Традыцыйныя спецыяльнасці — новы змест

Галоўны ўніверсітэт краіны рыхтуецца да прыёму новых абітурыентаў. Пра структуру спецыяльнасцей, унікальныя адукацыйныя магчымасці, бяспеку падчас уступнай кампаніі гутарым з намеснікам адказнага сакратара прыёмнай камісіі намеснікам дэкана факультэта даўніверсітэцкай адукацыі БДУ Вячаславам МАЛАФЕЕВЫМ.

Вячаслаў Малафееў.

Змены ў структуры прыёму

Як паведаміў Вячаслаў Міхайлавіч, сёлета ва ўніверсітэт плануецца прыняць 5128 чалавек. У параўнанні з планам мінулага года скарочана 65 платных месцаў. Пры гэтым на 10 месцаў павялічаны дзённы бюджэтны набор.

— Карэкціроўкі ў лічбах зроблены з улікам вынікаў прыёму 2018—2019 гадоў, — адзначыў суразмоўнік. — Платныя месцы скарочаны на гуманітарных спецыяльнасцях (на факультэтах журналістыкі і сацыякультурных камунікацый, на гістарычным факультэце), дзе ў мінулыя гады быў хоць і нязначны, але недабор. Адначасова крыху павялічыўся платны прыём у Інстытуце бізнесу і Міжнародным экалагічным інстытуце імя А.Д.Сахарава.

Што да бюджэтнага набору, то невялікае (літаральна па некалькі месцаў) павелічэнне адбылося на прыродазнаўчых спецыяльнасцях. Як вынік, суадносіны прыродазнаўчых спецыяльнасцей да сацыяльна-эканамічных і гуманітарных яшчэ больш змяніліся на карысць першых. Сёння ў БДУ больш як дзве трэці набору на дзённую бюджэтную форму (67,1%) ажыццяўляецца на прыродазнаўчыя спецыяльнасці.

— Мы стараемся аптымізаваць прыём, таму на некаторыя спецыяльнасці 1-2 месцы дабаўляюцца, на іншых — знімаюцца. Гэта звязана ў тым ліку з планаваннем вучэбнага працэсу, — гаворыць Вячаслаў Міхайлавіч. — Лічбы бюджэтнага і платнага прыёму ўвязаны так, каб скамплектаваць групы і забяспечыць аптымальныя суадносіны колькасці выкладчыкаў і студэнтаў. Гэта дазваляе рацыянальна выкарыстоўваць лабараторную базу (на прыродазнаўчых спецыяльнасцях да паловы вучэбнай нагрузкі звязана з выкананнем лабараторных работ, практычнымі і семінарскімі заняткамі) і падтрымліваць высокую якасць адукацыйнага працэсу.

Вучэбна-навукова-вытворчыя кластары

Новых спецыяльнасцей універсітэт не прапаноўвае. Вячаслаў Мала­фееў тлумачыць гэта тым, што за апошнія гады ў наяўныя спецыяльнасці быў унесены новы змест.

— Былі перагледжаны вучэбныя планы, вялікая ўвага ўдзелена развіццю творчых навыкаў студэнтаў, зроблены акцэнт на практыкаарыентаванасць, — гаворыць Вячаслаў Міхайлавіч. — За апошні час істотна павялічылася колькасць базавых прадпрыемстваў і філіялаў кафедр на вытворчасці — усё гэта прывяло да змен у вучэбным працэсе. Тым больш што нашы адукацыйныя стандарты ўтрымліваюць вялікую долю ўніверсітэцкага кампанента, і ён быў істотна перапрацаваны на карысць сучасных напрамкаў навукі. Напрыклад, такі напрамак, як біяінфарматыка. У нас няма асобнай спецыяльнасці, але адпаведныя спецыялізацыі ёсць і на факультэце радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, і на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, і на механіка-матэматычным, і на фізічным факультэтах. Падобны рух адбываецца ў розных падраздзяленнях універсітэта: на стыку інфармацыйных тэхналогій з іншымі навукамі з’яўляюцца новыя напрамкі. Гэтыя ж працэсы, дарэчы, спрыялі таму, што геаграфічны факультэт перайменавалі ў факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі. Набор спецыяльнасцей ранейшы, але сёння гэта істотна абноўленае падраздзяленне, змест адукацыі там значна змяніўся. І гэта можна сказаць пра ўсе факультэты. Любы выкладчык пацвердзіць, што сённяшні ўніверсітэт адрозніваецца ад таго, што было 5 гадоў назад.

