Падчас майстар-класаў “#Нясумнага анлайн-фестывалю псіхалогіі” на факультэце філасофіі і сацыяльных навук БДУ студэнткі Юлія Варажбіт і Вольга Бладыка прыадкрылі сакрэты памяці і расказалі, якія методыкі будуць карыснымі пры падрыхтоўцы да экзаменаў.
Дзяўчаты вучацца ў адной групе, таму спрацаваліся даўно. А іх спецыяльнасць “Медыцынская псіхалогія” дае магчымасць закрануць праблемы памяці на мяжы розных дысцыплін.
Асноўны блок даследаванняў чацвёртакурсніц накіраваны на людзей з псіхічнымі расстройствамі ці паражэннямі галаўнога мозга. Сёлета Юля і Вольга займаліся развіццём рухальнай памяці і распрацоўкай рухальных праграм для пацыентаў з наступствамі арганічных паражэнняў мозга (інсультаў, чэрапна-мазгавых траўм, пухлін, нейраінфекцый). Таму дзяўчаты не па чутках ведаюць, як функцыянуе памяць у пэўных умовах.
Адна з цікавых уласцівасцей памяці — рэмінісцэнцыя (паляпшэнне ўзроўню ўзнаўляльнасці матэрыялу без дадатковага паўтарэння). Звычайна з’ява праяўляецца на другі-трэці дзень пасля завучвання.
Пошукі студэнткі вядуць пры падтрымцы свайго навуковага кіраўніка — кандыдата псіхалагічных навук Ганны Давідовіч. Менавіта Ганна Аляксандраўна прапанавала ім паўдзельнічаць у фестывалі. Будучым выступоўцам было і страшна, і цікава адначасова, але хваляванні не перашкодзілі: майстар-класы студэнткі праводзілі на пляцоўцы Zoom.
— Памяць — гэта псіхічны працэс, які складаецца з апрацоўкі, захоўвання і ўзнаўлення інфармацыі. Яна можа залежаць ад розных адметнасцей асобы — інтарэсаў і схільнасцей, эмацыянальнага і фізічнага стану, адносін да пэўнай дзейнасці і нават сілы волі. У розных людзей функцыі памяці развіты неаднолькава. Розніца можа быць у хуткасці запамінання, лёгкасці ўзнаўлення, тэрміне захоўвання, мадальнасці (у залежнасці ад таго, які з відаў памяці пераважае — зрокавая, слыхавая, рухальная). І больш развіты тыя віды, якія часта выкарыстоўваюцца, — тлумачаць дзяўчаты. — Заўсёды цікава назіраць за носьбітамі эйдэтычнай памяці (пасля аднаразовага паўтарэння матэрыялу такі чалавек працягвае “бачыць” яго і без перашкод узнаўляе праз працяглы час).
Пры страце памяці першымі губляюцца складаныя і нядаўнія ўражанні. Пры ўзнаўленні адбываецца адваротнае: спачатку прыгадваюцца простыя і старыя ўспаміны, а затым толькі складаныя і новыя. Падзеі, якія моцна ўражваюць чалавека, запамінаюцца адразу, трывала і надоўга.
Віды памяці. А якая падыдзе мне?
Вядучыя майстар-класаў спыніліся на самых цікавых класіфікацыях відаў памяці. Першая з іх — па спосабе запамінання. Тут адрозніваюць механічную (запамінанне шляхам завучвання), апасродкаваную (засвойванне праз параўнанні, асэнсаванне і аналіз) і слыхавую памяць.
Для ацэнкі якасці іх функцыянавання ў канкрэтнага чалавека дзяўчаты прапануюць наступныя методыкі:
1. Піктаграма (дазваляе ацаніць запамінанне, узровень развіцця інтэлекту, дапамагае выявіць парушэнні ў мысленні ці эмацыянальнай сферы). Падыспытнаму неабходна запомніць 15 слоў. Каб палегчыць задачу, яму прапануецца на кожнае з іх зрабіць малюнак без выкарыстання літар і лічбаў. Праз 30—40 мінут словы трэба ўспомніць. У выпадку, калі не назіраецца ніякіх адхіленняў, чалавек узнаўляе ўсе словы правільна з дапушчальнай заменай 1—2 з іх на роднасныя.
2. Паўтарэнне рытмаў (адстукванне рытму дапамагае развіваць слыхавую ўвагу). Адзін чалавек адстуквае рытм — другі паўтарае. Практыкаванні пачынаюцца з простых гукаў і паступова ўскладняюцца.
3. Запамінанне аповеду (адказвае за развіццё сэнсавай памяці). Зачытваецца невялікі ўрывак з твора. Падыспытны ўспрымае на слых ці чытае тэкст самастойна. Затым яму прапануецца ўзнавіць гэты ўрывак вусна ці запісаць.
Другая класіфікацыя — па псіхічнай актыўнасці, якая пераважае ў чалавека. Так, памяць бывае рухальнай, эмацыянальнай, зрокава-прасторавай і вербальна-лагічнай. Рухальная развіваецца раней за астатнія і з ёй звязаны нашы штодзённыя дзеянні. Эмацыянальная заяўляе аб сабе з 6 месяцаў і адказвае за праяўленне эмоцый і пачуццяў (станоўчыя падзеі запамінаюцца лепш, чым адмоўныя).
