Сучасныя тэндэнцыі такія, што абітурыенты ў большасці скіраваны на вышэйшую школу. Але менавіта ўстановы прафесійнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі могуць гарантаваць вельмі запатрабаваныя ў грамадстве прафесіі.
Даволі шырокі пералік спецыяльнасцей прапануюць установы ССА і ПТА Магілёўскай вобласці. Галоўныя арыенціры ў іх дзейнасці — аналіз і прагноз структуры занятасці. Сярод ключавых задач — фарміраванне аптымальнага балансу патокаў абітурыентаў па ўзроўнях адукацыі ў адпаведнасці з перспектывамі развіцця рынку працы, найбольш поўнае забеспячэнне патрэбы эканомікі ў кваліфікаваных кадрах.
— Сёлета дзверы для абітурыентаў расчыняць 26 устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі рэгіёна. На бюджэтнай аснове яны гатовы прыняць на навучанне 4416 чалавек. Прафесійна-тэхнічную адукацыю за кошт бюджэту змогуць атрымаць 2989, а сярэднюю спецыяльную — 1427 маладых людзей. Прыём будзе ажыццяўляцца па 90 кваліфікацыях прафесійна-тэхнічнай адукацыі і 52 кваліфікацыях сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Згодна з запытамі эканомікі, адкрываюцца новыя спецыяльнасці. У 2020 годзе аднаўляецца прыём па шэрагу кваліфікацый, у ліку якіх “каваль-штампоўшчык” і “майстар па рамонце абутку”. Упершыню будзе праводзіцца набор на кваліфікацыю “апаратчык выцяжкі” і іншыя, — расказала метадыст вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійна-тэхнічнай адукацыі МДАІРА Марыя Лешчанка.
Якаснае навучанне па запатрабаваных спецыяльнасцях і стапрацэнтнае працаўладкаванне пасля атрымання дыплома гарантуе сваім навучэнцам Магілёўскі дзяржаўны тэхналагічны каледж. Гэта шматузроўневая ўстанова, арыентаваная на інавацыйныя тэхналогіі навучання, дзе рыхтуюць кваліфікаваныя кадры для сферы гандлю і грамадскага харчавання. Тут рэалізоўваюцца адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў каледжы вядзецца падрыхтоўка па спецыяльнасцях “Мехатроніка”, “Электразабеспячэнне”, “Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей”, “Прамысловая цеплаэнергетыка”, “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання”, “Нізкатэмпературная тэхніка”, “Тэхналогія харчовых вытворчасцей”, “Камерцыйная дзейнасць”. Рабочую прафесію ў каледжы можна атрымаць па спецыяльнасцях “Гандлёвая справа” і “Грамадскае харчаванне”.
— Летась у тэхналагічным каледжы былі адкрыты дзве новыя спецыяльнасці — “Візуальны мерчандайзінг” і “Электроніка механічных транспартных сродкаў”, падрыхтоўка па якіх на той час не ажыццяўлялася больш нідзе на Магілёўшчыне. Важна і тое, што ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю выпускнікі каледжа могуць атрымаць вышэйшую адукацыю ва ўніверсітэтах у скарочаныя тэрміны. З гэтай мэтай у МДТК заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве з дзевяццю беларускімі і трыма расійскімі ўніверсітэтамі, — расказала Марыя Міхайлаўна.
Маладых людзей, матываваных на атрыманне прафесіі ў сферы сельскай або лясной гаспадаркi, заўсёды чакаюць у Магілёўскім дзяржаўным прафесійным агра-лесатэхнічным каледжы імя К.П.Арлоўскага. Звыш 75 гадоў тут рыхтуюць слесараў па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, трактарыстаў-машыністаў сельскагаспадарчай вытворчасці, аператараў жывёлагадоўчых комплексаў і механізаваных ферм, вадзіцеляў аўтамабіля катэгорыі “С”, леснікоў, егераў. Навучэнцам прадастаўлена магчымасць атрымліваць адукацыю на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі па дзённай і завочнай формах навучання.
Адукацыя ў агралесатэхнічным каледжы максімальна практыка-арыентаваная. Кіраўніцтва і педагогі прытрымліваюцца думкі: галоўнае для прафесійнай установы адукацыі — навучыць працаваць. Таму навучэнцы тут вывучаюць не плакаты, макеты і муляжы, а сапраўдныя лясныя ўгоддзі, адпрацоўваюць практычныя ўменні ў заасадзе і дэндрапарку, знаёмяцца з найноўшай тэхнікай у сучасных лабараторыях рэсурснага цэнтра, а пасля вучацца кіраваць ёй на тэхналагічным полі.
Актуальныя спецыяльнасці прапануюць у Магілёўскім дзяржаўным эканамічным прафесійна-тэхнічным каледжы. МДЭПТК уяўляе сабой інавацыйны вучэбны комплекс сучаснага тыпу, які ўключае тры віды ўстаноў: ПТА, ССА і Цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У гэтай установе адукацыі можна набыць рабочую прафесію страхавога агента, аператара ЭВМ, слесара па рамонце аўтамабіляў, электраманцёра ахоўна-пажарнай сігналізацыі, станочніка дрэваапрацоўчых станкоў, цырульніка, швачкі і інш. А можна атрымаць адукацыю на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі і стаць спецыялістам у сферы фінансаў, праграмавання, цырульніцкага мастацтва і інш. Важна, што пералік прафесій у каледжы пастаянна абнаўляюць. Так, у 2020 годзе тут адкрываюць набор на спецыяльнасці “Візуальны мерчандайзінг” і “Тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцяў”.
— Значна, што ў эканамічным прафесійна-тэхнічным каледжы могуць атрымаць запатрабаваную спецыяльнасць маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Тут ужо звыш 20 гадоў функцыянуе спецыялізаваны цэнтр. Навучэнцы, якія маюць асаблівасці ў развіцці, асвойваюць патрэбныя прафесіі і такім чынам сацыялізуюцца ў грамадстве, — паведаміла Марыя Лешчанка.
Якасцю, практыкаарыентаванасцю і інавацыйным рэжымам вылучаецца работа Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа. Сёння гэта шматпрофільная ўстанова новага тыпу, дзе арганізавана навучанне на ўзроўні ПТА і ССА па разнапланавых спецыяльнасцях. Са сцен каледжа выходзяць кваліфікаваныя праграмісты, зваршчыкі, мехатронікі, электраманцёры, маркетолагі, спецыялісты машынабудаўнічай вытворчасці. Прапанаваныя кваліфікацыі перыядычна абнаўляюцца з улікам патрэб рынку працы. Калі на прадпрыемствах рэгіёна ўзнікае патрэба ў пэўных спецыялістах, ва ўстанове адразу прапрацоўваюць магчымасці адкрыцця навучання па адпаведнай прафесіі. Традыцыйныя кваліфікацыі тут таксама перыядычна абнаўляюць, мяняюць вучэбныя праграмы ў адпаведнасці з тэхналагічнымі змяненнямі на вытворчасцях. Такім чынам політэхнічны каледж рыхтуе неабходных эканоміцы спецыялістаў.
Магілёўскі дзяржаўны прафесійны электратэхнічны каледж таксама арыентуецца на якасную падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў для прамысловасці. Зараз у каледжы рыхтуюць спецыялістаў па прафесіях электраманцёра, электрамантажніка, вадзіцеля, слесара па рамонце аўтамабіляў, кабельшчыка-спайшчыка, прадаўца, кантралёра-касіра, аператара сувязі.
Якасная прафесійная падрыхтоўка ў Магілёўскім дзяржаўным прафесійным электратэхнічным каледжы — у прыярытэце. Але для педагагічнага калектыву не менш важнай задачай з’яўляецца раскрыццё творчага патэнцыялу моладзі, выхаванне кожнага навучэнца ўсебакова развітой асобай. Таму, акрамя атрымання грунтоўнай адукацыі, навучэнцы каледжа маюць магчымасць творча праводзіць і свой вольны час. Яны актыўна займаюцца ў гуртках прафесійна-тэхнічнай ці мастацка-эстэтычнай накіраванасці, спартыўных секцыях. Пералік вельмі разнастайны. Кожны можа выбраць занятак па душы, рэалізаваць сябе ў тым, што яму падабаецца.
