Прайшло толькі два тыдні новага навучальнага года, а калектыў Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва заглядвае за гарызонт — наступнай вясной тут будуць адзначаць 55-годдзе ўстановы адукацыі.
Пра неабходнасць стварэння ў Гродне такой установы (у 1966 годзе было адкрыта ПТВ № 74 бытавога абслугоўвання) сведчыць той факт, што пры плане прыёму 300 чалавек заяў было пададзена тры тысячы. У Гродне пачалі рыхтаваць загатоўшчыкаў верху абутку, абутнікаў па індывідуальным пашыве, майстроў па рамонце гадзіннікаў, цырульнікаў.
За амаль 55 гадоў пералік прафесій змяніўся. Зараз у каледжы можна атрымаць спецыяльнасці “Тэхналогія вытворчасці швейных вырабаў”, “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка”, “Тэхналогія абутковай вытворчасці”. У наступным годзе плануюць правесці набор па спецыяльнасці “Фатограф” — прыём ажыццяўляецца не кожны год, а па патрэбах заказчыкаў кадраў.
Якасць
Час уносіць змены ў пералік прафесій, але не мяняецца галоўная мэта — якасная падрыхтоўка навучэнцаў па запатрабаваных спецыяльнасцях, неабходных насельніцтву. БОН (бытовое обслуживание населения) — такую неафіцыйную назву мае каледж. А вось якія радкі ёсць у гімне ўстановы: “Заходзьце да нас, калі ласка, мы прымем любы ваш заказ. Заяўку мы здзейснім, як казку, пачуем падзяку ў адказ”. Проста і зразумела, але ў гэтай прастаце закладзены вялікі сэнс — прафесійна і якасна працаваць на карысць грамадства, рыхтаваць запатрабаваных спецыялістаў у адпаведнасці з гэтымі задачамі. Гэты тэзіс пацвярджае і рэгулярна высокі вынік у абласным конкурсе на лепшую арганізацыю работы ўстаноў прафтэхадукацыі. Па выніках мінулага года Гродзенскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж бытавога абслугоўвання насельніцтва заняў 3-е месца.
У каледжы можна атрымаць спецыяльнасці “Тэхналогія вытворчасці швейных вырабаў”, “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка”, “Тэхналогія абутковай вытворчасці”. У наступным годзе плануюць правесці набор па спецыяльнасці “Фатограф” — прыём ажыццяўлецца не кожны год, а па патрэбах заказчыкаў кадраў.
— Дасягнуць значных якасных зрухаў ва ўсіх сферах дзейнасці дапамагло ўкараненне сістэмы менеджменту якасці і атрыманне ў 2016 годзе сертыфіката адпаведнасці патрабаванням СТБ ISO 9001-2015, — расказвае дырэктар каледжа Алег Лябецкі. — Не скажу, што лёгка было перабудоўваць работу калектыву, але зараз СМК — арганічны стан нашай працы. У канцы верасня пройдзе чарговы аўдыт, а гэта чарговая нагода правесці рэвізію ўсіх кірункаў дзейнасці, убачыць дасягненні і тое, што патрабуе паляпшэння. Важна, што ў нас захаваўся калектыў спецыялістаў, адданых сваёй справе, і гэта дазваляе нам развівацца з улікам сучасных патрабаванняў.
Адно з такіх патрабаванняў часу — укараненне ў адукацыйны працэс сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Спецыяльны раздзел афіцыйнага сайта ўстановы — “Навучанне з выкарыстаннем ІКТ” — утрымлівае спасылкі на відэаўрокі і іншыя распрацоўкі выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання. Неаднаразова гэтыя распрацоўкі прадстаўляліся на Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Вясной гэтага года быў створаны “Віртуальны філіял каледжа”, які ўтрымлівае дыстанцыйныя адукацыйныя рэсурсы. Тут ёсць раздзелы “Урокі інфарматыкі”, кабінеты аховы працы і аховы навакольнага асяроддзя, тэхналогіі манікюрных работ, тэхналогіі цырульніцкіх работ, канструявання адзення, “Віртуальная бібліятэка”, “Віртуальны музей каледжа”.
— Больш за 40% вучэбнага часу ў нас адведзена вытворчаму навучанню, — гаворыць намеснік дырэктара каледжа па вучэбна-вытворчай рабоце Святлана Нарыцына. — Такія інфармацыйныя рэсурсы дапаўняюць вучэбны працэс, даюць навучэнцам дадатковыя магчымасці ў атрыманні ведаў.
