“Сэнс вышэйшай адукацыі — работа над сабой”

Настаўнік года Беларусі Вадзім Лосеў сустрэўся са студэнтамі ГДУ імя Францыска Скарыны

“Калі хочаш чагосьці дасягнуць, працуй над сабой!” — лічыць Вадзім Лосеў, выпускнік спецыяльнасці “Геаграфія (навукова-педагагічная дзейнасць)” геолага-геаграфічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Восем гадоў назад ён скончыў установу адукацыі і ў той час нават уявіць не мог, што некалі будзе запрошаны ў родную альма-матар на сустрэчу са студэнтамі і выкладчыкамі ў якасці галоўнага героя — настаўніка года Беларусі.

Ганаровага госця студэнцкай аўдыторыі прадставіў рэк­тар ГДУ Сяргей Хахомаў. Ад імя ўсяго ўніверсітэцкага калектыву ён павіншаваў Вадзіма Алегавіча з атрыманнем высокай узнагароды і падарыў настаўніку памятныя сувеніры.

Да слоў рэктара далучыліся і выкладчыкі геолага-геаграфічнага факультэта. “Вадзім Лосеў — асоба творчая, у студэнцкія гады — актывіст у падрыхтоўцы любых культурных мерапрыемстваў. Вадзім таксама займаўся навуковай дзейнасцю, яго работа “Тэндэнцыі развіцця спартыўна-пазнавальнага турызму ў Рэспубліцы Беларусь” была ўдастоена 3 катэгорыі ў Рэспубліканскім конкурсе навуковых работ студэнтаў”, — узгадала старшы выкладчык кафедры геалогіі і геа­графіі Таццяна Флярко.

Вадзім Алегавіч расказваў хлопцам і дзяўчатам пра свае ўніверсітэцкія гады, педагагічную дзейнасць, дзяліўся сакрэтамі поспеху і планамі на будучыню. З гумарам і жартамі ён паведаміў не толькі пра свае дасягненні, але і пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца маладыя спецыялісты, і пра тое, як іх можна пера­адолець. Адказаў педагог і на пытанні нашага карэспандэнта.

Рэктар ГДУ Сяргей Хахомаў і настаўнік года Вадзім Лосеў.

— Вадзім Алегавіч, у якім узросце ў вас з’явілася жаданне стаць настаўнікам геаграфіі? Хто паўплываў на гэты выбар?

— Любоў да геаграфіі прыйшла ў 6 класе, яе мне прывіла выдатная настаўніца Вольга Іванаўна Мітраховіч. А вось цяга выкладаць з’явілася ўжо ў больш свядомым узросце — падчас вучобы ў ГДУ, дзякуючы выкладчыкам кафедры геаграфіі.

— Чаму для атрымання вышэйшай адукацыі выбралі Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны?

— Таму што ён бліжэй за ўсё да дому (смяецца…). Тут вельмі моцная кафедра прыродазнаў­чых навук, што мяне прывабіла. Сэнс вышэйшай адукацыі — работа над сабой. У ГДУ вучэбны працэс пабудаваны такім чынам, што матывацыя працаваць над сабой ёсць заўсёды.

— Што больш за ўсё запомнілася са студэнцкага жыцця?

— Выязная практыка на рацэ Котра ў Гродзенскай вобласці — і цяпер у думках вяртаюся ў тую выдатную атмасферу са­праўднага студэнцтва. Памятаю, як насек цэлы грузавік дроў за кавалак сала, а потым з сябрамі мы аўтастопам паехалі ў Ваўкавыск і Ліду.

— Якія ў вас былі адносіны з выкладчыкамі? Ці былі любімыя?

— Адносіны з усімі выкладчыкамі былі цёплыя. Цяпер успа­мінаю добрым словам Ірыну Трафімаўну Зайцаву, выкладчыка педагогікі. Хаця спачатку наш дыялог не зусім ла­дзіўся. Яна вельмі патрабавальны педагог, але, як аказалася, менавіта гэта мне і трэба было.

— Заняткі па якім прадмеце падабаліся больш за ўсё?

— Вельмі падабалася турыстычная спецыялізацыя на 3 курсе. Я нават паспяхова прайшоў практыку ў турыстычнай фірме, але зразумеў, што офісная работа не маё.

— Ці падтрымліваеце зараз сувязь з родным універсітэтам і аднакурснікамі?

— Так, многія звязалі сваё жыццё з педагогікай, таму мы і цяпер маем зносіны і дзелімся адно з адным педагагічнымі напрацоўкамі. А ў родны ўніверсітэт я стабільна заходжу, прынамсі, раз на год — паглядзець на выступленне роднага факультэта на конкурсе “Ану, першакурснік!”.

— Куды вас размеркавалі пасля ўніверсітэта? З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся на пачатку кар’еры?

— Я да мозгу касцей гарадскі жыхар, таму размеркаванне ў сельскую мясцовасць далося цяжка. Доўга не мог прывыкнуць да размеранага ўкладу жыцця, нялёгка давалася і ўварванне ў асабістую прастору мясцовых жыхароў. Пазней я пераразмеркаваўся ў сярэднюю школу № 19 Гомеля, дзе і працую па сённяшні дзень.

— З якой мэтай прымалі ўдзел у конкурсе “Настаўнік года”? Што на гэта натхніла?

