізоўвалі менавіта выпускнікі педкласаў. Дарэчы, яны расказвалі школьнікам пра тое, як вучоба ў педагагічным класе дапамагае ім у студэнцкім жыцці.
— Як наладжана супрацоўніцтва факультэта з установамі адукацыі, дзе створаны педагагічныя класы?
— Супрацоўніцтва са школамі і гімназіямі ідзе па некалькіх кірунках. У нас створана сем філіялаў кафедраў у сярэдніх і дашкольных установах адукацыі. Нашы супрацоўнікі аказваюць настаўнікам метадычную падтрымку, дапамагаюць у арганізацыі даследчай дзейнасці навучэнцаў.
У 2016 годзе ўпершыню арганізавалі профільны лагер “НастаўнікNext” для навучэнцаў сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска. Гэта была сумесная ініцыятыва ўпраўлення адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама і педагагічнага факультэта. Праект накіраваны на павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі і прыцягненне будучых абітурыентаў. Летам навучэнцы засяляюцца ў інтэрнат, дзе жывуць нашы студэнты, знаёмяцца з універсітэтам і яго спецыяльнасцямі. І не толькі педагагічнага факультэта. Лагер цяпер арганізоўваецца і на вясновых канікулах. Так, у праграме мінулага года былі ток-шоу “Настаўнік — гэта гучыць горда?”, трэнінгі “Мая будучая прафесія”, “Інавацыйная стратэгія развіцця асобы: праз самакіраванне — да канкурэнтаздольнасці”, лекцыя-гутарка “Роля педагога ў сучасным грамадстве”.
Да ваўкавыскіх школьнікаў у мінулым годзе далучаліся навучэнцы сярэдняй школы № 39 Гродна, дзе створаны педагагічны цэнтр супрацоўніцтва з нашым факультэтам.
Трэба адзначыць, што супрацоўніцтва са школамі — гэта і магчымасць атрымання новага практычнага вопыту для нашых студэнтаў і выкладчыкаў. Так, настаўнікі 39-й школы і студэнты факультэта правялі майстар-клас па тэме “Лэпбук як цікавы сучасны сродак адукацыі”, студэнты прынялі ўдзел у творчай рабоце па стварэнні лэпбука па тэме “Апорна-рухальная сістэма чалавека”. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 32 Гродна Валянціна Іванаўна Багдановіч чытае для нашых студэнтаў курс “Асновы практычнай дзейнасці педагогаў”.
Знаходзім сваіх будучых студэнтаў і праз традыцыйную завочную алімпіяду “Адкрываючы свет педагагічных прафесій”. Сярод удзельнікаў — шмат навучэнцаў педагагічных класаў, а таксама навучэнцаў педагагічных каледжаў. Кожны год прапануем новыя тэмы для творчых работ, а пераможцаў запрашаем на факультэт і ўручаем падарункі.
— Святлана Якаўлеўна, як рэалізоўваецца на факультэце праект прафесійна-прыкладной адукацыі?
— Адзін дзень на тыдзень нашы студэнты праводзяць не ў сценах універсітэта, а ва ўстановах адукацыі, дзе рэалізоўваюцца курс “Асновы практычнай дзейнасці педагога”, курсы па прыватных методыках. Студэнты спецыяльнасцей “Пачатковая адукацыя” і “Дашкольная адукацыя” з другога семестра першага года навучання і па апошні курс размеркаваны па школах і гімназіях Гродна. Кожная група студэнтаў атрымлівае пералік заданняў, якія яны выконваюць з улікам сучаснай педагагічнай практыкі і запытаў соцыуму. Заданні распрацоўваюць як выкладчыкі ўніверсітэта, так і настаўнікі, дырэктары і намеснікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Напрыклад, студэнтам неабходна азнаёміцца са школьнай дакументацыяй, правесці рухавыя гульні на перапынках, арганізаваць і правесці выхаваўчыя мерапрыемствы, фрагменты ўрокаў, прааналізаваць працу настаўніка на ўроку. Такая форма работы вельмі выніковая, бо дапамагае адаптавацца ў школе, рыхтуе да прафесійнай дзейнасці.
— Практыка-арыентаванае навучанне дапамагае ў падрыхтоўцы спецыяліста. А якім павінен быць спецыяліст у адукацыі ХХІ стагоддзя?
— Мы працягваем вучыць усіх аднолькава. Аднак нашы сённяшнія навучэнцы вельмі розныя. Вось такі жыццёвы прыклад: колькі раней у класе было леварукіх дзяцей, а колькі сёння? А ці заўсёды ўлічваюцца асаблівасці гэтых дзяцей, а таксама шмат іншага — і іх веды ў галіне камп’ютарных тэхналогій, і асаблівасці іх хуткага мыслення. Хтосьці лепш успрымае напісанае, хтосьці — пачутае. І тут педагагічная навука адстае ад жыцця, не дае адказы на гэтыя пытанні. На маю думку, сістэма адукацыі развіваецца ў каардынатах “хто вучыць — хто вучыцца — чаму вучыць — як — навошта”, таму і навуковыя даследаванні неабходна праводзіць у гэтых напрамках, на падставе даследаванняў мяняць практыку навучання педагогаў.