Дарэчы, спецыялісты каледжа распрацоўваюць усё ўласнымі сіламі, што дэманструе высокі ўзровень іх ведаў. Так, электронны адукацыйны рэсурс “Тэхналогія манікюрных работ” — наглядны сродак навучання з апорнымі канспектамі, прэзентацыямі, аўдыялекцыямі, відэаўрокамі для спецыяльнасці “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка” — сумесна распрацавалі выкладчык спецыяльных дысцыплін Дар’я Мікалаеўна Ігнацік і выкладчык інфармацыйных тэхналогій Людміла Юр’еўна Крывеня.
З верасня мінулага года ў каледжы ажыццяўляецца інавацыйная дзейнасць па праекце “Укараненне мультымедыйных тэхналогій навучання ў вучэбны працэс”, разлічаным да 2021 года. Таксама рэалізуецца праект “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльна-асобасных кампетэнцый у працэсе падрыхтоўкі спецыялістаў сферы абслугоўвання”.
Пра якасць навучання і запатрабаванасць выпускнікоў сведчыць іх стапрацэнтнае працаўладкаванне. Сёлета маладых спецыялістаў прынялі на работу не толькі гродзенскія, але і сталічныя прадпрыемствы і арганізацыі.
У каледжы абсталяваны 17 вучэбных кабінетаў па агульнапрафесійных прадметах і прадметах спецыяльнага цыкла, 3 лабараторыі і 2 камп’ютарныя класы. У дзесяці вучэбна-вытворчых майстэрнях — амаль паўтысячы адзінак абсталявання. Прафесійныя навыкі навучэнцы адшліфоўваюць у дзвюх вучэбных цырульнях. Для насельніцтва яны аказваюць цырульніцкія паслугі і паслугі па стварэнні швейных вырабаў, камп’ютарнай вышыўцы, рамонце абутку.
— Звычайна пры заканчэнні каледжа выпускнікам прысвойваецца 3—4 разрад, але штогод каля пяці чалавек атрымліваюць найвышэйшы, пяты, разрад, — расказвае Святлана Нарыцына. — Для гэтага навучэнцы павінны мець станоўчыя водгукі з месца апошняй практыкі і здаць адпаведны экзамен. Пасля здачы экзамена на павышаны разрад выпускнікі атрымліваюць ад каледжа сертыфікат на бясплатнае навучанне на курсах павышэння кваліфікацыі, якія дзейнічаюць ва ўстанове.
Пра якасць навучання і запатрабаванасць выпускнікоў Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва сведчыць іх стапрацэнтнае працаўладкаванне. Сёлета маладых спецыялістаў прынялі на работу не толькі гродзенскія, але і сталічныя прадпрыемствы і арганізацыі.
Творчасць
— Усе нашы прафесіі творчыя, — лічыць Святлана Нарыцына, і з ёй згодны навучэнцы каледжа.
Пералік творчых калектываў установы ўражвае. Візітоўкай каледжа даўно стаў тэатр моды “Вобраз”, які прадстаўляе калекцыі навучэнцаў і выкладчыкаў на розных гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх конкурсах. Таксама ў Гродне добра ведаюць тэатр прычоскі “Афрадыта”, танцавальны калектыў “Абцасікі”, літаратурна-публіцыстычны тэатр “Неспакойнае сэрца”, харавы калектыў “Калінушка”, тэатр стылю “Подыум”, гурток “Юныя фалькларысты”. З 2005 года ва ўстанове адукацыі дзейнічае клуб ЮНЕСКА “Арыён”.
У каледжы пастаянна арганізоўваюць выставы творчых работ навучэнцаў. Сярод дасягненняў за мінулы год — 1-е месца на Рэспубліканскім фэстывалі мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “Арт-вакацыi”, 8 першых месцаў на абласных мерапрыемствах “ТэхнаЁлка”, “Дыялог культур”, “Не гасне летапіс Перамогі”, у аглядзе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў прафтэхадукацыі і інш.
На ўрачыстасцях з нагоды новага навучальнага года першакурснікам заўсёды дэманструюць дасягненні навучэнцаў старшых курсаў. Сёлета сярод іншага прадстаўлялі калекцыю адзення Паўла Кавалеўскага. У маі 2019 года Павел, у той час навучэнец-першакурснік, заняў 2-е месца ў намінацыі “Школа моды” на ХХVІII Рэспубліканскім фінале-конкурсе моды і фота “Млын моды”, а таксама атрымаў спецыяльны прыз ад дабрачыннага фонду “Рускі сілуэт” — права ўдзелу ў Міжнародным конкурсе маладых дызайнераў. Сярод яго творчых перамог — 1-е месца ў намінацыі “Дызайн адзення” ў кірунку Pret-a-porter на Міжнародным фестывалі творчых прафесій “Мінскі вернісаж — 2019”. На конкурсе 2-е месца ў намінацыі “Поўны мужчынскі вобраз Street Style” (цырульніцкае мастацтва) заняла навучэнка каледжа Дарына Рудлеўская.