Шматпрофільную ўстанову ўяўляе сабой сёння Магілёўскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 7. Навучанне тут таксама вядзецца па розных прафесіях. Асноўныя — кваліфікацыі хімічнай накіраванасці: лабарант хімічнага аналізу, апаратчык сінтэзу. Са сцен ліцэя выходзяць таксама кваліфікаваныя цырульнікі, візажысты, майстры па манікюры, швачкі, слесары, электраманцёры. Усе выпускнікі ліцэя запатрабаваны на рынку працы. Большасць з іх становіцца работнікамі прэстыжных гарадскіх прадпрыемстваў.
— У 2020 годзе ў 7-м прафесійным ліцэі адкрываецца набор на новую спецыяльнасць — “Апаратчык выцяжкі”. Па гэтай спецыяльнасці навучанне ў краіне да гэтага часу не ажыццяўлялася. Дарэчы, па такіх прафесіях, як швачка, цырульнік, майстар па манікюры, рыхтуюць таксама Магілёўскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 1, Асіповіцкі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж, Бабруйскі дзяржаўны тэхналагічны каледж, — заўважыла Марыя Лешчанка.
Шмат магчымасцей для прафесійнага выбару ў магілёўскай моладзі, якая імкнецца звязаць жыццё з будаўнічай сферай. Лепшай рэгіянальнай установай, дзе рыхтуюць спецыялістаў для будаўнічай галіны, на працягу многіх гадоў з’яўляецца Дзяржаўны прафесійны ліцэй № 9 Магілёва імя А.П.Старавойтава. Тут прапануюць навучанне па прафесіях тынкоўшчыка, маляра, абліцоўшчыка-плітачніка, муляра, электрагазазваршчыка, дарожнага рабочага, цесляра, машыніста аўтамабільнага крана, стропальшчыка, машыніста экскаватара, машыніста бульдозера і шэрагу іншых.
— Па спецыяльнасцях будаўнічага профілю можна вучыцца таксама ў Бабруйскім дзяржаўным будаўнічым прафесійна-тэхнічным каледжы, Касцюковіцкім прафесійным ліцэі № 8, Мсціслаўскім дзяржаўным будаўнічым каледжы, — адзначыла Марыя Лешчанка.
Паводле яе слоў, ёсць у вобласці і адметныя навучальныя ўстановы. Напрыклад, атрымаць прафесію каваля на молатах і прэсах, каваля-штампоўшчыка можна толькі ў Магілёўскім дзяржаўным машынабудаўнічым каледжы. Творчыя маладыя людзі знойдуць для сябе прафесію ў Бабруйскім дзяржаўным каледжы імя А.Я.Ларына. Тут арганізавана навучанне па кваліфікацыях “выканаўца мастацка-афарміцельскіх работ; вытворца мастацкіх вырабаў з керамікі”, “тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей”. У гэты каледж трэба накіроўвацца і тым, хто марыць звязаць жыццё з дашкольнай адукацыяй. Па групе спецыяльнасцей “Тэхналогія зварачных работ” можна вучыцца ў Магілёўскім дзяржаўным прафесійным ліцэі № 2, Бабруйскім дзяржаўным механіка-тэхналагічным каледжы. Рознабаковыя прафесіі прапануе абітурыентам і Бабруйскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж.
…Зусім хутка выпускнікам давядзецца зрабіць выбар, ад якога будзе залежаць не толькі далейшая прафесія, але і кар’ера, лёс. Як можна пераканацца, установы сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі Магілёўшчыны прапануюць для навучання разнастайныя спецыяльнасці. Кожная з іх па-свойму прэстыжная і запатрабаваная. Таму не варта ісці ва ўніверсітэт, арыентуючыся толькі на грамадскую думку і парады звонку. Лепш прыслухацца да ўласных памкненняў. А таксама памятаць, што рэалізаваць сябе і быць паспяховым можна ва ўсіх прафесіях.
Больш падрабязна азнаёміцца з пералікам устаноў ССА і ПТА Магілёўшчыны і спецыяльнасцямі, якія яны прапануюць для навучання, можна па спасылцы http://mgoiro.web-box.ru.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.