Вячаслаў Малафееў расказаў, што за апошнія гады структура падрыхтоўкі ва ўніверсітэце зрушылася ў бок вучэбна-навукова-вытворчых кластараў. У іх аснове — факультэты, навукова-даследчыя структуры і прадпрыемствы, якія ўваходзяць у комплекс БДУ, або прад­прыемствы-партнёры.

Напрыклад, хіміка-біялагічны кластар аб’ядноўвае біялагічны і хімічны факультэты, НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ і ўніверсітэцкія прадпрыемствы, якія займаюцца вытворчасцю лекавых сродкаў. Адпаведна, навуковая работа на факультэтах арыентавана на гэты напрамак, і ёсць магчымасць вельмі хуткага ўкаранення распрацовак у вытворчасць.  Курсавыя і дыпломныя праекты студэнтаў выконваюцца па гэтай тэматыцы.

Другі кластар — па інфармацыйных тэхналогіях. Ён аб’ядноўвае факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, механіка-матэматычны факультэт, факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій з адпаведнымі спецыяльнасцямі, сюды ж зараз далучаецца факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі. Акрамя таго, у ІТ-кластар уваходзяць два інстытуты БДУ — НДІ прыкладных праблем матэматыкі і інфарматыкі і НДІ прыкладных фізічных праблем імя А.Н.Сеўчанкі, а таксама ўніверсітэцкія прадпрыемствы, якія працуюць у галіне інфармацыйных тэхналогій.

Трэці кластар — прыборабудаўнічы. Ён заснаваны на базе факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, фізічнага факультэта і НДІ прыкладных фізічных праблем імя А.Н.Сеўчанкі. Сюды ж уваходзяць два прадпрыемствы, якія ўвасабляюць распрацоўкі навукоўцаў у рэальны прадукт. Адпаведна, у рамках згаданых кластараў ідзе падрыхтоўка спецыялістаў.

— Што да змястоўнай часткі сацыяльна-эканамічных спецыяльнасцей, то, напрыклад, Інстытут бізнесу і эканамічны факультэт актыўна працуюць у напрамку інтэрнэт-эканомікі, інтэрнэт-маркетынгу. Вялікая частка дыпломных работ выпускнікоў выконваецца па гэтай тэматыцы, — адзначыў Вячаслаў Малафееў.

Ля галоўнага корпуса БДУ.

Сумесны інстытут БДУ і ДПУ

Летась у структуры Белдзяржуніверсітэта пачаў дзейнасць сумесны інстытут БДУ — ДПУ (з 2017 года аналагічны сумесны інстытут працуе на базе Далянскага політэхнічнага ўніверсітэта ў Кітаі). Сёлета адбудзецца ўжо другі набор студэнтаў па спецыяльнасцях “Механіка і матэматычнае мадэляванне”, “Фізіка (вытворчая дзейнасць)” і “Сусветная эканоміка”. Выпускнікі атрымаюць дыпломы адразу двух вядучых універсітэтаў Беларусі і Кітая.

— Вучэбны працэс вя­дзецца на базе нашых асноўных факультэтаў — фізічнага, механіка-матэматычнага і факультэта міжнародных адносін, — паведаміў Вячаслаў Міхайлавіч. — Калі гаварыць пра “старэйшага брата” — сумесны інстытут, што дзейнічае на базе Далянскага політэхнічнага ўніверсітэта, то ён развіваецца вельмі дынамічна. Мы ўзгаднілі ўсе вучэбныя планы, і БДУ актыўна ўдзельнічае ў адукацыйным працэсе. Нават сітуацыя з каранавірусам не змагла стварыць сур’ёзных праблем, бо навучанне было вельмі хутка пераведзена ў анлайн-рэжым. Паспяховае выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у сумесным інстытуце паслужыла добрым прыкладам для астатніх нашых факультэтаў. Мы многае запазычылі ў плане методыкі арганізацыі вучэбнага працэсу з выкарыстаннем адукацыйных парталаў, воблачных тэхналогій і г.д. Разлічваем, што гэта будзе развівацца далей.

