Маладосць і вопыт, вядучыя навуковыя школы краіны, актыўныя міжнародныя кантакты, філіялы кафедраў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі рэгіёна, інавацыйныя даследаванні і праекты, яркае творчае і грамадскае жыццё, першыя прыгажуні і лепшыя спартсмены, моцны прафесарска-выкладчыцкі калектыў і амаль тысяча студэнтаў, аб’яднаных любоўю да слова, — усё гэта філалагічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава.
Час
У сучасным свеце, які патанае ў інфармацыі, у парадак усё можа прывесці толькі слова. На працягу часу (сёлета філфаку 45 гадоў) пералік спецыяльнасцей і, адпаведна, моў, якія вывучаюцца на факультэце, папаўняецца: беларуская, руская, украінская, польская, англійская, французская, нямецкая, шведская, арабская, кітайская, іспанская, лацінская. Студэнты могуць авалодаць не толькі мовай асноўнай спецыяльнасці, якую яны абралі, але і засвоіць замежную мову ў якасці другой ці трэцяй, вывучыць яе факультатыўна.
Акунуцца ў моўнае асяроддзе, папрактыкавацца ў выкарыстанні мовы дапамагаюць шматлікія міжнародныя стажыроўкі ў Польшчы, Германіі, Кітаі, Чэхіі, Украіне, Расіі. У рамках сумесных культурных праектаў студэнты папаўняюць свае веды па перакладазнаўстве, методыках выкладання моў, мовазнаўстве і літаратуразнаўстве на акадэмічных анлайн-лекцыях вядучых вучоных Расіі, Казахстана, Ізраіля. Вопытныя выкладчыкі дапамагаюць пачаткоўцам узняцца па прыступках вышэйшай адукацыі і паглыбіцца ў навуковыя плыні, якія развіваюцца на факультэце.
На філалагічным факультэце вучацца прадстаўнікі 6 краін, колькасць замежных студэнтаў складае каля 400 чалавек. Падрыхтоўка ажыццяўляецца ў дзённай і завочнай форме па спецыяльнасцях “Руская філалогія (літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць). Літаратуразнаўства”, “Руская філалогія (руская мова як замежная). Мовазнаўства”, “Руская мова і літаратура”, “Руская мова і літаратура. Замежная мова”, “Рамана-германская філалогія. Мовазнаўства (англійская мова — нямецкая мова, англійская мова — французская мова, нямецкая мова — англійская мова)”, “Беларуская філалогія (літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць). Мовазнаўства / літаратуразнаўства”. Студэнты маюць магчымасць працягнуць вучобу ў магістратуры і аспірантуры.
Стыль
“Прапануй праект — праяві сябе ў ім — стань пераможцам” — пад такім дэвізам працуюць шматлікія гурткі кафедраў агульнага і рускага мовазнаўства, беларускага мовазнаўства, літаратуры, германскай філалогіі, сусветных моў. Актыўныя і творчыя студэнты знойдуць сябе, уключыўшыся ў дзейнасць навуковых школ факультэта, такіх як “Актуальныя праблемы анамастыкі” пад кіраўніцтвам доктара філалагічных навук прафесара Ганны Мезенка, “Лінгвакультуралогія”, якой кіруе доктар філалагічных навук прафесар Валянціна Маслава, “Мастацкае народазнаўства” пад кіраўніцтвам Ванды Бароўка, “Камунікатыўная стылістыка тэксту” пад кіраўніцтвам доктара філалагічных навук прафесара Ірыны Зайцавай. Дэвіз навуковых школ — “У таленавітага вучонага — таленавітыя вучні”.
Літаратурныя конкурсы, студэнцкія алімпіяды, выпуск факультэцкіх газет “Лесвіца” і “Шосты паверх” дапамагаюць студэнтам вучыцца цікава. Напаўняюць іх жыццё творчасцю “Паэтычны тэатр на філалагічным”, клуб грамадскіх аб’яднанняў, інтэрнэт-тэлебачанне ТВУ.
Сяргей НІКАЛАЕНКА, дэкан філалагічнага факультэта:
“Для кожнага студэнта і выкладчыка мы імкнёмся стварыць сітуацыю поспеху, стараемся матываваць на работу, максімальна раскрываць і развіваць іх патэнцыял. Мы ганарымся сваімі вучонымі, сярод якіх і сусветна прызнаныя, і тыя, хто на іх раўняецца, упарта пакарае свае вяршыні. Факультэт выпускае адукаваных, інтэлектуальных, творчых, прыгожых маладых людзей. Наша прыгажуня Марыя Салаўёва атрымала карону нацыянальнага конкурсу і тытулы “Першая віцэ-міс” і “Міс-творчасць” Міжнароднага міжуніверсітэцкага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства “Каралева вясна — 2018”. Зусім нядаўна студэнтка Таццяна Смірнова стала лаўрэатам прэміі пасла КНР у Рэспубліцы Беларусь Цуй Цыміна. Валейбольная каманда факультэта — наймацнейшая ва ўніверсітэце. Падобных прыкладаў багата, і гэтая скарбонка ўвесь час папаўняецца”.
На філалагічным факультэце рэалізоўваюцца інавацыйныя праекты, у рамках работы філіялаў кафедраў факультэта, якія дзейнічаюць на базе ўстаноў адукацыі горада, ствараецца культурна-моўны рэсурсны цэнтр. Гэта спрыяе інтэграцыі навукова-даследчай дзейнасці навучэнцаў і студэнтаў, робіць іх першыя крокі ў навуку больш упэўненымі і паспяховымі.
Інфармацыйная прастора Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імкліва пашыраецца. Актуальная інфармацыя знаходзіць адлюстраванне на інтэрнэт-старонках факультэтаў, розных аддзелаў універсітэта, устаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі рэгіёна, а таксама выкладчыкаў, студэнтаў, выпускнікоў. Медыяасяроддзе ВДУ немагчыма ўявіць без універсітэцкага інтэрактыўнага тэлебачання (дарэчы, адзінага ў горадзе) і непасрэдна звязанага з ім праекта — інтэрнет-газеты VSU online. Тэлебачанне пачало работу ў 2011 годзе па ініцыятыве дэкана факультэта Сяргея Нікалаенкі. Вяшчанне ажыццяўляецца ў фармаце кароткаметражных ролікаў па рубрыках. Сярод апошніх рэзанансных выпускаў — “Я студэнт ВДУ” (серыя іміджавых прома-ролікаў, чатыры з іх паказваюць гісторыі студэнтаў, якія змаглі знайсці свой шлях да поспеху ў ВДУ; пяты, агульны, ролік раскрывае ўсе сферы жыцця ўніверсітэта вачыма студэнтаў), “Спорт як лад жыцця”, “Дзе студэнту падзарабіць летам?”, “Блогеры сярод нас”, “Валанцёрскія ініцыятывы”, “Высакародная прафесія настаўнік”, “Багаж успамінаў выпускнікоў”. Новы праект — універсітэцкі блог-гайд для абітурыентаў “ВГУ start”.
Ярка і насычана праходзіць на факультэце “Тыдзень пазнання і творчасці”, захапляе шчырасцю фестываль беларускага слова, акунаюць у творчую атмасферу літаратурныя прэзентацыі і сустрэчы. На факультэце працуе цэнтр славянскіх моў і культур, мэта якога — пашырэнне міжнародных кантактаў і лінгвакультурнай адукацыі, запрашэнне носьбітаў розных славянскіх моў, стасункі з якімі дапамогуць не толькі ўзбагаціцца міжкультурнай інфармацыяй, але і ўсвядоміць сацыякультурны феномен роднай і няроднай мовы. Актыўна працуе цэнтр лінгвадыдактычных практык, на яго базе студэнты авалодваюць інавацыйнымі методыкамі выкладання моў і літаратур, практыкуюцца ва ўкладанні эксперыментальных школьных комплексных слоўнікаў. Новым кірункам дзейнасці вызначыўся мінулы навучальны год у сувязі са стварэннем Цэнтра французскай мовы імя Рэнэ Дэкарта.
Перспектыва
Філалагічны факультэт з’яўляецца ініцыятарам многіх праектаў, якія сталі яркімі падзеямі ў жыцці рэгіёна. У свой час ідэю дэкана правесці добраахвотную дыктоўку на рускай і беларускай мове ў рамках штогадовай акцыі “Праз дыялог моў — да душы, да сэрца” падтрымалі выкладчыкі і студэнты факультэта, потым — усяго ўніверсітэта, а затым да іх далучыліся і выпускнікі — настаўнікі школ і гімназій са сваімі вучнямі, прадстаўнікі гарадскога і абласнога дэпутацкага корпуса, грамадскіх аб’яднанняў, кіраўнікі прадпрыемстваў, устаноў адукацыі і культуры. Традыцыйна дыктоўку чытаюць выкладчыкі, лепшыя студэнты і выпускнікі, а разам з імі — кіраўнікі органаў дзяржаўнай улады. Сёлета зацікавіліся акцыяй і выпрабавалі свае веды таксама студэнты ВДУ з Туркменістана: ім быў прапанаваны тэкст на рускай мове пра суайчыннікаў — салдат Вялікай Айчыннай вайны. Тэкст для супрацоўнікаў і кіраўніцтва ўніверсітэта прачытала студэнтка філфака Аліна Карпызіна. Характэрна, што ўсе прысутныя ў аўдыторыі аднагалосна вырашылі пісаць дыктоўку на беларускай мове.
Філалагічная адукацыя дазваляе сучаснаму маладому чалавеку рэалізаваць сябе ў розных сферах: ва ўстановах адукацыі, рэдакцыях газет, на радыё і тэлебачанні, на прадпрыемствах рэальнага сектара эканомікі. Выпускнік філфака — выкладчык, літаратурны супрацоўнік, перакладчык, рэдактар (літаратурны, тэхнічны, мастацкі, стылістычны), карэктар.
Філалагічны факультэт ВДУ імя П.М.Машэрава славіцца сваімі традыцыямі, імкнецца да новых вяршынь і чакае тых, хто гатовы пакарыць гэтыя вяршыні, — прагных да ведаў, самастойных і мэтанакіраваных, у меру амбіцыйных і прагматычных, творчых і пазітыўных.
Таццяна БОНДАРАВА.
Святлана МАРТЫНКЕВІЧ,
намеснік дэкана філалагічнага факультэта ВДУ імя П.М.Машэрава.
Фота з архіва філалагічнага факультэта ВДУ.