БДПУ імя Максіма Танка святкуе 105-гадовы юбілей.
З пачатку лістапада ў вядучым педагагічным універсітэце краіны праходзяць мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай падзеі. Больш як тысяча вучоных з 24 краін прымае ўдзел у Міжнародным навуковым сімпозіуме “Бесперапынная педагагічная адукацыя — гарант будучыні”. Ён разлічаны больш як на два тыдні і ўключае ў сябе 14 міжнародных навукова-практычных канферэнцый.
Таксама ва ўніверсітэце праходзіць конкурс прафесійнага майстэрства “Учусь с тобой педмастерству, горжусь тобой, БГПУ!”. У ім удзельнічаюць 35 лепшых студэнтаў з усіх факультэтаў і інстытутаў установы. Першыя два туры ўжо завяршыліся. Заключны этап адбудзецца ў канцы лістапада, тады ж будуць абвешчаны пераможцы.
З нагоды юбілею ва ўніверсітэце ладзіцца мноства культурных і спартыўных акцый. Так, учора пад дэвізам “Стартуем разам!” прайшлі спаборніцтвы па плаванні. На дарожках універсітэцкага басейна спаборнічалі 5 зборных каманд навучэнцаў — выхаванцаў Мінскай абласной спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву па плаванні, студэнтаў, а таксама прафесарска-выкладчыцкага складу на чале з рэктарам.
Зрэшты, БДПУ жыве ў такім тэмпе круглы год. Вучоба, навука, мастацтва, спорт — штодзённыя клопаты і радасці будучых педагогаў.
Са святам, сябры!
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.