Аднак абавязковым складнікам павінен застацца выхаваўчы кампанент у рабоце настаўніка. Кожны ўрок мусіць мець выхаваўчы кампанент — праз напоўненасць пазітыўнымі прыкладамі, праз пазіцыю настаўніка ў дачыненні да жыцця і грамадства, праз яго знешні выгляд, праз уменне падбіраць вучэбны матэрыял так, каб зацікавіць, узбагачаць духоўна, развіваць і выхоўваць свядомую асобу з актыўнай жыццёвай пазіцыяй.
Вось і традыцыйную міжнародную канферэнцыю “ТехноОБРАЗ”, якая адбудзецца ў гэтым годзе, плануем прысвяціць пытанням адукацыі ў ХХІ стагоддзі. Папярэдняя канферэнцыя прысвячалася інавацыям у адукацыі.
Перспектыўным лічу падрыхтоўку па здвоеных спецыяльнасцях. Напрыклад, сучаснаму настаўніку вельмі патрэбна веданне замежнай мовы для таго, каб вучыць гэтаму дашкольнікаў і малодшых школьнікаў. Або веды па лагапедыі ці алігафрэнапедагогіцы. Гэта павысіць магчымасці спецыялістаў у выбары працы, асабліва ў невялікіх гарадах і сельскай мясцовасці.
Або такі напрамак, як цьютарства. Цьютар — гэта не зусім настаўнік, у яго крыху іншыя функцыі, ён можа працаваць з навучэнцамі і аддалена, а гэта таксама новыя кампетэнцыі і веды.
Змяненняў, на маю думку, патрабуюць і праграмы па скарочанай форме навучання. Сёння ў іх змяшчаюцца курсы, з якімі студэнты ўжо знаёміліся падчас навучання ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Новыя праграмы дазволяць скараціць тэрмін навучання.
— Асаблівасцю педагагічнага факультэта можна лічыць і тое, што вы працягваеце вучыць значную колькасць студэнтаў на завочнай форме навучання…
— Так, сёння ў нас вучацца каля 800 завочнікаў, а ўсяго на факультэце каля 1200 студэнтаў. Дыстанцыйная група працуе на базе Лідскага каледжа ГрДУ. Завочная форма навучання запатрабавана ў рэгіёне — у дашкольных установах не хапае спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. У пачатковай школе таксама працуюць спецыялісты з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Пра адказнасць і зацікаўленасць педагогаў у павышэнні свайго адукацыйнага ўзроўню можа сведчыць і сярэдні бал паспяховасці — ад 7,5 да 8,5. Радуе, што пры абароне дыпломных работ па спецыяльнасцях “Лагапедыя” і “Алігафрэнапедагогіка” многія нашы завочнікі дэманструюць уласныя камп’ютарныя распрацоўкі — трэнажоры, курсы па некаторых дысцыплінах.
Вучацца на завочнай форме і студэнты з Туркменістана, на завочнай скарочанай форме — студэнт з Азербайджана. А ўсяго зараз на факультэце 21 замежны студэнт. Яны радуюць нас сваім стаўленнем да вучобы і грамадскага жыцця.
— А якія яны, студэнты педагагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы?
— Паважаныя мной і любімыя. Лічу, што галоўнае наша багацце — менавіта студэнты. Дзякуючы ім, факультэт два разы станавіўся пераможцам універсітэцкага грамадзянска-патрыятычнага марафону “За моцную і квітнеючую Беларусь”.
У 2017 годзе Вераніка Кажанеўская заняла другое месца ў рэспубліканскім конкурсе “Студэнт года”. Вераніка разам з Карынай Млыноўскай была ў складзе беларускай дэлегацыі на ХІХ Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў у Сочы.
Студэнты актыўныя ў навуковых даследаваннях — штогод у нас праходзяць навуковыя канферэнцыі “Эўрыка” і “Альтэрнанат”; у грамадскай рабоце — валанцёрскі атрад “Веста” арганізоўвае шмат дабрачынных акцый у супрацоўніцтве з Чырвоным Крыжам і дзіцячым фондам. І тое, што хаця б некалькі хлопцаў штогод паступаюць на наш “жаночы” факультэт, дазваляла неаднаразова станавіцца пераможцамі ўніверсітэцкага конкурсу першакурснікаў “Аlma мater — любоў з першага курса”. Сапраўды, нашы студэнты таленавітыя і адказныя людзі ва ўсіх справах.
Гутарыла Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА.