Фальклорныя падарожжы

Кожнае лета першакурснікі філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны едуць збіраць фальклор. Сёлета падчас фальклорнай экспедыцыі нам давялося падарожнічаць па Ельскім раёне. Вельмі цікавай і надзвычай плённай аказалася наша вандроўка: прыгожыя мясціны, гасцінныя і шчырыя людзі, цікавыя фальклорна-этнаграфічныя запісы.

Мы пабывалі ў вёсках Валаўск, Кочышчы, Рамязы, Зашыр’е, Засінцы, Багуціцы, Валаўская Рудня, Старое Высокае. Там пачулі пра Каляды, куццю і таямнічыя варожбы, “шчодрыкаў” і іх песні з пажаданнямі гаспадарам. Мясцовыя жыхары падкрэслівалі, як важна сустракаць калядоўшчыкаў, адорваць іх за прыход і добрыя словы. Узгадваліся таксама радзінна-хрэсьбінныя абрады і звычаі, называліся прыкметы, павер’і і забароны, якіх павінна была прытрымлівацца цяжарная: не падманваць, не красці, не біць жывёл, не есці з рондаля, не абгаворваць людзей. Праўда ж, нагадвае нейкую энцыклапедыю выхавання для будучай маці?

Таксама з намі падзяліліся ўспамінамі пра  Гуканне вясны і Чысты чацвер, Вербную нядзелю і Вялікдзень, Юр’е, Сёмуху і Купалле. Расказалі таксама пра Зажынкі і Дажынкі, параілі, як вырасціць добры ўраджай, а пасля — заха­ваць яго, падзяліліся вопытам, як спрагназа­ваць надвор’е. А якія душэўныя песні зацягвалі, прыпеўкі спявалі, вясёлыя, з “салёным” беларускім гумарам!

Колькі цікавага і павучальнага мы пачулі ад простых беларусаў! Кожны чалавек, які сустрэўся на нашым шляху, — гэта гісторыя велічынёй у жыццё: успаміны пра вайну, нялёгкую працу, галодныя гады, не заўсёды простыя адносіны ўнутры сем’яў, нялёгкія рашэнні, якія варта было прымаць на працягу жыцця. Для нас гэтыя трапяткія споведзі — урокі мудрасці, далікатнасці і цярплівасці.

Як мы знаходзілі расказчыкаў? Іншым часам нам падказвалі клубныя работнікі. Бывала, вяскоўцы гаварылі, у якую хату ісці, а бывала, з’яўляліся няпрошанымі гасцямі: маўляў, мы да вас прыйшлі па абрады і песні. І, ведаеце, дзверы адчынялі, запрашалі ў хату, частавалі, ветліва ўсміхаліся.

Калі я спытала ў сваіх студэнтаў, чым ім запомнілася практыка, то атрымала адказы, якія мяне, безумоўна, парадавалі. Ангеліна Цапалава адзначыла добразычлівасць і адкрытасць людзей, якія ахвотна дзяліліся з намі сваімі звычаямі, песнямі, абрадамі, хараство прыроды і сялянскай архітэктуры Палесся, непаўторнасць асяроддзя.

— Ельскі раён застаўся ў маім сэрцы і ў думках. Мне хочацца яшчэ раз наведацца туды, — падзялілася яна.

Вераніка Барадзін расказала, што, едучы ў вандроўку, не задумвалася пра тое, што з дапамогай  практыкі можна нешта зразумець ці змяніць.

— Самыя яркія ўражанні прынеслі размовы з людзьмі. Я зразумела, як важна ведаць свае традыцыі, паважаць іх і перадаваць з пакалення ў пакаленне, — заўважыла студэнтка.

Фальклорная практыка для моладзі — гэта сапраўдная школа жыцця, якая вучыць хлопцаў і дзяўчат слухаць людзей і наладжваць з імі добрыя адносіны, паважаць іх, выхоўвае ашчадныя адносіны да памяці продкаў і традыцыйных духоўных ведаў.

Думаю, калі-небудзь убачыць свет кніга па фальклорна-этнаграфічнай спадчыне Ельскага раёна, у аснову якой лягуць запісы фальклорных тэкстаў, сабраныя студэнтамі падчас вучэбнай практыкі. А яе чытачы будуць дзівіцца мудрасці сваіх продкаў і гаварыць пра іх непаўторную карціну свету, пра веды, што былі з трапятаннем захаваны і ашчадна перададзены наступным пакаленням.

Алена КАСТРЫЦА.
Фота аўтара і студэнтаў ГДУ імя Францыска Скарыны.