Педагагічныя спецыяльнасці БДУ

Магчыма, не ўсе ведаюць, але ў БДУ таксама ёсць педагагічныя спецыяльнасці, куды асобныя катэгорыі абітурыентаў могуць залічвацца без уступных выпрабаванняў. Сярод іх “Біялогія” (біялагічны факультэт, 25 месцаў), “Геа­графія” (факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі, 36 месцаў), “Матэматыка” (механіка-матэматычны факультэт, 25 месцаў), “Хімія” (хімічны факультэт, 20 месцаў), “Беларуская філалогія” і “Руская філалогія” (філалагічны факультэт, адпаведна 20 і 40 месцаў).

Пры паступленні на гэтыя спецыяльнасці пераможцы абласных алімпіяд па адпаведных прадметах, медалісты і выпускнікі каледжаў, якія маюць дыплом з адзнакай, а таксама выпускнікі профільных педагагічных класаў залічваюцца без уступных выпрабаванняў (пры наяўнасці рэкамендацыі педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую яны скончылі).

— У апошнія гады, калі з’явілася магчымасць паступаць без экзаменаў, мы назіраем вялікую цікавасць абітурыентаў да педагагічных спецыяльнасцей, — заўважыў Вячаслаў Мала­фееў. — У большасці выпадкаў усе месцы займаюць абітурыенты згаданых вышэй катэгорый. Варта сказаць, што гэта даволі падрыхтаваныя дзеці, ніякіх праблем з арганізацыяй вучэбнага працэсу і іх паспяховасцю не ўзнікае. Чакаем, што сёлета на педагагічныя спецыяльнасці адбудзецца вельмі добры набор.

Вячэрняя форма

Ужо другі год Інстытут бізнесу БДУ праводзіць набор на вячэрнюю форму адукацыі па спецыяльнасці “Бізнес-адміністраванне” (30 месцаў). Гэта вельмі зручная форма адукацыі для людзей, якія працуюць, ведаюць, якіх ведаў ім бракуе для кар’еры, і гатовы браць гэтыя веды тут і цяпер.

Пры гэтым у БДУ скарацілі набор на другую вышэйшую адукацыю, у прыватнасці, адмовіліся ад эканамічных і ІТ-спецыяльнасцей. Для атрымання другой вышэйшай адукацыі выдзелены 132 месцы на спецыяльнасці “Правазнаўства” і “Псіхалогія” ў завочнай форме навучання. Паступаючыя залічваюцца адразу на 3 курс і вучацца 3 гады.

Бяспека перадусім

Як паведаміў Вячаслаў Малафееў, у БДУ рыхтуецца цэлы комплекс мерапрыемстваў для бяспекі ўдзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання і ўсёй прыёмнай кампаніі.

— Мы плануем у поўным аб’ёме выканаць рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя і Мінгарвыканкама, — паведаміў суразмоўнік. — Уваход у вучэбныя карпусы будзе праходзіць арганізавана, каб не стваралася натоўпаў. Прымаюцца меры па забеспячэнні сацыяльнай дыстанцыі паміж абітурыентамі. Нягле­дзячы на тое, што для правядзення ЦТ задзейнічаны вялікія аўдыторыі і раней там размяшчалася па 150 чалавек, зараз у адным памяшканні будуць знаходзіцца не больш як 50 удзельнікаў тэсціравання. Адлегласць паміж імі будзе не менш як 1 метр. Для арганізатараў прадугле­джана работа ў ахоўных масках. Абітурыентам таксама раім мець індывідуальныя сродкі засцярогі, але калі нехта забу­дзе, мы падрыхтуем запасныя камплекты. Безумоўна, у кожнай аўдыторыі, а таксама ў месцах агульнага карыстання бу­дуць размешчаны сродкі дэзынфекцыі.