— Упершыню я паспрабаваў свае сілы ў 2013 годзе, але далей раённага этапу не прайшоў: магчыма, тады не хапіла вопыту і ўпэўненасці ў сабе. А ў гэты раз захацелася даказаць перш за ўсё сабе, што я вырас, як у педагагічным, так і ў асобасным плане.

— На ваш погляд, якімі якасцямі павінен валодаць кан­курсант, каб перамагчы ў конкурсе?

— Прафесіяналізмам, індыві­дуальнасцю, натхнёнасцю, дзёрз­касцю і артыстызмам.

— А як вучні адрэагавалі на вашу перамогу?

— Вядома, яны дзялілі са мной радасць, але, буду сумленны, пацікавіліся і фінансавым бокам пытання — колькі прыносіць перамога?

— Работа настаўніка геаграфіі ў сярэдняй школе цяжкая? Што радуе і засмучае ў працы?

— Я не буду арыгінальным і скажу, што мяне, як і многіх настаўнікаў, засмучае вялікая колькасць папяровай работы, без якой часцей за ўсё можна было б і абысціся. Радуе многае: творчасць, годны заробак, поспехі і падзяка вучняў.

— Чым адрозніваюцца вашы ўрокі геаграфіі ад урокаў іншых настаўнікаў?

— Я выкарыстоўваю інтэлектуальныя гульні на ўроку, асобасна арыентаваны падыход да вучняў, а яшчэ я заўсёды эмацыянальна ўключаны ў працэс выкладання. Вучні сцвярджаюць, што я натхняю іх сваім аптымізмам і падыходам да жыцця.

— Як вы лічыце, ці мяняецца роля настаўніка ў ХХІ стагоддзі?

— Вядома, мяняецца. Сучасны настаўнік з наглядчыка ператвараецца ў ментара і памочніка. Ён вучыць праца­ваць з вялікім аб’ёмам інфармацыі, уключаецца ў інфармацыйную прастору, вучыць у сістэме 4К: крэатыўнасць, крытычнае мысленне, каардынацыя, камунікацыя.

— Якія мэты ставіце перад сабой у прафесійным плане? Ці ёсць запаветная мара?

— Я зразумеў, што трэба знайсці свой рытм і прытрымлівацца яго, усе прапановы і планы прыйдуць у патрэбны час ад патрэбных людзей. Трэба ўсяго толькі ўмець чакаць, але і не сядзець склаўшы рукі.

— Што можаце пажадаць абітурыентам, якія дума­юць наконт геолага-геаграфічнага факультэта? Ці варта атрымліваць прафесію настаўніка геаграфіі?

— Як мінімум, варта паспрабаваць, бо, не паспрабаваўшы, не даведаешся. Трэба быць верным сабе. Калі работа табе падабаецца, то не варта пражываць чужое жыццё і чужыя мары. Жыццё даецца толькі адзін раз, трэба пражыць яго годна адносна сябе самога. Бо калі ты не будзеш шчаслівы сам, як ты зробіш шчаслівым кагосьці іншага?..

ДАВЕДКА

На геолага-геаграфічным факультэце ГДУ імя Францыска Скарыны вучацца 400 студэнтаў і 20 магістрантаў. Вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў на трох спецыяльнасцях: “Геалогія і разведка радові­шчаў карысных выкапняў”, “Геаэкалогія” і “Геаграфія”. Пры паступленні на ўсе спецыяльнасці абітурыенты здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне па геаграфіі, матэматыцы, рускай або беларускай мове.

Выпускнікі факультэта становяцца інжынерамі-геолагамі, географамі-эколагамі, выкладчыкамі, супрацоўнікамі навукова-даследчых і праектных інстытутаў і арганізацый, горнымі інжынерамі, работнікамі нацыянальных паркаў, запаведнікаў, заказнікаў, супрацоўнікамі інспекцый прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, менеджарамі па турызме і г.д.

Асноўнымі заказчыкамі кадраў выступаюць Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі (філіял “Беларуская комплексная геолагаразведачная экспедыцыя”, філіял “Інстытут геалогіі”, філіял “Мазырская нафтаразведачная экспедыцыя глыбокага бурэння”), ВА “Беларуснафта”, ААТ “Беларуськалій”, УП “Геасэрвіс”. Паступаюць заяўкі на геолагаў з ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь”, ААТ “Палессегіправадгас”, ААТ “Буравая кампанія “Дэльта”, ААТ “Белгорхімпрам”, а таксама з праектных інстытутаў Віцебска, Магілёва, Брэста.

Географы запатрабаваны пераважна ў сферы адукацыі. Выпускні­коў факультэта запрашаюць на работу ў якасці настаўнікаў геаграфіі, сацыяльных педагогаў, педагогаў-арганізатараў. Маладыя спе­цыялісты таксама знаходзяць сябе ў сферы турызму, у прыродаахоўных і землеўпарадкавальных арганізацыях, на метэастанцыях, у МНС і інш.

Эколагі ўладкоўваюцца на прамысловыя прадпрыемствы і ў арганізацыі па сваёй спецыяльнасці. Шмат выпускнікоў працуюць у Гомельскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у гарадскіх і раённых інспекцыях прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Тыя, каму прыйшлася па душы педагагічная дзейнасць, накіроўваюццца ў школы ў якасці настаўнікаў геаграфіі.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота Кацярыны СТЭЦКАЙ.