“Заходзьце да нас, калі ласка,
Мы прымем любы ваш заказ.
Заяўку мы здзейснім, як казку,
Пачуем падзяку ў адказ”.
Цяпер Павел рыхтуецца да ўдзелу ў конкурсе WorldSkills Belarus — 2020.
— Мы не першы год прымаем удзел у конкурсе — гэта вялікі стымул для калектыву і навучэнцаў, — гаворыць Алег Сяргеевіч Лябецкі. — Два гады назад прызёрамі WorldSkills Belarus — 2018 сталі нашы навучэнкі Марыя Шадура ў кампетэнцыі “Цырульніцкае мастацтва”, Алена Коўшык і Ганна Супрановіч у кампетэнцыі “Тэхналогія моды”.
Зараз разам з Паўлам Кавалеўскім да ўдзелу ў WorldSkills Belarus — 2020 рыхтуюцца Лізавета Васілеўская ў кампетэнцыі “Цырульніцкае мастацтва”, Кацярына Шынкевіч у кампетэнцыі “Прыкладная эстэтыка”. Алена Коўшык другі раз прыме ўдзел у WorldSkills Belarus у намінацыі “Тэхналогія моды”.
Конкурсы прафесійнага майстэрства — традыцыя каледжа. У падрыхтоўцы навучэнцаў да спаборніцтваў удзельнічае вялікая група выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання. Сёлета ў камандзе трэнераў — Ірына Міхалевіч, Маргарыта Ландзёнак, Кацярына Седышова, Таццяна Янушкевіч, Марына Калошык, Алена Парманчук, Таццяна Крупіна, Ала Баўбыр, Ірына Латарэвіч, Тамара Дужык.
За апошнія два дзесяцігоддзі 24 навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва, якія з’яўляліся пераможцамі рэспубліканскіх конкурсаў прафесійнага майстэрства, былі занесены ў банк даных таленавітай моладзі краіны.
Удзячнасць
На самым бачным месцы ў холе першага паверха размешчаны стэнд з фотаздымкамі вядомых выпускнікоў — тых, што сталі выкладчыкамі ці майстрамі вытворчага навучання каледжа, і сённяшніх навучэнцаў-лідараў. Дарэчы, сувязі са сваімі выпускнікамі ўстанова падтрымлівае пастаянна — яны ахвотна праводзяць майстар-класы, з’яўляюцца членамі экзаменацыйных камісій.
Але зараз гаворка пойдзе пра ўдзячнасць асаблівай катэгорыі навучэнцаў і выпускнікоў. На працягу многіх гадоў у каледжы атрымліваюць прафесію і дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Дзяўчаты вучацца па прафесіі швачкі, хлопцы — зборшчыка абутку. Аднак яны атрымліваюць тут не толькі прафесійныя ўменні, але і жыццёвыя навыкі, магчымасць сацыялізацыі, уменне паводзіць сябе і дзейнічаць у калектыве, сябраваць і шмат іншых, вельмі патрэбных у жыцці якасцей.
— Некалькі дзён назад сустрэў нашага выпускніка Руслана, — расказвае дырэктар. — Лёс гэтага хлопца складваўся так, што доўгія гады ён жыў у спецыялізаваным інтэрнаце. Да нас паступіў ва ўзросце 29 гадоў. Скончыў каледж, быў працаўладкаваны на адно з гродзенскіх прадпрыемстваў, зараз жыве ў інтэрнаце. Пры сустрэчы заўсёды чуем ад яго словы падзякі. І гэтыя шчырыя словы кампенсуць усе нашы цяжкасці.
Прыязджаюць асаблівыя дзеці ў гродзенскі каледж з усёй Беларусі, жывуць у інтэрнаце. Для работы з імі створаны цэнтр прафесійнай і сацыяльнай работы, дзе можна атрымаць дапамогу медыцынскіх работнікаў, псіхолагаў, выхавальнікаў па ўсіх жыццёвых пытаннях.
У Гродзенскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы бытавога абслугоўвання насельніцтва пачаўся 55-ты навучальны год. А гэта — новыя планы і штодзённая праца на вынік, дзе ёсць месца якасці, творчасці і ўдзячнасці.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.