Зрокава-прасторавая памяць пачынае праяўляцца ў двухгадовым узросце і звязана з запамінаннем і ўзнаўленнем пачуццёвых вобразаў, з’яў, іх уласцівасцей і адносін паміж імі. Прасцей кажучы, пад гэтым тэрмінам часцей разумеюць тое, што можна захаваць у свядомасці з дапамогай вобраза, дэталі якога не заўсёды можна перадаць на словах.
Каб трэніраваць зрокава-прасторавую памяць, студэнткі прапануюць некалькі методык: “памяць на лічбы”, “домікі Венгера” (ці “лабірынт Венгера”) і складванне кубікаў Нікіціна.
1. Памяць на лічбы. Падыспытнаму прапаноўваецца табліца з 12 двухзначнымі лічбамі. На працягу 20 секунд ён запамінае лічбы, а пасля таго, як табліцу прыбіраюць, неабходна іх узгадаць. Нормай з’яўляецца 7 ± 2 кампаненты.
2. “Домікі Венгера”. Чалавек павінен паглядзець на план, пасля чаго на іншай выяве знайсці домік, да якога ён вядзе (гл. мал).
Вербальна-лагічная памяць пачынае праяўляцца з трох гадоў. Яна адказвае за запамінанне слоў, думак і лагічных сувязей. Выкарыстоўваючы гэты від памяці, чалавек спачатку разбіраецца ў тэрміналогіі, шукае сувязі і толькі пасля гэтага завучвае матэрыял.
Таксама існуе класіфікацыя памяці па часе захоўвання. Сюды адносяць сенсорную (працягласць утрымання ў свядомасці — 0,1—0,5 секунды), кароткачасовую (да 20 секунд), аператыўную (ад некалькіх секунд да некалькіх гадзін) і доўгачасовую памяць, якая захоўвае інфармацыю працяглы час у неабмежаваным аб’ёме.
Заканамернасці памяці і 5 парад-“запаміналак”
Дзяўчаты не былі б добрымі студэнткамі, калі б не ведалі, як выкарыстоўваць асаблівасці памяці пры падрыхтоўцы да экзаменаў. Юлія і Вольга раяць звярнуцца да вопыту нямецкага навукоўца Германа Эбінгаўза, які заўважыў заканамернасці ў механізмах памяці:
- пры завучванні лепш запамінаюцца пачатак і канец матэрыялу (так званы эфект краю);
- запамінаць прасцей, калі паўтараць інфармацыю некалькі разоў на дзень (паўтарэнне іграе ключавую ролю ў падрыхтоўцы да любога экзамену);
- устаноўка на запамінанне паляпшае гэты працэс (карысна звязаць матэрыял з мэтай);
- каб зменшыць уплыў інтэрферэнцыі (сітуацыя, калі падобныя ўспаміны змешваюцца), варта ажыццяўляць вывучэнне сугучнай інфармацыі ў розны час.
Для больш дзейснага запамінання інфармацыі варта адштурхоўвацца ад асабістых асаблівасцей і кіравацца тым відам памяці, што ўласцівы менавіта вам. Звярніце ўвагу, у якім выпадку веды засвойваюцца найбольш прадукцыйна: на слых і пры прагаворванні, пры чытанні і зрокавым успрыманні, падчас хадзьбы з прагаворваннем ці інш.
Дзяўчаты рэкамендуюць засвойваць інфармацыю лагічна — структуравана і комплексна. Калі ж гэта немагчыма (сустракаюцца неадольныя даты ці мудрагелістая тэрміналогія), выкарыстоўвайце асацыяцыі ці стварайце гісторыі са словамі, што неабходна запомніць. Тут на дапамогу прыйдуць мнематэхнікі:
1. Фантазіруйце. Чым больш абсурднымі здаюцца асацыяцыі, тым лепш: калі яны спецыфічныя, іх цяжка пераблытаць.
2. Адчуйце рытм. Новую інфармацыю (напрыклад, замежныя словы) прасцей запомніць, падбіраючы да іх сугучныя моўныя адзінкі.
3. Стварайце новыя сэнсы. Складанне літарнага коду з пачатковых літар слоў, неабходных для запамінання (успомнім знаёмае: “Каждый Охотник Желает Знать Где Сидит Фазан” — колеры вясёлкі, і “Мы Все Знаем Мама Юли Села Утром На Пилюли” — парадак размяшчэння планет у Сонечнай сістэме).
4. Візуалізуйце. Калі чалавек добра валодае візуалізацыяй, карысць прынясе метад Цыцэрона (“метад рымскага пакоя”): трэба ўявіць добра знаёмы пакой і ў думках “расставіць” аб’екты, якія патрэбна запомніць.
5. Рыфмуйце. Інфармацыя запамінаецца, калі “ўплесці” яе ў верш ці дзіцячую забаўку (успомніце школьны верш пра дзеясловы “Ко второму же спряженью отнесем мы, без сомненья, все глаголы, что на -ить, исключая “брить”, “стелить”).
І памятайце, што здаровы сон і вітаміны групы В у комплексе з методыкамі таксама добрыя сябры абітурыента.
Ірына ІВАШКА.
Фота з асабістага архіва Юліі ВАРАЖБІТ і Кацярыны ГРЫЎНІНАЙ.