Вячаслаў Міхайлавіч расказаў, што ўсе інструктыўныя нарады зараз праходзяць у рэжыме анлайн.

— На сайце ўніверсітэта размешчаны памяткі і відэаінструкцыі для арганізатараў. Непасрэдна напярэдадні ЦТ плануецца відэаканферэнцыя, дзе можна будзе канчаткова высветліць усе пытанні. Ратацыя арганізатараў невысокая, многія людзі гадамі працуюць і добра ведаюць усе працэсы. Гэта дае нам падставы думаць, што цэнтралізаванае тэсціраванне пройдзе арганізавана і бяспечна для ўсіх удзельнікаў, — гаворыць Вячаслаў Малафееў.

Ён вельмі пазітыўна ацэньвае рашэнне арганізаваць ЦТ у рэзервовыя дні не толькі ў БДУ, як гэта было ў мінулыя гады, а ў кожным рэгіёне.

— Збор у адным месцы абітурыентаў з усіх куткоў краіны быў бы дадатковай эпідэмічнай нагрузкай для ўсіх удзельнікаў і арганізатараў ЦТ, — заўважыў Вячаслаў Міхайлавіч. — Па вопыце мінулых гадоў ведаем, што некаторым абітурыентам даводзілася ледзь не паўночы дабірацца ў Мінск, каб здаць іспыты. Для многіх значна прасцей даехаць да свайго абласнога цэнтра. Таму прынятае рашэнне, безумоўна, на карысць абітурыентаў.

Дарэчы, усе правілы санітарна-эпідэмічнай бяспекі будуць выконвацца і падчас правядзення ўнутраных уступных выпрабаванняў. Павялічыцца колькасць аўдыторый, зменшыцца напаўняльнасць груп, рассадка на пісьмовых экзаменах будзе ажыццяўляцца з улікам патрабаванняў сацыяльнага дыстанцыя­вання.

Асабісты кабінет абітурыента

Сёлета БДУ пашырыў функцыянал асабістага кабінета абітурыента, што павінна паскорыць апрацоўку дакументаў у прыёмнай камісіі.

— Калі раней асабісты кабінет абітурыента выконваў пераважна інфармацыйную функцыю, то зараз гэта сродак папярэдняй рэгістрацыі, — адзначыў Вячаслаў Малафееў. — Падобным чынам сёлета адбывалася рэгістрацыя на ЦТ, і абітурыенты ўяўляюць, як працуе сістэма. Цяпер у асабістым кабінеце, акрамя запаўнення анлайн-анкеты, заявы і загрузкі фота, можна размясціць адсканіраваныя сертыфікаты ЦТ, атэстат ці дыплом, медыцынскую даведку, дакументы, якія пацвярджаюць права на льготы. Нашы спецыялісты ацэняць правільнасць і паўнату прадстаўленага пакета дакументаў, пасля чаго абітурыент можа адразу, мінуючы грамадскую прыёмную камісію, прыйсці ў прыёмную камісію адпаведнага факультэта. Хачу падкрэсліць, што асабісты візіт абавязковы, пры гэтым трэба мець з сабой арыгіналы ўсіх дакументаў.

Такім чынам, новы функцыянал асабістага кабінета дазволіць скараціць час знаходжання абітурыента ў прыёмнай камісіі, паскорыць падачу дакументаў, і, як вынік, зменшыць колькасць лю­дзей, якія адначасова знаходзяцца ва ўніверсітэце.

Яшчэ адной новай функцыяй асабістага кабінета стане электронная чарга. Кожнаму абітурыенту будзе рэкамендаваны аптымальны час, калі лепш прынесці дакументы. Зрэшты, канчатковае рашэнне, калі наведаць прыёмную камісію, застаецца за абітурыентам.


У перыяд прыёмнай кампаніі ў БДУ арганізуецца гарачая лінія, шматканальны тэлефон — 8 (017) 209 50 85. Зрабіўшы званок, абітурыенты могуць атрымаць кансультацыю па любых пытаннях паступлення ў галоўны ўніверсітэт краіны.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.